захава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Не прапасці, не знікнуць; застацца ў наяўнасці. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі... Захаваўся толькі барок на адным з узгоркаў. Хадкевіч. Аб жыцці і творчасці Паўлюка Багрыма захавалася мала дакументальных звестак, нічога пэўнага не могуць сказаць яго землякі. С. Александровіч. // Не змяніцца, застацца ў ранейшым стане. — Дзіўна, як голас .. у чалавека захаваўся. Чорны. // Застацца ў каго‑н., пры кім‑н.; не страціцца. Я ля брамкі стаю. Прыглядаюся пільна і строга. Штосьці ўсё ж захавалася, штось пазнаю Ад таго птушаняці малога. Гілевіч. // перан. Утрымацца ў памяці, запомніцца. У галаве цьмяна захаваліся толькі некаторыя эпізоды [сустрэчы з Данутай]. Карпюк. У мяне трывала захаваліся ў памяці вялікі луг з густой і высокай травой і дубы на беразе Сажа. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не папсавацца, не пашкодзіцца. Бульба ў склепе добра захавалася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не прайсці, не страціцца (пра пачуцці, настрой). І хоць часу прайшло багата і абое яны сталі не такія, якімі былі шмат гадоў назад, але ж колішняя прыязнасць захавалася. Новікаў. Ваяўнічы, прыўзняты настрой захаваўся ў Міхала і назаўтра. Карпаў.

4. Разм. Размясціцца так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схавацца. Па бацькавых старых плячах Гуляў бізун белапаляка... Са страхам жудасным у вачах Сын захаваўся й горка плакаў. Чарот. // Стаць нябачным або малапрыметным сярод чаго‑н., у чым‑н. Рады бярозавых крыжоў.. амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́лы, ‑ая, ‑ае; гол, ‑а.

1. Не прыкрыты адзеннем, не апрануты. Голыя рукі. □ У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі. Асіпенка. Адрозніць начальнікаў ад падначаленых у рухлівым натоўпе да пояса голай, загарэлай і запыленай моладзі — амаль немагчыма. Брыль. // Разм. Бедны. Гулялі, пакуль голыя сталі. Прыказка.

2. Пазбаўлены расліннага або валасянога покрыва (пра дрэвы, часткі цела і пад.). Дрэвы стаялі голыя — і тыя, што былі апалены, і тыя, што заставаліся цэлымі. Якімовіч. Круглым голым тварам [мандарын] нагадваў старую бабу, нягледзячы нават на вузенькую сівую казліную бародку. Маўр. // Пазбаўлены расліннасці, пустынны (пра мясцовасць). Пачарнеў лес, скінуўшы на дол апошняе сваё залатое ўбранне, асірацелі голыя палеткі. Краўчанка.

3. Нічым не пакрыты, не прыкрыты. Голыя сцены. □ [Нявада] зачыніў сенцы, увайшоў у хату і прылёг на голы палок. Чорны. Уцякала Бандароўна Ды паміж платамі, А за ёю тры гайдукі З голымі шаблямі. Купала.

4. Разм. Без ніякіх дадаткаў, прымесей; чысты. Голы пясок.

5. перан. Разм. Узяты сам па сабе, без тлумачэнняў, дадаткаў і пад. Голыя лічбы. □ Засяроджанне ўвагі толькі на ідэйным баку твора без уліку яго мастацкай формы мімаволі вядзе да голых сацыялагічных разважанняў. Шкраба.

•••

Браць (узяць) голымі рукамі гл. браць.

Гол як сакол — дужа бедны, нічога не мае.

Голаму разбой не страшан гл. разбой.

Голы як бізун — пра вельмі беднага чалавека.

Голы як бубен — пра голае, без расліннасці, выбітае месца.

Голы як стары венік — тое, што і голы як бізун.

З голымі рукамі гл. рука.

На голым месцы гл. месца.

Свяціць голым целам гл. свяціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барада́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. бароды, ‑аў; ж.

1. Пярэдняя частка ніжняй сківіцы. На галаве — касынка, завязаная пад бараду. Брыль. Андрэйка даставаў да стала толькі барадой. Бядуля. [Коля] як ляжаў тварам уніз, так адчуваў, што барада дробна стукае аб мёрзлую зямлю. Чорны.

2. Валасяное покрыва ніжняй часткі твару. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч. // перан. Разм. Пра чалавека з такім валасяным покрывам. // У некаторых жывёл і птушак — пучок доўгіх валасоў ці пер’я ля шыі і на грудзях. Але ў казы (глядзі, брыда!) Свая ёсць нават барада. Крапіва.

3. Касмыль недапрадзенай кудзелі льну, воўны. Падсунуўшы да агню ўслон, на якім тырчала прасніца з барадой кужалю, сядзела і маці, цётка Аўдоцця. Мележ. // Наогул усё калматае, што нагадвае касмыль. З-пад барабана выскачыла першая вялікая пакамечаная барада саломы. Васілевіч. Лес глядзіць з-пад зялёных веек самацветамі воч птушыных, .. аганькамі ўспыхнуўшых красак, вугалькамі суніц і касцянак, што гараць на бародах моху... Арочка. // Зблытаныя ніткі, лёска і інш. І толькі тут, на беразе возера, даведаўся я, што за машына гэты спінінг! Размахнуўся першы раз — у куст блясну ўсадзіў. Махнуў другі раз — «бараду» зрабіў, ды такую, што разблытаў яе толькі праз тыдзень. Шашкоў.

4. Невялікі кусцік жыта, каля якога спраўляюць дажынкі пры заканчэнні жніва. З каласоў завязалі [жнеі] Бараду, як вялося. Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілося. Калачынскі.

•••

Анекдот з барадою гл. анекдот.

Дзіравая барада — пра таго, хто, едучы, абліваецца стравай.

Казліная барада — рэдкая, вузкая, непрыглядная барада.

Навіна з барадою гл. навіна.

Смяяцца ў бараду гл. смяяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ля, ‑і, ж.

1. Свядомае і мэтанакіраванае рэгуляванне чалавекам сваёй дзейнасці. Сіла волі. Цвёрдая воля. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной. Колас. Пад дажджом, на ветры і холадзе працавалі маладыя будаўнікі, гартуючы сваю волю і выпрабоўваючы вытрымку. Грахоўскі. // да чаго. Упартае імкненне дасягнуць чаго‑н. Воля да перамогі. □ Не зламала вайна ды і не магла зламаць волі савецкіх людзей да жыцця, іх веры ў будучыню. Краўчанка.

2. Жаданне, патрабаванне. Дыктаваць сваю волю. Апошняя воля. Не па сваёй волі. □ Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля. Колас.

3. Улада, права. Тут ужо ваша воля. □ [Юрка] перастаў адчуваць матчыну волю над сабою. Карпаў.

4. Свабода, незалежнасць; проціл. няволя. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь. Колас. Ідзі пад сцягам баявым За волю ў бой крывавы. Бялевіч.

5. Гіст. Вызваленне ад прыгоннай залежнасці. Купіць волю.

6. Магчымасць дзейнічаць самастойна.

7. Становішча, пры якім жыццё чалавека, жывёл, птушак не абмежавана ўмовамі зняволення. Выйсці на волю. Выпусціць жураўля на волю.

8. Прастор, прыволле, раздолле. Рэкі разбурылі прыстасаванні, якімі людзі запаланілі іх, і вырваліся на волю. Самуйлёнак. Такая шыр бязмежная,.. Што крок, то волі знак! Колас.

•••

Вольнаму воля гл. вольны.

Вольная воля — нічым неабмежаваная свабода.

Воля ваша — рабіце, як лічыце патрэбным.

Даць волю каму-чаму гл. даць.

Даць волю рукам гл. даць.

Жалезная воля — непахісная, нязломная воля.

Людзі добрай волі гл. людзі.

На волю лёсу — без падтрымкі, без дапамогі, без нагляду.

Па добрай волі, добрая воля — без прымусу, добраахвотна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рэзкім рухам, рыўком (рыўкамі) раздзяліць на часткі; разадраць. Я .. зняў кашулю, разарваў яе і пачаў ладаваць перавязку. Якімовіч. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда. // Прарваць што‑н. у адным або некалькіх месцах. [Аксане] мог на ўвесь дзень сапсаваць настрой няўдала звараны боршч ці тое, што Галя ўпала і разарвала сукенку. Васілевіч. // Парваўшы, распячатаць. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка. // перан. Раптоўна і рэзка парушыць (цішыню, змрок і пад. — пра рэзкія гукі, яркае святло і пад.). Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню на паляне. Лынькоў. Слупы агню і дыму разарвалі начную цемру... «Маладосць». // Утварыць разрыў або разрывы ў чым‑н., паміж чым‑н. Прыляцелі ветры, разарвалі хмары, разагналі іх па небе. Галавач.

2. Парваўшы на часткі, кавалкі, забіць; задраць. Рэдка сюды [у лес] хто заглядаў.. Магчыма, прычынаю гэтаму было тое, што ўсяго тры гады назад ваўкі сярод дня разарвалі тут лесніка. Шамякін. Жанчыны накінуліся на .. [паліцая] з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б па месцы. Мележ.

3. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Узрывам разнесці на часткі, асколкі. Жалезнымі аскабалкамі прасвісталі ў паветры часткі разарванага катла і платформы. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Снарадам разарвала чалавека.

4. перан. Спыніць, парваць (адносіны, сувязь і пад.). Разарваць дыпламатычныя адносіны. □ Няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Шамякін.

•••

Каб цябе (яго, яе) разарвала (лаянк.) — ужываецца як нежаданне непрыемнасці, няшчасця каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́дка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. Той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім‑н. здарэнні, падзеі. Аднойчы нечакана быў я сведкам. Як чалавек абразіў чалавека. Чарнушэвіч. Толькі не за свае мінулыя ўчынкі перажываў.. [Андрэй] — баяўся таго адзінага сведкі, які, магчыма, аднойчы з явіцца ў вёсцы, і ўсё таемнае стане яўным. Ваданосаў. // Сучаснік і назіральнік чаго‑н. Як жывы сведка мінуўшчыны, адзін стары дзед Лявон астаўся тут. Бядуля. Скажы хутчэй, — і сведка і прычына Таго, чым стаў і чым мне быць навек, Вялікая, Нязгасная, Жанчына, Таварыш, Спадарожнік, Чалавек. Кірэенка. / Аб прадметах. Сена, салома, кучка сечкі, шулы, цапы, граблі, — усё гэта бясслоўныя, але шчырыя памочнікі або маўклівыя, але ўважлівыя сведкі яго [дзедавай] працы. Колас. Гэтыя высокія ліпы чулі шчырыя словы прызнання, былі сведкамі нараджэння бессмяротных радкоў. С. Александровіч. / Аб пісьмовых помніках, творах. Яго [Хвядоса Шынклера] творы — жывыя сведкі рэчаіснасці. Арабей. / у вобразным ужыв. А вецер, той гутаркі ўдзельнік і сведка, Ціхутка галінкі на дрэвах кране. А. Вольскі.

2. Асоба, якая выклікаецца ў суд, каб даць паказанні пра вядомыя ёй абставіны па справе. Браць у сведкі. □ Памятаю выпадак, калі ён [Самуйлёнак] быў за сведку ў судзе пры разглядзе справы нейкага Падвальнага. Хведаровіч.

3. Асоба, якая прысутнічае пры чым‑н. для афіцыйнага пасведчання сапраўднасці ці правільнасці таго, што адбываецца. Прачытаць завяшчанне пры сведках. □ Ракіцкі з Надзейкай былі ў ліку бліжэйшых сяброў маладых. Прысутнічалі сведкамі, як тыя распісваліся, пілі потым шампанскае ў пакоі Аліны ў дзявочым інтэрнаце. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сво́йскі, ‑ая, ‑ае.

1. Не дзікі, выгадаваны чалавекам (пра жывёл, птушак). Свойская свіння. □ І свойскія гусі таксама Добра ляталі калісьці, І з ветрам умелі спрачацца, І крылы аб воблакі чысціць. Сіпакоў. // Культурны, вырашчаны чалавекам (пра расліны). Свойскія кветкі. □ — Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, — з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. — Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла. Чыгрынаў.

2. Прыручаны чалавекам; ручны. Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскімі. В. Вольскі. Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю. Караткевіч. // Рахманы, спакойны, не брыклівы. Свойскае жарабя. // Разм. Паслухмяны (пра чалавека). Па-ранейшаму.. [Красанок] яшчэ дужы.. Усюды свойскі, пакладзісты. Гроднеў.

3. Не куплёны, хатняга вырабу. Фельчар стаў апранацца ў доўгі карычневага сукна свойскай работы бурнос з башлыком. Пестрак. // Прыгатаваны дома (пра харчы). [Цярэшка:] — Хіба ў нас больш нічога на стале няма? Вунь жа, дзякаваць богу, парасяцінка, свойская кілбаска. Сабаленка.

4. Разм. Які прыязна, спагадліва адносіцца да людзей; таварыскі. Цішка — добры мой сусед, Гэта — хлопец-усёвед. Свойскі і разумны — Не бывае сумны. Агняцвет. Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка. // Уласцівы такім людзям або адносінам паміж такімі людзьмі. Таня і не заўважыла, як шапачнае знаёмства з Павалковічам стала пераўтварацца ў свойскія, даволі прыязныя адносіны. Машара.

5. Характэрны, знаёмы, пашыраны на якой‑н. тэрыторыі. А як песню пачуў, што над рэчкай звініць,.. Я пазнаў чагось свойскага многа ў ёй: Калісь чуў гэта ў песнях старонкі сваёй. Багдановіч. Асенняй раніцою, Па нашай звычцы свойскай, Нас цэлай грамадою Праводзілі ў войска. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сур’ёзны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца грунтоўнасцю, станоўчасцю ў сваіх думках, учынках, адносінах да жыцця; удумлівы, паважны. Сцяпан — чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў. Колас. Яго [салдата] манера гаварыць, па-мужчынску стрымана і немнагаслоўна, выдавала ў ім чалавека ўжо сталага і сур’ёзнага. Васілевіч. // Які добра ведае сваю справу, удумліва адносіцца да справы. Сур’ёзны вучоны.

2. Які сведчыць пра ўдумлівасць адносін да чаго‑н.; грунтоўны. Звярнуць сур’ёзную ўвагу на дысцыпліну. □ [Лёдзю], напэўна, палохала ягоная [Цімкі] сталасць, сур’ёзны, як ужо ў мужчын, падыход да ўсяго. Карпаў. // Які заслугоўвае даверу; дадзены ўсур’ёз (пра слова, абяцанне).

3. Важны, значны па тэме, зместу, характару; змястоўны. Сур’ёзная музыка. Сур’ёзная кніга. □ Да сур’ёзных размоў Сцяпан не меў пільнай ахвоты. Дадзіёмаў. // Сапраўдны, непадробны. Сур’ёзнае пачуццё.

4. Які заслугоўвае, патрабуе ўвагі з-за сваёй важнасці, значнасці, складанасці. Сур’ёзная праблема. Прыняць сур’ёзнае рашэнне. □ Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Быкаў. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр. — Надта сур’ёзныя тут факты, — гаварыў рэдактар. Даніленка. // Які тоіць у сабе небяспечныя вынікі; небяспечны. Сур’ёзная хвароба. □ Рана была не вельмі сур’ёзная. Шахавец. // Істотны; вялікі; значны. Дасягнуць сур’ёзных поспехаў. □ [Сцяпан Іванавіч:] — У падполлі чатыры байцы — сур’ёзная баявая сіла. Новікаў. Ва універсітэцкім гарадку Парыжа мелі месца сур’ёзныя хваляванні. «Звязда».

5. Заняты якімі‑н. думкамі, засяроджаны; задумлівы, невясёлы. Левановіч насупіўся, зрабіўся сур’ёзны і стаў углядацца ўперад у бярэзнік. Пташнікаў. Дзе ж тут стаць сур’ёзнай, не смяяцца, як наўкол рагоча ўвесь народ!.. Жычка. // Які выказвае задумлівасць, заклапочанасць. Настачка зрабілася маўклівай, твар яе быў сур’ёзны, задуменны. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рука́, ‑і, ДМ ‑руцэ; мн. рукі, рук, ж.

1. Верхняя канечнасць чалавека ад плечавога сустава да канца пальцаў. [Гаспадыня] прысеўшы на кукішкі, накладала сабе на руку пасечаныя Валодзем дровы. Арабей. // Гэтая ж канечнасць ад запясця да канца пальцаў; кісць. На чорным фоне адзежы белая рука з адтапыраным пальцам была вельмі выразна белая, як мармуровая. Чорны. — Дзякую, — сказаў Бярозін і шчыра паціснуў руку Шусту. Шчарбатаў. // Пярэдняя канечнасць у малпы. / у перан. ужыв. Аднойчы ранкам непадалёку ад нас падняў у неба сваю магутную руку вежавы кран. Гарбук. З гора замахае доўгімі рукамі, Быццам папярхнуўшыся мукой, вятрак. Танк.

2. Верхняя канечнасць чалавека як прылада працы. — Вы ў такім стане, што я не магу вам дазволіць рабіць аперацыю. Для гэтага патрэбна спакойная рука... Шахавец. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. // След, вынік чыёй‑н. дзейнасці. Ва ўсім адчувалася вока і руплівая рука добрага гаспадара. «Беларусь». Ва ўсім відаць клапатлівую дзявоцкую руку. Мурашка.

3. толькі мн. (ру́кі, рук). Людзі, якія выконваюць работу; рабочая сіла, работнікі. А лішнія калгасныя рукі паехалі на зарабаткі. Баранавых. Але вядома, браце мілы: Тут рукі трэба, сілы, сілы, А іх няма, заўважце самі. Колас.

4. толькі адз. Манера пісьма, почырк; стыль. І ў тым і ў другім творы відаць рука аднаго аўтара. Шкраба.

5. перан. Пра чалавека, краіну і пад., як уладу над кім‑н., як уладальніка чаго‑н. [Тапурыя:] — Пакутаваў бы ты пад гаспадарскай рукой да старасці год. Самуйлёнак. Хата стаяла тая ж самая і на тым жа месцы, але людзі, якія цяпер жылі ў ёй — маці Ціхамірава прадала хату, як сабралася ехаць гады праз два пасля вайны ў Сібір, — не ведалі Ціхаміра, бо гэта былі ўжо нават не дубраўцы, а прыезджыя, і хату яны куплялі таксама з другіх рук. Чыгрынаў.

6. Ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі, а таксама з азначэннямі «правая», «левая», ужываецца ў значэнні: старана, бок. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі. Колас. З правай рукі, на поўдні, грымела таксама. Брыль.

7. перан. Ужываецца для абазначэння ўласцівасці і якасці характару чалавека. Жалезная рука. Цвёрдая рука. □ Пакуль калгас быў малы, у ім усё ішло ўсталяваным ладам, да таго ж у старшыні ў раёне была шчодрая рука. Дуброўскі.

8. толькі адз. Разм. Пра чалавека, які можа пасадзейнічаць, аказаць пратэкцыю, падтрымку каму‑н. [Таркайла:] — З’явіліся нейкія людзі.. Заб’юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце... Караткевіч. — Што яму, пану, зробіш? Ён дзе ні пайшоў — усюды ў яго свая рука... Якімовіч.

9. толькі адз. Ужываецца ў некаторых спалучэннях у значэнні: згода на шлюб з кім‑н. Калі будавалася [Міхаліна], не было адбою ад леснікоў і шафёраў: кожны халасты прапаноўваў сваю руку, угаворваў выйсці замуж. Ракітны. Прыйшоў не насмяяцца, а прасіць яе [Раісы] рукі. Гроднеў.

10. У вінавальным склоне адз. л. з прыназ. «пад» і азначэннем. Азначае стан, настрой і пад. Пад гарачую руку. Пад п’яную руку.

•••

Рабочыя рукі — рабочыя, рабочая сіла.

Абедзвюма рукамі трымацца гл. трымацца.

Абедзвюма рукамі ўхапіцца гл. ухапіцца.

Абы з рук — абы-як, недабраякасна (рабіць што‑н.).

Адбівацца рукамі і нагамі гл. адбівацца.

Адбіцца ад рук гл. адбіцца.

Адваліліся рукі — прапала ахвота (што‑н. рабіць).

Адмахвацца рукамі і нагамі гл. адмахвацца.

Ад рукі — рукой (пісаць, чарціць і пад.).

Ад рук і ног адстаць гл. адстаць.

Апусціць рукі гл. апусціць.

Астацца без рук гл. астацца.

Без рук — не дакранаючыся; не б’ючы.

Без рук, без ног — а) ляжаць нерухома, не валодаючы ні рукамі, ні нагамі; б) быць вельмі стомленым пасля доўгай хады, цяжкай працы і пад.

Браць (узяць) голымі рукамі гл. браць.

Браць ногі ў рукі гл. браць.

Браць (узяць) сябе ў рукі гл. браць.

Браць (узяць) у рукі каго-што гл. браць.

Валіцца з рук гл. валіцца.

Выпусціць з рук гл. выпусціць.

Выпусціць лейцы з рук гл. выпусціць.

Вялікай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якой‑н. якасці.

Гаварыць у руку гл. гаварыць.

Глядзець з рук каго або чыіх гл. глядзець.

Грэць рукі гл. грэць.

Гуляць па руках гл. гуляць.

Даць волю рукам гл. даць.

Даць (сунуць) у руку гл. даць.

Дзіравыя рукі — пра няўмелага, нязграбнага чалавека, у якога ўсё валіцца з рук.

Доўгія рукі ў каго — аб тым, хто мае схільнасць да кражы.

Забраць у свае рукі гл. забраць.

Заламаць рукі гл. заламаць ​1.

Залатыя рукі — а) пра чые‑н. умелыя рукі. Інструментаў у .. [кузні] было мала, але рукі ў каваля былі залатыя, і неабходны інструмент ён рабіў сам. Машара; б) пра ўмелага, дзелавітага чалавека. [Сіман:] Добра, — Цябе я знаю: залатыя рукі. Клімковіч.

Запусціць руку гл. запусціць ​1.

Збыць з рук гл. збыць.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму гл. звязаць.

З голымі рукамі — без усялякай зброі; нічога не маючы ў руках.

З другіх (трэціх) рук — праз пасрэднікаў (атрымаць, даведацца і пад.).

Злажыць рукі гл. злажыць.

З лёгкай рукі чыёй — пра чыё‑н. удалае пачынанне, прыклад.

З-пад рук — у час патрэбы (браць, хапаць у каго‑н.).

З першых рук — непасрэдна ад каго‑н., без пасрэднікаў (атрымаць, уведаць і г. д.).

З пустымі рукамі — нічога не маючы пры сабе; нічога не атрымаўшы, не дастаўшы (з’явіцца, прыйсці, апынуцца, вярнуцца і інш.).

З рук — не ў магазіне (купіць, прадаць і інш.).

З рукамі адарваць гл. адарваць.

З рукамі і нагамі — ахвотна, з прыемнасцю.

З рук вон гл. вон.

З рук не выпускаць чаго гл. выпускаць.

З рук у рукі — непасрэдна каму‑н., ад аднаго другому (аддаць, здаць).

(І) карты ў рукі каму гл. карта.

Ірваць з рук гл. ірваць ​1.

Ісці міма рук гл. ісці.

Ісці рукою гл. ісці.

Караючая рука каго-чаго (высок.) — той (тое), хто (што) карае. Нехта сачыў за кожным крокам фашыстаў і ўмела накіроўваў караючую руку народных мсціўцаў. Мяжэвіч.

Круціць рукі каму гл. круціць.

Ламаць рукі гл. ламаць.

Лезці пад рукі гл. лезці.

Лёгкая рука ў каго; лёгкі на руку — пра таго, хто прыносіць шчасце, удачу.

Лізаць рукі каму гл. лізаць.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Махнуць рукой на каго-, што‑н. гл. махнуць.

Мець руку гл. мець.

Набіць (наламаць) руку гл. набіць.

На борздую (скорую) руку — паспешліва, хутка.

Нагрэць (пагрэць) рукі гл. нагрэць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі гл. налажыць.

Налажыць (накласці) руку на што гл. налажыць.

На руках чыіх, у каго — а) пад апекай у каго‑н., на ўтрыманні ў каго‑н. (быць, знаходзіцца і г. д.). [Мігуцкі:] Даўно я вас не бачыў. [Гудовіч:] Я вас таксама. З таго часу, як вы кінулі мяне з раненай жонкай на руках. Крапіва; б) пад наглядам, пад адказнасцю. Уся ферма была на руках загадчыка; в) у чыім‑н. карыстанні (быць, знаходзіцца і г. д.). Кніга паўгода была на руках.

На рукі — каму‑н. у асабістае распараджэнне (даць, выдаць, раздаць і г. д.).

На руку — выгадна, зручна, супадае з чыімі‑н. інтарэсамі.

Насіць на руках гл. насіць.

На ўсю (поўную) руку — на ўсю сілу, моц.

Не з рукі каму — а) нязручна, нявыгадна. Але ці гожа, ці прыстойна? Не — для дзяўчыны не з рукі. На крок адважыцца такі. Колас; б) не варта, не згадзіцца (рабіць што‑н.). — Паляваць з беркутам на машыне — не з рукі казаху. Беразняк.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) гл. ведаць.

Не ідзе ў руку гл. ісці.

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.) рук гл. мінуць.

Не пакладаючы рук гл. пакладаючы.

Ні рук, ні ног — не магчы нічога рабіць.

Ні рук, ні ног не чуць гл. чуць.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. зацяць.

Нячысты на руку гл. нячысты.

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук гл. валіцца.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі гл. падаць.

Падняць (узняць) руку на каго-штогл. падняць.

Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым гл. падпісацца.

Пад рукамі (пад рукой) — блізка, так што можна дастаць, выкарыстаць (быць, знаходзіцца, мець і пад.).

Пад руку — не да месца, замінаючы (гаварыць), калі хто‑н. што‑н. робіць.

Пад руку (ісці і пад.) — абапіраючыся рукою на чыю‑н. сагнутую ў локці руку або прытрымліваючы каго‑н. рукою за локаць ці вышэй локця.

Пайсці па руках гл. пайсці.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму гл. папасціся.

Першай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якога‑н. майстэрства, якой‑н. якасці.

Правая рука чыя — першы памочнік.

Прайсці праз рукі каго, чые гл. прайсці.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Прылажыць (прыкласці) рукі да каго-чаго гл. прылажыць.

Прылажыць руку да чаго або пад чым гл. прылажыць.

Пэцкаць рукі гл. пэцкаць.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Развесці рукі (рукамі) гл. развесці.

Развязаць рукі каму гл. развязаць.

Рука не задрыжыць у каго, чыя — хопіць смеласці, рашучасці, адвагі (зрабіць што‑н.).

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца — не хапае рашучасці (зрабіць што‑н.).

Рука руку мые — аб адносінах людзей, калі яны пакрываюць дрэнныя ўчынкі адзін другога.

Рука ў руку — а) узяўшыся за рукі; б) сумесна, дружна.

Рукі адваліліся ў каго — надта стаміўся ад работы рукамі.

Рукі апусціліся — прапала жаданне або здольнасць рабіць што‑н.

Рукі атрэсці гл. атрэсці.

Рукі кароткія — няма дастатковай магчымасці, права (зрабіць што‑н.).

Рукі не адваляцца — нічога не здарыцца з кім‑н. ад таго, што ён выканае якую‑н. работу.

Рукі не дайшлі (не даходзяць) — не было часу, не выпадала, не хацелася.

Рукі па нівах — па стойцы «смірна», з выцягнутымі ўдоўж тулава рукамі (стаяць, трымацца і г. д.).

Рукі свярбяць у каго — а) на каго хочацца пабіцца. пабіць каго‑н.; б) хочацца заняцца чым‑н.

Рукі ўгору! — загад каму‑н. падняць рукі, каб пазбавіць магчымасці супраціўляцца.

Рукой дастаць гл. дастаць.

Рукой падаць гл. падаць.

Скласці рукі гл. скласці.

Склаўшы рукі гл. скласці.

Сон у руку гл. сон.

Схапіць за руку гл. схапіць.

Сысці з рук гл. сысці.

Сядзець злажыўшы рукі гл. сядзець.

Сярэдняй рукі — сярэдні, нічым не вызначаецца па сваіх здольнасцях, становішчы і пад.

Трапіць пад руку гл. трапіць.

Трымацца рукамі і зубамі гл. трымацца.

Трымаць лейцы ў руках гл. трымаць.

Трымаць сябе ў руках гл. трымаць.

У адны рукі — аднаму чалавеку (прадаваць, адпускаць і пад.).

Узяць лейцы ў рукі гл. узяць.

Умыць рукі гл. умыць.

У руках каго, чыіх, у каго — а) у залежным становішчы (быць, знаходзіцца і г. д.); б) у карыстанні, у распараджэнні каго‑н. (быць, знаходзіцца і г. д.).

У рукі плыве гл. плысці.

У рукі просіцца гл. прасіцца.

Усе козыры ў руках у каго гл. козыр.

Ухапіцца абедзвюма рукамі за што гл. ухапіцца.

Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі гл. адсохнуць.

Хоць рукамі бяры гл. браць.

Цягнуць руку чыю, каго гл. цягнуць.

Цяжкая рука; цяжкі на руку — а) пра таго, хто моцна і балюча б’е; б) пра таго, хто прыносіць няўдачу ў справе.

Чужымі рукамі — не самастойна, выкарыстоўваючы працу, энергію, сілы і пад. іншых.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

Як без рук без каго-чаго — бездапаможны без каго, чаго‑н.; не быць у стане што‑н. зрабіць без каго‑, чаго‑н.

Як рукой зняло гл. зняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)