«ПЕ́СНЯ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАЎНЕ́РАЎ 1794 ГО́ДА»,

бел. ананімны вершаваны твор. Напісаны ў адукаваным асяроддзі шляхты з мэтай уздзейнічаць на сялянства. Стылізаваны пад нар. песню. Першы ў бел. л-ры непасрэдны заклік да нар. мас узяць у рукі зброю, далучыцца да нац.-вызв. паўстання 1794 на чале з Т.​Касцюшкам. У «Песні...» выразныя водгукі польск. паўстанцкай паэзіі «касцюшкаўскіх марсельез» і патрыят. «Спеўкі кракаўскіх сялян» (1794). Паводле сваёй эстэт. сістэмы твор належыць да новай бел. л-ры.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРУКО́Ў (Міхалка) (сапр. Лотыш Міхаіл Пятровіч; 1880 ?, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 1947),

бел. пісьменнік. Ваяваў у 1-ю сусв. і грамадз. войны. Працаваў пісарам у Івянцы, Стоўбцах, Валожыне, рабочым у Ракаве, Радашковічах, настаўнічаў у ваколіцах Івянца. З 1910 друкаваўся ў «Нашай ніве». Пісаў апавяданні, карэспандэнцыі, нататкі, у якіх адлюстроўваў жыццё местачкоўцаў, сялян, норавы мясц. улад. Часта звяртаўся да фальклору.

Тв.:

У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 171—173.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСКРЫ́ПТЫ АЛЯКСА́НДРА II 1857 па сялянскім пытанні ў Расійскай імперыі,

прадпісанні імператара Аляксандра II ген.-губернатарам аб утварэнні дваранскіх губ. к-таў па падрыхтоўцы праектаў сялянскай рэформы 1861. Вызначалі арганізац. структуру і гал. прынцыпы дзейнасці гэтых к-таў, якія распрацоўвалі асн. палажэнні адмены прыгоннага права. 2.12.1857 Аляксандр II падпісаў рэскрыпт на імя віленскага ген.-губернатара У.А.Назімава, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. дазвалялася стварыць дваранскія к-ты з выбарных ад памешчыкаў кожнага павета і 2 памешчыкаў, прызначаных мясц. губернатарам, а потым агульную камісію ген.-губернатарства ў Вільні. 17.12.1857 такі ж рэскрыпт накіраваны пецярбургскаму ген.-губернатару графу П.​М.​Ігнацьеву. Гэтыя рэскрыпты — першыя афіц. апублікаваныя акты царскага ўрада пра ўмовы вызвалення сялян. На працягу 1858, паводле аналагічных рэскрыптаў, створаны дваранскія к-ты амаль ва ўсіх губернях Еўрап. Расіі. У адпаведнасці з іх праектамі за памешчыкамі захоўвалася права ўласнасці на ўсю зямлю панскіх маёнткаў, за сялянамі — права карыстання зямельнымі надзеламі, за якія яны па-ранейшаму былі абавязаны адбываць паншчыну або плаціць аброк. Памешчыкі таксама захоўвалі права паліцэйскага нагляду за прыгоннымі ў маёнтках. Пасля ўнясення выкупу за сядзібу (не пазней як праз 12 гадоў) сяляне станавіліся асабіста вольнымі. Абвяшчэнне рэскрыптаў прывяло да масавага абеззямельвання сялян памешчыкамі, узмацнення палярызацыі насельніцтва вёскі напярэдадні ліквідацыі прыгонніцтва.

Літ.:

Захарова Л.Г. Самодержавие и отмена крепостного права в России, 1856—1861. М., 1984.

В.​П.​Панюціч.

т. 14, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абро́к ​1, ‑у, м.

Гіст. Натуральны або грашовы падатак, які спаганяўся памешчыкамі з прыгонных сялян; чынш. Збіраць аброк. □ Пранюхаў князь: мужыкі багацей сталі жыць, Маюць хлеб ды з бярозавым сокам. Загадаў аканомам сваім аблажыць Мужыкоў цяжэйшым аброкам. Танк.

абро́к ​2, ‑у, м.

Корм для коней, звычайна авёс. Мужчыны павыпрагалі коней, далі ім аброку і таксама пайшлі да гурту. Сачанка. Не даўшы аброку, не бі кіем па боку. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падняво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Залежны, падначалены; прыгнечаны. [Маці] вяла.. [Яна] за руку ў царкву і там вучыла кланяцца багам, вучыла быць паднявольным. Пестрак. Там продкі паднявольнай талакой На берагах адбудавалі горад. Хведаровіч.

2. Які адбываецца не па сваёй волі, прымусовы. Дакастрычніцкая творчасць Янкі Купалы — гэта бадай поўны звод паэтычных звестак аб паднявольным жыцці беларускага селяніна. Лужанін. Бярэзінская водная сістэма была створана паднявольнай працай беларускіх прыгонных сялян у 1798–1805 гадах. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссячы, ссекчы.

2. у знач. прым. Высечаны; адсечаны. Землеўласнікі сталі збіраць свой набытак, адбіралі ад сялян кароў, коней, цягалі іх па судах за ссечаны лес. Колас. І сосен гонкіх спеў суладны Сціхаў у ссечаным галлі. Кляўко.

3. у знач. прым. Пасечаны, з выбоінамі. Яе думай, што забыў лучыну І нізкі ссечаны парог. Бураўкін.

4. у знач. прым. Здробнены секачом. Ссечаныя буракі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«АТЭНЭ́УМ»

(«Athenaeum»),

часопіс на польск. мове, які ў 1841—51 выдаваў у Вільні пісьменнік Ю.​Крашэўскі. Асвятляў праблемы гісторыі, культуры, грамадска-паліт. жыцця пераважна зямель ВКЛ — Беларусі, Літвы, а таксама Украіны і Польшчы. Найб. грамадскі рэзананс меў у 1842—48, калі змяшчаў матэрыялы супраць феад. парадкаў, за вызваленне сялян ад прыгону і інш. У часопісе дамінавала гіст. тэматыка: арт. Крашэўскага, Я.​Тышкевіча, У.​Сыракомлі, В.​Краеўскага і інш., гіст. дакументы, а таксама краязнаўчыя, этнагр. і фалькл. матэрыялы, маст. творы пераважна мясц. пісьменнікаў (Крашэўскага, Е.​Фялінскай, Сыракомлі Р.​Падбярэскага, Т.​Лады-Заблоцкага, Плуга і інш.), пераклады іншамоўных твораў.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ СПРА́ВА»,

газета Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася ў Вільні з 9.4 да 31.7.1926 на бел. мове два разы на тыдзень. Замяніла забароненую ўладамі газету «Беларуская ніва». Была разлічана на сялян і рабочых Зах. Беларусі, на актыў БСРГ. Прапагандавала ідэі нац.-вызв. барацьбы, арганізац. формы грамадскага руху, асвятляла развіццё бел. культуры і асветы ў Зах. Беларусі і БССР, расказвала пра эканам. і паліт. становішча ў БССР, міжнар. жыццё. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць ТБШ, творы зах.-бел. пісьменнікаў. Выйшла 29 нумароў, 11 канфіскаваны. Забаронена ўладамі. З чэрв. 1926 БСРГ выдавала газету «Народная справа».

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

газета, неафіцыйны орган т.зв. арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», створанай рэдактарам газеты Я.​Міткевічам. Выдавалася з 22.4 да 2.8.1922 у Гродне на бел. мове. Выходзіла неперыядычна. Арыентавалася на чытачоў-сялян. Праводзіла лінію згодніцтва з уладамі Польшчы, агітавала за супрацоўніцтва з тагачасным паліт. рэжымам. Выступала з нападкамі на «беларускіх дзеячаў», увогуле інтэлігенцыю, якая, на думку рэдакцыі, імкнецца да ўлады, страціла сувязь з вёскай. Выказвалася за адкрыццё бел. прыватных школ, чытальняў, курсаў бел. мовы для дарослых і інш. Інфармавала пра падзеі ў Зах. Беларусі і за мяжой. Існавала за кошт ахвяраванняў. Перастала выходзіць з-за недахопу сродкаў.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОРЗАБАГА́ТЫ (Уладзіслаў Канстанцінавіч) (5.5.1831, маёнтак Рутка, цяпер Навагрудскі р-н — 28.3.1886),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. За ўдзел у Братнім саюзе літоўскай моладзі выключаны з Мінскай гімназіі (1849). Пасля 1855 скончыў мед. ф-т Маскоўскага ун-та, працаваў урачом у Навагрудку. У 1863 паўстанцкі камісар Навагрудскага пав. Аднадумец К.​Каліноўскага, абараняў інтарэсы сялян. Пасля задушэння паўстання хаваўся, завочна прыгавораны да пакарання смерцю. У 1865 эмігрыраваў у Італію. З 1869 у Парыжы, удзельнік Парыжскай камуны. У 1874 вярнуўся на радзіму, сасланы ў Архангельск, потым у Кастрамскую губ. У 1884 вярнуўся на Беларусь.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)