БАРЫ́САЎСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утворана 17.7.1924. Цэнтр г. Барысаў. Пл. 11,8 тыс. км², нас. 370,3 тыс. чал. (1925). Уключала 9 раёнаў (Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі, Крупскі, Лепельскі, Плешчаніцкі, Халопеніцкі, Чарэйскі), 2 гарады, 7 мястэчак, 107 сельсаветаў. Акруговая газ. «Вясковая праўда». Скасавана 12.4.1927 у сувязі з узбуйненнем акруг у рэспубліцы: большасць раёнаў перададзены ў Мінскую, астатнія ў Полацкую (Лепельскі р-н) і Аршанскую (Чарэйскі р-н) акругі.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́ВІЧ (Аляксей Іванавіч) (25.6.1880, в. Саленікі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобласці — 20.11.1953),

вынаходнік-самавук. Герой Працы (1934). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це імя М.​Я.​Жукоўскага (ЦАГІ; 1926—29), з 1939 на прадпрыемствах Масквы. Прапанаваў тэхналогію пайкі алюмінію звычайным паяльнікам і патай-клёпкі ў самалётабудаванні. Удзельнічаў у вырабе першых (залатых) зорак Крамля, у мантажы самалётаў АНТ-20 («Максім Горкі») і АНТ-25, на якім адбыўся першы пералёт з СССР у ЗША.

А.​І.​Болсун.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ТАН-РУЖ (Baton Rouge),

горад на Пд ЗША. Адм. ц. штата Луізіяна. Засн. ў 1719. 219,5 тыс. ж. (1990), з прыгарадамі 528 тыс. ж. Марскі і рачны порт у нізоўі р. Місісіпі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны цэнтр нафтаперапр. і нафтахім. прам-сці (вытв-сць сінт. каўчуку, хімікатаў, мінер. угнаенняў і інш.). Вытв-сць гліназёму і алюмінію. У наваколлі — здабыча нафты, газу, серы. 2 ун-ты. Арх. помнікі 18 і 19 ст.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1923—24. Утвораны 15.2.1923 у Віцебскай губ. РСФСР у выніку перайменавання Лепельскага пав. ў Бачэйкаўскі павет і далучэння да яго часткі скасаванага Сенненскага пав. Цэнтр — мяст. Бачэйкава. Уключаў 9 валасцей (Бешанковіцкая, Лепельская, Лукомская, Несінская, Ульянавіцкая, Ушацкая, Хоцінская, Чарэйская, Чашніцкая). З 3.3.1924 у складзе БССР. 20.6.1924 павет скасаваны: Лукомская і Чарэйская вол. перададзены ў Барысаўскі пав., Бешанковіцкая, Ульянавіцкая і Чашніцкая — у Віцебскі пав., астатнія воласці — у Полацкі пав.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́ША,

вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БЭП),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь грамадства, у якім будзе рэальна забяспечана права грамадзян на здароўе і паўнацэннае жыццё ў сацыяльна і экалагічна здаровым асяроддзі, абарона грамадзянскіх, паліт., экалагічных, сац. і культ. правоў і свабод грамадзян, фарміраванне ў іх сучаснага экалагічнага светапогляду і экалагічнай культуры. Мае пярвічныя арг-цыі ва ўсіх абласцях Беларусі.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БЦК) у Аўстраліі, арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1963 у г. Мельбурн прыхільнікамі Бел. Нар. Рэспублікі і Бел. цэнтр. рады. Займаецца культ.-асв. дзейнасцю. З 1972 член Федэральнай рады бел. арг-цый у Аўстраліі. Супрацоўнічае з міжнар. арг-цыямі і ўваходзіць у Аўстрал. нац. этнічную раду, штогод ладзіць святкаванні нац. угодкаў, традыцыйныя сяброўскія вечарыны, сустрэчы беларусаў Аўстраліі (з 1976) і інш. Пры БЦК дзейнічае бел. хор.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛУ-АРЫЗО́НТЫ (Belo Horizonte),

горад на ПдУ Бразіліі. Адм. ц. штата Мінас-Жэрайс. Засн. ў 1892. 2,3 млн. ж. (1989), з прыгарадамі 3,7 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр буйнога горнапрамысл. раёна (здабыча жал. і марганцавых рудаў, золата). Чорная металургія, хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч. прам-сць. Федэральны і каталіцкі ун-ты, ун-т мастацтваў штата Мінас-Жэрайс. Гіст. музей. Каля Белу-Арызонты спартыўны і турыст. гарадок Пампулья.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ФУНДАМЕНТА́ЛЬНАЯ БДУ́.

Засн. ў 1921 у Мінску. У Вял. Айч. вайну знішчана. Аднаўленне фонду пачалося ў 1943. На 1.1.1995 ён складаў больш за 2100 тыс. экз. Зберагаюцца асобныя выданні 18—19 ст., класікаў замежнай л-ры, кнігі па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, дысертацыі, абароненыя ў БДУ. Абменьваецца навук. выданнямі з замежнымі краінамі. Метадычны цэнтр б-к ВНУ Беларусі. Пры б-цы працуюць 4 факультэцкія і 49 б-к пры кабінетах і кафедрах.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГО́САВА,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Росіца. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс. За 18 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, 193 км ад Віцебска. 2126 ж., 858 двароў (1995). Завод акц. т-ва «Інвет» па выпуску вет. інструменту. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 2,5 км ад Бігосава зоаветэрынарны тэхнікум. Чыг. вакзал (1924—26) — помнік архітэктуры стылю «мадэрн».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)