род кветкавых раслінсям. бабовых. Каля 30 відаў у тропіках Паўд. Амерыкі. Як харч. і алейная расліна пашырана ў трапічным, субтрапічным і менш ва ўмераным паясах. Культывуецца арахіс культурны, або земляны (кітайскі) арэх (A. hypogaea). На Беларусі ёсць у калекцыі Цэнтр.бат. сада АН, вырошчваецца аматарамі.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 25—75 см. Сцябло прамастойнае або распасцёртае па зямлі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-аранжавыя, верхнія бясплодныя, ніжнія пладаносныя, клейстагамныя. Пасля апладнення кветаножка з завяззю пачынае расці, апускаецца да зямлі і заглыбляецца ў глебу, дзе выспявае плод — цыліндрычны або коканападобны струк з сеткаватай паверхняй і 1—7 зярнятамі, багатымі бялком (да 22%), алеем (да 42%), вугляводамі (да 13%) і вітамінам B1; мае ў сабе алкалоід арахін. Зярняты выкарыстоўваюцца на алей, кандытарскія вырабы, спажываюцца свежыя і падсмажаныя. З макухі робяць халву. Надземная маса — корм для жывёлы і сідэрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Н (Musa),
род кветкавых раслінсям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр.бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.
Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш.харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),
род кветкавых раслінсям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).
Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНАРЫЁЗЫ,
інфекцыйныя хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду альтэрнарыя. Крыніца інфекцыі — заражаныя насенне, расліны і пасляўборачныя рэшткі. Альтэрнарыёзы рэзка зніжаюць ураджайнасць, усходжасць насення, захаванасць пладоў. На Беларусі найб. шкаданосны альтэрнарыёз капусты — чорная плямістасць. Пашкоджвае ўсе наземныя ч. расліны, асабліва насеннікі, лісце і струкі якіх пакрываюцца цёмным напыленнем. Насенне робіцца шчуплае або зморшчваецца і засыхае. На лісці качаноў утвараюцца цёмныя плямы, тканкі якіх паступова адміраюць. Пашырэнню хваробы спрыяе вільготнае надвор’е. Альтэрнарыёз морквы — чорная гніль, пашкоджвае расліны ў час росту і пры захоўванні, асаблівыя страты наносіць насеннікам. На ўсходах хвароба праяўляецца ў выглядзе чорнай ножкі, пазней лісце жаўцее, вяне і засыхае. У сховішчах морква чарнее і гніе. Альтэрнарыёз бульбы і памідораў выяўляецца на лісці, сцёблах, чаранках, пладах. Альтэрнарыёз вядомы таксама на збожжавых, бабовых культурах, яблыні, грушы, агрэсце, табацы. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, пратручванне насення, знішчэнне раслінных рэшткаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,
сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнаеарган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв.макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Bucephala clangula),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны на вадаёмах лясной і часткова лесастэпавай зон Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца пераважна на таежных рэках і азёрах па поймах вял. рэк з лясістымі берагамі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду; гняздуецца ў паўн.ч. рэгулярна, у паўд. раёнах рэдка. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Нар. назвы вогаліца, гагаліца, вогаль.
Даўж. цела да 50 см, маса да 1,4 кг. Галава вялікая, шыя кароткая, тонкая. Самец белы з чорнай спінай і чорнай з зялёным адценнем галавой, на крыле вял. белае «люстэрка», каля дзюбы — круглаватая белая пляма. Самка драбнейшая, шэрая, з карычневай галавой і белым ашыйнікам. Гняздуецца ў дуплах высока над зямлёй. Займае і штучныя гнёзды — дуплянкі. Нясе 5—18 (часцей 8—9) яец. Добра лятае, плавае і нырае. Корміцца воднымі жывёламі, насеннем раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),
падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
Да арт.Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́З (Cucurbita),
род адна- і шматгадовых травяністых раслінсям. гарбузовых. Радзіма гарбуза — Цэнтр. Амерыка. Вядома 13 культ. відаў, якія вырошчваюцца на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбуз звычайны, ці цвердакоры (C. pepo), і яго разнавіднасці — кабачкі і патысоны, таксама гарбуз буйнаплодны, або гіганцкі (C. maxima). Харч., кармавыя, алейныя і дэкар. расліны.
Гарбуз звычайны — аднагадовая расліна. Сцябло граністае з вусікамі і калючым апушэннем, сцелецца, дае прыдаткавыя карані. Лісце 5-лопасцевае. Кветкі раздзельнаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — несапраўдная ягада, з тоўстай цвёрдай жоўта-аранжавай абалонкай, іншы раз з жоўта-зялёным малюнкам і мясістай аранжавай мякаццю. Мае цукры (да 8%), крухмал, бялкі, мінер. рэчывы, вітаміны. Плады вараць, пякуць, выкарыстоўваюць на кандытарскія вырабы. У насенні мае да 40% алею, да 28% бялку, ужываецца як глістагонны і мачагонны сродак. Меданос. Вырошчваецца насеннем або расадай. Вільгацялюбны. Добра расце на ўгноеных дзярнова-падзолістых глебах. Раянаваныя сарты: Мазалееўскі 49, Міндальны 35 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Гродзенская медыцынская школа,
першая ў Беларусі вышэйшая навуч. ўстанова па падрыхтоўцы мед. персаналу. Існавала ў 1775—81 у Гродне. Засн. па ініцыятыве Адукацыйнай камісіі і гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Арганізатар і кіраўнік — Ж.Э.Жылібер. Мела 3 аддзяленні: вышэйшае лекарскае (на 10 юнакоў са шляхты) для працы ў гарадах; падрыхтоўкі правінцыяльных лекараў і хірургаў (20 чал.); аддзяленне павітух (на 5, потым 17 чал.). Навучэнцы 2-га і 3-га аддзяленняў утрымліваліся за кошт казны і набіраліся з прыгонных сялян Брэсцкага, Гродзенскага, Оліцкага, Шавельскага каралеўскіх уладанняў, дзе яны павінны былі працаваць пасля заканчэння вучобы. Пры акадэміі дзейнічалі шпіталь (60 ложкаў), прыродазнаўчы кабінет, анатамічны т-р, аптэка (з 1687), б-ка, бат. сад (першы ў Беларусі і Рэчы Паспалітай, налічваў каля 2 тыс раслін). У 1781 пераведзена ў Вільню, дзе стала базай для стварэння мед. ф-та Віленскага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧКА (Fagopyrum),
род адна-, радзей шматгадовых травяністых раслінсям. драсёнавых. 4—5 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: грэчка пасяўная, ці ядомая (F. sagittatum, ці F. esculentum), — каштоўная крупяная культура, грэчка татарская (F. tataricum) — пустазелле.
Грэчка пасяўная — аднагадовая расліна выш. 40—120 см. Сцябло голае, злёгку рабрыстае, галінастае. Лісце трохвугольна-сэрцападобнае, бліскучае, зялёнае, іншы раз з антыцыянавай чырвона-бурай афарбоўкай. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя, зрэдку чырвоныя, сабраныя ў гронкі. Плод — трохгранны арэшак. Грэцкія крупы маюць 14—18% бялкоў, да 80% крухмалу, 3—3,5 % тлушчаў, цукры, мінер. солі, вітаміны. Добры меданос (да 100 кг мёду з 1 га пасеваў). Вегетац. перыяд 60—120 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: Аніта беларуская, Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Юбілейная 2.
Літ.:
Культурная флора СССР. Т. 3. Крупяные культуры. М., 1975;