СЕЎР (Sêvres),

горад у Францыі, паўд.-зах. прыгарад Парыжа. Каля 25 тыс. ж. (2001). Вытв-сць маст. вырабаў з фарфору (з 1756), т.зв. сеўрскі фарфор, Нац. музей керамікі. Міжнар. бюро мер і вагі. Месца заключэння Сеўрскага мірнага дагавора 1920.

т. 14, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАЧЭ́ННЕ,

працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.

Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.

Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ, валокны натуральныя,

тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.

Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.

М.​Р.​Пракаачук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.

Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.

Да арт. Гранульная металургія. Схема ўстаноўкі для атрымання гранул цэнтрабежным распыленнем вадкага металу: 1 — гранулы; 2 — камера распылення; 3 — вакуумныя затворы; 4 — вакуумная індукцыйная печ; 5 — аргон; 6 — кампрэсар; 7 — фільтр; 8 — кантэйнер для гранул.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, якая вырабляе лек. сродкі, мед. інструменты, прыборы, апараты, абсталяванне і інш. мед. вырабы для лекава-прафілакт. устаноў і патрэб насельніцтва. Уключае хіміка-фармацэўтычную прамысловасць, медыцынскай тэхнікі прамысловасць і вытв-сць мед. вырабаў са шкла, фарфору і пластмас (аб’ядноўвае прадпрыемствы па вырабе аптэчнага посуду, штучных зубоў, зубаўрачэбных і пратэзных матэрыялаў). Найб. развіта М.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі.

На Беларусі ў 1998 на долю М.п. прыпадала 0,6 % валавой прадукцыі яе прам-сці, 0,5 % — прамысл.-вытв. персаналу і рабочых і 0,4 % — кошту асн. сродкаў; працавала 66 прадпрыемстваў і вытворчасцей, звязаных з М.п. У вытв-сці мед. вырабаў са шкла, фарфору і пластмас было задзейнічана 11 прадпрыемстваў, найб. шклозавод «Нёман», дзе гэтая вытв-сць існуе як дапаможная.

П.​І.​Рогач.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЗА́ННЕ,

від тэкстыльнага пляцення з суцэльнай ніткі, выгнутай у петлі, якія злучаюцца паміж сабой у падоўжным і папярочным напрамках, утвараючы эластычнае палатно — трыкатаж, вытворчасць трыкат. вырабаў; від народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Адрозніваюць вязанне ручное і машыннае. Прамежкавае месца займае вязанне з дапамогай ручных вязальных апаратаў рознай ступені складанасці.

Існуюць 2 асн. спосабы вязання: правязванне пятлі з адначасовым яе закрываннем (вязанне кручком) і правязванне рада незакрытых петляў з наступным іх закрываннем (вязанне пруткамі або з дапамогай прыстасаванняў у выглядзе ліштваў з калкамі). На Беларусі вязанне кручком і пруткамі вядомае з 18 ст., да 20 ст. цалкам выцесніла захаванае яшчэ ад бронзавага веку іголкавае пляценне. Камбінацыі розных прыёмаў вязання даюць магчымасць ствараць багатыя структурна-каляровыя эфекты трыкат. вырабаў. Найб. прыдатныя для вязання ніткі льняныя, баваўняныя, ваўняныя, з хім. валокнаў і змешаныя. Тонкім метал. кручком вяжуць карункі, карункавыя прошвы і падзоры для ручнікоў і бялізны, сурвэткі, абрусы, пакрывалы, адзенне і дэталі да яго; тоўстым драўляным кручком — палавікі і дыванкі. Пруткамі (метал., пластмасавыя) вяжуць сукенкі, блузкі, шарсцяныя жакеты, джэмперы, хусткі, шапкі, пальчаткі, панчохі і інш. вырабы.

Машыннае вязанне на трыкатажных машынах бывае 2 тыпаў: папярочнавязальнае (кулірнае) і асновавязальнае. Выкарыстоўваюць у вытв-сці адзення, бялізны, галантарэйных і швейных вырабаў (гл. Трыкатажная прамысловасць).

А.​У.​Лось.

Тыпы машыннага вязання: 1 — папярочнае (кулірнае); 2 — асновавязальнае.

т. 4, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́РНАЯ, ФУ́ТРАВАЯ І АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, спецыялізаваная на выпуску натуральных і штучных скур, скураных тавараў, спілаку, футра і вырабаў з яго, пашыве абутку. У 1995 на Беларусі дзейнічала 140 прадпрыемстваў галіны. Гл. Гарбарная прамысловасць, Футравая прамысловасць і Абутковая прамысловасць.

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХУ́Л, Кагул (Cahul),

горад, раённы цэнтр у Малдове, каля р. Прут. Засн. ў 1835 пад наз. Кагул. 44,3 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Вінаробныя, кансервавыя, масларобныя і інш. з-ды; вытв-сць жалезабетонных вырабаў. Гісторыка-краязнаўчы музей, карцінная галерэя. Тэатр.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГІ́НСК,

горад у Маскоўскай вобл. Расіі на р. Клязьма (прыток Акі). Вядомы з 16 ст., да 1930 наз. Багародск. 118,3 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы: панчошна-шкарпэтачнае, паліўнай апаратуры, гумаватэхн. вырабаў; вытв-сць буд. матэрыялаў. Тэатр. Краязнаўчы музей. Драм. тэатр.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСКАСТРУМЕ́ННАЯ АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка паверхняў адлівак, метал. загатовак, дэталей і інш. вырабаў перад афарбоўкай, а таксама ачыстка фасадаў будынкаў, збудаванняў струменем сціснутага паветра з завіслымі ў ім часцінкамі пяску. Робіцца спец. пескаструменнымі апаратамі. У ліцейнай вытв-сці заменена шротамётнай або шротаструменнай ачысткай.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)