рэфрэ́н, ‑а, м.
1. Радок або некалькі радкоў, якія паўтараюцца ў канцы кожнага куплета верша ці песні; прыпеў. Пасля таго як спявачка асабліва прачулена праспявала рэфрэнам «Мой харошы, сінявокі, ты адзіны...» — Сагура нечакана ўзняўся на ногі, разгублена замігаў вачыма і стаяў так, узрушаны. Ракітны.
2. У музычнай форме ронда — галоўная тэма, якая шматкратна паўтараецца ў чаргаванні з рознымі эпізодамі.
[Фр. refrain.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сашмаргну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Шмаргнуўшы, сарваць што‑н. або абарваць з паверхні. Варажыла тут дзяўчынка На калоссях аржаных, Сашмаргнуўшы з іх шчацінку. Колас. Шмаргануў Косцік па ботах шчоткаю раз, другі раз. Гразь прыклеілася да скуры моцна, так проста не сашмаргнеш. Арабей.
2. Шмаргануўшы, злучыць, сцягнуць што‑н. Сашмаргнуў [Лявон] матузкамі капшук. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
све́тласць 1, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан светлага. Светласць валасоў. □ У краі пагоркаў пясчаных Сэрцам радня не счарсцвелы, Трымае яна ў пашане Светласць бярозы белай. Жычка.
све́тласць 2, ‑і, ж.
У дарэвалюцыйнай Расіі — тытулаванне некаторых уладарных асоб і князёў (ужывалася з займеннікамі ваша, яго, яе, іх). [Палкоўнік:] — Бачыш, ніякая маскіроўка не памагла, Язэп Францавіч... Так, здаецца, велічаюць вашу светласць? Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свяшчэ́ннік, ‑а, м.
Духоўнае званне ў праваслаўнай царкве, прамежкавае паміж епіскапам і дзякам. // Асоба, якая носіць гэта званне; служыцель рэлігійнага культу, які праводзіць богаслужэнне. Дзед пісьменніка быў, як вядома, уніяцкі свяшчэннік, а бацька перасяліўся ў Маскву, дзе працаваў урачом і дзе нарадзіўся Ф.М. Дастаеўскі. В. Вольскі. Прыбытак з царквы бралі сабе свяшчэннікі, а мы перабіваліся так-гэтак. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скарпіён, ‑а, м.
Ядавітая жывёліна класа павукападобных, якая пашырана ў трапічных і субтрапічных паясах. У .. лясах водзіцца шмат змей і яшчарак. Часта сустракаюцца павукападобныя — фалангі і скарпіёны. Гавеман. [Хлопец] ускочыў з такім спрытам, нібы яго джыгануў скарпіён. Лынькоў. // перан. Разм. Пра злоснага, яхіднага чалавека. Ходзяць такія барадатыя скарпіёны ды глядзяць, каго б так уджаліць, каб балела доўга. Асіпенка.
[Грэч. skorpios.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.
1. У картачнай гульні — аб’явіць пас.
2. Адступіць перад цяжкасцямі; адмовіцца ад намаганняў зрабіць што‑н. Так я быццам і хлопец смелы, нічога не баяўся, а тут спасаваў. Сачанка. Якім не спасаваў, не напужаўся, а стаў адкрыта крытыкаваць Рыгора Карачонка за п’янства, за паблажлівасць да гультаёў, за дрэнныя парадкі ў брыгадзе. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
статуэ́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Невялікая скульптурная фігурка, якая звычайна служыць упрыгожаннем. З шафы [Вера] падаставала ўсялякія рэчы, якія ўпрыгожвалі калісьці гэтую ўтульную кватэру: сурвэткі, вазы, статуэткі. Мікуліч. На рэспубліканскай мастацкай выстаўцы наведвальнікі падоўгу спыняліся ля невялікай статуэткі «За мір». «Маладосць». Прыйшлі два малайцы. Прынеслі выдатна выразаную з чорнага дрэва статуэтку маладой негрыцянкі — сімвал маці. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схваста́ць, схвашчу, схвошчаш, схвошча; зак.
Разм.
1. што. Сасцёбаць, хвошчучы чым‑н. Схвастаць лісце з куста.
2. каго. Збіць, хвошчучы чым‑н. [Брат] абапёрся аб стол, так і прастаяў. Аказваецца, белапалякі схвасталі розгамі, што не можа сесці. Баранавых. Тоня .. схвастаў ламачынаю свайго каня. Чорны.
3. што. Хвошчучы, знішчыць, сапсаваць што‑н. [Янка:] — Чуць твой пруток не схвастаў. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэцэ́сія, ‑і, ж.
1. У Старажытным Рыме — дэманстрацыйны выхад плебеяў за рысу горада, што з’яўлялася своеасаблівай формай іх барацьбы з патрыцыямі. // Раскол у якой‑н. арганізацыі.
2. Назва антыпартыйнай нацыяналістычнай групоўкі, якая ўтварылася ў снежні 1924 года ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Тады Гурын арганізоўвае раскол партыі (так званую сэцэсію) і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.
[Лац. secessio — пакідаць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Рабіць сутаргавыя рухі; пацепвацца, перасмыквацца. [Міша:] — А я люблю рыбачыць. Так пільна глядзіш, глядзіш, як торгаецца паплавок. Зловіш маленькую рыбку, а радасці!.. Пальчэўскі. У Загурскага ўвесь час нервова торгалася шчака, але гаварыў ён спакойна, нават з нейкай асуджанасцю ў голасе. Асіпенка. Сомік, чакаючы, наглядаў .. за тварам [Пошты], на якім пад светлымі вусамі торгаліся губы. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)