англійскія фізікі, бацька і сын. Заснавальнікі рэнтгена-структурнага аналізу. Упершыню выкарысталі дыфракцыю рэнтгенаўскіх прамянёў у крышталях для выяўлення характарыстык гэтых прамянёў і для расшыфроўкі структуры крышталёў (1913). Нобелеўская прэмія 1915.
Уільям Генры (2.7.1862, Уігтан, графства Камбрыя, Вялікабрытанія — 12.3.1942), член (1906) і прэзідэнт (1935—40) Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1886 праф. Адэлаідскага ун-та ў Аўстраліі, з 1909 у Лідсе, з 1915 у Лондане. Аўтар шэрагу навук-папулярных кніг.
Уільям Лорэнс (31.3.1890, г. Адэлаіда, Аўстралія — 1.7.1971), член Лонданскага каралеўскага т-ва (1921). Вучыўся ў Адэлаідскім і Кембрыджскім ун-тах. У 1919—37 праф. ун-та ў Манчэстэры, 1937—38 дырэктар Нац.фіз. лабараторыі, 1954—66 дырэктар Каралеўскага ін-та ў Кембрыджы. У 1913 адначасова з Г.В.Вульфам даў ураўненне, якое звязвае вугал адхілення рэнтгенаўскіх прамянёў, рассеяных крышталём без змены даўжыні хвалі, з адлегласцю паміж суседнімі атамнымі плоскасцямі ў крышталі (гл.Брэга—Вульфа ўмовы), практычна ажыццявіў указаны У.Г.Брэгам спосаб вызначэння структур пры дапамозе радоў Фур’е, вызначыў структуры шматлікіх сілікатаў.
Тв.:
Рус.пер. — Рентгеновские лучи и строение кристаллов. М.; Л., 1929;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДНАРО́ДНЫЯ ХВА́ЛІ,
электрамагнітныя ваганні, у якіх плоскасці роўных фаз і роўных амплітуд непаралельныя. Узнікаюць у празрыстых асяроддзях пры поўным адбіцці і ў паглынальных (узмацняльных) асяроддзях пры падзенні выпрамянення нахільна да мяжы асяроддзяў. Уласцівасці Н.х. улічваюцца ў разліках пры распрацоўцы аптычных прылад, напр., хваляводаў і аптычных ліній сувязі, лазераў хваляводнага тыпу і інш.
Тэорыя Н.х. распрацавана ў Ін-це фізікіАН Беларусі Ф.І.Фёдаравым у 1950—70-я г. на аснове каварыянтных метадаў. Н.х. адрозніваюцца тым, што вектары эл. і магн. палёў ляжаць у розных плоскасцях і апісваюць розныя крывыя (за выключэннем выпадку кругавой палярызацыі). Паток і шчыльнасць энергіі такіх хваль залежаць ад палярызацыі зыходнага выпрамянення. На ўласцівасцях Н.х. заснавана з’ява бакавога зрушэння адбітага праменя (Фёдарава зрух). У крышталях пры адсутнасці падвойнага праменепраламлення магчыма ўзнікненне Н.х., палярызацыя якіх змяняецца з глыбінёй пранікнення паводле лінейна-экспаненцыяльнага закону (хвалі Фёдарава—Пятрова).
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Петров Н.С., Федоров Ф.И. Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРНСТ ((Nernst) Вальтэр Фрыдрых Герман) (25.6.1864, г. Вамбжэзьна Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 18.11.1941),
нямецкі фізік і фізікахімік, адзін са стваральнікаў фізічнай хіміі. Чл. Берлінскай АН (1905), Лонданскага каралеўскага т-ва (1932). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1926). Скончыў Вюрцбургскі ун-т (1887). З 1891 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1902—33 праф. і адначасова дырэктар Ін-та хіміі (1905—22), Ін-та фізікі (1924—33) Берлінскага ун-та. Навук. працы па фізіцы нізкіх тэмператур, тэрмадынаміцы, тэорыі раствораў, хім. кінетыцы, электрахіміі. Сфармуляваў трэці закон тэрмадынамікі (гл.Нернста тэарэма), адкрыў адну з тэрмамагн. з’яў (гл.Нернста—Этынгсгаўзена эфект). Распрацаваў дыфузійную тэорыю гетэрагенных хім. рэакцый на мяжы падзелу фаз (1904). Атрымаў ураўненне залежнасці электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці ўдзельнікаў электрахім. рэакцыі (ураўненне Н., 1888). Нобелеўская прэмія 1920.
Тв.:
Рус.пер. — Теоретическая химия с точки зрения закона Авогадро и термодинамики. СПб., 1904.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́С ((Laplace) П’ер Сімон дэ) (23.3.1749, Бамон-ан-Ож, Францыя — 5.3.1827),
французскі астраном, матэматык і фізік, адзін са стваральнікаў нябеснай механікі і тэорыі імавернасці. Чл. Парыжскай АН (1785), Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1802). З 1818 маркіз і пэр Францыі. Вучыўся ў школе бенедыкцінцаў. З 1771 праф.Ваен. школы ў Парыжы, з 1790 — старшыня Палаты мер і вагі. У 1799 міністр унутр. спраў. Навук. працы па нябеснай механіцы, касмагоніі, тэорыі імавернасцей (Лапласа тэарэма), тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў (Лапласа пераўтварэнне, Лапласа ўраўненне), матэм. фізіцы (Лапласа аператар), малекулярнай фізіцы (Лапласа закон), акустыцы, электрычнасці і магнетызме, оптыцы, філасофіі прыродазнаўства і інш. Распрацаваў тэорыю ўзбурэнняў нябесных цел, прапанаваў новы спосаб вызначэння іх арбіт, даказаў устойлівасць Сонечнай сістэмы ў межах вельмі працяглага часу. Выказаў гіпотэзу паходжання Сонечнай сістэмы (гіпотэза Л.), сфармуляваў прынцып мех. дэтэрмінізму, які стаў асновай метадалогіі класічнай фізікі. Актыўна садзейнічаў рэарганізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі ў Францыі і ўкараненню ў практыку метрычнай сістэмы мер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хі́мія, ‑і, ж.
1. Навука пра рэчывы, іх будову, састаў, уласцівасці і ўзаемныя ператварэнні. Тэарэтычная хімія. Падручнік па хіміі.
2. Практычнае прымяненне гэтай навукі, яе законаў у вытворчасці, у прамысловасці. Беларусь ператварылася ў край вялікай хіміі.«Звязда».//Разм. Аб прэпаратах, хімічных сродках, растворах і пад. — Можна было б і цыбулькай [ікону] нацерці ці гэтай самай хіміяй, па якую ты .. бегаў у аптэку.Брыль.
3. Якасны, хімічны састаў чаго‑н. Хімія нафты. Хімія крыві.
•••
Аналітычная хімія — навука аб метадах вызначэння хімічнага саставу рэчыва.
Арганічная хімія — навука пра злучэнні вугляроду з іншымі элементамі.
Бытавая хімія — галіна хімічнай прамысловасці, якая выпускае прадукцыю для задавальнення бытавых патрэб насельніцтва.
Калоідная хімія — раздзел фізічнай хіміі, які вывучае калоіды.
Квантавая хімія — раздзел тэарэтычнай хіміі, у якім хімічныя з’явы вывучаюцца на аснове ўяўленняў квантавай механікі.
Неарганічная хімія — навука пра хімічныя элементы, простыя і складаныя рэчывы, якія не маюць у сваім саставе бялку.
Фізічная хімія — навука, якая тлумачыць хімічныя з’явы і вызначае іх заканамернасці на аснове агульных прынцыпаў фізікі.
Ядзерная хімія — раздзел навукі, які вывучае ўзаемны ўплыў і ператварэнні атамных ядраў і ўласцівасцей рэчыва.
[Ад грэч. chēmeia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРТАГАНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
1) мноства {xn} ненулявых вектараў у эўклідавай (гільбертавай) прасторы, для якіх скалярны здабытак (xn, xm) = 0 пры n ≠ m. Калі модуль кожнага вектара роўны 1, то сістэма {xn} наз. артанармоўнай. Поўную артаганальную сістэму наз. артаганальным базісам. Адпаведна вызначаецца і артанармоўны базіс.
2) Сістэма каардынатаў, у якой каардынатныя лініі (або паверхні) перасякаюцца пад прамым вуглом. Звычайна карыстаюцца дэкартавымі, палярнымі, эліптычнымі, сферычнымі, цыліндрычнымі артаганальнай сістэмай каардынатаў.
3) Сістэма мнагаскладаў {Pn(x)}, n = 0, 1, 2, ..., якія на адрэзку [a, b] з вагой g(x) задавальняюць умовам артаганальнасці ∫ba Pn(x)Pm(x)g(x)dx = 0 /n≠m/, пры гэтым ступень кожнага мнагасклада Pn(x) супадае з яго індэксам n. Выкарыстоўваюцца ў задачах матэм.фізікі, тэорыі выяўленняў груп, вылічальнай матэматыкі і інш. 4) Сістэма функцый, n = 1, 2..., якія на адрэзку [a, b] з вагой p(x) задавальняюць умовам артаганальнасці: ∫ba φn(x)φ*m(x)p(x)dz = 0 пры n≠m, дзе * — знак камплекснай спалучанасці. Напр., сістэма трыганаметр. функцый ½, cos nπx, sin nπx (n = 1, 2, ...) — артаганальная сістэма на адрэзку [-1,1] з вагой 1. Выкарыстоўваецца для рашэння задач, напр., спектральнага аналізу ў тэорыі ваганняў, акустыкі, радыёфізікі, оптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.
Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-ра рэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.
Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.К.Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.І.Губкіна, А.І.Цэлікава, А.П.Чакмарова, Г.М.Паўлава, В.П.Севярдэнкі, В.С.Смірнова, В.М.Чачына, А.В.Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найбуйнейшы навучальны і навуковы цэнтр Польшчы. Засн. ў 1816 у Варшаве паводле загаду рас. імператара Аляксандра І як Аляксандраўскі ун-т (статут зацверджаны ў 1818). Меў ф-ты: юрыд., мед., прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-матэм., тэалагічны. Пасля задушэння паўстання 1830—31 ун-т зачынены. У 1862 аднавіў дзейнасць пад назвай «Галоўная школа». Адыграў выключную ролю ў развіцці польск. культуры і навукі. Сярод яго выхаванцаў Г.Сянкевіч, Б.Прус, Бадуэн дэ Куртэнэ, гісторык матэматыкі С.Дзікштэйн і інш. У 1869 школа пераўтворана ва ун-т з выкладаннем на рус. мове. У 1893—1915 у Варшаўскім універсітэце выкладаў Я.Ф.Карскі. У час герм. акупацыі 1915—18 фармальна лічыўся ням. ун-там, з 1917 — польскі. У 2-ю сусв. вайну не працаваў. Аднавіў дзейнасць у 1945. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., хім., журналістыкі і паліт.Навук. філасофіі і сацыялогіі, фізікі, геаграфіі і вывучэння рэгіёнаў, геалогіі, гісторыі; матэматыкі, інфарматыкі і механікі; эканам.Навук. неафілалогіі, педагогікі, паланістыкі, прававых навук і адміністрацыі, прыкладных грамадскіх навук і рэсацыялізацыі, псіхалогіі, русістыкі і прыкладной лінгвістыкі (мае кафедру бел. філалогіі), кіравання. Філіял ун-та ў Беластоку. Б-ка (засн. 1817).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАФІ́ЗІКА (ад агра... + фізіка),
агранамічная фізіка, навука пра фіз. працэсы ў глебе і раслінах, выкарыстанне метадаў і сродкаў рэгулявання фіз. умоў жыцця с.-г. культур для павышэння іх прадукцыйнасці. Сфарміравалася ў пач. 20 ст. Станаўленне аграфізікі звязана з імёнамі Э.Расела, А.Ф.Іофе, Дз.М.Пранішнікава, М.А.Качынскага і інш. Развіваецца на аснове аграноміі і фізікі. Уключае: фізіку глебы і прыземнага слоя паветра, святлокультуру раслін, спосабы і сродкі рэгулявання вонкавых умоў жыцця раслін. На Беларусі праблемы аграфізікі вывучаюцца ў н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства, Бел.тэхнал. ун-це, Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Даследуюцца водна-фіз. і цеплавыя ўласцівасці, водна-паветраны рэжым, водны і цеплавы балансы глебаў, вільгацезабяспечанасць с.-г. і лясных культур, змена фактараў урадлівасці глебы пад уплывам меліярацыі і інтэнсіўнага земляробства, спосабы аптымізацыі фіз. умоў вырошчвання с.-г. культур, уздзеянне ўмоў навакольнага асяроддзя на працэс фотасінтэзу (С.Г.Скарапанаў, В.Ф.Шабека, К.П.Лундзін, Р.І.Афанасік, Л.П.Смаляк, У.Л.Калер, М.І.Афанасьеў). Вынікі даследаванняў з’яўляюцца тэарэт. асновай гідратэхн. меліярацыі і апрацоўкі глебаў, павышэння прадукцыйнасці раслін, выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы.
Літ.:
Растворова О.Г. Физика почв. Л., 1983;
Агрофизические свойства почв и их регулирование в условиях интенсивного земледелия. Саранск, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЯ АПРАЦО́ЎКА ВІДАРЫ́САЎ,
сукупнасць метадаў і сродкаў (тэхн. і праграмных) уводу і апрацоўкі відарысаў у аўтам. і аўтаматызаваных сістэмах. Выкарыстоўваюць у картаграфіі, метэаралогіі, крыміналістыцы, настольных рэд.-выдавецкіх сістэмах і апрацоўцы дакументаў, сістэмах машыннага зроку, пры апрацоўцы касм. відарысаў і аэрафотаздымкаў, даследаванні фіз.-мед. працэсаў і інш.
Зыходны відарыс дыскрэтызуюць і квантуюць з дапамогай прылад сканіравання (гл.Дыгітайзер, Сканер) і атрымліваюць лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы асобных элементаў (пікселаў). Пры Л.а.в. выконваюць лінейную фільтрацыю відарысаў і іх «згладжванне», выдзяляюць контуры, выдаляюць выпадковыя скажэнні і інш. Больш складаныя метады выкарыстоўваюць для ўзнаўлення 3-мернай структуры аб’екта па яго праекцыях, нярэзкага ці «змазанага» відарыса. Напр., у выліч. тамаграфіі такімі метадамі атрымліваюць відарысы папярочнага сячэння цела чалавека, з вял. дакладнасцю выяўляюць пухліны, анамаліі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Л.а.в. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі і Ін-це фізікі, Магілёўскім ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Прэтт У. Цифровая обработка изображений: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1982;
Старовойтов В.В. Локальные геометрические методы цифровой обработки и анализа изображений. Мн., 1997;