ЧАС,
форма існавання матэрыі, якая выражае паслядоўнасць змены станаў аб’ектаў, з’яў і працэсаў рэчаіснасці, працягласць іх існавання. Непарыўна звязаны з рухам матэрыі. Універсальныя ўласцівасці Ч. — працягласць, непаўтаральнасць, неабарачальнасць; фіз. тэорыя прасторы і Ч. — адноснасці тэорыя (гл. таксама Прастора і час у фізіцы).
Вымярэнне Ч. заснавана на назіранні перыядычна паўтаральных астр. і фіз. з’яў. Для злічэння вял. інтэрвалаў Ч. здаўна карыстаюцца працягласцю перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца (сідэрычны, або зорны год; трапічны, або сонечны год і інш.), Месяца вакол Зямлі (сінадычны месяц, сідэрычны месяц, трапічны і каляндарны месяц), Зямлі вакол уласнай восі (зорныя і сонечныя суткі). Гэтыя з’явы пакладзены ў аснову розных сістэм злічэння Ч. — календароў. Асн. адзінкі Ч. ў астраноміі — трапічны год (роўны 365,2422 сут) і зорныя суткі. Сутачнае вярчэнне Зямлі вакол сваёй восі адносна нерухомых зорак вызначае зорны час (24 зорныя гадзіны, роўныя 23 гадз 56 мін 4,091 с сярэдняга сонечнага Ч.). На практыцы карыстаюцца сонечным Ч., які вызначаецца па змене гадзіннага вугла Сонца. Ён бывае сапраўдны і сярэдні (у залежнасці ад таго, па сапраўдным ці сярэднім Сонцы робіцца адлік Ч.). Рознасць паміж сярэднім і сапраўдным сонечным Ч. наз. ўраўненнем часу. У 1950 уведзены раўнамерны эфемерыдны час, звязаны з трапічным годам. Кульмінацыі Сонца і пункта веснавога раўнадзенства, па якіх вызначаюцца сонечныя і зорныя суткі, на розных мерыдыянах адбываюцца неадначасова. Так вызначаны для зададзенай даўгаты Ч. наз. мясцовым часам. Мясцовы сярэдні сонечны Ч. Грынвіцкага мерыдыяна наз. сусветным часам. Для зручнасці ў большасці краін прынята сістэма паяснога часу. Ч. нулявога пояса наз. заходнееўрапейскім або сусветным, 1-га пояса — сярэднееўрапейскім, 2-га — усходнееўрапейскім. У Расіі Ч. 2-га гадзіннага пояса наз. маскоўскім. З улікам дэкрэтнага часу (у СССР уведзены ў чэрвені 1930, адменены ў лютым 1991, адноўлены ў Расіі ў кастр. 1991) маскоўскі Ч. апераджае сусветны на 3 гадз. Тэр. Беларусі ўваходзіць у 2-і пояс, таму беларускі Ч. ідзе на 2 гадз раней за сусветны і на 1 гадз пазней за маскоўскі. У шэрагу краін, у т. л. на Беларусі, на летні перыяд уводзяць летні час, які апераджае паясны на 1 гадз. Для гэтага ў апошнюю нядзелю сакавіка паказанні гадзіннікаў пераводзяць на 1 гадз уперад, у кастрычніку — на 1 гадз назад.
Для адліку больш дробных інтэрвалаў Ч. суткі здаўна дзялілі на гадзіны (светлую іх частку — на 12 дзённых гадзін, цёмную — на 12 начных, розных па працягласці). Пазней уведзены падзел сутак на 24 роўныя гадзіны, гадзін — на мінуты. Асн. адзінка Ч. ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ) — секунда. Перыяд Ч. тыдзень — адвольны, роўны 7 сут (прыблізна адпавядае чвэрці сінадычнага месяца), штучна ўтвораны ў краінах Стараж. Усходу на рэлігійна-астралаг. аснове.
У глыбокай старажытнасці не існавала ні храналагічнай эры як пэўнай сістэмы адліку гадоў, ні эпохі як яе пачатковага пункта. Адлік гадоў вялі па датах значных падзей ці праўленняў цароў, для чаго вялі іх спісы. У некат. выпадках падзеі прывязвалі да астр. з’яў (напр., сонечных зацьменняў), што дазваляе больш дакладна датаваць падзеі стараж. гісторыі. Падлік Ч. (летазлічэнне) пачаўся з развіццём жывёлагадоўлі, земляробства, мараплаўства. Качавыя народы, якія займаліся жывёлагадоўляй, карысталіся месяцавымі календарамі, у якіх працягласць абарачэння Месяца вакол Зямлі звязвалася са зменай фаз Месяца. З пераходам да земляробства часцей карысталіся сонечнымі календарамі, у якіх прыблізна ўзгадняліся суткі і год, а таксама месяцава-сонечнымі, у якіх рух Сонца ўзгадняўся са зменай фаз Месяца. Месяцавым календаром пачалі карыстацца ў цывілізацыях Месапатаміі, Стараж. Егіпце, Кітаі. У 3-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце ён заменены на сонечны, у 6 ст. да н.э. ў Кітаі — на месяцава-сонечны. Іудзейскі месяцавы каляндар набыў пашырэнне з 9 ст. да н.э., у 4 ст. да н.э. ён заменены на месяцава-сонечны. У 593 да н.э. ў Афінах Салон увёў каляндар вавілонскага тыпу, у якім было 5 звычайных гадоў па 12 мес і 3 падоўжаныя гады па 13 мес. У 432 да н.э. астраном Метон устанавіў, што ў 19 сонечных гадах змяшчаецца 235 сінадычных месяцаў і што праз гэты перыяд розныя фазы Месяца зноў адбываюцца ў тыя ж дні сонечнага года. У выніку месяцава-сонечны каляндар грэкаў быў удакладнены. Летазлічэнне ў Стараж. Грэцыі вялі па гадах праўлення архонтаў-эпонімаў і па алімпіядах, што рэгулярна праводзіліся 1 раз у 4 гады (1-я алімпіяда адбылася ў 776 да н.э.); у Стараж. Рыме — ад даты заснавання Рыма (753 да н.э.). У пач. 6 ст. да н.э. рымляне перайшлі ад месяцавага да месяцава-сонечнага календара, у 46 г. да н.э. ўвялі сонечны юліянскі каляндар (стары стыль, распрацаваны александрыйскімі астраномамі на чале з Сазігенам, адлік па ім пачаўся з 1 студзеня 45 г. да н.э.). У 2 ст. н.э. К.Пталамей увязаў грэка-рымскую храналогію з вавілонскай. У 525 італьян. манах Дыянісій Малы распрацаваў новае летазлічэнне — ад дня нараджэння Хрыста (25 снеж. 753 г. ад заснавання Рыма), якое з 532 пачало выкарыстоўвацца ў Рыме, з 8 ст. ў Францыі і інш. краінах. У сярэдневякоўі гэтае злічэнне суіснавала з раней прынятымі ў розных краінах злічэннямі «ад стварэння свету». На аснове біблейскіх паданняў правасл. царква ў 7 ст. прыняла за дату адліку 5508 г. да н.э. (візантыйская эра), англіканская — 4004 г. да н.э., іудзейская — 3761 г. да н.э. Пераход на злічэнне «ад нараджэння Хрыстова» (на юліянскі каляндар) у Расіі ажыццявіў Пётр I (замест 1 студз. 7208 г. візантыйскай эры ўведзена 1 студз. 1700 г.). Больш дакладны грыгарыянскі каляндар (новы стыль), прыняты ў 1582 (выдадзена спец. була рымскага папы Грыгорыя XIII). На яго перайшла большасць каталіцкіх краін, з пач. 18 ст. — пратэстанцкія, у 1752 Вялікабрытанія, у 1918 Расія (пасля 31 студзеня лічылася не 1, а 14 лютага). Да сярэдзіны 20 ст. грыгарыянскім календаром пачала карыстацца большасць краін свету. Для пераводу юліянскіх дат на новы стыль дадаюцца папраўкі (у сутках): з 5 кастрычніка 1582 па 29 лютага 1700—10, з 1 сакавіка 1700 па 29 лютага 1800—11, з 1 сакавіка 1800 па 29 лютага 1900—12, з 1 сакавіка 1900 па 29 лютага 2100—13. У краінах ісламу выкарыстоўваецца месяцавы мусульманскі каляндар, за пачатак якога прыняты 622 г. — год хіджры (перасялення Мухамеда з Меккі ў Медыну) Існуюць таксама будыйская эра (яе пачатак ад 950 г. да н.э.), кітайская цыклавая эра (ад 2637 г. да н.э.), індыйская каліюга — «жалезнага веку» (ад 3102 г. да н.э.) і інш.
На бел. землях сістэма злічэння Ч. па юліянскім календары выкарыстоўвалася з 13 ст. У 1582 ВКЛ перайшло на зах.-еўрап. грыгарыянскі каляндар. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі зноў уведзены (з 1800) юліянскі каляндар (больш падрабязна гл. ў арт. Храналогія).
Першай прыладай вымярэння Ч. (з 3500 г. да н.э.) быў сонечны гадзіннік. Па гноманах вызначалі Ч. дня і пары года. Прамежкі Ч. вымяралі вадзянымі, агнявымі і пясочнымі гадзіннікамі. З 14 ст. ў Еўропе пашырыліся мех. гадзіннікі з гірамі, з 16 ст. — спружынныя, з 17 ст. — маятнікавыя, з 1840 — з эл. батарэямі (удасканалены ў 1906). У 1929 з’явіліся першыя кварцавыя гадзіннікі, у 1948 — квантавыя гадзіннікі. Прыладамі-лічыльнікамі Ч. з’яўляюцца таксама хранометры, секундамеры, таймеры, рэле часу і камбінаваныя прылады. Вызначэннем і захоўваннем дакладнага Ч. займаецца служба часу.
Літ.:
Константинов А.И., Флеер А.Г. Время. М., 1971;
Селешников С.И. История календаря и хронология. 3 изд. М., 1977;
Время и частота: Пер. с англ. М., 1973;
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Буткевич А.В., Зеликсон М.С. Вечные календари. 2 изд. М., 1984;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.
А.І.Болсун, У.М.Сацута.
т. 17, с. 250