ПАРАІ́БА (Paraíba),

назва 2 рэк у Паўд. Амерыцы: Параіба-ду-Норты (Paraiba do Norte), рака на ПнУ Бразіліі. Даўж. 450 км, пл. басейна 19,7 тыс. км². Вытокі і верхняе цячэнне ў межах плато Барбарэма (Бразільскае пласкагор’е), нізоўі на Атлантычнай нізіне, упадае ў Атлантычны ак. каля мыса Кабу-Бранку. Асеннія паводкі. Суднаходная ад. г. Жуан-Песоа. Параіба-ду-Сул (Paraiba do Sui), рака на ПдУ Бразіліі. Даўж. 1060 км, пл. басейна каля 60 тыс. км². Вытокі ў гарах Сера-ду-Мар (Бразільскае пласкагор’е) каля Атлантычнага ак., цячэ ў глыбокай міжгорнай упадзіне, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Кампус. Мнагаводная ад снеж. да сакавіка. Сярэдні расход вады больш за 1 тыс. м³/с. Суднаходная на асобных участках у сярэднім і ніжнім цячэнні (каля 250 км). ГЭС Ілья-дус-Помбус.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСТАШЧЭ́ЛЕПНЫЯ, крылашчэлепныя (Pterobranchia),

клас другаснаротых жывёл тыпу паўхордавых. 2 атр., 3 роды: атубарыі — Athubaria (пашыраны каля берагоў Японіі), рабдаплеўры — Rhabdopleura (ва ўсіх акіянах) і цэфаладыскусы — Cephalodiscus (у Антарктыцы), 22 віды. Трапляюцца на глыб. 100—650 м. Жывуць прымацаванымі да субстрату, утвараюць калоніі (акрамя атубарый).

Цела даўж. да 1,4 см. Змяшчаецца ў доміку або трубцы, па паверхні якіх жывёлы могуць перамяшчацца. Расшыраны залозісты галаўны шчыток на пярэднім канцы цела (хабаток) служыць для поўзання і выдзяляе рэчыва для пабудовы доміка. На сярэднім аддзеле цела — каўнерыку 1—8 пар перыстых шчупальцаў, пакрытых раснічкамі, якія выконваюць функцыю дыхання (адсюль назва) і збірання кармавых часцінак. Рот на брушным баку цела. Кішэчнік петлепадобны. Кормяцца фіта- і зоапланктонам. Раздзельнаполыя, размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне), ёсць гермафрадыты. Лічынкі свабоднаплаваючыя і поўзаючыя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́НАВАЯ НОЧ,

у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́Н (лац. Radon),

Rn, радыеактыўны хім. элемент VIII перыяд. сістэмы, ат. н. 86, ат. м. 222,0176, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў (α-выпрамяняльнікі) з масавымі лікамі 218—220 і 222, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ​222Rn (перыяд паўраспаду 3,824 сут). Утвараецца пры распадзе радыю (адсюль назва). У атмасферы 6∙10​−20% па аб’ёме (адзін з самых рэдкіх элементаў); вызначае прыродную радыеактыўнасць паветра.

Аднаатамны газ без колеру і паху, шчыльн. 9,73 кг/м³ (0 °C), L -61,9 °C. Добра раствараецца ў этаноле, бензоле, гексане, адсарбіруецца сілікагелем і актываваным вугалем. Пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, утварае дыфтарыд RiiF, — бясколернае нелятучае крышт. рэчыва. Выкарыстоўваюць у медыцыне (радонавыя ванны) і навук. даследаваннях. Намнажаецца ў памяшканнях (пераважна з буд. матэрыялаў); дапушчальная канцэнтрацыя ў паветры 55,5 Бк/л.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.​П.​Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас. дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.​А.​Вахевічам, перавыдадзены М.​М.​Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

авангарды́зм

(фр. avantgardisme)

абагульненая назва мастацкіх кірункаў, якім уласцівы разрыў з традыцыяй рэалістычнага мастацкага вобраза, пошукі новых сродкаў выяўлення і фармальнай структуры твора; у сваіх крайніх формах змыкаецца з дэкадэнцтвам, мадэрнізмам, абстрактным мастацтвам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

о́рдэн

(ням. Orden, ад лац. ordo = рад, разрад)

1) знак узнагароды за якія-н. заслугі;

2) каталіцкае манаскае аб’яднанне з пэўным статутам (напр. о. езуітаў);

3) назва некаторых тайных арганізацый (напр. масонскі о.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сама́рый

(н.-лац. samarium, ад рус. самарскит = назва мінералу, ад Самарский = прозвішча рус. мінералога 19 ст.)

хімічны элемент, мяккі серабрысты метал, які належыць да лантаноідаў выкарыстоўваецца ў рэгулюючых стрыжнях ядзерных рэактараў, у святлатэхніцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трэ́пел

(ням. Tripel, ад Tripoli = назва горада ў Лівіі)

асадачная горная парода белага, светла-шэрага або светла-жоўтага колеру, якая складаецца пераважна з апалу і панцыраў дыятамей; выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, у нафтавай прамысловасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тулярэмі́я

(н.-лац. tularaemia, ад Tulare = назва мясцовасці ў Каліфорніі + гр. haima = кроў)

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека і жывёл (галоўным чынам грызуноў), якое характарызуецца агульным атручэннем арганізма, ліхаманкай, паражэннем лімфатычных вузлоў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)