1. Ужываецца для ўказання на непасрэдную блізкасць ад якога‑н. месца. Міхась сядзеў адзінока пры мокрай дарозе, воддаль ад пастухоў.Цётка.Пры лесе, пад горкай Бруіцца крыніца.Броўка.Блізка пры заводзе варушыліся рабочыя, якія працавалі на падкатцы дрэва.Пестрак.// Паблізу ад чаго‑н., побач з чым‑н. Насупраць, пры адзіным акенцы, стаяў столік, засланы нейкай белай тканінай.Пестрак.Там, пры самай сцяне, было цемнавата.Чорны.Натрудзіўшы добра рукі, Натаміўшы плечы, Толькі маці з вераценцам Туліцца пры печы.Колас.// Ужываецца з назвай мясцовасці, населенага пункта, каля якіх або ў раёне якіх што‑н. адбываецца. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі.Чорны.
2. Ужываецца для ўказання на прадмет, установу ці арганізацыю, якія ўключаюць у свой склад што‑н. дапаможнае, падсобнае. Пры школе быў літаратурны гурток.А. Александровіч.Пры многіх кансультацыях арганізоўваліся малочныя кухні або раздатачныя пункты для забеспячэння грудных дзяцей малаком і пажыўнымі сумесямі.«Весці».З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і па селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак.Чорны.
3. Ужываецца для ўказання на месца, установу і пад., дзе хто‑н. займае якое‑н. службовае становішча або дзе што‑н. адбываецца. Папас адчуваў сябе добра і казаў, што ён ужо можа хадзіць, і яму дужа хацелася астацца пры войску.Колас.Вось так і стаў .. [дзед Ягор] вартаўніком пры школе...Скрыпка.
Часавыя адносіны
4. Ужываецца для ўказання на падзею ці з’яву, у момант якой адбываецца што‑н. Там ля ганку праходзілі калі-нікалі людзі, штосьці гаворачы, пры кароткім гэтым спатканні, адзін аднаму.Чорны.Вось .. [Рыгор] бачыць Сёмку на полі пры ворыве.Гартны.Нават родныя бацькі папракалі сына хлебам пры абедзе за сталом.Колас.Самі ў круг, Як пры цудзе, Пусціліся ногі ва ўсіх.Куляшоў.Мне гэтага здымка, Што вытварыў кат, Відаць, пры жыцці не забыцца ніколі!Броўка.
5. Ужываецца для ўказання на эпоху, перыяд, час, на працягу якіх што‑н. адбываецца, здзяйсняецца. Жыць пры камунізме.// Ужываецца для ўказання на асобу, у перыяд жыцця, дзейнасці ці прысутнасці якой што‑н. адбываецца. І толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу захісталася гэта спадчыннасць ад подыхаў вялікай рэвалюцыі.Колас.Уля пры Пашку бянтэжыцца, чырванее.Паўлаў.Як пры бацьку жыў без ніякіх хатніх клопатаў, так цяпер і пры жонцы.Кулакоўскі.
Аб’ектныя адносіны
6. Ужываецца для ўказання на прадмет, які знаходзіцца ў наяўнасці, які ёсць у каго‑н. Пры карове дзецям хоць малако было.// Ужываецца для ўказання на наяўнасць у каго‑н. якіх‑н. заняткаў, пасады і пад. Горды сваёй сілай, Уладай сваёй горды, Пры станку стаіць ён [народ] Непахісна, цвёрда.Купала.Поп Мікіта Сеяў жыта І аўсы і грэчкі, А ў святыя дні нядзелі Ён таксама быў пры дзеле — Стрыг авечкі.Колас.Я застаўся дома, пры гаспадарцы.Кулакоўскі.Якая папрадуха пры кудзелі, такое палатно ў белі.Прыказка.
7.Разм. Ужываецца для ўказання на які‑н. прадмет, які знаходзіцца непасрэдна ў гэты момант у каго‑н. як характэрная прыкмета гэтай асобы. — А на табе манішка, пры гальштуку ты, чаравікі.Лынькоў.Увесь час невялікі атрад быў на нагах і пры зброі.Самуйлёнак.Чырвонаармейцы былі пры вінтоўках і з ручнымі гранатамі.Колас.// Ужываецца для ўказання на асобу, якая што‑н. мае ў гэты момант. Раненыя падхапіліся. У большасці іх зброя была пры сабе.Шамякін.— Добра яшчэ, што пры мне сякера была.Якімовіч.
8. Ужываецца для ўказання на асобу, у якой хто‑н. знаходзіцца, жыве. Жыў пры матцы перш хлапчынка, І была халупка ў іх, Дзе курылася лучынка, Дзе туліліся ўтраіх.Колас.Алесь не памятае, як ён потым, дзе і пры кім або з кім піў малако.Брыль.
Акалічнасныя адносіны
9. Ужываецца для ўказання на якую‑н. з’яву, акалічнасць, якія суправаджаюць што‑н. Пры святле месяца. □ І пры гэтым святле Я запісваю з болем у сэрцы Час дакладны, але, Час яе [вуліцы] незабыўнае смерці.Куляшоў.// Ужываецца пры назвах прадметаў, што служаць указаннем на пэўныя абставіны, пры якіх што‑н. адбываецца. І вось пры лучыне пільна і клапатліва тупаюць два чалавекі — бондар Даніла і яго жонка Аўдоцця.Бядуля.Недасачылі за ёю [газетай] фашысцкія вочы, Не захапілі пры лямпе яе апаўночы, Не пашматалі яе на кавалкі рукамі...Куляшоў.
10. Ужываецца для ўказання на асобу ці калектыў, у прысутнасці якіх што‑н. адбываецца. — Я шкадую, што не пайшоў наадкрытую: трэба было, каб пры нас, пры людзях Тэкля пайшла з хаты назаўсёды.Чорны.А ў сяле дзяўчаты ходзяць, Паглядаючы здаля Сарамліва пры народзе На Фядоса-каваля.Буйло.Схудзеў прафесар, аблахмаціўся, вочы ў яго ўваліліся, гаруе бедны, як не плача пры людзях.Гарэцкі.
11. Ужываецца для ўказання на стан, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Быць пры памяці. □ Жывём кожная ў адзіноце ды пры гадах — чым далей, тым страшней, ліха на яго, жыццё такое.Лось.
Прычынныя адносіны
12. Ужываецца для ўказання на прычыну, падставу чаго‑н. Пры вашым непасрэдным удзеле. □ Пры дапамозе таварышаў Паўлу ўдалося ўступіць у рабочы батальён.Брыль.
13. Ужываецца для ўказання на наяўнасць якіх‑н. уласцівасцей, якасцей і пад., якія выклікаюць што‑н., з’яўляюцца прычынай чаго‑н. або падставай для чаго‑н. — Пры тваіх здольнасцях ды старанні многа можна зрабіць.Колас.
Умоўныя адносіны
14. Ужываецца для ўказання на падзею, факт або абставіны, якія з’яўляюцца ўмовай для ажыццяўлення чаго‑н. Такім чынам зараз у сталоўцы магло свабодна абедаць чалавек сорак, але было яшчэ шмат вольнага месца, каб пры патрэбе гэты лік можна было значна павялічыць.Колас.
Уступальныя адносіны
15. Ужываецца для ўказання на прадмет або абставіны, нягледзячы на якія што‑н. існуе, адбываецца. Пры такой сціпласці ён усё ж адважыўся заявіць аб сабе ўголас. Пры ўсім пры тым нельга не ўказаць і на наступныя акалічнасці...
•••
Адзін пры аднымгл. адзін.
Дзень пры днігл. дзень.
Ні пры чымгл.што.
Пры чым тут..?гл.што.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ (16 ст.).
Карэнная змена ўсяго ладу старабел. жыцця, што пачалася ў 16 ст., адлюстравалася ў станаўленні новай адраджэнскай культуры, апорай якой станавіліся гарады, населеныя рамеснікамі, заможнымі мяшчанамі і купцамі. Важнейшую ролю ў дзярж. справах пачала адыгрываць шляхта, якой уласціва развітая саслоўна-нац. самасвядомасць. Распаўсюджанне кніжнасці ў гэтым асяроддзі звязвалася з узнікненнем рэнесансава-гуманіст. светапогляду, вядучае месца ў якім занялі свецкія — юрыд.-прававыя, патрыят. і агульначалавечыя — духоўныя каштоўнасці. Гэта выяўлялася ва ўсталяванні гарадскога самакіравання, наданні многім гарадам магдэбургскага права і развіцці адпаведных жанраў дзелавога пісьменства. Узніклі Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, а некаторыя артыкулы і прадмовы да іх (напр., «Зварот да ўсіх саслоўяў» Л.Сапегі) напісаны літаратурна дасканала, з выкарыстаннем розных стылістычных сродкаў (тропаў, метафар) і лічацца помнікамі маст. публіцыстыкі. Пазней узнік шэраг дзярж. дакументаў, якія трывала ўзаемадзейнічалі з маст. літаратурай («Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага», Метрыка ВКЛ і інш.). Створаны манастырскія (Супрасльская і інш.), саборныя (Сафійская ў Полацку), прыватныя бібліятэкі (Радзівілаў, Сапегаў і інш.). Пачалося інтэнсіўнае развіццё ўсіх галін мастацтва і культуры, вялікіх поспехаў дасягнулі філалогія і славеснасць на нац. мове. Тагачасны літ. працэс уяўляў сабой сінтэз нац. і агульнаеўрап. і адбываўся пад уздзеяннем процілеглых фактараў: гуманізму і Рэфармацыі. Узнікае цікавасць да чалавека па-за межамі яго сац. становішча, хоць суб’ектыўная разняволенасць стрымлівалася ідэямі служэння грамадству, што звязана з моцнай дарэнесансавай культ. традыцыяй, абумоўленай спецыфікай гіст. развіцця і становішча Беларусі. Адбывалася ломка сярэдневяковай жанрава-стылістычнай сістэмы, аднак дзеячы Адраджэння працяглы час імкнуліся не адкідаць, а наследаваць і ў новых умовах творча выкарыстоўваць дасягненні культуры папярэдніх перыядаў, штонайб. яскрава выявілася ў дзейнасці пісьменнікаў-рэфарматараў.
Новай з’явай, што мела важнае значэнне для развіцця літаратуры і філал. культуры, было ўзнікненне кнігадрукавання на бел. і царкоўнаслав. мовах, а таксама пашырэнне лац. мовы і кніжнасці, пранікненне якіх на бел. землі было абумоўлена пераадоленнем сярэдневяковай рэліг. замкнёнасці і развіццём шматбаковых узаемасувязей з зах.-еўрап. краінамі. Дзякуючы гэтаму адкрыўся шырокі доступ да багатай ант. і рэнесансавай літаратуры. Многія паэты імкнуліся ў сваёй творчасці адрадзіць «натуральную мову» антычнасці, параўнацца са стараж. рымлянамі ў літ. майстэрстве. Адзін з пачынальнікаў гуманіст. літаратуры ва Усх. Еўропе Я.Вісліцкі напісаў рэнесансавую гісторыка-гераічную паэму «Пруская вайна» (1516). Выдатным паэтам-новалаціністам быў Мікола Гусоўскі — аўтар вершаў і паэм, сярод якіх асобнае месца займае глыбокапатрыятычная «Песня пра зубра» (1523). З вялікай маст. сілаю і любоўю паказана ў паэме прыгажосць бел. прыроды, апеты ратныя і прац. справы, заняткі і звычаі бел. народа, услаўлена яго гераічнае мінулае. У творы выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал аўтара з яго верай у чалавека дзейнага, мужнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага. Ва ўмовах Адраджэння ўзмацнілася цікавасць да гісторыі народа і краіны. У 1-й пал. 16 ст. ўзнікла «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — белетрызаваны гісторыка-публіцыстычны твор, у якім пададзена велічная, ідэалізаваная і амаль цалкам легендарная першапачатковая гісторыя Літвы, сцвярджаецца высакароднае паходжанне літ. князёў і паноў (ад рымскіх патрыцыяў). Асобныя старонкі твора напісаны сцісла і суха, маюць шмат сэнсавых і стылістычных паўтораў; іншыя — больш жыва, часам паэтычна. Найвышэйшае дасягненне тагачаснай гіст. прозы — Хроніка Быхаўца, пададзеная ў форме гіст. аповесці і прысвечаная гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пач. 16 ст. Большая яе частка — цалкам арыгінальны твор, напісаны невядомым аўтарам, які імкнуўся даць максімальна поўную карціну мінулага Літвы і Беларусі і адначасова стварыць літ.-маст. вобраз краіны. Многія раздзелы хронікі маюць выгляд завершаных белетрызаваных апавяданняў. Свабодна камбінуючы і зводзячы ў адно розныя крыніцы, аўтар свядома ствараў займальную, прасякнутую патрыят. ідэяй гіст. аповесць, якая б кранала пачуцці чытача. Свецкае красамоўства прадстаўлена панегірыкамі выдатным дзеячам айчыннай гісторыі («Пахвала Вітаўту», «Пахвала князю К.І.Астрожскаму»). Сведчаннем узмацнення тэндэнцыі да пераадолення старых традыцый можна лічыць адыход ад рэлігійнасці і дэмакратызацыю літаратуры, абнаўленне яе жанравай сістэмы, далейшае ўдасканаленне бел.літ. мовы, ажыццяўленне перакладаў такіх твораў, якія раней былі невядомы. У 16 ст. перакладчыкі імкнуліся перапрацоўваць замежныя помнікі з пазіцый гуманізму і ідэй служэння «людям простым посполитым».
Этапнае значэнне ў гісторыі бел. літаратуры мела творчасць бел. гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання, пісьменніка і перакладчыка Ф.Скарыны. Яго клопат пра асвету людзей усіх саслоўяў, прапаганда ведаў і маральнай чысціні, сцвярджэнне годнасці асобы і вера ў сілу чалавечага розуму, барацьба за высокія гуманіст. ідэалы станоўча ўплывалі на ідэйны змест і характар бел. літаратуры. Дасканалы пераклад і высокамастацкае выданне Скарынам 23 кніг Бібліі (Прага, 1517—19) на зразумелай народу мове духоўна ўзбагачалі бел. чытача. У 1522 Ф.Скарына заснаваў у Вільні першую ў Беларусі друкарню і выдаў «Малую падарожную кніжку», куды ўвайшлі Псалтыр, Часасловец, акафісты, каноны, «Шасцідневец», Святцы, Пасхалія, а ў 1525 — кн. «Апостал». Імкнучыся зрабіць тэкст зразумелым для чытачоў і разам з тым захаваць яго аўтэнтычнасць, асветнік змяшчаў у выданнях глосы, чым была закладзена аснова бел. лексікаграфіі. Перакладаючы Біблію і рыхтуючы інш. выданні, Ф.Скарына не выходзіў за межы рэліг. інтэрпрэтацыі сюжэтаў. Але ў яго светапоглядзе назіраецца сінтэз рэнесансава-гуманіст., раннехрысц., дэмакр. ідэй і нар. маралі. Таму скарынаўская трактоўка біблейскіх сюжэтаў вызначаецца арыгінальнасцю, творчым стаўленнем да тэксту. Ф.Скарына быў пачынальнікам бел. вершаскладання, давёў да высокай дасканаласці жанры прадмоў і пасляслоўяў, у якіх пачаткі бел. літаратуразнаўства і крытыкі. Яго ўласныя творы шмат у чым прадвызначылі шляхі і асаблівасці развіцця бел. літаратуры, а кнігавыдавецкая, пісьменніцкая і перакладчыцкая дзейнасць паслужыла ўсталяванню новых гуманіст. каштоўнасцей, далейшаму развіццю кнігадрукавання і культуры ва Усх. Еўропе.
У 2-й пал. 16 ст. зарадзіліся новыя віды і жанры (беларускамоўная кніжная паэзія, драматургія, публіцыстыка, аўтабіяграфічная проза), паскорыліся працэсы разбурэння сярэдневяковай сінкрэтычнасці і выцяснення твораў старой правасл. кніжнасці на перыферыю літ. жыцця. Літаратура стала сацыяльна завостранай, у ёй узмацнілася роля аўтарскага пачатку, зараджаліся індывід. стылі, павялічыліся выяўленчыя магчымасці, узніклі сюжэтнасць і пацяшальнасць, пашырыліся тэматычны ахоп жыцця і сац. база. У многіх гарадах былі адкрыты друкарні і школы розных кірункаў (пратэстанцкія, правасл., каталіцкія), выдаваліся першыя буквары, граматыкі, слоўнікі, павялічвалася кола адукаваных людзей. Творы пісаліся і друкаваліся на бел., царкоўнаслав., польскай, лац., татарскай, яўр., старажытнарус. мовах. У 1550—70-я г.бел. літаратура развівалася пад моцным уплывам рэфармацыйных ідэй, што было абумоўлена бытаваннем на бел. землях рэліг. вальнадумства, ерасей, пранікненнем на Беларусь розных плыней зах.-еўрап. пратэстантызму (кальвінізму, лютэранства, антытрынітарызму і інш.). Прапаведніцкая дзейнасць бел. рэфарматараў мела раннебуржуазны характар і адыграла важную ролю ў абуджэнні грамадскай думкі, спрыяла пашырэнню рацыяналізму і ўмацаванню рэліг. верацярпімасці. Пачалося актыўнае выданне палемічнай і навучальнай літаратуры. Узніклі новыя публіцыстычныя жанры, змянілася змястоўнае напаўненне твораў, напісаных згодна з традыцыямі старых жанраў: пісьменнікі-публіцысты сталі звяртацца да фактаў рэальнасці і даваць ім ацэнку з пункту гледжання ідэй рэнесансавага гуманізму і Рэфармацыі.
Найб. развіцця дасягнула публіцыстыка, асн. відамі якой былі прадмова і друкаваная прамова-пропаведзь, моцныя сваім сац. зместам і крытычнай завостранасцю. Менавіта ў апошнім жанры Якуб з Калінаўкі і Л.Крышкоўскі выступілі супраць прыгону, Павел з Візны — супраць маёмаснай, юрыд. і сац. няроўнасці, а Пётр з Ганёндза першы сфармуляваў прынцыпы свабоды сумлення і прававой роўнасці ўсіх канфесій. Буйнейшымі прадстаўнікамі рэфармацыйнай публіцыстыкі на Беларусі былі С.Будны, В.Цяпінскі і А.Волан. Бліскучы палеміст, ідэолаг антытрынітарыяў у ВКЛ С.Будны ўвайшоў у гісторыю слав. культуры як аўтар «Катэхізіса» (Нясвіж, 1562) з антыклерыкальнай прадмовай, у якой звярнуўся да лідэраў бел. Рэфармацыі М.Радзівіла Чорнага і М.Радзівіла Рудога з заклікам аддаць усе сілы на службу Радзіме. Ён ажыццявіў таксама шэраг інш. выданняў на бел. (не захаваліся) і польскай мовах, у т. л. Біблію, і быў першым у Еўропе крытыкам перакладаў Свяшчэннай кнігі. Яго пяру належыць шэраг літ.-філас. («Прасвецкую ўладу», 1583) і багаслоўскіх («Пра дзве прыроды Хрыста», 1575; «Пра асноўныя палажэнні хрысціянскай веры», 1576, і інш.) трактатаў. Рэліг. і грамадскія погляды пісьменніка не былі ўстойлівымі. На аснове рэфармавання рэлігіі ён імкнуўся выпрацаваць такое маральна-этычнае вучэнне, якое служыла б усталяванню ладу ў дзяржаве і сац. справядлівасці ў грамадстве. На гэтым шляху С.Будны перасягнуў многіх дзеячаў зах. Рэфармацыі і выявіў сябе як арыгінальны мысліцель. Паслядоўнік скарынаўскіх традыцый В.Цяпінскі ўпершыню пераклаў на бел. мову Евангелле (1570-я г.), напісаў да яго патрыят. «Прадмову», у якой абгрунтаваў думку пра значэнне адукацыі на роднай мове, пра бел. школу, якая павінна выхоўваць нац. свядомасць. Ён першы адзначыў негатыўны характар паланізацыі, якая ў той час толькі пачыналася. Паліт. дзеяч і рэфарматар А.Волан апублікаваў на лац. і польскай мовах больш за 30 публіцыстычных твораў, дзе крытыкаваў догматы і арганізац. ўладкаванне папскай улады, адстойваў прынцыпы рэліг. талерантнасці, з’едліва высмейваў абскурантызм рэліг. фанатыкаў. Свецкую гуманіст. накіраванасць маюць яго дыялог «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду» (1572), трактаты «Прамова да Сената» (1572), «Пра дзяржаўнага мужа і яго дабрачыннасці» (1608), у якіх аўтар імкнуўся вырашыць грамадскія супярэчнасці шляхам рацыянальнага ўладкавання грамадства на чале з манархам. Яго палемічныя выступленні супраць езуітаў перавыдавалі ням. пратэстанты і франц. гугеноты, а каталіцкі касцёл занёс іх у індэкс забароненых кніг. Станаўленне свецкай публіцыстыкі звязана з імем М.Літвіна, які напісаў трактат «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» (каля 1550), дзе параўноўваў звычаі, законы, арганізацыю кіравання і суда ў крымскай, маскоўскай і бел.-літ. дзяржавах. Дзякуючы духу рэліг. талерантнасці на Беларусі знайшлі прытулак апальныя літаратары з інш. краін, у т. л. Арцемій і Феадосій Касой з Расіі. Свецкім публіцыстычным характарам вызначаюцца лісты і інш. творы А.Курбскага. На лепшых традыцыях красамоўства заснавана палымяная прамова Я.Хадкевіча, змешчаная ў «Дзённіку Люблінскага сойму 1569». Каб абараніць інтарэсы ВКЛ, Я.Хадкевіч выкарыстоўваў розныя прыёмы і эмацыянальна-вобразныя сродкі прамоўніцкага майстэрства. Складзены невядомым аўтарам «Дзённік...» аднаўляе многія закулісныя эпізоды соймавай барацьбы, уводзіць чытача ў побытавую атмасферу жыцця дэлегатаў. Адзіны ў сваім родзе твор — «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл», змешчаная ў «Хроніцы Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», — узнік на скрыжаванні рыцарскага эпасу і гіст. апавядання. Гэтая займальная гісторыя кахання герояў раскрывае прыгажосць інтымнага пачуцця, асэнсаванага пад уздзеяннем рэнесансавага гуманізму як надзвычайная каштоўнасць. З 1550-х г. пачынаецца развіццё рэфармацыйнай паэзіі. Пратэстанты шырока выкарыстоўвалі ў набажэнстве рэліг. песні. Зборнікі такіх песень (канцыяналы) былі падрыхтаваны Ц.Базылікам (1556, Кракаў) і Я.Зарэмбам (1558, Брэст). У ананімным нясвіжскім «Канцыянале» (1563) разам з рэліг. змешчаны застольныя і сатыр. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
го́лы, ‑ая, ‑ае; гол, ‑а.
1. Не прыкрыты адзеннем, не апрануты. Голыя рукі. □ У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі.Асіпенка.Адрозніць начальнікаў ад падначаленых у рухлівым натоўпе да пояса голай, загарэлай і запыленай моладзі — амаль немагчыма.Брыль.//Разм. Бедны. Гулялі, пакуль голыя сталі.Прыказка.
2. Пазбаўлены расліннага або валасянога покрыва (пра дрэвы, часткі цела і пад.). Дрэвы стаялі голыя — і тыя, што былі апалены, і тыя, што заставаліся цэлымі.Якімовіч.Круглым голым тварам [мандарын] нагадваў старую бабу, нягледзячы нават на вузенькую сівую казліную бародку.Маўр.// Пазбаўлены расліннасці, пустынны (пра мясцовасць). Пачарнеў лес, скінуўшы на дол апошняе сваё залатое ўбранне, асірацелі голыя палеткі.Краўчанка.
3. Нічым не пакрыты, не прыкрыты. Голыя сцены. □ [Нявада] зачыніў сенцы, увайшоў у хату і прылёг на голы палок.Чорны.Уцякала Бандароўна Ды паміж платамі, А за ёю тры гайдукі З голымі шаблямі.Купала.
4.Разм. Без ніякіх дадаткаў, прымесей; чысты. Голы пясок.
5.перан.Разм. Узяты сам па сабе, без тлумачэнняў, дадаткаў і пад. Голыя лічбы. □ Засяроджанне ўвагі толькі на ідэйным баку твора без уліку яго мастацкай формы мімаволі вядзе да голых сацыялагічных разважанняў.Шкраба.
•••
Браць (узяць) голымі рукамігл. браць.
Гол як сакол — дужа бедны, нічога не мае.
Голаму разбой не страшангл. разбой.
Голы як бізун — пра вельмі беднага чалавека.
Голы як бубен — пра голае, без расліннасці, выбітае месца.
Голы як стары венік — тое, што і голы як бізун.
З голымі рукамігл. рука.
На голым месцыгл. месца.
Свяціць голым целамгл. свяціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гато́вы, ‑ая, ‑ае; гатоў, гатова.
1. Які падрыхтаваўся да чаго‑н., зрабіў усе неабходныя прыгатаванні. Усе гатовы да выканання заданняў. □ Святлану з нецярплівасцю чакала гатовая ў дарогу сям’я.Шахавец.
2.нашто або зінф. Ахвочы, схільны зрабіць што‑н., згодны на што‑н. За свет новы Мы гатовы І на бой пайсці суровы Супроць чорнай зграі.Колас.//зінф. Які знаходзіцца ў стане, блізкім да чаго‑н. Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца.Чорны.
3. Падрыхтаваны, прыгодны да выкарыстання. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік.Лынькоў.// Канчаткова зроблены, закончаны ў сваёй вытворчасці. Гатовая дэталь. □ Удар за ўдарам, удар за ўдарам, і вось на кавадле ляжыць амаль гатовы лямеш.Курто.// Загадзя абдуманы, падрыхтаваны (пра думку, фразу і пад.). Гатовае паняцце. Гатовая схема./узнач.наз.гато́вае, ‑ага, н.Згодаю двор збудуеш, а нязгодаю — гатовае разгубіш.Прыказка.
4.толькікар. ф., узнач.вык.Разм. Вырашае канчатковы вынік якога‑н. дзеяння або стану і ужываецца ў значэннях: а) памёр, сканаў; б) зусім п’яны. Ужо гатоў, напіўся!//безас. Усё закончана, канец. — Атрымалася проста: вылецеў цецярук, я бац — і гатова!Гамолка.
•••
Будзь гатоў! — вітанне піянераў пры сустрэчы; Заўсёды гатоў! — адказ на такое вітанне; дэвіз.
Гатоў скрозь зямлю праваліцца — выраз, які азначае моцнае жаданне знікнуць, схавацца куды‑н. ад сораму, страху і пад.
На ўсім гатовым — на поўным забеспячэнні, ні аб чым не клапоцячыся (жыць, быць і пад.).
Раз-два і гатовагл. раз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́зацца, рэжуся, рэжашся, рэжацца; незак.
1. Раздзяляцца на часткі пад дзеяннем чаго‑н. вострага. — Мама ніколі не давала .. [нажніц], але я бачыў, як добра рэзаўся імі нейкі чырвоны матэрыял! Што б мне паспрабаваць парэзаць?Арабей.
2.Разм. Забіваць, рэзаць сябе чым‑н. вострым. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае [схільнасць] да таго ці іншага спосабу самагубства — адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю.Колас.
3.Разм. Рэзаць, рабіць балюча, муляць. Пальцы мае не надта могуць чым пахваліцца: то грыф ім тоўсты, то далёка адзін ад аднаго лады, то рэжуцца струны.Скрыган./убезас.ужыв.Андрэй уздрыгвае, трэ пальцамі вочы — рэжацца пад павечкамі...Пташнікаў.
4. Церціся, шаравацца аб што‑н. Не лескаталі калёсы — тут быў пясок, храплі толькі ад пылу коні, і рэвалася ў некага ціха жалеза аб жалеза: кола аб загваздку.Пташнікаў.
5.Разм. Урэзацца ў што‑н. Вось гара. Прыціхлі коні, Колы рэжуцца ў пясок.Колас.
6.Разм. З’яўляцца, прарэзвацца (пра зубы). У сына першы рэзаўся зубок — Матуля шмат начэй не спала.Корбан.
7.Разм. Біцца халоднай зброяй. А людзі? Яшчэ не пакінулі біцца, Калоцца, рэзацца...Куляшоў.// Сварыцца. — От жа адвакаты рэзаліся — як сабакі!..Брыль.
8.Разм. Гуляць з азартам у якую‑н. гульню. Рэзацца ў шашкі. □ Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня.Чарнышэвіч.
9.Зал.да рэзаць (у 1, 2, 3 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
САЮ́З САВЕ́ЦКІХ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫХ РЭСПУ́БЛІК (СССР), Савецкі Саюз,
шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч.тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл.СССР складала 22,4 млн.км², нас. 286,7 млн.чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г.Масква. Утварэнне СССР было заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.В.Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якім інш.сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.І.Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, штоЦБКП(б)Б было супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас. з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав.сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.А.Калінін, Р.А.Пятроўскі, А.Р.Чарвякоў, Н.Н.Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на II з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВКБССР Прэзідыум ЦВКСССР са згоды Усерас.Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац. дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г.СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн.чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з крас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв. сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.А.Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г.СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац.сав. дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.
Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.С.Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
Кр.:
Образование СССР: Сб. док. М., 1972;
Несостоявшийся юбилей: Почему СССР не отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.
Літ.:
Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;
Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;
Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;
Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;
Куличенко М.И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;
Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;
Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн. 1—3. М., 1992—93;
Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;
Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;
Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;
Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;
Национальная политика России: история и современность. М., 1997;
Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.
У.Я.Казлякоў, І.А.Літвіноўскі.
Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВКСССР М.І.Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦККПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.П.Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.А.Гагарын. 1960-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНАЕ ПЫТА́ННЕ,
комплекс сац.-эканам. праблем агр. сектара, абумоўленых формай уласнасці на зямлю і характарам агр. палітыкі дзяржавы. Ахоплівае землеўладанне і землекарыстанне, аграрныя адносіны, аграрныя рэформы, аграрныя крызісы, вырашэнне сац. запатрабаванняў сялянства. Аграрнае права — адно з карэнных у развіцці грамадства, таму што зямля — асн. сродак вытв-сці, с.-г. дзейнасцю займаецца большая частка насельніцтва зямнога шара, ад эфектыўнасці агр. сектара залежыць стан харч. праблемы і сыравіннай базы прамысловасці.
Аграрнае права ўзнікла ў выніку грамадскага падзелу працы, развіцця тавараабмену і паглыблення сац. няроўнасці, якая прывяла да узурпацыі зямельнай уласнасці. У эпоху феадалізму зямля канцэнтравалася пераважна ва ўладаннях феадалаў (князёў, баяр, шляхты, баронаў, памешчыкаў і інш.), якія ў розных формах спаганялі з прыгонных сялян зямельную рэнту. Капіталіст. ўклад у сельскай гаспадарцы фарміраваўся двума шляхамі: т.зв. «прускім» (праз эвалюцыю феад.-памешчыцкіх гаспадарак) і «амерыканскім» (развіццё фермерства). Першы шлях найб. характэрны для Германіі, другі — для ЗША; у Рас. імперыі спалучаліся абодва тыпы. У Англіі зямлю ў сялян адбіралі і перадавалі лендлордам. Ва ўсіх выпадках нараджэнне сельскай буржуазіі было вынікам канцэнтрацыі ў яе ўласнасці большай часткі зямельных угоддзяў пры абеззямельванні сялян. Хоць феад. перажыткі ў некаторых краінах доўга захоўваліся, развіццё капіталізму спрыяла пераадоленню застою ў сельскай гаспадарцы, укараненню новай тэхнікі, павышэнню прадукцыйнасці працы ў с.-г. вытв-сці. Асабліва хутка гэты працэс адбываўся ў развітых краінах, дзе пасля 2-й сусв. вайны пачалі ажыццяўляць дзярж. рэгуляванне агр. сектара, накіраванае на ўзмацненне буйных гаспадарак за кошт дробных, каб найб. эфектыўна выкарыстаць дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Такая палітыка з сярэдзіны 1950-х г. пашырылася ў краінах Зах. Еўропы і атрымала назву «зялёных планаў». Так, у ФРГ за 1949—70 ліквідавана 756 тыс. (амаль 49%) гаспадарак памерам да 10 га, у ЗША за 1940—64 колькасць фермерскіх гаспадарак зменшылася на 2,9 млн. (амаль удвая). Вытворчасцю с.-г. прадукцыі пачалі займацца і буйныя прамысл. карпарацыі. З ростам тэхн. аснашчанасці агр. сектара змяншаецца колькасць сельскага насельніцтва. У развітых краінах Зах. Еўропы яго ўдзельная вага знізілася з 36% у 1937 да 23% у 1965. У 1965—68 у агр. сектары было занята ў ЗША 9%, Канадзе 11, Францыі 16% насельніцтва. Асабліва зменшылася колькасць сямейных і наёмных рабочых. Але пры гэтым істотна вырасла эфектыўнасць с.-г. вытв-сці. Пасля 2-й сусв. вайны прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы ЗША (у рэчыўным выражэнні) расце ўдвая хутчэй, чым у інш. сектарах эканомікі. Калі ў 1950 адзін работнік, занята ў с.-г. вытв-сці, мог забяспечыць харчаваннем 15 чал., то ў 1968 — 43, у 1987 — 96 чалавек. У выніку моцнай дзярж. падтрымкі агр. сектара развітыя краіны маюць дастаткова харч. прадуктаў і на свае патрэбы і на экспарт; у агр. сектары створана сучасная інфраструктура, забяспечаны высокі ўзровень жыцця. Але і ў гэтых краінах існуюць свае праблемы ў аграрным праве.
На Беларусі з адменай прыгону (1861) для развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы былі больш спрыяльныя ўмовы, чым у інш. рэгіёнах Расіі. У выніку паўстання 1863—64 царскі ўрад вымушаны быў ажыццявіць тут шэраг мерапрыемстваў, якія аблягчалі вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Шырокая сетка чыгунак садзейнічала больш шырокаму збыту с.-г. прадукцыі на ўнутр. і замежных рынках. Але і тут да Кастр. рэвалюцыі 1917 захавалася шмат буйных латыфундый (больш за 10 тыс.дзес. кожная): у 1877 іх было 116, у 1905 — 119. З агульнай зямельнай пл. 16 595 тыс.дзес. у 1877 на прыватнаўласніцкія гаспадаркі прыпадала 55,4%, у 1905 — 57%; на надзельныя адпаведна 33,4% і 33,2%. У 1877, паводле звестак надзельнага землекарыстання, 61,9% сял. двароў мелі да 15 дзес., 27,6% — па 15—16 дзес. і 10,5% — больш за 20 дзес. кожны. У 1917 на кожную з 576,2 тыс.сял. гаспадарак прыпадала ў сярэднім па 8,9 дзес. зямлі. Развіццё капіталізму ў вёсцы абумоўлівала рост тэхн. аснашчанасці, таварнасць с.-г. вытв-сці; с.-г. прадукцыя Беларусі актыўна пранікала на рас. і сусв. рынкі. Але развіццё капіталіст. адносін стрымлівалася феад. перажыткамі. Прыкладна 2/3 даходу сяляне аддавалі на грашовыя падаткі і натуральныя павіннасці. Таму яны выступалі за «амерыканскі» шлях развіцця капіталізму, у той час як памешчыкі і царскія ўлады імкнуліся накіраваць гэты працэс па «прускім» шляху.
Да аграрнага права і шляхоў яго вырашэння па-рознаму ставіліся паліт. партыі і арг-цыі. Правыя бурж. партыі (акцябрысты, мірнаабнаўленцы і інш.) падтрымлівалі Сталыпінскую аграрную рэформу, дапускалі адчужэнне зямлі ў памешчыкаў толькі ў выключных выпадках за выкуп. Кадэты, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі і блізкія да іх арг-цыі стаялі за дадатковае надзяленне сялян зямлёй за кошт прымусовага адчужэння часткі памешчыцкіх зямель за выкуп. Эсэры, трудавікі, Бел.сацыяліст. грамада, Польская сацыяліст. партыя прадугледжвалі канфіскацыю памешчыцкай зямлі без выкупу і размеркаванне яе паміж сялянамі. Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала рэв. вырашэнне аграрнага права праз нацыяналізацыю зямлі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана. З канфіскацыяй і размеркаваннем памешчыцкіх, царкоўных і казённых зямель сял. землекарыстанне ў БССР да 1923 павялічылася на 1042 тыс.дзес., а сярэдні зямельны памер сял. гаспадарак, якія атрымалі зямлю, вырас на 3—4 дзес. У выніку каля чвэрці бядняцкіх гаспадарак па плошчы землекарыстання перайшлі ў групу серадняцкіх. У час новай эканамічнай палітыкі ў 1920-я г. праводзіліся аб’яднанне дробных зямельных участкаў, выхад на хутары, пасёлкі і водрубы, дадатковае надзяленне малазямельных з дзярж. фонду і за кошт «лішкаў» зямлі, адрэзаных у кулакоў. На хутарах і адрубах у 1928 гаспадарыла 24% сялян. Мерапрыемствы па землеўпарадкаванні і хутарызацыі спрыялі павышэнню культуры земляробства, прадукцыйнасці працы. Да 1925 сельская гаспадарка БССР дасягнула даваен. ўзроўню. У 1927 у агульнай колькасці сял. гаспадарак больш за 50% было серадняцкіх, 47 бядняцкіх і 2,5% кулацкіх. У 2-й пал. 1920-х г. на прынцыпах добраахвотнасці і асабістай зацікаўленасці ў вёсцы паскорана развівалася кааперацыя, якая ў 1929 ахоплівала 69% сялян. Так праз апору на сял. дробнатаварную вытв-сцьсав. ўлада зрабіла важныя захады ў вырашэнні аграрнага права. Але яно зноў абвастрылася ў сувязі з калектывізацыяй, якая ажыццяўлялася пераважна прымусова. Кулакі і частка заможных сераднякоў (самыя вопытныя гаспадары) былі раскулачаны і сасланы. Зямлю ў сялян адабралі, аддалі калгасам і саўгасам, а сельскім жыхарам пакінулі невял. зямельныя надзелы для асабістай дапаможнай гаспадаркі. Дзяржава дапамагала калектыўным гаспадаркам тэхнікай, насеннем, спецыялістамі, але адначасова ажыццяўляла жорсткае адміністраванне, пазбаўляючы сялян самастойнасці ў вядзенні гаспадаркі, груба парушаючы прынцыпы матэрыяльнай зацікаўленасці. Таму разлік на істотнае павышэнне прадукцыйнасці працы ў калектыўных гаспадарках не апраўдаўся: у 1932—39 ураджайнасць збожжавых складала 5,2—6,7 ц/га (пры 7 ц/га у 1913), а бульбы 61—87 ц/га. Зменшылася пагалоўе і прадукцыйнасць жывёлы.
У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, напачатку панавала буйнапамешчыцкае землеўладанне пры малазямеллі і збядненні большай часткі сялян, захаванні феад. перажыткаў. Агр. рэформа 1920 мела бурж. характар, не вырашыла аграрнага права на карысць сялян. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) малазямельныя сяляне і парабкі без выкупу атрымалі 430 982 га з б. памешчыцкіх і часткова з казённых зямель і становішча іх палепшылася. Але і пасля гэтага большасць сял. гаспадарак заставаліся маламоцнымі (зямельны надзел больш як 340 тыс. гаспадарак не перавышаў 5 га). Калектывізацыя тут праводзілася больш павольна: да 1941 было арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядналі 6,7% сял. гаспадарак і 7,8% зямлі.
У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. акупанты ператваралі калгасы і саўгасы ў т.зв. абшчынныя гаспадаркі або на іх аснове стваралі свае дзярж. гаспадаркі з прымусовай прыгонніцкай працай. Пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў калгасы і саўгасы былі адноўлены, у зах. абласцях БССР пачалася прымусовая калектывізацыя. У 2-й пал. 1950-х г. сельская гаспадарка Беларусі дасягнула даваен. ўзроўню, а істотны рост с.-г. вытв-сці, паляпшэнне становішча сялян пачаліся ў 1960—70-я г. У 1987 атрыманы найбольшы за ўсю гісторыю Беларусі валавы збор збожжа (7,8 млн.т). У вёсцы ў вял. аб’ёмах вялося жыллёвае і культ.-быт.буд-ва. Калгаснікі атрымлівалі гарантаваную грашовую плату. Істотна павысіўся ўзровень механізацыі с.-г. вытв-сці, на жывёлагадоўчых комплексах вытв-сць прадукцыі пастаўлена на прамысл. аснову. Паглыблялася спецыялізацыя с.-г. вытв-сці і аграпрамысл. інтэграцыя.
Аднак эфектыўнасць агр. сектара Беларусі, як і ў цэлым СССР, істотна адставала ад развітых краін, а сац. развіццё вёскі — ад горада. Адна з гал. прычын у тым, што ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы селянін не мог распараджацца ні сродкамі вытв-сці, ні вынікамі сваёй працы. Дзяржава не толькі не аказала агр. сектару дастатковай фін. падтрымкі, а, наадварот, за яго кошт вырашала многія сац.-эканам. праблемы грамадства. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд у сельскай гаспадарцы Беларусі паглыбіліся крызісныя з’явы. Для выйсця з крызісу ажыццяўляецца новая агр. рэформа, сутнасць якой у ліквідацыі манапольнага права калгасаў і саўгасаў на карыстанне зямлёй, у развіцці ў агр. сектары розных формаў гаспадарання пры поўнай іх самастойнасці як суб’ектаў рыначнай эканомікі.
Літ.:
Липинский Л.П. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.). Мн., 1971;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Афанасенка И.Д., Давыденко Л.Н. Новый способ производства продовольствия. М., 1992;
Ленін У.І. Зямельнае пытанне ў Расіі // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);
Кэмпбел Р. Макконнелл, Стэнли Л. Брю Экономикс: принципы, проблемы и политика: Пер. с англ.Т. 2. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пусты́, ‑ая, ‑ое.
1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе.Чорны.Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі.Лынькоў.// Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы.Шамякін.К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй.Ермаловіч.// Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі.Скрыган.Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска.Кудраўцаў.// Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю.Дуброўскі.// Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое.Чыгрынаў.// Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты.Прыказка.// Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная.Чарнышэвіч.
2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.
3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся.Ракітны.На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта.Мележ.
4.перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго.Чорны.Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя.Бядуля.Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу.Шахавец.
5.перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя.Карпаў.Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём.Куляшоў.// Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам.Шахавец.Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні.Колас.
6.перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам.Лупсякоў.
7.узнач.наз.пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць.Машара.[Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах.Ракітны.
•••
Затычка ад пустой бочкігл. затычка.
Біцца за пусты мехгл. біцца.
З пустымі рукамігл. рука.
Пераліваць з пустога ў парожняегл. пераліваць.
Пустая гаворкагл. гаворка.
Пустое месцагл. месца.
Пусты кашалёкгл. кашалёк.
Пустыя кішэніукагогл. кішэнь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тупы́, ‑ая, ‑ое.
1. Такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад., недастаткова навостраны; проціл. востры. Тупы нож. Тупая сякера. □ Рыдлёўкі былі тупыя, а зямля цвёрдая, як камень.Асіпенка.// Які размешчаны насупраць завостранага канца, вострага краю. Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць.Мележ.Ад невясёлых думак .. [Данік] абмакнуў у чарніла тупы канец алоўка і напісаў на парце: Д. Малец.Брыль.
2. Які не звужаецца ці мала звужаецца, закруглены на канцы. Мае бацькі як бы ў аддзяку за поспехі ў навуках купілі мне шарсцяны касцюм, шаўковую сарочку і бліскучыя туфлі з тупымі насамі.Навуменка.Мокры пясок заскрыпеў пад тупым носам баркаса.Самуйлёнак.// Шырокі, круглы (пра галаву, морду і пад. жывёл). Нерпы высоўваюць над халоднай паверхняй вады свае тупыя морды.Бяганская.Галава ў сазана маленькая, тупая, з тоўстымі мясістымі губамі і маленькім ротам.Матрунёнак.
3.перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы (пра чалавека). Спачатку .. [Янка] стаў дарэктарам і два месяцы вучыў дзяцей на хутары ў нейкага шляхціца. Дзеці былі пераросткі і вельмі тупыя.С. Александровіч.[Андрэй:] — Што знайшла ў .. [Халусце] Алена? Дурны, тупы, як даўбешка.Чарнышэвіч.Няхай Баракаў бяздарны механік, тупы і абмежаваны чалавек, але ў яго сівыя скроні і дзеці ў інстытутах вучацца.Шамякін.// Які сведчыць пра разумовую абмежаванасць. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы.Машара.// Неразвіты, слабы. Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы.Скрыган.// Пазбаўлены разумнага зместу, значэння. Стаяў між ёю [Марынай] і Данілам Тупы закон, як плот глухі.Колас.[Якаў:] — Работа бясконцая, жыццё тупое, толькішто іншы раз вечарам да шляхецкіх дзяўчат сходзіш.Чарнышэвіч.У .. [Курце] прабудзілася нешта жывое, чалавечае. Можа ўбачыў, што, акрамя аднастайнай і тупой лагернай службы, ёсць яшчэ на зямлі сапраўднае жыццё.Ракітны.
4.перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы (пра чалавека). І стаялі над трупам героя тупыя ад злосці Немцы. Страх ледзяніў іх звярыную кроў.Панчанка.// Які сведчыць пра атупенне, пазбаўлены разумнасці; бяссэнсавы. Тупы страх. Тупы смутак. □ З Андрэем Лясніцкі стараўся не бачыцца, бо чуў да яго нейкую незразумелую тупую варожасць.Зарэцкі.// Які нічога не выказвае, бяссэнсавы (пра погляд, твар і пад.). Тупы позірк. □ [Марына Паўлаўна] праводзіла .. [Карызну] тупым адзеравянелым поглядам і ціха, пахіліўшы галаву, выйшла на вуліцу.Зарэцкі.
5. Не востры, глухі; ныючы (пра боль). [Ліда] цяжка апусцілася на лаўку, і толькі цяпер, адчуўшы тупы боль у сэрцы, моцна прыціснула рукой тое месца на грудзях, дзе білася сэрца.Васілевіч.Тупы боль у плячах не даваў магчымасці прытуліцца да сцяны, і хлопец доўга сядзеў сагнуўшыся, потым лёг па жывот.Федасеенка.
6. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі). Вецер свістаў ля акна, і чуцен быў трэск галін бярозы, што з тупым гукам біліся адна аб адну ў цемры.Пестрак.І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася.Караткевіч.
•••
Тупы як абух — някемлівы, неразумны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уле́гчыся, улягуся, уляжашся, уляжацца; уляжамся, уляжацеся, улягуцца; пр. улёгся, улеглася і уляглася, улеглася і уляглося; заг. уляжся; зак.
1. Легчы для сну, адпачынку. Улегчыся адпачываць. □ Васіль зачыніў сенцы, запёр іх на закрутку, раздзеўся ўпоцемку і ўлёгся спаць.Гартны.// Прыняць зручнае ляжачае становішча. Цётка .. крактала, варочалася, мабыць, пасля жніва балела цела, і яна ніяк не магла ўлегчыся.Асіпенка.[Сотнікаў] нетаропка выцяг[нуў] на снезе параненую нагу, улёгся і старанней, чымся раней, прыцэліўся.Быкаў.// Змясціцца дзе‑н. у ляжачым становішчы. Калі ж дзядзька Антось з пляменнікамі і старац улегліся ў гумне, Косцік не вытрымаў і запытаў: — Дзеду, а дзеду, калі казкі?С. Александровіч.
2. Змясціцца (аб прадметах). Улегліся кнігі ў чамадан. □ Сям-там трапляліся толькі сыраежкі і лісічкі. Яны сіратліва ўлягліся на дне кошыкаў, як дакор нашай празмернай даверлівасці да тых, хто паабяцаў нам тут грыбныя горы.Паслядовіч.
3. Асесці, апусціцца. Улеглася сена ў копах. Улёгся пыл. □ [Маці:] — От узараў, сынок, то і добра... Калі там і агрэх які, дарма... Перапрэе, уляжацца за зіму, а там на вясну зноў паднімеш.Кулакоўскі.Церусіў дробны снег, але вецер не даваў яму ўлегчыся, здуваў на абочыны вуліц, зганяў з тратуараў.Арабей.
4.перан.Разм. Аслабець, сціхнуць, супакоіцца (пра з’явы прыроды і пад.). Бура ўлеглася. □ Вецер улёгся. Цішыня стала такая, што лісце на ліпах абвяла — не зварухнецца.Ваданосаў.Летнім надвячоркам, калі ўжо трохі ўлеглася дзённая гарачыня, світанскі брыгадзір Лявон Цупкін падышоў пад акно яшчэ новай хаты і пабразгаў у шыбу.Сабаленка./ Пра гукі, шумы і пад. Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак.Колас./ Пра пачуцці, перажыванні, душэўны стан. Не паспела ўлегчыся адна радасць, як прыйшла другая.Дадзіёмаў.— А што ён казаў пра мяне? — закарцела даведацца Таццяне, як толькі трошкі ўляглося хваляванне.Пальчэўскі./ Пра грамадскія з’явы, адносіны, настроі і пад. [Гаспадыня:] — Лепей пачакаць тут, пакуль не ўляжацца гэта вайна.Чыгрынаў.[Войцік:] — Не, браце, на сваю кватэру табе [Максім] зараз ісці нельга. Эма перадала, каб ты, пакуль не ўляжацца гэта завіруха, дамоў не паказваўся.Машара.
5. Усталявацца, стаць. Ужо зіма добра ўлеглася, калолі па начах маразы вуглы ў хатах.Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)