ДРЫ́СЫ,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса (выцякае з возера), за 35 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,26 км², даўж. 3,7 км, найб. шыр. 960 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 11 км. Пл. вадазбору 1578 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м (на З 15—20 м), параслі мяшаным лесам. Берагі пад хмызняком і лесам. Дно плоскае. У цэнтры 5 астравоў агульнай пл. 1 га. Мелкаводдзе ўздоўж берагоў і вакол астравоў да глыб. 2 м пясчанае і глеістае. На Пд упадае р. Ушча, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Глыба.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯНЕ́Я (Dionaea),

манатыпны род кветкавых раслін сям. расянкавых. 1 від — Д. венерына мухалоўка (D. muscipula). Пашыраны на Атлантычным узбярэжжы Паўн. Амерыкі. Расце на мохавых балотах і вільготных пясках.

Шматгадовая насякомаедная травяністая расліна з кароткім бязлістым сцяблом (стрэлкай) і разеткай лісця. Кожны ліст мае крылаты чаранок і двухлопасцевую авальную пласціну, у цэнтры якой знаходзяцца 3 адчувальныя валаскі. Калі насякомае дакранаецца да гэтых валаскоў, лопасці ліста змыкаюцца, утрымліваюць ахвяру і выдзяляюць стрававальную вадкасць, якая ператраўляе яе. Кветкі дробныя, белыя, сабраныя ў парасонападобны шчыток на доўгім кветаносе-стрэлцы. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. і дэкар. расліна.

Г.​У.​Вынаеў.

Да арт. Дыянея. Венерына мухалоўка.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ-АРЭНБУ́РГСКІ (сапр. Гусеў) Сяргей Іванавіч

(5.10.1867, г. Арэнбург, Расія — 1.6.1963),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Арэнбургскай і Уфімскай духоўных семінарыях. З 1892 сельскі святар, у 1898 зняў з сябе сан. Друкаваўся з 1890. У 1903 выйшаў 1-ы т. «Апавяданняў» (т. 2—4, 1907—13). У цэнтры творчасці — рус. духавенства, яго побыт, драм. ўзаемаадносіны з сялянамі і ўладамі. Аўтар аповесцей: «У прыходзе» (1903), «Краіна бацькоў» (1904), «Рыцар Ланчэлот» (1910), «Прыгавораны» (1918) і інш. У 1922 эмігрыраваў, жыў у Нью-Йорку. Аўтабіягр. раман «Краіна дзяцей» (1928).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—16. П., 1913—18;

Повести и рассказы. М., 1958.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАСІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.​Прышчэпа, М.​Філіпеня, В.​Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.

Я.​М.​Сахута.

Дарасінская кераміка.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,

сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ (Барыс Пятровіч) (н. 12.11.1912, г. Самарканд, Узбекістан),

расійскі вучоны ў галіне тэхн. хіміі. Акад. Рас. АН (1974; чл.-кар. 1968). Двойчы Героі Сац. Працы (1966, 1982). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1937). З 1937 у Цэнтр. н.-д. ін-це хіміі і механікі (Масква), з 1955 у Федэральным цэнтры двайных тэхналогій «Саюз» (у 1955—88 ген. дырэктар). Навук. працы па вывучэнні фізіка-хім. працэсаў кандэнсаваных сістэм. Даследаваў працэсы гарэння і каталізу порахаў і цвёрдага паліва, пераўтварэння энергіі гарэння ў кінетычную і эл., распрацаваў метады атрымання і тэхналогію вытв-сці высокатрывалых канструкцыйных матэрыялаў. Ленінская прэмія 1976, Дзярж. прэміі СССР 1951, 1967.

Б.П.Жукаў.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖУРАВЕ́ЛЬ»,

бел. танец-гульня. Некалькі дзяўчат танцуюць і спяваюць, інш. ахоўваюць іх ад «жураўлёў» (хлопцаў). Калі хлопцы лавілі дзяўчат, спявалі ўсе разам (запіс А.​Я.​Васільевай, 1879). У запісе П.​М.​Шпілеўскага (1853) выканаўцы павольна падымаюць то правую, то левую нагу, імітуючы крокі жураўля. У цэнтры круга ходзіць хлопец — «журавель». Калі пары кружацца, ён імкнецца выхапіць якую-н. дзяўчыну з рук кавалера. Калі дзяўчаты закрычаць: «Хапай, журавель!» — ён павінен схапіць за руку дзяўчыну і станцаваць з ёй адзін круг. «Жураўлём» у крузе застаецца хлопец без пары. У танцах і гульнях пра жураўля выяўляюцца стараж. вераванні ў культ птушак (жывёльны татэмізм).

Ю.​М.​Чурко.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. irradio ззяю, выпраменьваю) у фізіялогіі, распаўсюджванне ўзбуджэння ці тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Асновай І. з’яўляецца вызначаная марфал. і функцыян. структура розных аддзелаў галаўнога мозга, таму пашыраецца па вызначаных шляхах і ў часавай паслядоўнасці. І. ўзбуджэння асабліва праяўляецца пры моцным раздражненні, калі ў рэфлекторны адказ уцягваюцца і інш. нерв. цэнтры. Напр., на ўмеранае раздражненне токам ступні жывёла адказвае згінаннем лапы ў галёнкаступнёвым суставе, павелічэнне сілы току прыводзіць да згінання нагі ў каленным і тазасцегнавым суставах. Пры ўзнікненні моцнага ачага ўзбуджэння і змены ўласцівасцей нерв. тканкі, І. ўзбуджэння можа стаць паталагічнай, напр., пры эпілепсіі. Тармажэнне таксама распаўсюджваецца ў клетках кары галаўнога мозга.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАТЫ́РКІН (Якаў Міхайлавіч) (14.11. 1910, в. Заніна Ярцаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 2.11.1995),

савецкі фізікахімік, адзін з заснавальнікаў сучаснага электрахім. кірунку вучэння аб карозіі металаў. Акад. АН СССР (1970, чл.-кар. 1966; Рас. АН з 1991). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1937). З 1937 у Дзярж. навук. цэнтры Рас. Федэрацыі «Н.-д. фіз.-хім. ін-т імя Л.​Я.​Карпава» (у 1948—51, 1957—87 дырэктар). Даследаваў электрахім. кінетыку каразійных працэсаў. Развіў адсарбцыйную тэорыю пасіўнасці металаў, электрахім. тэорыю пітынгавай карозіі, тэорыю салявога інгібіравання і хім. пасіўнасці. Распрацаваў метад аноднай аховы металаў ад карозіі.

Літ.:

Я.​М.​Колотыркин. М., 1987.

Я.М.Калатыркін.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКІЯ НАФТАГАЗАНО́СНЫЯ БАСЕ́ЙНЫ У ЗША, у штаце Каліфорнія і на прылеглай акваторыі Ціхага ак. Агульная пл. 235 тыс. км², у т. л. на акваторыі 80 тыс. км². Нафтавыя радовішчы адкрыты ў 1861, у 1901—10 першае месца па здабычы нафты ў ЗША. Прымеркаваны да адкладаў міяцэну і пліяцэну. Больш за 350 нафтавых і 130 газавых радовішчаў з агульнымі пачатковымі запасамі нафты 3,4 млрд. т і 1000 млрд. м³ газу; гал. нафтавыя — Мідуэй-Сансет, Уілмінгтан, Элк-Хілс, Лонг-Біч, Керн-Рывер і інш., газавае — Кетлмен-Хілс. Асн. цэнтры здабычы нафты ў раёне гарадоў Лос-Анджэлес і Вентуры, газу — у раёне г. Сакрамента.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)