(н.-лац. gardenia, ад англ. Garden = прозвішча амер. батаніка 18 ст.)
вечназялёная кустовая расліна сям. марэнавых з духмянымі белымі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БАВАЎНАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства па вырошчванні бавоўніку і вытв-сці бавоўны-сырцу. Асн. пояс вырошчвання бавоўніку знаходзіцца ў межах сухіх субтропікаў і тропікаў паміж 20° і 40°паўн. шыраты. Найлепшы ўраджай атрымліваюць на арашальных землях. Па аб’ёме валавой прадукцыі і памерах пасяўной плошчы важнейшыя баваўнаводчыя краіны — Кітай, ЗША, Індыя, Пакістан, Узбекістан, Турцыя, Бразілія, Туркменістан, Аўстралія, Грэцыя, Егіпет (гал. вытворца тонкавалакністай бавоўны), Мексіка, якім належыць больш за 85% сусв. збору бавоўны. Баваўнаводствам займаюцца таксама яшчэ прыкладна ў 70 краінах свету (большасць краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Зах. Азіі, Паўд. Еўропы). Прыкладна ⅓ сусв. экспарту бавоўны паступае з ЗША. Беларусь атрымлівае неабходную для тэкст. прам-сці бавоўну пераважна з Узбекістана і Туркменістана (у 1993 адпаведна 18,1 і 6,7 тыс.т пры агульным імпарце 31,1 тыс.т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́РСКАЯ ПАРО́ДАкозаў,
старажытная воўнавая парода. Выведзена ў сярэднявеччы ў Турцыі, у правінцыі Ангора (Анкара). З 19 ст. гадуюць у ЗША, краінах Афрыкі і Аўстраліі, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, часткова ў Казахстане. Выкарыстоўваюць для паляпшэння грубашэрсных парод козаў. З яе ўдзелам выведзена савецкая воўнавая парода.
Жывая маса дарослых казлоў 50—55, матак 32—36 кг. Воўна 44—46-й якасці, Даўж. 25 см і больш, аднародная, паўтонкая, белая, з моцным люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 5—7 кг, з матак 2,2—4 кг. Выхад чыстай воўны 65—75%. З ангорскай воўны вырабляюць драпіраваныя тканіны, плюш, дываны, трыкат. вырабы; са шкур — футры. Удой за лактацыю 70—100 кг, тлустасць малака 4,2—4,4%. Пладавітасць 100—110%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ЛУС, чашачка,
шароўка (Ancylus),
род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн.Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.
Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКІ МУЗЕ́Йу Лондане,
адзін з буйнейшых музеяў свету. Засн. ў 1753, адкрыты ў 1759 (будынак узведзены ў 1823—47 у стылі класіцызму, арх. Р. і С.Смёрк). У ім зберагаюцца помнікі першабытнага мастацтва (гал. чынам Брытанскіх а-воў), мастацтва і культуры Стараж. Егіпта, Месапатаміі (у т. л. Разецкі камень, старажытнасці г. Ур), Грэцыі і Рыма (скульптуры з Парфенона і Галікарнаскага маўзалея, збор ваз, камеяў і інш.), краін і народаў Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі, багатыя зборы гравюр, малюнкаў, манет і медалёў. У бібліятэцы Брытанская музея больш за 7 млн. кніг, каля 105 тыс. рукапісаў, у т. л.стараж.-егіпецкія папірусы, бел. выданні Ф.Скарыны [«Кнігі царстваў» (Прага, 1518), «Псалтыр», «Апостал» (Вільня, 1525)] і «Манархія турэцкая» П.Рыка (Слуцк, 1678).
Брытанскі музей у Лондане. Галоўны фасад. Архітэктары Р. і С. Смёрк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НЬ ВЕЛІКАРО́ГІ, гіганцкі алень,
ірландскі алень (Megaloceros giganteus),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. аленевых атр. парнакапытных. Вядомы з сярэдняга і верхняга плейстацэну і ранняга галацэну Еўразіі і Паўн.Афрыкі. Асабліва многа шкілетаў знойдзена ў тарфяніках Ірландыі, на стаянках чалавека каменнага веку ў сярэдніх і паўд. шыротах, у т. л. ў Крыме і на Паўн. Каўказе, цэлыя шкілеты — на тэр. Разанскай і Екацярынбургскай абласцей Расіі. На Беларусі рэшткі аленя велікарогага выяўлены каля Смаргоні і в. Вейна (Магілёўскі р-н).
Буйная жывёла з вялізнымі (больш за 4 м у размаху) лапатападобнымі рагамі з некалькімі адросткамі. Вонкава нагадваў лань. Жыў на вільготных лугах па берагах рэк і балотаў, пазбягаў лясоў, у ледавіковыя эпохі адступаў на Пд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЕ ПРА́ВА,
у шэрагу краін (Францыі, Германіі, Японіі і інш.) самастойная частка цывільнага права, якая рэгулюе адносіны ў сферы гандл. абароту. Гістарычна склалася ў сярэдневяковай Італіі ў сувязі з развіццём міжнар. гандлю ў Міжземнамор’і як купецкае права. Першапачатковай яго крыніцай былі статуты гарадоў і купецкіх гільдый, што змяшчалі правілы пра сухапутны і марскі гандаль, гандл. звычаі. У далейшым гандлёвае права набыло агульны характар і было кадыфікавана. Акрамя еўрап. краін пашырылася ў многіх краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Некат. дзяржавы (у т. л. Італія) уніфікавалі цывільнае і гандлёвае права — выдалі адзіны кадыфікацыйны акт. У краінах, дзе гандлёвае права існуе як самаст. галіна, яно рэгламентуе парадак арганізацыі, дзейнасць і спыненне гандл. т-ваў, пытанні іх рэгістрацыі, вядзенне дакументацыі, прадстаўніцтва, гандл. здзелкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАР-ЭС-САЛА́М (Dar es Salaam),
горад у Танзаніі. Месцазнаходжанне ўрада. Адм. ц. Прыбярэжнай вобл. 1436 тыс.ж. (1990). Гал. марскі порт краіны, на беразе Індыйскага ак. (абслугоўвае часткова суседнія краіны). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт нафтаправода ў Замбію. Прам-сць: нафтаперапр., цэм., аўтазборачная, тэкст., эл.-тэхн., харчасмакавая (мясакансервавая, тытунёвая, мукамольная, піваварная), абутковая. Суднабудаванне (пераважна рыбацкіх суднаў). Вытв-сць лакаў, фарбаў, мыла, мэблі. Рыбалоўства. Ун-т. Бат. сад. Гісторыка-этнагр. музей.
Засн. ў 1862 султанам Занзібара на месцы рыбацкай в. Мзізіма. У 1887 захоплены герм.усх.-афр. кампаніяй. З 1891 адм. ц.Герм.Усх.Афрыкі. У 1916 акупіраваны англ. войскамі. У 1919—61 цэнтр англ. каланіяльнай адміністрацыі Танганьікі. У 1861—64 сталіца незалежнай дзяржавы Танганьіка, у 1964—73 — Танзаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́ФІЛА (Hygrophila),
род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (H. polysperma), зрэдку азёрную (H. lacustris) і гвіянскую (H. guianensis).
Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.