ВУГЛЯВО́ДЫ, гліцыды, цукры,

вялікая група складаных арган. злучэнняў з агульнай формулай Cx(H2O)y, што ўваходзяць у хім. састаў усіх жывых арганізмаў і неабходныя для іх жыццядзейнасці. У сухой масе раслін каля 80% вугляводаў, у сухой масе жывёльных арганізмаў каля 2%. Выступаюць у якасці крыніц энергіі (крухмал, глікаген) у метабалічных працэсах (гл. Акісленне біялагічнае, Браджэнне, Гліколіз), структурных элементаў клетачных сценак раслін (цэлюлоза, геміцэлюлоза), бактэрый (мурамін), грыбоў і вонкавага шкілета членістаногіх (хіцін), уваходзяць у склад біялагічных мембран, жыццёва важных рэчываў (нуклеінавых кіслот, каферментаў, вітамінаў), складаных комплексаў з бялкамі (глікапратэінаў, пратэагліканаў) і ліпідамі (глікаліпідаў); у выглядзе гліказідаў вугляводы ажыццяўляюць транспарт розных прадуктаў абмену рэчываў. Гідрафільныя поліцукрыды садзейнічаюць падтрыманню воднага балансу клетак і г.д. Утвараюцца вугляводы раслінамі ў працэсе фотасінтэзу з вады і вуглякіслага газу, а таксама сінтэзуюцца ў клетках печані чалавека і жывёл у працэсе глюканеагенезу. Паводле саставу вугляводы падзяляюцца на простыя — монацукрыды (глюкоза, фруктоза, галактоза, маноза і інш.), алігацукрыды (найб. вядомыя дыцукрыды — мальтоза, цэлабіёза, лактоза, цукроза) і складаныяполіцукрыды (крухмал, глікаген, дэкстраны, хіцін, цэлюлоза, гепарын і інш.). Вугляводы складаюць адну з асн. частак харчовага рацыёну чалавека і жывёл, шырока выкарыстоўваюцца ў харч. і кандытарскай прам-сці (крухмал, цукроза, пекціны, агар-агар і інш.). Хім. ператварэнні вугляводаў ляжаць у аснове тэхнал. працэсаў браджэння (вытв-сць этылавага спірту, віна, піва, хлебабулачных вырабаў, гліцэрыну, воцату, малочнай, лімоннай, глюконавай к-т і інш. рэчываў), апрацоўцы драўніны, вырабу паперы і тканін з раслінных валокнаў, пластмас, выбуховых рэчываў і інш. Глюкоза, аскарбінавая кіслата, сардэчныя гліказіды, антыбіётыкі з вугляводнай асновай, гепарын шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Гл. таксама Вугляводны абмен.

С.​А.​Вусанаў.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААЭРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + аэрамеханіка),

раздзел механікі, які вывучае законы руху і раўнавагі вадкасцей і газаў, а таксама іх узаемадзеянне паміж сабой і з межавымі паверхнямі цвёрдых цел. Вадкасці і газы разглядаюцца як суцэльнае асяроддзе (без уліку малекулярнай будовы). Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную; уключае гідрамеханіку, аэрамеханіку, газавую дынаміку, пытанні абгрунтавання эксперыментаў і выкарыстання іх вынікаў разглядаюцца ў падобнасці тэорыі і ў мадэліраванні. Вынікі даследаванняў па гідрааэрамеханіцы выкарыстоўваюцца ў ракетна-касм., авіяц. і інш. тэхніцы, пры буд-ве суднаў, турбін, гідратэхн. збудаванняў і інш.

Станаўленне гідрааэрамеханікі як навукі звязана з працамі Л.Эйлера (атрымаў ураўненні руху ідэальнай вадкасці і неразрыўнасці ўраўненне) і Д.Бернулі (устанавіў суадносіны паміж ціскам вадкасці і яе кінетычнай энергіяй; гл. Бернулі ўраўненне). У работах Ж.Лагранжа, А.Кашы, Т.Кірхгофа, Т.Гельмгольца, Дж.Стокса, М.Я.Жукоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш. распрацаваны аналітычныя метады даследаванняў безвіхравых і віхравых цячэнняў ідэальнай вадкасці, руху цел у вадкасцях і газах і інш. Асн. дасягненне гідрааэрамеханікі 19 ст. — пераход да даследаванняў руху рэальнай (вязкай) вадкасці, які падпарадкоўваецца ўраўненням Наўе—Стокса; ням. вучоны Л.​Прандтль распрацаваў тэорыю пагранічнага слоя (1904). Тэарэт. метады гідрааэрамеханікі грунтуюцца на дакладных (ці набліжаных) ураўненнях, што апісваюць цячэнне вадкасці (газу); выкарыстанне ЭВМ дазваляе рашаць складаныя сістэмы ўраўненняў з улікам многіх фактараў.

На Беларусі праблемы гідрааэрамеханікі распрацоўваюць у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 6. Гидродинамика. 4 изд. М., 1988;

Прандтль Л. Гидроаэромеханика: Пер. с нем. М., 1949;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

Б.​А.​Калавандзін, В.​А.​Сасіновіч.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам. гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.

Тв.:

Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.

Літ.:

Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;

Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;

Быкаў В. Праўдай адзінай. Мн., 1984.

І.У. Саламевіч.

В.М.Іпатава.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬДЭРО́Н ДЭ ЛА БА́РКА, Кальдэрон дэ ла Барка Энао дэ ла Барэда-і-Рыяньё (Calderón de la Barca Henao de la Barreda y Riaño) Педра (17.1.1600, Мадрыд — 25.5.1681), іспанскі драматург, буйнейшы прадстаўнік барока. Вучыўся ва ун-тах Алькала дэ Энарэс і Саламанкскім. У 1620-я г. гал. пастаўшчык п’ес для Каралеўскага Мадрыдскага т-ра. У 1651 прыняў духоўны сан. Аўтар 120 свецкіх п’ес, 78 аўта (рэліг.-містычных алегорый), 20 інтэрмедый. У «камедыях плашча і шпагі» праблемы ілюзорнасці і ірацыянальнасці быцця, залежнасці лёсу чалавека ад непадуладных розуму сіл: «З каханнем не жартуюць» (1627?), «Дама-прывід» або «Дама-невідзімка», «Дом з двума выхадамі цяжка ахоўваць» (абедзве 1629), «Сам у сябе пад вартай» (1636) і інш. У «драмах гонару» («Лекар свайго гонару», 1635, «Саламейскі алькальд», 1640—45) выклаў пазасаслоўную канцэпцыю гонару, які раўназначны жыццю, абараняў годнасць простага чалавека. У рэліг.-філас. драмах імкнуўся да раскрыцця глабальных тэм праз абагульненыя сімвалічныя сітуацыі і вобразы, узнімаў складаныя праблемы чалавечага існавання, свабоды выбару і знешняй несвабоды, наканаванасці лёсу і адказнасці чалавека за пройдзены шлях: «Стойкі прынц» (1628—29, выд. 1636), «Пакланенне крыжу» (1630—32, выд. 1636), «Жыццё ёсць сон» (1631—32, выд. 1636). «Чысцілішча святога Патрыка» (1634, выд. 1636). П’есы К. адметныя складанай метафарычнасцю і эмблематычнасцю стылю.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. Кн. 1—2. М., 1961;

Драмы. Кн. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Кальдерон и мировая культура. Л., 1986;

Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989. С. 26—33.

Г.​В.​Сініла.

Кальдэрын дэ ла Барка.

т. 7, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),

1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж. усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).

2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРАВЕ́Ц (Анатоль Паўлавіч) (н. 1.1.1936, в. Аколіца Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Настаўнічаў, працаваў у перыёдыцы, на Бел. радыё. З 1972 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура», з 1974 у апараце ЦК КПБ, у 1978—97 гал. рэдактар час. «Неман».

Друкуецца з 1960. Першы зб. апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968) вызначаецца праўдзівасцю, уменнем убачыць у чалавеку агульназначнае. У аповесці «Раданіца» (1971) ставіць праблему духоўных каштоўнасцей сучасніка, яго жыццёвай пазіцыі, адносін да мінулага і будучага. У кнігах «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1986) адлюстраваў складаныя працэсы ў сучаснай вёсцы. Творчасць К. вылучаецца глыбокім псіхалагізмам, уменнем праз разгортванне падзей перадаць драматызм чалавечых характараў, творы адметныя дакладнасцю апісання жывых рэалій, побыту, прыроды, дзейных асоб. Аўтар кн. падарожных нарысаў «За чужымі далямі» (1981), сцэнарыяў маст. фільмаў «Асеннія яблыкі» (1975), «Раданіца» (1984, з Ф.​Коневым). На бел. мову пераклаў «Падарожжы Гулівера» Дж.​Свіфта, «Сібірскія апавяданні» У.​Іванава, раманы А.​Нурпеісава «Змрок» і «Нягоды», аповесць К.​Сіманава «Дні і ночы», «Аповесці» А.​Тамсаарэ, кн. «Апошні прамень» У.​Караленкі, «На Іртышы» С.​Залыгіна і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987;

Сачыненне на вольную тэму. Мн., 1985;

Смерць нацыяналіста: Аповесці, апавяданні. Мн., 1992;

Познія яблыкі: Аповесці і апавяданні. Мн., 1998.

Літ.:

Брыль Я. Пра здзіўленне і зайздрасць // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Фральцова Н. Каля родных вытокаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 11.

У.​В.​Гніламёдаў.

А.П.Кудравец.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎРЫШАЎСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел рукапісны помнік 1-й пал. 14 ст. Напісана для Лаўрышаўскага манастыра ўставам на пергаменце царк.-слав. мовай. Тэкст размешчаны ў 2 калонкі. Мае 374 нумараваныя старонкі. Змяшчае кананічны тэкст 4 евангельскіх кніг Новага запавету, што ўзыходзіць да стараж.-рус. традыцыі, дастасаваны да царк. службы (т. зв. апракас), а таксама 14 разгорнутых запісаў 14—16 ст. пра ўклады ў манастыр землямі, дваровымі людзьмі, збожжам, грашамі з упамінаннем мясц. прозвішчаў і геагр. пунктаў. Укладныя запісы перамяжоўваюцца ўстаўкамі на старабел. мове і маюць сціслыя каментарыі 16—17 ст. на бел. і польск. мовах. Кніга аздоблена вял. колькасцю па-мастацку выкананых ініцыялаў у тэраталагічным стылі і 19 мініяцюрамі на евангельскія сюжэты, некаторыя — складаныя шматфігурныя кампазіцыі. Пераплёт зроблены з дошак, абцягнутых аксамітам. На пераплёце замацаваны адзін з самых стараж. бел. абкладаў. На верхняй вокладцы 4 навугольнікі з бірузой. Іх краі аздоблены суцэльным карункавым арнаментам. У цэнтры абклада на сярэбранай пласціне выява святога з дзідаю і шчытом. Некат. даследчыкі лічаць, што ў вобразе святога ўвасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Войшалк, на думку інш. даследчыкаў — гэта Дзмітрый Салунскі. Сярэднік на ніжняй вокладцы — пазалочаны крыж-распяцце. Кніга рэстаўрыравана ў 1887. Зберагаецца ў б-цы імя Чартарыйскіх у Кракаве.

Літ.:

Щапов Я.Н. Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики. М., 1976. С. 78—85;

Свентицкий И.С. Лаврашевское Евангелие начала XIV в.: (Палеогр.-граммат. описание) // Изв. отд. Рус. яз. и словесности имп. Академии наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.

А.​М.​Пяткевіч.

Лаўрышаўскае евангелле. Пераплёт з абкладам (16 ст.?).

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗВАНО́ЧНЫЯ, чарапныя (Vertebrata, Craniata),

падтып жывёл тыпу хордавых. Вядомы з ардовіку — ніжняга сілуру (каля 500 млн. г. назад). Продкі П. жылі ў акіяне; уласна П. ўзніклі ў прэсных водах. Першыя наземныя П з’явіліся ў дэвоне (каля 400 млн. г. назад). Усіх П. падзяляюць на бяссківічных і сківічнаротых, анамній і амніётаў, пайкілатэрмных жывёл і гамаятэрмных жывёл. Вылучаюць 7 класаў сучасных П.: кругларотыя, храстковыя рыбы, касцявыя рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя. Каля 50 тыс. відаў (акрамя свойскіх і дэкар. парод). Пашыраны ўсюды ў акіянах і на сушы. На Беларусі больш за 450 відаў.

Цела двухбакова-сіметрычнае. Эвалюцыйна адбылася замена хорды на пазваночнік (адсюль назва). Найбольшае ўскладненне арганізацыі і функцыянавання ўсіх сістэм арганізма адбылося пасля выхаду П. на сушу. Крывяносная сістэма стала замкнутай, сэрца — шматкамерным. Функцыя дыхання ад шчэлепаў перайшла да лёгкіх. Нерв. сістэма (трубчастай будовы) складаецца з галаўнога і спіннога мозга і перыферыйных вузлоў; забяспечвае складаныя паводзіны П. у асяроддзі. Стрававальная сістэма падзелена на некалькі аддзелаў, мае стрававальныя залозы. Характар жыўлення разнастайны, ад расліннаеднага да драпежнага і ўсёеднага. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена тулаўнымі (мезанефрычнымі) ныркамі (у прэснаводных рыб) ці тазавымі (метанефрычнымі) ныркамі (у наземных П.). Ускладненне агульнай арганізацыі П. выклікала ўдасканаленне будовы і функцый органаў пачуццяў. Большасць П. раздзельнаполыя (у рыб трапляецца гермафрадытызм). Анамніі, як правіла, яйцародныя. Жыванараджэнне трапляецца ва ўсіх П., акрамя кругларотых і птушак; у млекакормячых гэта асн. форма размнажэння. П. адыгрываюць вял. ролю ў развіцці біясферы, з’яўляюцца канцавымі звёнамі трафічных ланцугоў у біяцэнозах, актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе. Маюць найб. значэнне для чалавека як крыніца харчавання, сыравіны і інш. Некат. П. — пераносчыкі інфекцый.

Э.​Р.​Самусепка.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ВА,

слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).

Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.

Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.

Н.​М.​Котава.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛА́ МЕДАНО́СНАЯ (Apis mellifera),

насякомае надсям. пчаліных атр. перапончатакрылых. «Грамадскія» насякомыя, жывуць пчалінымі сем’ямі. Пашыраны паўсюдна. Даюць мёд, пчаліны воск, пропаліс, пчаліны яд, пяргу, матачнае малачко.

Цела (даўж. да 15 мм. у маткі да 25 мм) мае хіцінавае покрыва, складаецца з галавы, грудзей і брушка. Мае 2 складаныя і 3 простыя вокі, якія добра адрозніваюць жоўты, сіні, сіне-зялёны, фіялетавы, пурпуровы колеры, ультрафіялетавае выпрамяненне, таксама формы прадметаў. Ніжнія сківіцы і губа пераўтвораны ў хабаток. У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3—6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі. якія выдзяляюць пчаліны яд. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару). сярэдняя кішка і задні аддзел. Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5—9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. З аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.

Пчала меданосная: 1 — простыя вочкі; 2 — вусікі; 3 — складанае вока; 4 — язычок; 5 — першая пара ног; 6 — другая пара ног; 7 — кошычак; 8 — трэцяя пара ног; 9 — шчотачка; 10 — джала; 11 — брушка; 12 — заднія крылы; 13 — пярэднія крылы; 14 — грудзі; 15 — галава.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)