АЛЬМАНДЗІ́Н,

мінерал групы гранатаў Fe3Al2(SiO4)3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, суцэльныя масы. Колер фіялетава-чырвоны, густа-чырвоны да карычнявата-чорнага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3,8—4,3 г/см³. Тыповы мінерал рэгіянальна метамарфізаваных гліністых горных парод, а таксама ў гранулітах і зонах кантактавага метамарфізму. Пашыраны абломкавы мінерал. Радовішчы — элювіяльныя, алювіяльныя і прыбярэжна-марскія россыпы з разбураных гранатзмяшчальных крышт. сланцаў (Шры-Ланка, Індыя, Бразілія, ЗША, Расія). Абразіўны матэрыял. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні.

Альмандзін.

т. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЭ́КАРСКАЯ ВАГА́,

сістэма мер (адзінак) масы для ўзважвання лекаў. Асн. адзінка — аптэкарскі фунт, які падзяляўся на 12 унцый, унцыя — на 8 драхмаў, драхма — на 3 скрупулы, скрупул на 20 гранаў. У 19 і пач. 20 ст. на Беларусі карысталіся аптэкарскай вагой: 1 рус. аптэкарскі фунт = 358,323 г, 1 унцыя = 29,860 г, 1 драхма = 3,732 г, 1 скрупул = 1,244 г, 1 гран = 62,209 г. У англ. сістэме мер гэтыя адзінкі маюць інш. значэнні.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯНАСТРУ́ЖКАВЫЯ ПЛІ́ТЫ,

ліставы буд. матэрыял, выраблены гарачым прасаваннем сумесі здробненай драўнянай масы (стружкі) з сінт. смоламі. Сыравіна — адходы дрэваапр. і с.-г. (кастрыца) вытв-сці, недзелавая драўніна, чарот. Бываюць адна- і шматслаёвыя, плоскага і экструзійнага прасавання. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны і аддзелачны матэрыял у буд-ве, вытв-сці мэблі і інш. У Беларусі выпускаюцца з 1960-х г. (у т. л. апрацаваныя сінт. плёнкамі), даследуюцца ў Бел. тэхнал. ун-це і на прамысл. прадпрыемствах.

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎТО́К,

пажыўныя рэчывы, якія назапашваюцца ў яйцаклетках жывёл і чалавека ў выглядзе гранул (радзей суцэльнай масы) і служаць для жыўлення зародка на працягу яго развіцця. Мае ў сабе бялкі, тлушчы, вугляводы, рыбануклеінавую кіслату, мінер. рэчывы; асн. яго масу складаюць ліпа- і глікапратэіды. Наяўнасць Ж. ў яйцаклетках абумоўлівае іх значна большыя памеры ў параўнанні са сперматазоідамі. Сінтэз Ж. бывае энда- або экзагенным у залежнасці ад таго, дзе ён ажыццяўляецца: у яйцаклетцы або па-за ёй.

т. 6, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЛІНЕ́ЙНЫ ІНТЭГРА́Л,

інтэграл, узяты ўздоўж крывой на плоскасці ці ў прасторы. Адрозніваюць К.і. 1-га і 2-га роду, якія зводзяцца да вызначаных інтэгралаў, у некаторых выпадках да двайных (гл. Грына формулы) ці паверхневых інтэгралаў (гл. Стокса формула). Упершыню сустракаюцца ў А.К.Клеро (1743) у агульным выглядзе ўведзены А.Кашы (1825). К.і. ўзнікаюць у задачах адшукання масы крывой пераменнай шчыльнасці (К.і. 1-га роду), работы ў сілавым полі (К.і. 2-га роду) і інш.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛЬГА́Р (франц. re’algar ад араб. рахдж аль гхар — літар. пыл рудніка),

мінерал класа сульфідаў, сульфід мыш’яку, AS4S4. Мае 70,1% мыш’яку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя масы, налёты, коркі, зярністыя агрэгаты, рэдка прызматычныя крышталі. Колер ярка-чырвоны, аранжава-жоўты. Бляск шкляны, смалісты. Празрысты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,6 г/см³. Крохкі. Паходжанне гідратэрмальнае; таксама прадукт вулканічнай сублімацыі і выдзялення з тэрмальных крыніц. Радовішча ў ЗША, Чылі, Кыргызстане, Расіі, Італіі і інш. Руда мыш’яку.

Рэальгар.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕРМАЦЭ́Т (ад сперма + kētos вялікая марская жывёла),

воскападобнае рэчыва, якое выдзяляюць з вадкай тлушчападобнай масы поласцей галавы (т.зв. спермацэтавых мяшкоў) кашалотаў. Раней яго лічылі спермай (адсюль назва). Складаецца з сумесі складаных эфіраў тлустых к-т, пераважна цэтылавага эфіру пальміцінавай к-ты. С. — белыя пласціністыя крышталі, якія добра раствараюцца ў эфіры, ацэтоне, гарачым спірце; tпл = 53—54 °C, добра сплаўляецца з вазелінам, ланалінам, какававым алеем, свіным тлушчам. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. асновы мазей, пастаў. касметычных крэмаў.

т. 15, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЧКА́РНЯ,

сельскагаспадарчая машына для рэзкі саломы на корм, а таксама для здрабнення зялёнай масы раслін на сілас. Бываюць з конным і ручным прыводам (уласна С.), а таксама маторныя — з прыводам ад эл. рухавіка або трактара (саломасіласарэзкі, здрабняльнікі кармоў). Ручныя і конныя С. былі пашыраны ў індывід. і калектыўных гаспадарках да сярэдзіны 20 ст.

Сячкарня барабанная: 1 — кола ручнога прывода; 2 — камера барабана з рэжучымі нажамі; 3 — рэдуктар; 4 — сілкавальны валец; 5 — прыёмны латак.

т. 15, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕПЛАТА́ ВЫПАРЭ́ННЯ, цеплата параўтварэння,

колькасць цеплаты, якую неабходна перадаць рэчыву ў раўнаважным ізабарна-ізатэрмічным працэсе (пры пастаянных ціску і т-ры) для поўнага ператварэння яго з вадкага стану ў газападобны; адзін з відаў цеплаты фазавага пераходу. Такая ж колькасць цеплаты вылучаецца пры кандэнсацыі пары ў вадкасць. Адрозніваюць удзельную і мольную (малярную) Ц.в., аднесеныя адпаведна да адзінкі масы і адзінкі колькасці рэчыва (1 моль); адзінкі Ц.в. ў СІ — джоўль на кілаграм і джоўль на моль адпаведна.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕПЛАТА́ ПЛАЎЛЕ́ННЯ,

колькасць цеплаты, якую неабходна перадаць рэчыву ў раўнаважным ізабарна-ізатэрмічным працэсе (пры пастаянных ціску і т-ры) для поўнага ператварэння яго з цвёрдага крышт. стану ў вадкі; адзін з відаў цеплаты фазавага пераходу. Такая ж колькасць цеплаты вылучаецца пры крышталізацыі рэчыва з вадкай фазы. Адрозніваюць удзельную і мольную (малярную) Ц.п., аднесеныя адпаведна да адзінкі масы і адзінкі колькасці рэчыва (1 моль); адзінкі Ц.п. ў СІ — адпаведна джоўль на кілаграм і джоўль на моль.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)