face1 [feɪs] n.

1. твар; аблі́чча (таксама перан.);

He pulled a long face. Яго твар зрабіўся сумным.

2. вы́раз тва́ру : a sad/happy/smiling face су́мны/ра́дасны/усме́шлівы твар;

His face fell when he read the telegram. Яго твар пахмурнеў, калі ён прачытаў тэлеграму.

3. цыфербла́т

4. бок, паве́рхня (чаго-н.);

the north face of the mountain паўно́чны бок гары́

5. хара́ктар, аспе́кт (чаго-н.);

the unacceptable face of drinking непрыма́льны хара́ктар алкагалі́зму

face to face тва́рам у твар;

face-to-face talks прамы́я перамо́вы;

in the face of насу́перак, нягле́дзячы на;

on the face of it на пе́ршы по́гляд, зне́шне;

to smb.’s face адкры́та, у твар;

have the face to do smth. BrE, infml мець наха́бства зрабі́ць не́шта зага́ннае;

lose face упа́сці ў чыі́х-н. вача́х;

make/pull faces at smb. грыма́снічаць;

save face зберагчы́ рэпута́цыю;

wipe off the face of the earth сце́рці з тва́ру зямлі́

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Лы́тка1, лы́ткі ’акругленыя мышцы на задняй частцы нагі чалавека ад калена да ступні’ (ТСБМ, Гарэц., Дразд., Сцяшк., Шат., Касп., Растарг., Яруш., Мядзв., Бяльк., Нас., ТС, Сл. ПЗБ), ’нага ўвогуле’ (Нас.), ’сцягно, ляжка’ (Яруш., стаўб., КЭС), ’галёнка’ (КЭС, лаг.), лыдка ’лытка’ (Мат. Гом.); у выразе: лыткі кароткі ’рукі кароткія’ (Шат.). Укр. ли́тка ’лытка’, закарп. і паўд.-валынск. ’сцягно’, рус. лы́тка, лы́тки ’нага’, ’пярэдняя нага свінні’, ’задняя нага свінні’, ’тонкія, худыя ногі’, ’сцягно, ляжка’, ’калені, ступні’, ’пята’, ’косць нагі’, ’тоўстая косць нагі жывёлы’, ’шчыкалатка’, ст.-рус. лытка ’галёнка’, ’нага’, ’кумпяк’; польск. łydka, łytka ’лытка’, ’сцягно’, ’ягадзіца’; ст.-чэш. lýtka ’лытка’, ’галёнка’, славац. lýtka ’лытка’, усх. ’сцягно’; славен. lȋtka ’лытка’, с.-балг. лытка, литка ’галёнка’. Прасл. дыял. lydъka ’мясістая частка нагі — пераважна, лытка, а таксама і сцягно, галёнка’ (Слаўскі, 5, 388–391). Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш пераканаўчай з’яўляецца думка Шустара–Шэўца (Slavia, 32, 166–169; ZSl, 8, 873) аб роднасці з прасл. glyda (польск. дыял. głyda, głydy, głytka, głytki), якое чаргуецца галоснай у корані з gluda з агульнасцю семантыкі ’выпуклае, ком, гуз’ (рус. глуда ’ком’, славен. glȗta ’шышка’) < і.-е. *gleu‑d‑/*gleu‑t ’аб выпуклым, круглым’.

Лы́тка2 ’вузкая палоска зямлі’ (ушац., Нар. сл.). Відавочна, спачатку лытка ’нага’ абазначала меру даўжыні (параўн. ст.-бел. стопа, крокъ), пасля — прастору, якую гэтай мерай найчасцей вымяралі. Параўн. аналагічна лы́нда3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мароз1, моро́з, муроз ’моцны холад, сцюжа’, ’іней’, ’наледзь на шыбах, раслінах, на зямлі’, маразы́ ’халоднае надвор’е з вельмі нізкай тэмпературай’, марозіць, марозіць ’моцна ахалоджваць, замарожваць’ (ТСБМ, Бес., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Яруш., Др.-Падб.), марошчык ’марозік’ (рэч., Нар. сл.), марозны, маразлі́вы, маразя́ны, маразя́нны, марозены, марозіву ’вельмі халодны, з марозам’ (ТСБМ, Кліх, ТС, Сл. ПЗБ), ’яркі, бліскучы (пра зоркі)’ (мін., шальч., валож., Яруш., Сл. ПЗБ), кір. марозавы, ’мёрзлы’ (Нар. сл.), маразя́ка, маразя́га, мыразюга́н, маразю́ка, маразя́нка ’моцны мароз’ (Мат. Гом., Нар. Гом., ТС, Сцяшк. Сл.; глыб., Сл. ПЗБ), марозовіна ’наледзь, ледзяны’ (ТС), морозна ’холадна’ (Касп.). Укр., рус. мороз, польск. mróz ’мароз’, н.-луж. mroź ’іней’, в.-луж. mróz, чэш., славац. mróz ’мароз’, славен. mràz ’сцюжа, іней’, серб.-харв. мра̏з ’мароз, холад, іней, лёд’, макед. мраз ’лёд’, ’мароз’, балг. ’мароз’, ст.-слав. мразъ ’лёд’, ’сцюжа’. Прасл. morzъ. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: алб. marth ’мароз’, mardhem ’мёрзну’, mardhë ’гусіная скура’ (Бернекер, 2, 80; Фасмер, 2, 656), ст.-в.-ням. murc ’трухлявы, гнілы’, murgfari ’крохкі, ломкі’, ст.-ірл. meirc ’іржа’, кімр. merydd ’вільготны’, якія да і.-е. *mergʼh‑ ’трухнець, гніць, мокнуць’ (Покарны, 739; Бязлай, 2, 199).

Мароз2 ’кветкі «бабіна лета»’ (нараўл., Мат. Гом.). Да мароз1 (гл.). Матывацыя: кветкі цвітуць у верасні, калі ўжо пачынаюцца замаразкі. Гэтаксама рус. зах.-каўк. мороз ’Mesembrianthemum cristallinum L.’, цвяр. морозка ’марошка прысадзістая, Rubus chamaemorus L.’, дан. мороз‑трава ’цмен, Helichrysum Mill. arenarium (L.) D. C.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́ста1, ме́сто, мястэ́чка, месте́чко, місто ’цэнтр мястэчка з будынкамі гандлёвага і адміністрацыйнага прызначэння’, ’рыначная плошча’, ’частка горада за сцяной замка’ (ТСБМ, Грыг., Др.-Падб., Некр., Нас., Сл. Брэс., Яруш., Шн., Бяльк., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. (спачатку) торговое мѣстечко (XVI ст.), потым мѣсто пад уплывам існуючага польск. miasto ’тс’. Ужо ў XV ст. ужывалася мѣсто і място ’горад’ — апошняе з польск. miasto ’тс’, што з’яўляецца калькай з с.-в.-ням. stat ’месца, горад’ (Карскі, Труды, 312, 338; Фасмер, 2, 608; Анічэнка, SlOr, 18 (3), 327; Булыка, Лекс. запазыч., 34). Аналагічна ўкр. мі́сто ’тс’. Аднак ст.-рус. мѣсто, рус. место ’месца’, ’мясцовасць, край’, ’участак зямлі’, ’пасада’, н.-луж. město, чэш. místo, славац. miesto, славен. mẹ́sto, серб.-харв. ме̏сто, макед. место, балг. място, ст.-слав. мѣсто ’тс’, агульнаслав. město, роднаснымі да якога з’яўляюцца, нягледзячы на цяжкасці ў інтанацыйных адносінах: лат. mist ’пражываць’, літ. mìsti ’карміцца’, maĩstas ’харчаванне’, а таксама авест. miϑnaiti ’жыве’, maēϑana ’месца пражывання, жыллё, дом’ (Бартоламэ, 1105; Мацэнаўэр, LF, 11, 170; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 607–608; Махэк₂, 365). Сюды ж ме́сны, месный ’тутэйшы, мясцовы’ (драг., КЭС; Бяльк.).

Ме́ста2 ’паслед, плацэнта’ (слуц., Нар. словатв.; в-дзв., Шатал.; Сл. ПЗБ), беласт. ме́сца ’тс’ (Сл. ПЗБ). Са словазлучэння дзіцячае места < рус. детское место.

Ме́ста3 ’месца’ (Шат.). Магчыма, пад уплывам рус. место ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ключ1 ’прылада для замыкання і адмыкання замка’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Янк. II, КЭС, лаг.), ’палка для замыкання дзвярэй’ (Шушк.). Укр. ключ, рус. ключ, ст.-рус. ключь ’тс’, ст.-слав. ключь, балг. ключ, макед. клуч, серб.-харв. кљу̑ч, славен. kljúč ’тс’, польск. klucz, чэш. klíč, славац. kľúč, в.-луж. klúč, н.-луж. kluc, палаб. klʼauc ’тс’. Да прасл. kluka. Суфіксацыя ‑jь фарміруе вытворныя імёны м. р. ад прыметнікаў яшчэ балта-славянскага перыяду (гл. Мартынаў, Праслав. дерив., 22). Таму можна меркаваць аб прыметніку *kluk‑jь ’гакападобны’, ад якога семантычным шляхам утварылася klučь.

Ключ2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, Янк. II, Тарнацкі, Studia). Гл. ключ1.

Ключ3 ’крыніца, струмень вады, які б’е з зямлі на дне крыніцы, калодзежа, на беразе ракі, у возеры’ (Яшк., Жд. 2, Сл. паўн.-зах., Маш.). Параўн. ст.-рус. ключь ’тс’. Наяўнасць паўднёваславянскіх паралелей для гэтага значэння (серб.-харв. кљу̑ч ’струмень вады’) сведчыць аб яго яшчэ праславянскай старажытнасці. Неабавязкова таго ж паходжання, што і ключ1 (гл.), але іншай надзейнай версіі няма.

Ключ4 ’чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам’ (ТСБМ, Сержп., ТС), ’натоўп людзей’ (Ян.). Гл. ключ1.

Ключ5 ’панскае ўладанне, вялікі двор, які падзяляўся на фальваркі або засценкі’ (Яшк., Гарб.). Да ключ4 (гл.).

Ключ6 ’вясёлка’ (ДАБМ). Да клюка1 (гл.) у адпаведнасці з формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абжа́ ’аглобля ў сасе’ (Касп.). Рус. паўн. обжа, обга, рус. курск. вобжа ’тс’, польск. obdza ’тс’ (Ці не сюды ж польск. obdza, obza ’вяроўка, шнур для прывязі жывёлы напашы’?), ст.-рус. обьжа ’мера зямлі’. Лат. abža ’аглобля’ з паўн.-бел. ці рускага. Па адной версіі < *o‑bъg‑ja ’гнутая’ да бгаць (гл.) — Патабня, РФВ, 5, 124; Ільінскі, РФВ, 62, 256, па іншай < *ob‑jъg‑ja да іга (гл.) — Мікала, IF, 26, 295; Далабко, ZfslPh, 3, 129–130; Турска, SFPS, 5, 115. Першая этымалогія выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Супраць рэканструкцыі ‑bъg‑ сведчаць рускія формы обежь, обежка і ст.-рус. обьжа (Турска, там жа, 114). Другая этымалогія таксама мае свае цяжкасці фанетычнага характару: ‑bj‑ у ob‑jъg‑ja павінна было даць blʼ (Далабко, там жа, 129). Заўвага Далабка аб тым, што слова абжа як арэальна абмежаванае ўзнікла адносна позна, пасля таго як завяршыўся пераход bj > blʼ, непрымальная, бо ў тым жа слове рэалізаваўся пераход gj > ž (ці, можа, у апошнім выпадку адбылася субстытуцыя?). Варбот (Балто-слав. иссл., 42–48) суадносіць як генетычна тоесныя абжа і абза (гл.), зыходзячы з прасл. obьza/obьža (< *obьzja) ’луска’ (літ. ìžti лушчыцца’, išaiža ’шалупінне’) і верагоднасці семантычнага развіцця ад лыкавай вяроўкі (лыка) і скуранога рэменя (скуры) да часткі драўлянай сельскагаспадарчай прылады. Для прыняцця гэтай этымалогіі даводзіцца прызнаць існаванне шэрага семантычных пераходаў і дэрывацыйных пераўтварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пералёт1 (піралёт) ’белая канюшына’ (міёр., Жыв. НС), ’расліна Anthyllis vulneraria L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1; барыс., КЭС; Шат.); пералёт, пералот ’чарнакорань прысадзісты, Scorzonera humilis L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1); пералётнік жоўты ’пералёт, Anthyllis L.’, пералётнік чырвоны, гродз. пржалетнік (канюшына, Trifolium alpestre L.’, пражалот (< ⁺пржалёт < польск. przelot) ’канюшына горная, Trifolium montanum L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), пералётны, паст. пералёт ’пералёт’ (навагр., паст., Сл. ПЗБ). Укр. переліт, перелет ’тс’, рус. дыял. (Літва) переле́т ’лекавая расліна (?)’: перелетом детей курют, когда спужаются (СРНТ, 26), польск. przelot ’тс’. Назва расліны звязана з хваробай пералёк (гл. папярэдняе слова). Так у рус. гаворках перелёт — ’расліна’ і ’перапалох’ (СРНГ, 26, 141–142). На беларускай тэрыторыі пералёт таксама выкарыстоўваецца як лекавы сродак ад спалоху і ад сурокаў, як і на чэшскай, дзе ён называецца úročnik (яшчэ ст.-чэшск.), валаш. úročka, uročnica. У даўніну яму надавалася вялікае магічнае значэнне: яго рвалі ў купальскую ноч (Махэк, Jména, 121–122). Параўн. рус. перелёт‑трава — яе шукаюць на шчасце і ўдачу ў ноч перад Іванам–Купалай; трава гэтай — казкавая, кветка яе вясёлкавая, вогненная, пералятае матыльком і паказвае дарогу да скарбаў у зямлі, апошняе і дапамагло лексеме аформіцца як вытворнай ад пералётваць, пералятаць (Фасмер, 3, 238).

Пералёт2 ’прамежак паміж гадавымі кольцамі на рогах каровы’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да пера- са значэннем ’ахоп дзеяннем пэўнай прасторы’ і ле́та ’год’, ле́таваць ’жыць на працягу лета’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плоць1 ’цела жывых істот’, ’матэрыяльнае ўвасабленне’ (ТСБМ, Нас.), ’пол’ (Гарэц.), ’палавыя органы’ (Ласт.), плоцьны ’палавы’ (Ласт.), плоцьнае (жыццё) ’палавое’ (Стан.); плоць ’перхаць, луска са скуры’ (беш., Нар. сл.), плоть ’сперма’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. (старое) плоть, рус. плоть ’плоць’, ’цела’ — апошняе значэнне — царкоўнаславянізм (Мяркулава, Этимология–1970, 175), дыял. таксама ’цвёрды грунт пад глебай’, ’перхаць, луска’, ’скура на галаве’, ’ікра’, ’малако (у рыб)’, ’мужчынскія палавыя клеткі’, стараж.-рус. плъть ’скура, колер скуры’, польск. płeć ’жывое чалавечае цела’, ’скура, гладкая паверхня цела’, ’колер скуры’; ’чалавек наогул’, ’мужчынская ці жаночая будова цела’, ’пол’, н.-луж. płeś ’юр’, ’колер скуры’, чэш., славац. pleť ’скура твару’, славен. pȏlt ’скура на жывым целе’, ’колер скуры, колер твару’, ’плоць’, серб.-харв. пу̏т, дыял. pelt ’цела, плоць’, ’скура’, макед. плот, балг. плът, ст.-слав. плъть ’цела’, ’юр’. Прасл. *plъtь, найбольш блізкім да якога лічыцца лат. pluta ’цела, плоць; скура’, plutus ’далікатная скура (з галавы)’, літ. plutà ’скарынка’, ’расліннае покрыва на паверхні вады’, ’кара зямлі’ (Фасмер, 3, 286; Махэк₂, 459; Бязлай, 3, 83); Банькоўскі (2, 623) следам за Бугам (Rinkt., 2, 518), Младэнавым (431) выводзіць польск. płeć з і.-е. *plutis ’скураны мех, на якім плавалі’, якое з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯–/*plu‑ ’плаваць, прыплываць’. Непераканаўча.

Плоць2, плоцье ’плоткі, платва’ (Нас.; Мат. Маг.; гродз., лудз., Сл. ПЗБ, ТС), ’плотка’ (свісл., Сцяшк. Сл.; чэрв., Нар. лекс.); рус. смал. плоть ’тс’. Да платва, пло́тва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́таць1 ’прыбіраць’, ’засоўваць, запіхваць (рукі)’ (Нас.), ’прыбіраць, упарадкоўваць, чысціць’, ’даглядаць’, ’хаваць’ (свісл., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк. Сл.), ’ачышчаць ад карэнняў, кустоў’ (Стан.). Параўн. рус. пря́тать, пря́чу ’хаваць’, опря́тный ’ахайны, чысты’, пря́танье ’карчаванне зямлі пад ворыва’, опря́тывать ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’адзяваць нябожчыка’, укр. пря́тати ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’хаваць’, ст.-рус. с(ъ)прѧтати; польск. sprątać ’прыбіраць’, sprzęt ’начынне, прыбор’, серб.-харв. прѐтати ’закопваць, засыпаць попелам’, спре̏тан ’лоўкі’, славен. spréten ’годны, лоўкі, жвавы’, балг. опре́там се ’падрыхтоўваюся да працы’, ст.-слав. прѧтати ’ціснуць, прыгнятаць; перашкаджаць’. Прасл. *prętati з першасным значэннем ’рваць, вырываць, расчышчаць зямлю пад сяўбу’ (Мяркулава, Этимология–1974, 70), магчыма, звязанае з *prędati, *pręsti (гл. пратаць2 ’біць’), паводле Куркінай (Балто-слав. иссл., 15, 201), з першаснай семантыкай ’рэзка рухаць, тузаць’. Іншая пашыраная версія — аб роднасці з прут (*prǫtъ); гл. Праабражэнскі 2, 145 і наст.; Брукнер 436; аднак Фасмер (3, 396) указвае на семантычны недахоп гэтай этымалогіі — *prętati не мае значэння ’аплясці, плясці’. Супастаўленне з с.-в.-ням. sprenzen (Мацэнаўэр, LF, 14, 403; Младэнаў, 515) Фасмер (там жа) таксама лічыць сумнеўным, паколькі апошняе звязана са слав. *prędati (гл. пра́даць). Агляд іншых версій гл. ESJSt, 12, 710–711. Гл. таксама апратаць.

Пра́таць2, пря́таць ’біць, лупцаваць’ (Нас., Бяльк., Юрч.), ’біць бялізну’ (Інстр. 1). Этымалагічна тое ж, што і пратаць1; змяненне значэння адбылося ў выніку семантычнай кантамінацыі з дзеясл. праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)