ПІШЧА́ЛАВА,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Пачаліца. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад горада і 4 км ад чыг. ст. Орша, 80 км ад Віцебска. 341 ж., 112 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік на месцы, дзе 14.7.1941 быў дадзены першы залп рэактыўных мінамётаў «Кацюша».

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІШЧЫКЕ́ВІЧ (Барыс Тарасавіч) (5.8.1899, в. Сасноўка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ін-т чырв. прафесуры (1936), курсы палітработнікаў пры Ваен.-паліт. акадэміі (1941). Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр. фронце. Удзельнік вызвалення Беларусі, баёў у Германіі. Агітатар палітаддзела дывізіі маёр П. вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл. Пасля вайны да 1957 на прафс. рабоце.

Б.Т.Пішчыкевіч.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЕ́ШЦІ (Ploieşti),

горад на Пд Румыніі, на р. Прахава. Адм. ц. жудзеца Прахава. Засн. ў 1596. Каля 300 тыс. ж. (2000). Важны трансп. вузел (7 чыгунак, аўтадарогі, нафта- і газаправоды). Цэнтр асн. нафтаздабыўнога раёна краіны. Ў наваколлі П. здабыча нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, каменнай солі. Прам-сць: нафтаперапр., маш.-буд. (нафтавае і хім. абсталяванне, падшыпнікі, трансп. сродкі), харч. (мясная, малочная, мукамольная, вінна-гарэлачная, хлебапякарная), хім., тэкст., шкляная, фаянсавая, гарбарная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. Буйная ЦЭС.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ЖАНО́ЧАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў г. Віцебск. Пабудаваны ў 1902 (арх. А.​Паўлоўскі, П.​Вінаградаў). Мураваны 3-павярховы Е-падобны ў плане будынак. Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам з балконам. Сцены аздоблены рустам, ліштвамі і завершаны прафіляваным карнізам. Планіроўка галерэйная. Цяпер у будынку размешчаны Віцебскі аблвыканком.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

В.​М.​Чарнатаў.

Полацкага епархіяльнага жаночага вучылішча будынак.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-ОФ-СПЕЙН (Port of Spain),

горад, сталіца дзяржавы Трынідад і Табага. Знаходзіцца на ПнЗ в-ва Трынідад. Засн. іспанцамі ў 18 ст. на месцы індзейскага паселішча. 43,4 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 300 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: металаапр., тэкст., харч., цэм., буд. матэрыялаў, суднабудаўнічая. Асобныя ф-ты Вест-Індскага ун-та. Нац. музей і маст. галерэя. Парк Саванна. Турызм.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТУ-АЛЕ́ГРЫ (Porto Alegre),

горад на Пд Бразіліі. Адм. ц. штата Рыу-Гранды-ду-Сул. Засн. ў 1742. Каля 1,5 млн. ж., у агламерацыі больш за 3 млн. ж. (2000). Порт на беразе возера-лагуны Патус Атлантычнага ак., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр Пд краіны. Прам-сць: харч. (у т. л. мясахладабойная, масларобчая, мукамольная), тэкст., нафтаперапр., хім., маш.-буд., гарбарна-абутковая, тытунёвая, дрэваапр., чорная металургія. Ун-ты. Музей мастацтва штата.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́К,

вёска ў Казлоўскім с/с Светлагорскага р-на Гомельскай вобл., каля р. Бярэзіна, на аўтадарозе Рэчыца—Бабруйск. Цэнтр калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 137 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 308 ж., 146 двароў (2000). Міжгасп. прадпрыемства «Прудок». Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі селішча (2-я пал. 1-га тыс. да н.э. — пач. 2-га тыс. н.э.).

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС ТРАСТ ОФ І́НДЫЯ (ПТІ; Press Trust of India),

найбуйнейшае інфармацыйнае агенцтва Індыі, акц. т-ва ўладальнікаў інд. газет. Засн. ў 1949 у Бамбеі. Забяспечвае ўнутр. і міжнар. інфармацыяй органы друку, а таксама цэнтр. ўрад, кіраўніцтва штатаў, гандл. фірмы, банкі і інш. ўстановы. Распаўсюджвае ў Індыі міжнар. інфармацыю агенцтваў Рэйтэр і Франс Прэс. Мае шырокую сетку ўласных карэспандэнтаў у Маскве, Лондане, Нью-Йорку, Парыжы і інш. Чл. Арг-цыі азіяцкіх інфарм. агенцтваў.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Павел Якаўлевіч) (31.5.1924, в. Кулікі Слуцкага р-на Мінскай вобл. —23.1.2000),

бел. вучоны ў галіне геабатанікі. Канд. с.-г. н. (1964). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1952). З 1962 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі, у 1969—84 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (вучоны сакратар). Навук. працы па лясной геабатаніцы і інтрадукцыі раслін. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Растительный покров Белоруссии (с картой М 1:1000000). Мн., 1969 (у сааўт.).

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЦА,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Карэлічы—Наваельня. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Карэлічы, 214 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Наваельня. 320 ж., 119 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнікі М.​Ф.​Гастэлу і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: жылы і сядзібны дамы (19 ст.). Спаса-Праабражэнская царква.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)