ДАЛІ́ВА-ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Міхаіл Восіпавіч) (2.1.1862, С.-Пецярбург — 15.11.1919),

расійскі інжынер-вынаходнік у галіне электратэхнікі. Скончыў Дармштацкае вышэйшае тэхн. вучылішча (1884, Германія). Працаваў на электратэхн. з-дах у Германіі. Стварыў асн. часткі сістэмы трохфазнага току: генератар з вярчальным магнітным полем (1888), асінхронны электрарухавік (1889), трансфарматар (1890), сканструяваў фазометр, дзельнік напружання, пускавыя рэастаты і інш. электравымяральныя прылады. Упершыню ажыццявіў перадачу эл. энергіі трохфазнага пераменнага току на адлегласць (каля 170 км; 1891).

Тв.:

Избр. труды (о трехфазном токе). М.; Л., 1948.

Літ.:

Веселовский О.Н. Доливо-Добровольский. М., 1963.

М.В.Даліва-Дабравольскі.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЖЫ́НІН (Міхаіл Іванавіч) (н. 15.9.1920, в. Дзям’янцава Цвярской вобл., Расія),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-палк. (1978). Скончыў Маскоўскае ваенна-паліт. вучылішча (1944), Вышэйшы ваенна-пед. ін-т (1955), Ваен. акадэмію Генштаба (1962). У Вял. Айч. вайну з 1944 на 3-м Бел. фронце. Ст. лейтэнант Д. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: узначаліў атаку батальёна, з 4 байцамі захапіў пераправу цераз р. Лучоса і ўтрымліваў яе да падыходу асн. сіл. Да 1976 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Віцебск.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́НІН (Міхаіл Міхайлавіч) (1.1.1901, Масква—1993),

расійскі фізікахімік. Акад. Рас. АН (1943), Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1921), у ім і працаваў. У 1932—55 у Ваен. акадэміі хім. абароны, з 1946 у Ін-це фіз. хіміі Рас. АН. Навук. працы па фіз. хіміі паверхневых з’яў, тэорыі і тэхналогіі сарбцыйных працэсаў. Распрацаваў метады атрымання высокаэфектыўных прэпаратаў актываванага вугалю і адсарбентаў з зададзенымі параметрамі сітаватасці. Стварыў агульную тэорыю дынамікі сорбцыі і класіфікацыю структурных тыпаў паглынальнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1942, 1950.

Літ.:

М.​М.​Дубинин. 2 изд. М., 1981.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́КАЎ (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 13.10.1928, с. Стары Кувак Ленінагорскага р-на, Татарстан),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Казанскі вет. ін-т (1951). З 1954 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, у 1968—95 рэктар. Навук. працы па імунамарфалогіі і імунапаталогіі пры інфекцыйных, інвазійных і асацыятыўных хваробах, вакцынацыях і імунастымуляцыі с.-г. жывёл.

Тв.:

Анализ патологоанатомического вскрытия животных. Мн., 1977;

Патологическая анатомия с.-х. животных. М., 1995 (у сааўт.);

Иммунология и иммунопатология. Витебск, 1996.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎКО́Ў (Міхаіл Анатолевіч) (н. 19.11.1961, г. Салігорск Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механікі і геамеханікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1996). Скончыў БДУ (1984). З 1984 у Бел. н.-д. і праектным ін-це горнай і хім. прам-сці, з 1997 у БПА. Навук. працы па інтэгральных ураўненнях, механіцы дэфармаванага цвёрдага цела, матэм. мадэляванні.

Тв.:

Метод квазифункций Грина в механике деформируемого твердого тела. Мн., 1993 (разам з М.​Дз.​Мартыненкам);

Теоретические основы деформационной механики блочнослоистого массива соляных горных пород. Мн., 1995 (з ім жа).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РАЎ (сапр. Штоклянд) Міхаіл Абрамавіч

(1903—28.7.1942),

бел. акцёр і рэжысёр. Засл. арт. БССР (1938). З 1926 акцёр, потым рэжысёр БДТ-1 (т-р імя Я.​Купалы), у 1934—37 маст. кіраўнік Бел. трама ў Мінску. Выкананыя ім ролі герояў вызначаліся тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнай лагічнасцю ў спалучэнні з лірычнасцю і эмацыянальнасцю: Войшалак («Вір» Я.​Рамановіча), Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.​Карнейчука) і інш. Пастаноўкі: «Лён» Е.​Міровіча (1931, з аўтарам), «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1936), «Апошнія» М.​Горкага (1937) і інш.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНКЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.5.1891, с. Нікалаеўскі Гарадок Саратаўскай вобл., Расія — 16.9.1973),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў «Дзікая парфіра» (1912) у духу акмеізму. Аўтар паэмы «Машынная гарачая пара» (1931), зб-каў «Набор вышыні» (1937), «Праз навальніцы гадоў» (1962) і інш. Перакладаў творы Ф.​Фрэйліграта, В.​Гюго, У.​Уітмена, У.​Шэкспіра, сучасных паэтаў ЗША, Англіі, Іспаніі, Францыі, Балгарыі, Югаславіі, Аўстраліі і інш. (зб. «Паэты XX ст.», 1965; «Амерыканскія паэты», 1969).

Тв.:

Избранное. М., 1973;

Сказочная эра: Стихотворения, повесть, беллетрист. мемуары. М., 1994.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Міхаіл Фёдаравіч) (10.1.1909, с. Дар’іна Суджанскага р-на Курскай вобл., Расія — 15.12.1995),

бел. гідрагеолаг. Д-р геолага-мінералагічных навук (1979). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі геолага-разведачны ін-т (1934). У 1934—91 у Ін-це геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па праблемах сучаснай гідрагеалогіі Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Тв.:

Режим подземных вод и влаги в зоне аэрации на территории Белорусского Полесья. Мн., 1974 (разам з В.​П.​Васільевым);

Гидрогеология Припятского Полесья. Т. 1—2. Мн., 1976—77.

В.​П.​Васільеў.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Міхаіл Паўлавіч) (8.11.1921, в. Леніна Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 4.10.1997),

бел. вучоны ў галіне гістамарфалогіі і эмбрыялогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1974). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951). З 1975 у Бел. дзярж. пед. ун-це (да 1984 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні клетачных элементаў кары наднырачнікаў і яе функцый, патагенезу алергічнага энцэфаліміэліту, уплыву розных рацыёнаў кармлення на гістамарфал. структуру органаў пацукоў.

Тв.:

Функционально-морфологические состояния гигантских клеток развивающегося надпочечника человека // Вопросы эндокринологии. Мн., 1970;

Надпочечники перинательного периода. Мн., 1978.

З.​Г.​Платонава.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАНО́САЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 1.5.1929, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 11.11.1994),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1954). Засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Канд. пед. навук. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1953) і працаваў у ім (заг. кафедры, з 1976 прарэктар). Сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Чэмпіён Еўропы (1954, Берн), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1958, Стакгольм). Чэмпіён СССР (1952, 1954—58). Рэкардсмен свету (6 рэкордаў), СССР (11 рэкордаў).

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)