ВЕ́ЕРНІЦЫ (Orneodidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах, найб. у тропіках. Вусені кормяцца ўнутры маладых парасткаў дрэвавых і травяністых раслін. У цэнтр. ч. Беларусі трапляецца веерніца шасціпальцая (Orneodes hexadactyla).

Начныя матылі, крылы ў размаху 12—36 мм, веерападобныя (адсюль назва), кожнае расшчэплена на 6 вузкіх лопасцяў. Хабаток добра развіты. Акукліванне ў кокане на глебе або ў месцах жыўлення. Вусені некаторых відаў развіваюцца на бружмелі, скабіёзе і пашкоджваюць маладыя парасткі.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗІН,

горад на ПнЗ Балгарыі, на правым беразе р. Дунай. Засн. стараж. рымлянамі ў пач. н. э. 80 тыс. ж. (1993). Рачны порт, чыг. паромная пераправа, якая звязвае балгарскія і румынскія (г. Калафат) чыгункі. Цэнтр с.-г. раёна, асабліва развіта вінаградарства. З-ды сінт. валокнаў, шын; харч. (тытунёвая, мукамольная, алейная, плодакансервавая, вінаробства) і швейная прам-сць. Вытв-сць фарфоравых вырабаў, цыгарэт. Турызм. Музеі. Арх. помнікі: цэрквы св. Панцеляймона (1633), св. Петкі (17 ст.).

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ РАБО́ЧИЙ»,

грамадска-паліт. газета, орган Цэнтр. савета прафес. саюзаў Віцебска. Выдавалася штодзённа з 17(30).1 да 24.1(6.2).1918 у Віцебску на рус. мове. Працягвала паліт. лінію газет «Известия Витебского Совета рабочих и солдатских депутатов» і «Борьба» («Наша борьба»), закрытых органамі сав. улады за антыбальшавіцкі кірунак. Асуджала разгон устаноўчага сходу ў Петраградзе і рэпрэсіі бальшавікоў у адносінах да апазіцыйных ім арг-цый. Асвятляла стан і перспектывы паліт. жыцця Віцебска.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ЮГА́Н,

рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, левы прыток Обі. Даўж. 1063 км, пл. бас. 34,7 тыс. км². Пачынаецца ў балотах Васюгання, цячэ па цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, упадае ў Юганскую пратоку. Асн. прыток — Малы Юган (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з кастр.—ліст. да канца крас. — пачатку мая. Сярэдні расход вады 230 м³/с. У бас. Вялікага Югана больш як 7,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 457 км ад вусця.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЕ, Хале (Halle),

горад на У Германіі, у зямлі Саксонія-Ангальт, на р. Заале. 295,4 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Буйны прамысл. і культ. цэнтр. Вытв-сць пасажырскіх вагонаў, абсталявання для хім. і харч. прам-сці, паравых катлоў; прыладабудаванне, эл.-тэхн., хім., паліграф., швейная, гарбарна-абутковая, харч. (у т. л. цукровая) прам-сць. Ун-т. Акадэмія прыродазнаўчых навук. Дом-музей кампазітара Г.Ф.Гендэля. Арх. помнікі 15—19 ст. Праводзяцца муз. фестывалі.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІКО́ВАЕ ДРЭ́ВА (Syzygium aromaticum),

вечназялёнае дрэва сям. міртавых. Пашырана на Малукскіх а-вах, культывуецца ў многіх трапічных краінах. На Беларусі вырошчваюць ў аранжарэі Цэнтр. бат. сада АН.

Дрэва сярэдняй выш., са скурыстым супраціўным лісцем. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя, сабраныя ў кустападобныя суквецці. Плод ягадападобны, аднанасенны. Усе часткі расліны маюць у сабе гваздзіковы алей, які выкарыстоўваюць у парфумерыі, медыцыне, мікраскапічнай тэхніцы, таксама з’яўляецца крыніцай для атрымання ваніліну. Высушаныя бутоны гваздзіковага дрэва (гваздзіка) выкарыстоўваюць як прыправу.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫН (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 7.9.1938, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне трактарабудавання і механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1990). Скончыў БПІ (1961). У 1964—84 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, з 1988 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па абгрунтаванні цягаваэнергет. параметраў мабільных энергет. сродкаў для с.-г. вытворчасці.

Тв.:

Перспективные мобильные энергетические средства (МЭС) для сельскохозяйственного производства. Мн., 1982 (у сааўт.).

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРО́ДНА»,

гасцініца ў Гродне. Пабудавана ў 1985 (арх. Ю.​Патапаў, У.​Папоў, У.​Еўдакімаў, Ю.​Раманаў). Разлічана на 500 месцаў. Сілуэт ступеньчатага 16-павярховага будынка актыўна ўспрымаецца з розных пунктаў горада. Жылы корпус складанай канфігурацыі і злучаны з ім будынак кінатэатра «Кастрычнік» утвараюць адзіны комплекс, кампазіцыя якога засн. на кантрасце вышыннай жылой часткі і гарызантальнай пластыкі вынесенага 2-павярховага аб’ёму і будынка кінатэатра. Жылыя нумары размешчаны вакол цэнтр. восі будынка — лесвічна-ліфтавага ядра.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РНІЯ (Gurnia),

старажытны горад позняга бронзавага веку на ўсх. беразе в-ва Крыт (Грэцыя); адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Паселішча ўзнікла ў 3-м тыс. да н.э. Каля 1600 да н.э. мінойцы пабудавалі тут палац, вакол якога з 1550 да н.э. ўтвараецца горад. Жытлы гараджан размяшчаліся ўздоўж 3 вуліц, якія акружалі палац і невял. пляцоўку для грамадскіх сходаў. У 15 ст. да н.э. Гурнія — буйны цэнтр. металургіі. Разбураны каля 1400 да н.э.

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)