украінская пісьменніца. У 1928—33 вучылася ў Львоўскім ун-це. Друкавалася з 1930. Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Гісторыя аднаго жыцця» (1946), «Яблыні зацвілі ў другі раз» (1949), «Ружы і церні» (1961), «Чалавечае цяпло» (1964), зб. «Мініяцюры» (1969) і інш. У рамане «Сёстры Рычынскія» (кн. 1—2, 1958—64; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1965) намалявала шырокую панараму міжваеннага дваццацігоддзя ва Усх. Галіцыі. На бел. мову творы Вільдэ перакладалі Я.Брыль, А.Васілевіч, Л.Салавей, Я.Скрыган, А.Шарахоўская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́ДАЎ (Віктар Ніканавіч) (н. 3.11.1933, в. Замасточча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. педагог. Д-рпед.н. (1994), праф. (1977). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае пед. вучылішча (1953), Полацкі пед.ін-т (1957). З 1957 у Віцебскім ун-це (з 1978 рэктар). Працы па методыцы выкладання начартальнай геаметрыі і чарчэння ў ВНУ і сярэдняй школе. Адзін з аўтараў і рэдактараў падручніка «Чарчэнне ў сярэдняй школе» (1969, перакладзена на 20 моў), аўтар курса для пед. ін-таў «Начартальная геаметрыя» (1977), адзін з аўтараў «Методыкі навучання чарчэнню» (1990), «Слоўніка-даведніка па чарчэнні» (1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАКУ́РАЎ (Яўген Міхайлавіч) (н. 22.10.1925 г. Бранск, Расія),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1951). Першая кн. «Вершы пра абавязак» (1951). Аўтар паэт. зб-каў «Сінь» (1956), «Прызнанні» (1958), «Слова» (1962), «Характары» (1965), «Відовішча» (1968), «Метафары» (1972), «Сярожка з Малой Броннай» (1974), «Кантрасты» (1975), «Жэрабя» (1978), «Быццё» (1982), «Іпастась» (1984), «Раўнадзенства» (1989) і інш.Асн. тэмы — духоўная сталасць чалавека, роздум над яго ўнутр. светам. Вершам Вінакурава ўласцівыя прыхільнасць да дакладнай быт. дэталі і імкненне да філас. асэнсавання жыцця. Аўтар паэмы «На Захад» (1981), перакладаў і літ.знаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1987. Творы Вінакурава на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, С.Гаўрусёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІННІ́ЦКІ (Юрый) (Георгій, свецкае імя Габрыэль; 1660—23.9.1713),
уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З укр. шляхецкага роду герба «Сас». Служыў у войску, займаў адм. пасады, пасол на Варшаўскі вальны сейм 1690 ад Рускага ваяв. У 1700 прыняў манаства. У 1700—13 епіскап перамышльскі. З 1708 адміністратар (в.а. кіраўніка) Кіеўскай мітраполіі, Уладзіміра-Брэсцкай і Львоўскай епархій. Ад кіравання мітраполіяй адхілены каралём Станіславам Ляшчынскім, але пасля вяртання на трон караля Аўгуста II у 1710—13 мітрапаліт кіеўскі. Актыўна пашыраў унію на зах.-ўкр. землях, нават шляхам закрыцця правасл. цэркваў; адначасова імкнуўся прадухіліць пераход шляхты ў рымска-каталіцкі абрад, але беспаспяхова.
Літ.:
Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. СПб., 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,
штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.
Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл.Палінознае валакно).
Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл.вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).
Літ.:
Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,
прыватная газета. Выдавалася штодзённа з 21.1(3.2).1916 да 12.7.1919 у Віцебску на рус. мове. Да Кастр. рэвалюцыі прытрымлівалася памяркоўна-ліберальнага кірунку, вяла палеміку з чарнасоценнымі арг-цыямі. Друкавала інфармацыю пра ваен. дзеянні на франтах 1-й сусв. вайны, пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, эканам. стан Віцебскай губ., пра сац.-эканам. і бытавыя праблемы горада. Вітала Лют. рэв. 1917, падтрымлівала Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Часовы ўрад Расіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі падтрымлівала дзейнасць органаў сав. улады. Выступала супраць абвяшчэння БНР, вітала абвяшчэнне БССР. Асвятляла тэатр., муз. і літ. жыццё горада, рэкламавала кінематограф, эстраду, аперэту. У 1917 друкавала дадатак «Вечерний бюллетень», у 1918—19 — гумарыстычную старонку «Витебский писк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГУБЕ́РНСКІ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у Віцебску з мая 1922 да вер. 1924. Да лета 1922 наз. Першы віцебскі юнацкі губ. паказальны т-р. Створаны на аснове Юнацкай драм. студыі (дзейнічала пры Віцебскім к-це дапамогі чырвонаармейцам, у 1919—22). Абслугоўваў шпіталі і вайск. часці горада, наладжваў спектаклі для дзяцей, вучнёўскай і рабочай моладзі. Узначальвалі калектыў рэж. Б.Шадурскі; рэжысёры Р.Брын і М.Кусільман; з лета 1922 маст. кіраўнік Б.Бертэльс. Аснову рэпертуару складала рус. і зарубежная класіка, у т. л. «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, «Беднасць не загана», «Васіліса Мяленцьева» і «Цяжкія дні» А.Астроўскага, «Лекар паняволі» Мальера, ставіліся першыя сав. п’есы.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 114—115.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЦКІ (Леў Сямёнавіч) (17.11.1896, г. Орша Віцебскай вобл. — 11.6.1934),
псіхолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1919—23 жыў і працаваў у Беларусі. З 1924 у Маскоўскім ін-це эксперым. псіхалогіі, потым у заснаваным ім Ін-це дэфекталогіі. Даследаваў грамадскую, дзіцячую, пед. і клінічную псіхалогію. Крытычна прааналізаваў тагачасныя філас. і псіхал. канцэпцыі («Сэнс псіхалагічнага крызісу», рукапіс, 1926). У кн. «Гісторыя развіцця вышэйшых псіхічных функцый» (1930—31, апубл. 1960) выклаў культ.-гіст. тэорыю развіцця псіхікі. Вывучаў таксама структуру свядомасці («Мысленне і мова», 1934), якую лічыў дынамічнай сэнсавай сістэмай, што знаходзіцца ў адзінстве афектыўных, валявых і інтэлектуальных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,
звышправоднасць з высокай крытычнай тэмпературай пераходу (TK) у звышправодны стан. Адкрыта ў 1986—87. Назіраецца ў аксідных злучэннях, якія атрымліваюцца керамічнай тэхналогіяй ці гарачым прасаваннем. Іх уласцівасці залежаць ад умоў адпалу, ступені замяшчэння катыёнаў, кіслародных дэфектаў і інш. умоў. Напр., аксідныя злучэнні, атрыманыя на аснове ітрыю, вісмуту, талію і ртуці, маюць TK, вышэйшую за тэмпературу кіпення вадкага азоту (110—133 К). На Беларусі высокатэмпературная звышправоднасць даследуецца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Літ.:
Физические свойства высокотемпературных сверхпроводников: Пер. с англ.М., 1990;
Электронная структура и физико-химические свойства высокотемпературных сверхпроводников. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17—18 ст. у г.Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Замак з землянымі ўмацаваннямі і бастыёнамі пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст. на высокім беразе р. Пульва, якую падперлі плацінай і стварылі штучнае абвадненне. З усіх бакоў яго акружала вада. Цераз шырокі стаў да ўязной вежы-брамы быў перакінуты пад’ёмны мост. На вял. замкавым дзядзінцы стаялі драўляны палац і гасп. будынкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Высокаўскі замак моцна пацярпеў, але потым быў адноўлены. Захаваліся земляныя валы і брама замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.