падку́слівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які гаворыць з’едлівыя, непрыемныя словы. Настаўнік быў танкатвары, бледны, задумлівы, але з людзьмі наогул даволі ветлівы, прыемны і толькі часам, на злосць каму, падкуслівы і ўпарты, як казёл. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыко́нчыцца, ‑чыцца; зак.
Разм. Скончыцца. — От як толькі прыкончыцца гэтая калатня, дык [давай] пабяромся з табой дый пойдзем разам. — То куды ж гэта мы пойдзем? — яна [Алімпа] зрабіла выгляд, што не зразумела Анісімавых слоў. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расслібізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.
Разм. Прачытаць што‑н. з цяжкасцю, па складах. Якуб разгортвае .. [газеты] і кажа з жалем: — Вось толькі я чытаю не шыбка. Яшчэ сам сабе як-небудзь расслібізую... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарсце́ць, ‑ціць; незак.
Абл. Шуршэць, хрусцець (пра што‑н. шорсткае, сухое). Сошка крывенькая дол рэжа плытка, Толькі пясочак шарсціць. Колас. Хлопцу адчулася, як тое шкло шарсціць і скрыгоча ў яго пад нагамі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пароша ’снег, які толькі што выпаў’ (ТСБМ, Булг., Сл. ПЗБ, Шат., Касп.), поро́ша ’тс’ (ТС), паро́шка ’пароша; дождж, дробны, як раса’ (Нас.). Рус., укр. поро́ша ’тс’. Ад порах (гл.) з прасл. суф. ‑ja (параўн. SP, 1, 82).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА (ад франц. billon нізкапробнае серабро),
разменная непаўнацэнная метал. манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.
т. 3, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ПЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ў аб абмежаванні марскіх узбраенняў.
Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі. Прадугледжваў устанаўленне суадносін лінейнага флоту названых дзяржаў як 5:5:3:1,75:1,75 адпаведна, забарону будаваць лінейныя караблі водазмяшчэннем больш за 35 тыс. т, ствараць новыя ваенна-марскія базы і ўзмацняць берагавую ахову (толькі ЗША атрымалі права ўмацоўваць астравы, якія абараняюць непасрэдныя подступы да іх тэр. вод, а Вялікабрытанія—дамініёны Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя) і інш. Найб. выгадным дагавор быў для ЗША і Японіі. Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.
т. 5, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫ́ЛІЯ (ад грэч. eidyllion карцінка),
1) спакойнае, нічым не засмучанае, шчаслівае існаванне (часам — у іран. сэнсе).
2) У літаратуры жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі; верш з апісаннем спакойнага, сціплага жыцця звычайна на ўлонні прыроды. Стваральнік жанру стараж.-грэч. паэт Феакрыт. Яго І. вылучаюцца тонкасцю пачуццяў, майстэрствам адлюстравання быт. тыпаў і замалёвак прыроды, ідэалізацыяй побыту пастухоў, рыбакоў, сялян, што выклікала вял. колькасць перайманняў. У бел. паэзіі выкарыстоўваліся толькі ідылічныя матывы (вершы «Ціхі і сіні блішча над хатай...» М.Багдановіча, «Вясна», «Як я полем іду...» Я.Купалы, «Усход сонца», «Каханне» Я.Коласа і інш.).
А.С.Шаўчэнка.
т. 7, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУБЕ́НЬЧЫКАВЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Rhizobium),
род азотфіксавальных бактэрый, што ўтвараюць клубеньчыкі на каранях многіх бабовых раслін. Пры асіміляцыі К.б. малекулярнага азоту ён пераходзіць у засваяльную для раслін форму, а расліны забяспечваюць бактэрыі пажыўнымі рэчывамі. Уступаюць у сімбіёз з пэўным відам раслін, што ўзята за аснову іх відавой класіфікацыі (напр., Rh. trifolii спецыфічны толькі для канюшыны, Rh. melitoli — для баркуну, люцэрны).
У вольным стане К.б. — рухомыя палачкі 0,5—0,9 × 1,2—3 мкм, грамадмоўныя, няспораўтваральныя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Пры адсутнасці бабовых раслін жывуць у глебе як сапрафіты. Абагачаюць глебу азотам, выкарыстоўваюцца для вытв-сці бактэрыяльных угнаенняў.
т. 8, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІЯЛІЗА́ЦЫЯ (позналац. labialis губны ад лац. labium губа), агубленне,
артыкуляцыя гукаў мовы (галосных і зычных), якая суправаджаецца акругленнем выцягнутых уперад губ. Л. можа быць адрознівальнай прыкметай фанем (напр., у ням., франц., швед. мовах лабіялізаваныя галосныя фанематычна проціпастаўлены нелабіялізаваным). Існуюць лабіялізаваныя галосныя пярэдняга, сярэдняга і задняга (часцей) рада. Лабіялізаваныя зычныя як асобныя фанемы маюць паўн.-каўк. мовы. Л. з’яўляецца дадатковай артыкуляцыяй, якая прыводзіць да ўзнікнення камбінаторных варыянтаў (алафонаў) фанем, калі яна абумоўлена толькі фанет. становішчам гуку (напр., Л. зычных перад губнымі галоснымі, параўн.: бел. «сад» — «суд»). Для розных моў характэрна розная ступень Л.
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)