прыродны працэс абагачэння горных парод марганцам, жалезам, у меншай ступені тытанам, фосфарам, магніем і кальцыем пры збядненні крэменязёмам, натрыем і каліем. Выражаецца ва ўтварэнні фронту базіфікацыі — зон, аблямовак, гнёздаў горных парод, якія маюць больш асноўны састаў, чым зыходныя. Абумоўлены гранітызацыяй у зонах ультраметамарфізму: найбольш рухомыя элементы горных парод выносяцца ў растворах і адкладаюцца ў выглядзе біятытавых, амфіболавых, піраксенавых і інш. монамінеральных парод, зрэдку разам з поліметалічнымі і жал. рудамі. Прадукты базіфікацыі пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙТ (англ. byte) у вылічальнай тэхніцы, 1) частка машыннага слова, што складаецца са стандартнай колькасці (звычайна 8) двайковых разрадаў (бітаў) і апрацоўваецца як адно цэлае.
2) Запамінальнае прыстасаванне для захоўвання такой колькасці інфармацыі.
3) Адзінка колькасці інфармацыі пры яе перадачы, захоўванні і апрацоўцы на ЭВМ (у т. л. як частка больш буйной лагічна непадзельнай адзінкі інфармацыі, напрыклад выяўлення ліку з плавальнай коскай). Байт служыць для вызначэння літар або інш. сімвалаў, якія цалкам займаюць байт, або дзесятковых лічбаў (па 2 лічбы на 1 байт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́БІНСКАЯ НІЗІ́НА, Барабінскі стэп, Бараба,
на ПдЗах. Сібіры, пераважна ў Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. Пл. каля 117 тыс.км². На Пд пераходзіць у Кулундзінскую раўніну. Паверхня — хвалістая раўніна (выш. да 150 м) з паралельнымі высокімі грывамі (асабліва на Пд). На грывах лугавыя стэпы, разнатраўныя лугі і бярозавыя гаі (калкі) на чарназёмах, саланцах і шэрых лясных глебах; у паніжэннях паміж імі — больш за 2000 прэсных і салёных азёраў (найб. Чаны, Тандава, Сартлан), сфагнавыя балоты, саланчаковыя лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛЬКА (Леанід Сцяпанавіч) (н. 1.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1982). Скончыў Віцебскае культ.-асв. вучылішча (1979). З 1964 кіраўнік нар. ансамбля танца «Лявоніха» Віцебскага гар. цэнтра культуры. За час працы з калектывам падрыхтаваў больш як 20 праграм. Сярод пастановак: «Вянок беларускіх танцаў», бел.фалькл. танцы «Кругавая кадрыля», «Таўкуша», «Навалюдная «Лявоніха», харэагр. кампазіцыі «Скрыпяць мае лапці», «Касіў Ясь канюшыну», «У імя жыцця», «Алімпійскі факел», «Сонца Радзімы», «Час — наперад!», «Памяць», «Хатынь» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСТРО́Н»,
савецкая аўтаматычная касмічная станцыя для астрафізічных даследаванняў галактычных і пазагалактычных крыніц касм. выпрамянення. Выведзены на арбіту 23.3.1983. Створаны на базе міжпланетнай аўтам. станцыі «Венера», частка навук. апаратуры — сумесна са спецыялістамі Францыі. Арбіта «Астрона» (выш. ў перыгеі 2 тыс.км, у апагеі 200 тыс.км; нахіленне 51,5°; перыяд абарачэння 98 гадз) дае магчымасць больш за 90% часу весці вымярэнні па-за ценем Зямлі і радыяцыйных паясоў. Вывучаліся нестацыянарныя з’явы ў зорках, анамаліі іх хім. саставу, уласцівасці ультрафіялетавага выпрамянення галактык, квазараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШУРБАНІПА́Л, Ашурбанапал,
цар Асірыі ў 669 — каля 633 да нашай эры. Сын Асархадона. Пры ім імперыя дасягнула найб. магутнасці, але страціла Егіпет (655). Перамог свайго брата Шамашумукіна (з 652 паўстаў супраць Ашурбаніпала) і заняў яго рэзідэнцыю Вавілон (648), пакарыў Элам (639) і інш. Увайшоў у гісторыю і як збіральнік стараж. пісьмовых помнікаў; яго б-ка мела больш за 20 тыс. клінапісных гліняных таблічак (знойдзена ў 1849—54 на месцы апошняй асірыйскай сталіцы Ніневіі).
Ашурбаніпал у святочным адзенні з кап'ём. Алебастравы рэльеф з Ніневіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШЧУ́ПНІКІ (Pselaphidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы жоўты бязвочка (Claviger testaceus), які жыве ў гнёздах жоўтых мурашак.
Даўж. 0,8—6 мм. Звычайна бурай або рыжай, радзей чорнай афарбоўкі. Надкрылы вельмі ўкарочаныя, 5—8 нерухомых членікаў брушка голыя. Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, камянямі, у пнях, пячорах, многія ў мурашніках. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Выдзяленні асобных залоз прывабліваюць мурашак, якія кормяць ашчупнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ І АРАНДА́ТАРАЎ,
добраахвотнае незалежнае грамадскае аб’яднанне грамадзян Беларусі і інш. краін, прац. калектываў прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў розных формаў уласнасці. Створаны ў 1990. Аб’ядноўвае больш за 2 тыс. арг-цый і ўстаноў. Гал. мэты: усталяванне арэндных адносін, развіццё прадпрымальніцтва, раздзяржаўленне і прыватызацыя, абарона інтарэсаў чл. саюза. Для аказання паслуг сваім членам і выканання інш.функцыян. задач створана сетка малых прадпрыемстваў: юрыд. служба, навук.-аўдытарская і навук.-вытв. камерцыйная фірмы, бізнес-цэнтр, кадравы цэнтр з Акадэміяй прадпрымальніцтва і сацыяноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯРЭДУЦЭ́НТЫ (ад бія... + рэ... + лац. duco вяду),
біядэструктары, арганізмы, што кормяцца мёртвым арган. рэчывам і раскладаюць яго на больш простыя неарган. злучэнні (напр., двухвокіс вугляроду, вада, аміяк і інш.), якія потым выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі; заключнае звяно ў трафічным ланцугу. Да біярэдуцэнтаў належаць пераважна мікраарганізмы (бактэрыі, сапрафітныя грыбы), сапрафагі, некрафагі і інш. і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві), у працэсе жыццядзейнасці якіх адбываецца мінералізацыя арган. рэчываў, — кансументы. Біярэдуцэнты ажыццяўляюць замкнутасць біялагічнага кругавароту рэчываў, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваюцца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРАВАДАРО́ДЫ, бараны, гідрыды бору,
злучэнні бору з вадародам, маюць ад 2 да 20 атамаў бору. Бясколерныя, з рэзкім непрыемным пахам. Боравадароды з 2 і 4 атамамі бору — газы, з 5—9 — вадкасці, з 10 і больш — крышт. рэчывы.
Раствараюцца ў арган. растваральніках. Хімічна актыўныя: на паветры акісляюцца, могуць самазагарацца, з вадой утвараюць борную кіслату, схільныя ўтвараць комплексныя злучэнні. Атрымліваюць піролізам дыбарану. Перспектыўныя для атрымання звышчыстага бору, тэрмаўстойлівых палімераў, проціпухлінных прэпаратаў, легіравання розных матэрыялаў. Таксічныя, дзейнічаюць на дыхальныя шляхі, ц. н. с., ныркі, печань.