ІМПАТЭ́НЦЫЯ (ад лац. impotentia слабасць, бяссілле),
палавая слабасць, парушэнне палавой функцыі ў мужчын, што выяўляецца поўнай ці частковай няздольнасцю да палавога акта. Найчасцей (больш за 80%) гэта парушэнне эрэкцыі. Прычыны І.: функцыян. і арган. парушэнні ц. н. с., хваробы палавых органаў, эндакрынная, уралагічная паталогія, мех. перашкоды.
І., абумоўленая хваробамі ц. н. с., падзяляецца на картыкальную і спінальную. Прыкартыкальнай І. нерв. сістэма тармозіць палавую функцыю (страх няўдачы, хваробы вен і інш.) або кара галаўнога мозга ўзбуджае палавыя цэнтры (міжвольнае вывяржэнне семя пры нармальнай эрэкцыі). Спінальная І. звязана з пашкоджаннем спіннамазгавых цэнтраў эрэкцыі і эякуляцыі. Эндакрынная І. бывае пры парушэнні гарманальнай функцыі яечак у выніку арган. ці спадчынных хвароб ганад, гіпофіза, гіпаталамуса. І. з прычыны мех. перашкод абумоўлена заганамі развіцця і хваробамі палавога члена, вял. пахвіннымі і машоначнымі грыжамі. І. адрозніваюць ад бясплоднасці мужчын. Лячэнне комплекснае: псіхатэрапія, тэрапеўт., хірургічнае. І. вывучае андралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫэкалагічныя,
рэчывы, арганізмы, якія вызначаюць ступень забруджвання знешняга асяроддзя антрапагеннымі таксікантамі. Здольныя адлюстроўваць уздзеянне і захоўваць яго з мінім. зменамі да моманту індыкацыі. Напр., снег — інфарматыўны І. тэхнагеннага ўздзеяння на геасістэмы праз атмасферу, торф — прасторавы і часавы І. забруджвання (тарфяныя балоты назапашваюць інфармацыю аб забруджванні навакольнага асяроддзя за працяглы перыяд) і інш. У геабатаніцы І. выкарыстоўваюць пры вывучэнні экалагічных асноў і практычных спосабаў выкарыстання фітацэнозаў і іх кампанентаў у якасці паказчыкаў умоў асяроддзя. Напр., знікненне лішайнікаў са ствалоў дрэў сведчыць аб павелічэнні колькасці сярністага газу ў паветры. Экалагічная дыягностыка таксама праводзіцца з дапамогай біяіндыкатараў. Некат. віды раслін і жывёл даюць магчымасць выявіць характэрныя асаблівасці навакольнага асяроддзя, напр., прысутнасць карысных выкапняў, забяспечанасць тэр. мікраэлементамі, вільгаццю, пажыўнымі рэчывамі і інш. Найлепшымі І. з’яўляюцца больш буйныя, мнагалетнія з вузкай талерантнасцю і інш. якасцямі арганізмы. Некат. віды жывёл індуцыруюць фауну (напр., вял. колькасць стракоз сведчыць аб багатай фауне вадаёма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́С ((Jooss) Курт) (12.1.1901, г.Васеральфінген, Германія — 29.5.1979),
нямецкі артыст балета, балетмайстар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў экспрэсіянізму ў танцы. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Штутгарце (1919—21). З 1921 з Р. фон Лабанам працаваў у т-рах Мангейма і Гамбурга, балетмайстрам дзярж.т-ра ў Мюнстэры. Арганізатар (1927) і кіраўнік (1949—68) аддзялення танца «Фолькванг-шуле», адначасова балетмайстар трупы «Фолькванг-балет» у Эсене. У 1933 са сваёй трупай «Бале Іос» эмігрыраваў у Англію, адкрыў там уласную школу. Як балетмайстар-наватар стварыў танц. драму новага тыпу, сінтэзаваў танец мадэрн з тэхнікай класічнага танца і драм. пантамімы. Сярод лепшых пастановак: «Зялёны стол» на муз. Ф.Коэна (1932, 1-я прэмія на міжнар. конкурсе харэографаў у Парыжы), «Блудны сын» Коэна (1933), «Кампанія на заезным двары» на муз. Л.Бетховена—Кука (1943), «Пандора» Герхарда (1974). Творчасць І. зрабіла вял. ўплыў на развіццё харэаграфічнага мастацтва многіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,
сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс.м на У і 5 тыс.м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс.м — плантацыі цытрусавых, чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ ПЕРАМО́ГІў Мінску,
помнік у гонар перамогі сав. народа над фаш. Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Сав. Арміі і партызан, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Устаноўлены ў 1954 на Перамогі плошчы (арх. Г.Заборскі, У.Кароль) Мае форму абеліска (выш. каля 40 м), абліцаванага шэрым гранітам і завершанага выявай ордэна Перамогі; яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад бел. арнамент. На 4 гранях пастамента размешчаны бронз. гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульпт. А.Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульпт. С.Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульпт. З.Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульпт. А.Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліска ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (скульпт. С.Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат з 4 бакоў фланкіраваны вянкамі (скульпт. С.Адашкевіч). У 1961 каля падножжа манумента запалены Вечны агонь. У 1984 пляцоўка перад манументам атрымала новае маст.-арх. афармленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,
першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс.чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс.чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч.фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т.Т. 1. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫРЦЫ́,
вадаплаўныя птушкі сям. качыных атр. гусепадобных. 2 роды (Aythya i Netta), 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў: Н. белавокі (A. nuroca, нар. назва чарнушка), Н. чырвонагаловы, або блакітная чэрнець (A. ferina; нар. назвы: жылец, сівак, сіваплечая чэрнь, сівая чэрнь), Н. чырвананосы (N. rufina), чэрнець марская (A. marila; нар. назва плясоўка) і чэрнець чубатая (A. fuligula; нар. назвы: хахлач, хахлаты нырок). Н. чырвананосы і чэрнець марская — рэдкія пралётныя віды. Астатнія віды гняздуюцца, жывуць на вадаёмах у зарасніках трыснягу, асакі.
Самы вял. Н. чырвананосы (даўж. да 60 см, маса да 1,5 кг). Дзюба доўгая, пляскатая. Усе Н. на заднім пальцы маюць шырокую скурыстую перапонку. Здабываюць корм (раслінны і жывёльны), ныраючы на глыб. да 4 м (адсюль назва). Аб’екты палявання. Гл. таксама Чэрнеці.
Нырцы: 1 — нырок чырвананосы; 2 — чэрнець чубатая (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙО́РКСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (New York Philharmonic Orchestra),
амерыканскі сімфанічны аркестр. Засн. ў Нью-Йорку ў 1842 (у 1921 у яго склад увайшоў Нью-Йоркскі сімф. аркестр, у 1928 — аркестр В.Дамраша). У станаўленні і фарміраванні выканальніцкага стылю калектыву вял. ролю адыграла дзейнасць яго кіраўнікоў: Г.Малера (1909—11), А.Тасканіні (1927—36), Дз.Мітропуласа (1950—58), Л.Бернстайна (1958—69), П.Булеза (1971—75), З.Меты (1978—91), К.Мазура (з 1991). Аркестрам дырыжыравалі таксама Б.Вальтэр, Э.Клейбер, О.Клемперэр, Т.Бічэм, Л.Стакоўскі, Ш.Мюнш, пры выкананні ўласных твораў — П.Чайкоўскі, А.Рубінштэйн, А.Дворжак, Р.Штраус, К.Сен-Санс, А.Анегер, І.Стравінскі, М.Равель, Дж.Энеску, Э.Віла-Лобас і інш. З ім выступалі буйнейшыя інструменталісты і вакалісты свету, у т. л. піяністы І.Падарэўскі, С.Рахманінаў, С.Пракоф’еў, У.Горавіц, скрыпачы Я.Хейфец, Д.Ойстрах, І.Сігеці, І.Менухін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮФА́ЎНДЛЕНД, вадалаз,
парода службовых сабак. Апісаны ў канцы 15 ст. на аднайм. востраве і ўзбярэжжы п-ва Лабрадор (Канада). Сфарміраваны ў Зах. Еўропе (завезены ў 18 ст.); на Беларусі гадуюць з 1949.
Выш. ў карку 62—75 см, маса 50—68 кг (самцы буйнейшыя). Касцяк і мускулатура магутныя Тулава шырокае. Галава вял., круглявая, з кароткай мысай і вісячымі вушамі. Хвост прамы або шаблепадобна выгнуты. Шэрсць доўгая (акрамя мысы і вушэй), прамая ці злёгку хвалістая, з вельмі густым падшэрсткам, не намакае ў вадзе. Масць чорная, цёмна-бурая ці карычневая, часам з белымі плямамі; у разнавіднасці Н. ландсір (крыху вышэйшыя) — белая з чорнымі ці бурымі галавой, «сядлом» на спіне, крыжам і верхняй ч. хваста. Добра плаваюць і ныраюць. Ураўнаважаныя, пільныя, адважныя; лёгка дрэсіруюцца. Н. ўласцівы моцныя цяга да вады і выратавальны інстынкт. Выкарыстоўваюцца для ратавання на водах, вартаўнічай службы, выцягвання рыбалоўных сетак.