ДУБЯНЕ́ЦКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ўсходнепалескай школы (гл. ў арт. Палескія школы дойлідства). Пабудавана ў 1718 у в. Дубянец (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.). Мае рысы стылю барока. Трохзрубны аб’ём глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага бабінца (у 19 ст. да яго прыбудавана званіца), квадратных у плане нефа і алтара з рызніцай. Неф завершаны масіўным светлавым васьмерыковым барабанам, накрытым купалам. Сцены гарызантальна ашаляваныя. У інтэр’еры ветразі барабана аздоблены размалёўкай.

Дубянецкая Прачысценская царква.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДАРЭ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 20.7.1934, в. Варатын Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. пед. н. (1980), праф. (1991). Засл. настаўнік Беларусі (1974). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1956). З 1983 рэктар Мазырскага пед. ін-та. Навук. даследаванні па распрацоўцы і ўдасканаленні зместу і структуры матэм. дысцыплін для ВНУ. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для тэхнікумаў і ВНУ.

Тв.:

Алгебра и геометрия. Мн., 1989 (разам з А.​А.​Дадаянам);

Математический анализ. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДЫ́ШКА (Аляксандр Іванавіч) (1.7.1911, г. Верхнедняпроўск, Украіна — 5.2.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Беларус. Скончыў Адэскае артыл. вучылішча (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40: артыл. дывізіён на чале з капітанам Д. у баях на Карэльскім перашыйку нанёс праціўніку значныя страты ў баявой тэхніцы і жывой сіле. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Масквы, вызвалення Калінінскай, Смаленскай і Віцебскай абласцей. Загінуў у баі за г. Гарадок Віцебскай вобл.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЫША, Гольша,

рака ў Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Проня (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 225 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Чапялінка Горацкага р-на. Асн. прыток — р. Дабранка (справа). Вадазбор на паўн. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна скрынкападобная, глыбокаўрэзаная, шыр. 500 м — 1 км. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на 10 км ад вытоку, ніжэй свабодна меандруе. Берагі стромкія, абрывістыя, параслі лесам.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і банцараўскай культуры, селішча банцараўскай культуры каля в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Гарадзішча неаднаразова ўмацоўвалася валамі з абарончай сцяной, ровам; у 5—6 ст. выкарыстоўвалася як сховішча для навакольнага насельніцтва. На селішчы выяўлены рэшткі 42 слупавых і зрубных жытлаў, 17 гасп. ям. Сярод знаходак гліняныя штрыхаваныя гаршкі і фрагменты гладкасценнага посуду, жал. і каменныя прылады працы, упрыгожанні з бронзы, абломкі сярэбраных шыйных грыўняў, льячка, тыглі.

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНА́Я,

радовішча тугаплаўкіх глін каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад азёрных глін палеаген-неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і чорныя, дысперсныя, высокапластычныя, тугаплаўкія. Разведаныя запасы больш за 9 млн. м³, перспектыўныя 2,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,6 м, ускрышы 0,2—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных труб, цэглы, як фармовачны матэрыял. Распрацоўваецца з 1979. Сыравінная база з-да абліцовачнай керамікі «Гарынь».

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧКА (Мікалай Цітавіч) (н. 5.1.1937, в. Мяцявічы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне птушкагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1991). Скончыў Віцебскую акадэмію вет. Медыцыны (1062). З 1969 на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (у 1977—96 дырэктар). Навук. працы па развядзенні, селекцыі і ўзнаўленні с.-г. птушкі ва ўмовах інтэнсіўных тэхналогій.

Тв.:

Производство мяса уток. Мн., 1984;

Системы ведения сельского хозяйства Республики Беларусь. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРФУ́НКІН (Рыгор Саламонавіч) (6.8.1920, г.п. Янавічы Віцебскага р-на — 22.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 на Паўн.-Зах., Варонежскім франтах. Удзельнік абароны Ленінграда, вызвалення Украіны. Разведчык танк. брыгады радавы Гарфункін вызначыўся ў 1943 у баі за Дняпро ў Кіеўскай вобл.: група разведчыкаў, у складзе якой пераправіўся цераз раку, выявіла сістэму абароны і агнявыя пункты ў размяшчэнні праціўніка; вяртаючыся, Гарфункін прыкрыў пераправу разведчыкаў; загінуў, пераплываючы Дняпро.

Р.С.Гарфункін.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЫ́НЬ»,

завод абліцовачнай фасаднай керамікі ў р.п. Рэчыца Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Дзейнічае з 1939 як сезоннае прадпрыемства. У час Вял. Айч. вайны часткова разбураны, у 1946 адноўлены як з-д і рэканструяваны, устаноўлена кальцавая печ для абпальвання вырабаў. З 1968 працуюць тунэльныя печы (3, на вадкім паліве). Сучасная назва з 1973. У якасці сыравіны выкарыстоўвае тугаплаўкія гліны радовішча Столінскія хутары. Асн. прадукцыя (1996): камяні керамічныя абліцовачныя і сценавыя, цэгла, пліты подавыя, жывёлагадоўчыя.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЦІ́ШЧАЎ (Віктар Іванавіч) (30.1.1931, хутар Брацкі, Валгаградская вобл., Расія — 9.3.1989),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1988). Скончыў Харкаўскае вышэйшае авіяц.-інж. ваеннае вучылішча (1954). З 1962 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні з’яў электроннага пераносу ў металах пры нізкіх т-рах і моцных магн. палях. Эксперыментальна адкрыў з’яву электроннага тармажэння дыслакацый у магн. полі, даказаў кагерэнтны характар электроннага тунэлявання пры магн. прабоі.

т. 5, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)