«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»
[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],
серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.
З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬЧЫ́НА (Dolcino; ? — 1.6.1307),
кіраўнік антыфеад. і антыцарк. паўстання ў паўн.-зах. Італіі ў 1304—07. Манах. Вучань і паслядоўнік Г.Сегарэлі, развіваў ідэі секты апастолікаў. У 1304 на чале вял. атрада сваіх узбр. прыхільнікаў (пераважна сялян) з’явіўся ў перадгор’ях П’емонта і авалодаў далінай р. Сезія, дзе меркаваў стварыць вольную сял. абшчыну. Рост шэрагаў паўстанцаў і разгром імі некалькіх карных атрадаў прымусілі рым. папу Клімента V летам 1305 абвясціць супраць іх крыжовы паход. Паступова паўстанцы адцеснены ў горы і блакіраваны сіламі крыжаносцаў. У выніку ген. бітвы 23.3.1307 каля в. Ставела паўстанцы разгромлены, Д. трапіў у палон і быў спалены на кастры.
Літ.:
Сушкевич Л.П. Восстание под руководством Дольчино // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СМАН ((Gassman) Віторыо) (н. 1.9 1922, г. Генуя, Італія),
італьянскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1943). Працаваў у т-рах Рыма, Мілана. У 1948—49 у трупе пад кіраўніцтвам Л.Вісконці. У 1950 стварыў (з Т.Сальвіні) трупу — Нац.т-р [з 1952 т-рітальян. мастацтва, у 1959 — Італьян.нар.т-р (Рым)]. Гасман — мнагапланавы, рознабаковы акцёр са своеасаблівым «адмоўным» абаяннем, яркім тэмпераментам, іроніяй. Сярод роляў: Праметэй («Праметэй» Эсхіла), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). З 1949 працуе як рэжысёр. Сярод пастановак: «Атэла», «Рамэо і Джульета» Шэкспіра, «Гулец» У.Беці. З 1947 здымаецца ў кіно: «Горкі рыс», «Вайна і мір», «Абгон», «Пачвары», «Тэраса», «Пустыня Тартары», «Вяселле», «Пах жанчыны» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́КХІ (лац. Gracchus),
браты, палітычныя дзеячы Стараж. Рыма. Паходзілі са знакамітага роду Семпроніяў. Тыберый (162—133 да н.э.), нар. трыбун у 133, ва ўмовах нестабільнага становішча ў краіне правёў закон, які абмежаваў буйное землекарыстанне на грамадскім полі (агер публікус), але не атрымаў падтрымкі сярод сенатараў. На нар. сходзе адхілены ад улады (упершыню ў гісторыі Рыма), але паўторна выставіў сваю кандыдатуру ў нар. трыбуны. Забіты сенатарамі ў дзень выбараў. У 129 сенат спыніў надзяленне зямлёй паводле яго закону. Гай (153—121 да н.э.), нар. трыбун у 123 і 122 да н.э., аднавіў агр. заканадаўства брата, правёў законы ў інтарэсах гар. плебсу і саслоўя коннікаў, прапанаваў даць саюзнікам правы рым. грамадзян і інш. Загінуў у час узбр. паўстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМІ́Т (Izmit),
Каджаэлі, горад на ПнЗ Турцыі, адм. ц. іля Каджаэлі. 257 тыс.ж. (1990). Порт у Ізміцкім зал. Мармуровага м. Праз І. праходзяць чыгунка і аўтадарога Анкара—Стамбул. Прам-сць: цэлюлозна-папяровая, нафтаперапр., нафта-хім., гумавая; аўтазборка. Музей. Захаваліся рэшткі візант. крэпасці.
Засн. ў 264 да н.э. царом Нікамедам I як сталіца Віфініі (пад назвай Нікамедыя). Зручная гавань забяспечыла росквіт горада да войнаў Мітрыдата VI Еўпатара з Рымам (89—84, 83—22, 74—64 да н.э.), калі горад быў зруйнаваны. Рэзідэнцыя рым. імператараў Дыяклетыяна і Канстанціна (Вялікага). Нягледзячы на разбурэнні ў выніку землетрасення і нападаў готаў у 4 ст.н.э. лічыўся адным з прыгажэйшых гарадоў свету. У сярэднія вякі страціў сваё значэнне. Тут скончыў самагубствам Ганібал, месца нараджэння гісторыка Арыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНА́Т (лац. colonatus ад colonus земляроб),
асаблівая форма вытв. адносін паміж буйным землеўладальнікам і непасрэдным вытворцам — калонам у Рым. імперыі. Пры сістэме К. буйная зямельная ўласнасць драбнілася на парцэлы — невял. ўчасткі, якія здаваліся ў арэнду калонам. Напачатку (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) юрыдычна свабодны і эканамічна самаст. калон, які плаціў арэнду грашамі, мог выкарыстоўваць для апрацоўкі зямлі працу рабоў і выступаў як дробны рабаўладальнік. Пазней (з 2 ст.н.э.) у выніку масавага разарэння дробных і сярэдніх рабаўладальнікаў з-за нізкай прадукцыйнасці рабскай працы і скарачэння крыніц папаўнення рабоў калон трапіў у асабістую і эканам. залежнасць (плаціў арэнду доляй ураджаю) ад апекуна-землеўладальніка. У 4—5 ст. калоны юрыдычна прымацаваны да зямлі; былі папярэднікамі сярэдневяковых прыгонных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,
саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл.Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЎДЗІЙ, Тыберый Клаўдзій Нерон Германік (Tiberius Claudius Nero Germanicus; 1.8.10 да н.э., Лугдунум, цяпер г. Ліён, Францыя — 13.10.54 н.э.),
старажытнарымскі імператар [41—54 н.э.]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Абвешчаны імператарам пасля забойства яго пляменніка Калігулы. За час праўлення К. ўмацавана ваен. дыктатура і імператарская ўлада, у т. л. за кошт выцяснення і замены сената, закладзены асновы імперскай бюракратыі, палепшана фін. становішча дзяржавы, упарадкавана падаткаабкладанне, правінцыялы надзелены правамі рым. грамадзян, пашыраны межы дзяржавы, у т. л. далучаны Паўд. Брытанія, Маўрэтанія. Пры ім пабудаваны гавань у Остыі, 72 км водаправода і інш. Атручаны жонкай Агрыпінай.
Літ.:
Крист К. История времен римских императоров от Августа до Константина. Т. 1. Ростов н/Д, 1997;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 128—134.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),
старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р.Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.