ЗУБНЫ́ КА́МЕНЬ,

мінералізаваныя адклады на паверхні зубоў з арган. асновы і солей (пераважна фосфарнакіслага кальцыю). Найчасцей бывае на шыйках зубоў, можа пакрываць значную ч. каронкі і кораня; адкладваецца і на зубных пратэзах. Колер З.к. ад светла-жоўтага да чорнага ў залежнасці ад ежы і курэння. Афарбоўка бывае і пры распадзе форменных элементаў крыві ў шчыліне дзясны. Шчыліна паступова павялічваецца; утвараецца кішэня дзясны. З.к. — адзін з фактараў развіцця хвароб парадонту.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТЫСУ́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Азербайджане. Размешчаны на паўн.-зах. схілах Карабахскага нагор’я, у глыбокай цясніне каля прытока Куры, на выш. амаль 2000 м.

Тэрмальныя мінер. воды (крыніцы вядомыя з 12 ст), горнае паветра, устойлівы мяккі клімат, інтэнсіўная сонечная радыяцыя ствараюць умовы для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, печані, нырак, парушэнняў абмену рэчываў і інш. Крыніцы халодных радонавых вод выкарыстоўваюць пры хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, сасудаў і сэрца, органаў руху і апоры.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЦЫДЫЁЗ,

адна з інвазійных хвароб чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычнымі прасцейшымі — какцыдыямі. Узбуджальнікі развіваюцца ў клетках кішэчнага эпітэлію, праз сасуды гематагенным шляхам заносяцца ў печань, ныркі і інш. органы, дзе пачынаюць дзяліцца. Перадаюцца праз ежу, ваду, прадметы. Праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 39 °C, слабасцю, дрэнным апетытам, паносам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вельмі пашыраны К. свойскіх жывёл. Ён прыносіць значныя эканам. страты, асабліва ў птушка- і трусагадоўлі. Найчасцей бывае ў веснавы і летні перыяды.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́Н (ад грэч. kolla клей + ...ген),

фібрылярны бялок, што ўтварае аснову калагенавых валокнаў злучальнай тканкі і забяспечвае яе трываласць. Складае каля ​1/3 усіх бялкоў арганізма. Малекула К. ўтворана з 3 поліпептыдных ланцугоў; у саставе К. гліцын, аксіпралін і аксілізін. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Раствараецца ў шчолачы. Ад доўгага награвання ператвараецца ў жэлацін. Устойлівы да пратэалітычных ферментаў, расшчапляецца калагеназай. Парушэнне структуры і абмену К. — адна з прычын калагенавых хвароб.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН, Каны (Cannes),

горад на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Каля 100 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Адзін з цэнтраў Блакітнага берага (Рыўеры), месца правядзення міжнар. кінафестываляў. Прадпрыемствы, звязаныя з абслугоўваннем турыстаў і адпачываючых. Вытв-сць пахучых эсенцый. Прыморскі кліматычны курорт. Клімат і расліннасць субтрапічныя, міжземнаморскага тыпу. Умовы спрыяльныя для лячэння хвароб нерв. сістэмы, органаў дыхання, нырак, сасудаў, сэрца, абмену рэчываў і інш. Развіваецца з пач. 19 ст. Адзін з буйных міжнар. курортаў.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПО́ЕВАЯ КІСЛАТА́, тыоктавая кіслата, вітамін N; монакарбонавая серазмяшчальная кіслата, кафермент. Пашырана ў прыродзе. Крышталі Л.к. вылучаны ў 1941 з бычынай печані. Л.к. ўдзельнічае ў пераносе рэшткаў к-т (ацыльных груп) і ў рэакцыях акіслення біялагічнага. З’яўляецца фактарам росту для некат. мікраарганізмаў (напр., дражджэй). У клетках расл. і жывёльных тканак знаходзіцца ў звязанай з бялком форме. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэгулявання ліпіднага абмену, лячэння хвароб печані (напр., хваробы Боткіна), цукр. дыябету і інш.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАЧО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (н. 2.9.1952, г. Екацярынбург, Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1975). З 1984 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Навук. працы па клінічнай неўралогіі, вестыбулярнай дысфункцыі ў клініцы нерв. хвароб.

Тв.:

Клинические и теоретические аспекты изучения некоторых вестибулоокулярных механизмов головного мозга // Лікарська справа. 1993. № 10—12;

Дифференциальная диагностика вестибулярной дисфункции по реакции подавления вестибулоокулярного рефлекса // Здравоохранение Беларуси. 1994. № 10.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Уладзімір Аркадзевіч) (н. 13.3.1956, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб і педыятрыі. Д-р мед. н., праф. (1997). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1979), з 1982 працуе ў ім. Навук. працы па цытамегалавіруснай інфекцыі, імунапатагенезе, клінічнай імуналогіі, інфекц. хваробах дзяцей.

Тв.:

Инфекционные болезни у детей. Мн., 1997 (разам з А.​П.​Сушко, Л.​М.​Тупковай);

Цитомегаловирусная инфекция как фактор иммуносупрессии для детей первого года жизни // Эпидемиология и инфекционные болезни. 1998. № 6.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЯЙКО́Ў (Рыгор Паўлавіч) (н. 25.2.1929, в. Мадора Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н., праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1954), працуе ў ім (у 1963—94 заг. кафедры). Навук. працы па ўдасканаленні дыягностыкі, лячэнні і прафілактыцы рэўматычных хвароб.

Тв.:

Тонзилогенные поражения сердца. Мн., 1974;

Пульс-терапия в лечении ревматических заболеваний // Мед. новости. 1997. № 9;

Клиническая диагностика. Мн., 1999 (у сааўт.).

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРАСКЛЕРО́З (ад грэч. nephros нырка + склероз),

хвароба нырак, пры якой парэнхіма ныркі замяшчаецца злучальнай тканкай, што вядзе да зацвярдзення і зморшчвання ныркі і парушэння яе функцый. Узнікае ад атэрасклерозу дробных артэрый (артэрыёл). пры цяжкіх формах гіпертанічнай хваробы (першасна зморшчаная нырка), ад хранічнага нефрыту і піеланефрыту і інш. хвароб (другасна зморшчаная нырка). Прыкметы: нізкая ўдз.в. мачы, выдаленне з мачой бялку, крыві, урэмія; у цяжкіх выпадках — нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт., у цяжкіх выпадках хірургічнае.

т. 11, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)