нале́гчы, -ля́гу, -ля́жаш, -ля́жа; налёг, -лягла́ і -ле́гла, -лягло́ і -ле́гла; наля́ж; зак.

1. на каго-што. Наваліцца на каго-, што-н., націснуць сваім цяжарам.

Н. плячом на дзверы.

2. перан., на што. З сілай пачаць дзейнічаць якой-н. прыладай.

Н. на вёслы.

3. перан., на што. Пачаць энергічна рабіць што-н., займацца чым-н. (разм.).

Н. на вучобу.

Н. на работу.

|| незак. наляга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

раке́та, -ы, ДМ -ке́це, мн. -ы, -ке́т, ж.

1. Лятальны апарат з рэактыўным рухавіком.

Касмічная р.

2. Баявы снарад, які прыводзіцца ў дзеянне рэактыўнай сілай.

3. Напоўнены піратэхнічнай сумессю снарад, які пасля выстралу ярка свеціцца ў паветры і выкарыстоўваецца для феерверкаў і светлавых сігналаў.

Сігнальная р.

4. Быстраходнае рачное пасажырскае судна на падводных крылах.

Плысці на ракеце.

|| прым. раке́тны, -ая, -ае.

Дзень ракетных войск і артылерыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прыжа́хаць (прыжа́хыць, пріжа́хыць) ’хутка прыбегчы’ (Бяльк.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад жа́хыць ’хутка бегаць’ (Бяльк.). Параўн. з блізкай семантыкай укр. дыял. жахну́ти ’кінуцца’, жє́кнути ’імкліва кінуцца на каго-небудзь’ (Жэлях.). Разам з жа́хнуць ’гучна ўдарыць, бахнуць; з сілай кінуць, паваліць’, рус. жа́хнуть ’ударыць, выцяць’, укр. жа́хнути ’тс’ з’яўляюцца, відаць, экспрэсіўнымі ўтварэннямі (так і ЕСУМ, 2, 189, але без уліку беларускіх адпаведнікаў). Гл. жах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАГРЫ́М (Паўлюк) (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),

бел. паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.​Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.​Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.

Літ.:

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Паўлюк Багрым. Мн., 1994.

П.Багрым. Скульптар З.​Азгур.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВЕ́Ц (Тарас Дзмітрыевіч) (мянушка Бульба; 9.3.1908, с. Быстрычы Бярэзнаўскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 15.5.1981),

дзеяч украінскага нац. руху. З 1933 адзін са стваральнікаў і кіраўнік падп. арг-цыі «Украінскае нацыянальнае адраджэнне», мэтай якой была барацьба за адраджэнне Укр. нар. рэспублікі (УНР). З пач. Вял. Айч. вайны ператварыў арг-цыю ў Палескую сеч Украінскай паўстанцкай арміі (ПС УЛА), што дзейнічала на тэр. Укр. і Бел. Палесся. Летам 1941 разам з бел. групамі вёў барацьбу за «вызваленне Палесся ад бальшавікоў». Імкнуўся аб’яднаць усе ўкр. антыкамуніст. арг-цыі ў адзіную армію з мэтай адраджэння УНР як адзінай дэмакр. шматпарт. дзяржавы. Летам 1943 ПС УПА сілай падпарадкавана Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Неаднойчы быў арыштаваны польскімі і ням. ўладамі. Пасля вайны жыў у ФРГ, Канадзе.

У.​І.​Гуленка.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАБЛО́ЦКІ (Браніслаў) (1861, в. Астрашын, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 14.4.1888),

рэвалюцыянер, сацыёлаг, літаратурны крытык, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на юрыд. ф-це Пецярбургскага ун-та, адначасова ў Пецярбургскай АМ. Удзельнічаў у рабоце гурткоў «Народнай волі». З 1882 у Варшаве, супрацоўнічаў з дзеячамі партыі «Пралетарыят», вёў рэв. прапаганду. Друкаваўся ў газ. «Przegląd Tygodniowy» («Штотыднёвы агляд») і час. «Ateneum» («Атэнэум»), У літ.-крытычных творах падкрэсліваў грамадзянскі характар л-ры, патрабаваў рэаліст. адлюстравання жыцця працоўных. У сацыялагічных даследаваннях крытыкаваў т.зв. арганічную тэорыю грамадства Г.​Спенсера, лічыў, што рухальнай сілай развіцця грамадства з’яўляюцца сац. супярэчнасці. Адзін з перакладчыкаў «Капіталу» К.​Маркса на польскую мову.

Тв.:

Szkice literackie / Oprac. L. Krzywicki. Warszawa, 1932;

Szkice społeczme i literackie / Oprac. S.Sandler. Warszawa, 1954.

Б.Белаблоцкі.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕР ((Adler) Альфрэд) (7.2.1870, Вена — 28.5.1937),

аўстрыйскі ўрач-псіхіятр, заснавальнік сістэмы індывідуальнай псіхалогіі. З 1930-х г. жыў пераважна ў ЗША. У аснове яго вучэння прынцып унутр. адзінства псіхічнага жыцця асобы, адсутнасці трывалай мяжы і антаганізмаў паміж свядомасцю і бессвядомым. У тлумачэнні паводзін асобы апіраўся на разуменне канчатковай мэты, да якой імкнецца чалавек, падпарадкоўваючы ёй свае псіхічныя праявы. Паводле Адлера асн. рухаючай сілай развіцця асобы з’яўляецца імкненне да паўнаты і асабістай перавагі, якое рэалізуецца праз механізм кампенсацыі першаснага пачуцця непаўнацэннасці. Зрабіў уклад у распрацоўку праблем псіхапаталогіі, тэорыі сноў, вывучэння сац. фактараў уздзеяння на чалавечую псіхіку. Асн. працы: «Аб непаўнацэннасці органаў» (1907), «Аб нервовым характары» (1912), «(Тэорыя і практыка індывідуальнай псіхалогіі» (1920), «Чалавеказнаўства» (1928), «Сэнс жыцця» (1933) і інш.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬФ ((Wolff) Крысціян) (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),

нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕ́ТР (ад лац. gravis цяжкі + ...метр),

прылада для вымярэння сілы цяжару і адпаведнага паскарэння свабоднага падзення. Адрозніваюць гравіметры статычныя і дынамічныя, стацыянарныя і перасоўныя. Спосабы вымярэнняў бываюць абсалютныя і адносныя (вымяраецца змяненне паскарэння свабоднага падзення g у дадзеным пункце адносна пэўнага зыходнага пункта; гл. Гравіметрычная здымка). Прылады, устаноўленыя на суднах і самалётах, улічваюць таксама ўплыў сіл інерцыі. Адносная хібнасць вызначэння g да 10​−7 — 10​−9.

Статычныя гравіметры засн. на прынцыпе работы спружынных вагаў: змены g ураўнаважваюцца пругкай сілай (ці пругкім момантам) адчувальнага элемента (выкарыстоўваюцца для адносных вымярэнняў). Да дынамічных гравіметраў адносяць струнныя (выкарыстоўваюць для адносных вымярэнняў па зменах частаты ваганняў нагружанай струны) і балістычныя (выкарыстоўваюць для абсалютных вымярэнняў часу праходжання пры свабодным падзенні пробным целам зададзенай адлегласці).

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФАРМІ́ЗМ (ад позналац. conformis падобны),

пасіўнае прыняцце існуючага парадку, пануючых у грамадстве думак, меркаванняў і інш.; беспрынцыпнае прыстасавальніцтва. К. азначае адсутнасць у асобы ўласнай пазіцыі, некрытычнае перайманне любых узораў, што валодаюць найб. сілай націску (меркаванне большасці, аўтарытэт, традыцыі і інш.). Аб’ектыўна К. як маральна-паліт. з’ява з’яўляецца вынікам паліт. бяспраўя людзей, дысбалансу правоў і абавязкаў дзяржавы і чалавека, бюракратычных органаў кіравання. Ступень К. асобы ў адносінах да групы залежыць ад комплексу аб’ектыўных сац. умоў (становішча індывіда ў групе, узровень агульнай і прававой культуры ў грамадстве і інш.) і суб’ектыўных індывід. асобасных фактараў (узровень інтэлектуальнага, культ. і маральна-этычнага развіцця асобы, устойлівасць самаацэнкі і інш.). Маральна-паліт. К. не трэба атаясамліваць з канформнасцю як псіхал. з’явай.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)