РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.
Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТВІЦА (Lotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУРЭ́НЦЫЯ [ад лац. recurrens (recurrentis) які вяртаецца],
1) паўторнае паяўленне ў працэсе эвалюцыі падобных форм, а ў палеанталогіі — цэлых фларыстычных або фауністычных комплексаў у розных стратыграфічных гарызонтах. З’ява Р. звязана з міграцыяй флор і фаун, якія былі выцеснены з месцаў першапачатковага пасялення і існавалі нейкі час па-за яе межамі, а потым пры аднаўленні адпаведных умоў вярнуліся на былое месца без істотных змен.
2) Паўтор саставу прадуктаў вулканічнага вывяржэння, форм магматычнай дзейнасці, якія адпавядаюць больш раннім стадыям яе эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРАМЕ́НТА (Sacramento),
горад на З ЗША. Адм. ц. штата Каліфорнія. Засн. ў 1839 як гандл. факторыя. Рост горада звязаны з «залатой ліхаманкай» 1840-х г. Цэнтр штата з 1854. 404,2 тыс ж., з прыгарадамі больш за 1,6 млн.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Сакрамента Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр паўн.ч. Каліфарнійскай даліны. Прам-сць: ракетна-касм. (вытв-сць рухавікоў), радыёэлектронная, харч. (плодакансервавая, мясная). 12 каледжаў і універсітэтаў. Музеі і галерэя мастацтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЧАКІ́,
тып засоленых глеб, у паверхневым слоі якіх 1—15% (у глебавай скарынцы часам больш за 30%) лёгкарастваральных солей. Пашыраны ў зонах стэпаў, паўпустынь і пустынь на саляносных пародах (аўтаморфныя С.) або ва ўмовах блізкага залягання мінералізаваных грунтавых вод (гідраморфныя С.).
Характарызуюцца слабадыферэнцыраваным глебавым профілем, слаба выражаным гумусавым гарызонтам з прожылкамі ці плямамі солей, шчолачнай рэакцыяй. Расліннасць галафітная або адсутнічае. Малаўрадлівыя, прыдатныя для земляробства пасля гіпсавання, прамыўкі, паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Пры рассаленні з С. фарміруюцца саланцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́РА-ЛІВІ́ЙСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны на тэр. Алжыра, Лівіі, Туніса і Егіпта. Уключае Алжыра-Лівійскі і Сахара-Міжземнаморскі нафтагазаносныя басейны. Пл. каля 2,5 млн.км². Пач. запасы нафты 8,6 млрд.т, газу 4,8 трлн. м³. Адкрыта больш за 250 нафтавых і газанафтавых і 60 газавых радовішчаў. Нафтагазаносныя адклады ад кембрыю да палеагену. Гал. нафтавыя радовішчы: Серыр, Амаль, Джалу, Насэр, Самах, Інтысар (Лівія); Хасі-Месауд, Зарзаіцін (Алжыр). Гал. газавыя радовішчы: Хасі-Рмель, Гурд-Нус (Алжыр), Хатэйба (Лівія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),
род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.
Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬЦЫ,
нізіннае балота ў Ляхавіцкім, Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Шчара і яе прытока р. Мышанка. Пл. 6,2 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс.га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя 1,4 м. Запасы торфу 10,9 млн.т (здабываецца на ўгнаенне). На балоце асушана адкрытай сеткай больш за 3 тыс.га. Асушаныя землі пад шматгадовымі травамі, збожжавымі і прапашнымі культурамі. На неасушаных землях пераважаюць бярозавыя лясы з вярбовым ярусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ КРЫШТАЛІ́,
крышталі, якія вырошчваюцца штучна ў лабараторных і заводскіх умовах. Маюць такую ж атамную будову, што і прыродныя крышталі, часта больш дасканалыя за іх паводле сваіх уласцівасцей. Аб’ёмныя і танкаплёначныя С.к. вырошчваюцца з газавай фазы, з раствораў і расплаваў (гл.Крышталізацыя, Эпітаксія). У прамысл. маштабах атрымліваюць С.к. п’еза- і сегнетаэлектрыкаў, паўправаднікоў, аптычных матэрыялаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці падложак у запамінальных прыстасаваннях, матэрыялаў для сцынтыляцыйных лічыльнікаў, штучных каштоўных камянёў і інш.Гл. таксама Сінтэз мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІДу геалогіі,
тэктанічны разрыў з вертыкальнай або стромка нахіленай плоскасцю зруху горных парод, дзе вісячы блок апушчаны адносна ляжачага ці ляжачы ўзняты адносна вісячага. Утвараюцца пераважна ва ўмовах расцяжэння зямной кары (С. расцяжэння). Амплітуды С. дасягаюць 1 км і больш (у рыфтах). Адрозніваюць С. сколвання, адколвання (развіваюцца з трэшчын), гравітацыйная (на месцы асядання ўчасткаў зямной кары і інш.). Парнае спалучэнне С. утварае скідавыя ўпадзіны — грабены і выступы — горсты. Гл. таксама Ускід.