ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,

верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.​Баршчэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Багдановіча, Я.​Купалы і інш.

Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.​Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)

У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.​Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯДА́ (Андрэй Андрэевіч) (н. 3.6.1940, в. Панямонь Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. ліг.-знавец, тэатразнавец, педагог. Канд. пед. н. (1975). Праф. (1993). Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1962). Працаваў у т-ры імя Я.​Купалы, выкладаў у Мінскім пед. і Бел. тэатр.-маст. ін-тах. З 1989 прарэктар Бел. АМ. Даследуе праблемы майстэрства вуснай мовы, методыку навучання выразнаму чытанню; аўтар вучэбных і метадычных дапаможнікаў для студэнтаў і настаўнікаў (кнігі «Мастацкае чытанне ў школе», 1992; «Сцэнічная мова», 1993, у сааўт.).

Тв.:

Выразнае чытанне. 2 выд. Мн., 1976;

Дыкцыя і арфаэпія: Метад. дапаможнік. Мн., 1988;

Слоўнік акцёра і рэжысёра. Мн., 1995.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАСЮ́К (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1954, г. Брэст),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979). З 1983 заг. муз. часткі Брэсцкага абл. т-ра драмы і музыкі. Працуе пераважна ў галіне тэатр. музыкі. Сярод твораў: опера для дзяцей «Анчутка» (1993); сімфонія «Белая Русь» (1983); Канцэрт для фп. з арк. (1985); вак.-інстр.эстр. кампазіцыі «XX век» на словы Г.​Бураўкіна (1987) і «Споведзь» на словы М.​Пракаповіча і А.​Каско (1987); камерна-інстр. музыка, песні; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1981), «Вечар» А.​Дударава (1986), «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка (1987), «Машэка» М.​Арахоўскага (1989), «Памінальная малітва» Р.​Горына (1991).

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІЛІ́НСКАС ((Kubilinskas) Костас) (1.7.1923, в. Руда Вілкавішкскага р-на, Літва — 9.3.1962),

літоўскі паэт. Пісаў пераважна для дзяцей. Аўтар кніг вершаў, казак, п’ес-казак: зб-кі «Парад літар» (1951), «З вярбовай дудачкай», «Казачны домік» (абодва 1957), «Было, было, спрэчак няма» (1958), «Каралева-Жаба» (1962), «Гліняны Матэюкас» і «Ветрагон» (абодва 1963) і інш. Яго творы адметныя глыбокім веданнем псіхалогіі дзіцяці, трапным выкарыстаннем фальклору, пачуццём гумару. У зб-ках паэзіі «Раўніны спяваюць» (выд. 1964), «Смутак па вяршынях» (выд. 1970) пераважаюць элегічныя настроі. Пераклаў на літ. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Вітка, Х.​Жычка, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія Літвы 1959.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦКІ (Сымон Фаміч) (28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.​Астапенкі, А.​Александровіча, С.​Баранавых, Т.​Кляшторнага, Я.​Купалы, М.​Лынькова, Б.​Мікуліча, А.​Салагуба, Я.​Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.​Хадыкі, В.​Маракова і інш.

Літ.:

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НЬКА (Міхаіл Паўлавіч) (н. 8.2.1947, в. Верацеі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1983). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. З 1976 у Ін-це л-ры імя Я.​Купалы АН Беларусі, з 1983 нам. гал. рэдактара выд-ва «Юнацтва», з 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную бел. прозу і паэзію, тэорыю і практыку маст. перакладу (кн. «Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка», 1983), творчасць бел. пісьменнікаў. Пераклаў з польскай кн. «Крыжакі» Г.​Сянкевіча, апавяданні С.​Градзенскай, з чэшскай — кн. «Клапзубава каманда» Э.​Баса, апавяданні І.​Кліма і інш.

Тв.:

Міхась Лынькоў Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБА́Н (Сцяпан Ігнатавіч) (8.1.1902, в. Дзехнаўка Мінскага р-на — 14.1.1974),

бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1960), праф. (1961). Скончыў БДУ (1931). З 1934 працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1937 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1938. Даследаваў філас., літ.-эстэт. погляды В.​Бялінскага і Дз. Пісарава. Вывучаў светапогляд і праблематыку творчасці Я.​Купалы. Аўтар нарысаў па гісторыі бел. літ. крытыкі і эстэт. думкі, у якіх не пазбег вульгарна-сацыялагічных ацэнак.

Тв.:

Очерки истории белорусской эстетической мысли и литературной критики. Мн., 1971;

Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20—30-х гг. Мн., 1971.

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗУН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 1.5.1934, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 22.2.1995),

бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі с.-г. тэхнікум (1956), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1957—61). Працаваў у НДІ глебазнаўства, літ. музеях Я.​Купалы ў Вязынцы (заг. у 1971—78), Я.​Коласа (у 1978 і з 1982), у 1978—82 дырэктар «Кнігарні пісьменніка». Друкаваўся з 1958. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар зб-каў апавяданняў пра таямнічы свет прыроды «Жывы куток» (1962), «Тры сонцы» (1971), дакумент. аповесцей пра дзяцей-партызан «Віця Сітніца» (1964), «Навальнічная паласа» (1979), аповесцей «Зоркі на танках» (1982), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Валянцін Акімавіч) (14.6.1902, пас. Шырачанка Ейскага гарсавета Краснадарскага краю, Расія — 15.1.1963),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 акцёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ, з 1933 у т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных, драм. роляў. Найб. значныя: Аркадзь, Колас, Сіманенка («Платон Крэчат», «Фронт», «Макар Дубрава» А.​Карнейчука), Лешч («Апошнія» М.​Горкага), Скіба, Шуфт («Партызаны», «З народам» К.​Крапівы), Лук’ян Рабічка («Пагібель ваўка» Э.​Самуйлёнка), Гамер («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Траўбэ («Цытадэль славы» К.​Губарэвіча), Джонсан, Калібераў, Глуздакоў («На досвітку», «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Капулеці («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Вішнеўскі («Даходнае месца» А.​Астроўскага).

Б.​І.​Бур’ян.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́Н (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 11.5.1951, в. Пятрэвічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Багатырова). З 1979 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У творчасці адчувальныя класічныя традыцыі, апора на муз. фальклор. Сярод твораў: сімфонія (1976), кантата «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1977), эскіз «Горкі вырай» для чытальніка і аркестра на словы М.​Мятліцкага (1993), Фантазія на бел. тэмы для аркестра нар. інструментаў, Сюіта для ансамбля нар. інструментаў, Элегія для кантрабаса, струнных і ўдарных інструментаў; Канцэртная п’еса для актэта драўляных духавых; п’есы для баяна; цыкл хароў «Родныя вобразы» на вершы Я.​Коласа і Я.​Купалы (1983), песні.

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)