САВЁНАК Лявон (Леанід Вікенцьевіч; 26.6.1897, в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 21.2.1974),

бел. пісьменнік і журналіст. Бацька З.​Кіпель. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў. У 1921—29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Друкаваўся з 1927 пад псеўд. Леанід Свэн, Л.​Крывічанін. Аўтар зб. фельетонаў «Чароўная іголка» (1929). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір, пазней — у Комі АССР. Пасля адбыцця высылкі вярнуўся на Беларусь, настаўнічаў. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў у «Беларускай газэце» (апубл. «Дзённік Чужанінава»). З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына», «Беларус», час. «Сакавік» і інш. выданнях. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Беларусізацыя пад № ... Нью-Ёрк, 1998.

Літ.:

Успамінае Антон Шукелойць // Спадчына. 1997. № 5.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЦЁПЛЫ ВЕ́ЦЕР»

(«Föhn»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў абапал чыгункі Лунінец—Баранавічы (Лунінецкі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі, Клецкі р-ны) 2—23.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася баявымі групамі Бінца (23, 57, 271-ы паліцэйскія батальёны, батальён «Рускай нацыянальнай народнай арміі», батальён СС Дырлевангера), Грыпа (2-і паліцэйскі полк), Нікеля (13-ы паліцэйскі полк) пад камандаваннем обергрупенфюрэра СС Готберга. Гал. мэты — знішчыць партыз. фарміраванні, што вырваліся з блакады ў час аперацыі «Русалка», — гітлераўцам дасягнуць не ўдалося. За час аперацыі карнікі загубілі больш за 540 сав. грамадзян, захапілі 1226 чал. для вывазу на -катаржныя работы ў Германію, разрабавалі і спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Пясчанікі (загубілі 38 чал.) Лунінецкага, Залужжа (60 чал.), Свяціца (106 чал.) Ляхавіцкага р-наў; забралі ў насельніцтва 2890 галоў жывёлы, больш за 7 т ільновалакна, 5 т ільнасемя, 563 т збожжа. На кароткі час гітлераўцам удалося аднавіць рух па чыг. Лунінец—Баранавічы і Пінск—Мікашэвічы.

У.​С.​Пасэ.

т. 17, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБО́ЎСКІ Стафан (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),

военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.

Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.

У сярэдзіне снеж. 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.​Радзівіла і В.​Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.​Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла армія кн. А.​Н.​Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач. кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЧЫ́ННЫ ФРОНТ,

форма аб’яднання масавых грамадка-паліт. арг-цый для вырашэння праблем нацый на пэўных этапах іх гіст. развіцця. Дзейнічалі ў Балгарыі (1942—89), Венгрыі (1944—89) і В’етнаме (з 1955). У Айчынны фронт уваходзілі грамадзяне, паліт. партыі, рухі. У час 2-й сусв. вайны меў антыфаш. накіраванасць. У пасляваен. час дамінуючую ролю ў Айчынным фронце набылі камуніст. партыі, прыкрываючы такім чынам сваю манаполію на ўладу.

Айчынны фронт Балгарыі пасля рэарганізацыі (1948) аб’ядноўваў Балг. Кампартыю Балг. земляробчы нар. саюз, Дзімітраўскі камуніст. саюз моладзі, прафсаюзы; выдаваў газ. «Отечествен фронт». У Венгрыі айчынны фронт дзейнічаў пад кіраўніцтвам Венг. сацыяліст. рабочай партыі пад назвамі: Венг. фронт (з мая 1944), Венг. нац. фронт незалежнасці (са снеж. 1944), Венг. нар. фронт незалежнасці (з лют. 1949) і Айчынны нар. фронт (з 1954); выдаваў газ. «Maguar Nemzet» («Венгерская нацыя»), «Szabad Föld» («Свабодная зямля»), Айчынны фронт В’етнама ў 1977 аб’яднаў Нац. фронт вызвалення Паўд. В’етнама (дзейнічаў з 1960), Саюз нац. дэмакр. і міралюбівых сіл Паўд. В’етнама (з 1968), асн. мэтай якіх было аб’яднанне краіны, а таксама камуніст., дэмакр., сацыяліст. партыі, прафсаюзы, жаночыя і маладзёжныя арг-цыі.

А.​А.​Чалядзінскі.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІПЕЛА́ГСКІЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ РУ́СКАГА ФЛО́ТУ,

тры паходы рас. Балт. флоту ў Міжземнае мора і яго баявыя дзеянні ў раёне Грэчаскага архіпелага ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. 1-я экспедыцыя (1769—74) праведзена ў час рус.-тур. вайны 1768—74 для нанясення ўдару па прыморскіх пунктах і адцягнення часткі тур. сіл з дунайскага і крымскага напрамкаў. 2 рас. эскадры на чале з адм. Р.​А.​Спірыдавым і контр-адм. Эльфінстонам прыбылі ў Эгейскае м., у баях у Хіяскім праліве (24.6.1770) і Чэсменскай бухце (26.6.1770) разграмілі тур. флот адм. Хасан-бея і блакіравалі праліў Дарданелы (да 1773). 2-я экспедыцыя (1806—07) адбылася ў час рус.-тур. вайны 1806—12. Рас. эскадра і грэч. флатылія пад агульным камандаваннем віцэ-адм. Дз.​М.​Сянявіна блакіравалі Дарданелы і ў бітвах каля іх, в-ва Лемнас і Афонскага п-ва (1807) разграмілі тур. флот. У ходзе 3-й экспедыцыі (1827) аб’яднаныя брыт., рас. і франц. эскадры пад агульным камандаваннем брытанскага віцэ-адм. Кодрынгтана перамаглі тур.-егіп. флот у Наварынскай бухце (8.10.1827). Экспедыцыі паскорылі заканчэнне рус.-тур. войнаў, садзейнічалі нац.-вызв. барацьбе грэч. народа супраць тур. панавання.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВІ́ЗЫ ГРОДЗЕ́НЬСКЕ»

(«Awizy grodzieńskie», «Гродзенскія весці»),

першы інфармацыйны бюлетэнь на Беларусі. Пачаў выдавацца ў 1678 у час пасяджэнняў у Гродне сеймаў Рэчы Паспалітай. Выходзіў на польск. мове. У Ягелонскай б-цы ў Кракаве захаваўся 1 нумар «А.г.» за 13.12.1698 (фармат 13,5×20 см, 1 аркуш, друк двухбаковы). У ім паведамляецца пра падзеі феад. вайны 1697—1702 у ВКЛ; пра тое, што кароль адправіў з Брэста ў Гродна свайго ўпаўнаважанага, які 21.11.1698 склікаў сенатараў на раду, дзе яны абмеркавалі пазіцыю магнацкага роду Сапегаў, што проціпаставілі сябе інш. шляхце ВКЛ, а кароль праз сваіх пасланцоў і ўплывовых асоб жадаў загладзіць гэту справу. Паведамляецца таксама, што ў час паспалітага рушэння шляхты віцебскі кашталян М.​Коцел стаў з войскам пад мяст. Жалудок, а харунжы ВКЛ Р.​А.​Агінскі — пад в. Стаклішкі; супраць яго былі гатовы выступіць некалькі харугваў з Троцкага ваяв.; што 21.11.1698 арганізавана ген. кола войска ВКЛ, з якога пасланы дэлегаты да караля, каб засведчыць сваё вернападданства. Паведамляецца, што ням. войска (саксонскія атрады караля) падышло да Гродна і затрымаецца там на зіму. Таксама выкладзены інш. падзеі. Невядома, да якога года выдаваўся, колькі нумароў «А.г.» выйшла ў свет.

Я.​В.​Скрабоцкі.

«Авізы Гродзеньске».

т. 18, кн. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стра́ціць, стра́чу, стра́ціш, стра́ціць; стра́чаны; зак.

1. каго-што. Застацца без каго-, чаго-н.; панесці страты.

С. сябра.

С. працу.

У вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга.

2. што. Без карысці, марна патраціць што-н. (пра час, грошы і пад.).

С. цэлы месяц.

С. многа грошай без патрэбы.

3. што. Не захаваць, не зберагчы што-н.

С. сілы і здароўе.

4. што. Часткова або поўнасцю пазбавіцца якіх-н. уласцівасцей, якасцей, сувязей і пад.

С. надзею.

С. давер.

С. сувязь з аднакласнікамі.

5. што. Збіцца з дарогі, згубіць след.

С. сцежку.

◊

Страціць ласку ў каго — перастаць быць у пашане, павазе.

Страціць прытомнасць — абамлець, самлець.

Страціць розум — здурнець.

|| незак. стра́чваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стрэ́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж.

1. Тонкая і вузкая пласцінка, якая паварочваецца на восі і паказвае час, напрамак і пад. ў розных вымяральных прыборах.

С. барометра.

Секундная с.

2. Знак у выглядзе рысы, ад канца якой пад вострым вуглом адходзяць кароткія рыскі.

С. напрамку руху.

3. Вузкі і доўгі намыўны выступ сушы; пясчаная каса.

С. прычала.

4. Прыстасаванне на рэйкавых пуцях для пераводу рухомага саставу з аднаго пуці на другі.

На чыгуначнай станцыі дзейнічаюць аўтаматычныя стрэлкі.

5. Бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе.

Стрэлкі нарцысаў.

|| памянш. стрэ́лачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. стрэ́лачны, -ая, -ае (да 1 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кру́ча, ‑ы, ж.

Крутое месца, круты бераг, спуск. Бальніца стаіць на высокім беразе, над самай кручай, і Дняпро — вось ён, унізе. Шамякін. Крохкі, высушаны сонцам глей увесь час асыпаўся з-пад ног, калі яны спускаліся з кручы. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)