ВАЛЕ́Н-ДЭЛАМО́Т ((Vallin de la Mothe) Жан Батыст Мішэль) (1729, г. Ангулем, Францыя — 7.5.1800),
французскі архітэктар. Праф. Пецярбургскай АМ (1759). Вучыўся ў Ф.Бландэля і ў Італіі (1750—52). У 1759—75 працаваў у Расіі, пераважна ў Пецярбургу. У яго пабудовах характэрная для ранняга рус. класіцызму дакладнасць кампазіцый спалучаецца з барочнай пластыкай формаў: Гасціны двор (1761—85), касцёл Кацярыны (1763—83) на Неўскім праспекце, Малы Эрмітаж (1764—67), будынак АМ (1764—88, з А.П.Какорынавым), склады «Новая Галандыя» (1765—80, з С.І.Чавакінскім) — усе ў Пецярбургу. Сярод яго вучняў — В.І.Бажэнаў, І.Я.Староў.
Ж.Б.М.Вален-Дэламот. Малы Эрмітаж у Пецярбургу. 1764—67.
натураліст эпохі Адраджэння, заснавальнік навук. анатоміі. Скончыў Лувенскі ун-т (Фландрыя). Вывучаў медыцыну ў Манпелье (Францыя), Парыжы. Д-р хірургіі (1537). З 1539 праф. у Падуанскім ун-це. Адзін з першых пачаў вывучаць чалавечы арганізм ускрыццём, апублікаваў «Шэсць анатамічных табліц» (1538). Удакладніў і дапоўніў анатамічную тэрміналогію. У працы «Пра будову чалавечага цела» (кн. 1—7, 1543) абвергнуў вучэнне К.Галена (панавала на працягу 14 ст.) пра сістэму руху крыві ў арганізме, што стала асновай для адкрыцця кровазвароту У.Гарвеем. Праследаваўся царквой, паводле прысуду інквізіцыі ў 1564 зрабіў паломніцтва ў Палесціну, на зваротным шляху пасля караблекрушэння памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),
вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦІ́ ((Baty) Гастон) (26.5.1885, Пелюсэн, дэп. Луара, Францыя — 13.10.1952),
французскі рэжысёр, акцёр. Скончыў Ліёнскі ун-т. З 1919 у трупе рэжысёра Ф.Жэм’е (Парыж). У 1926 стварыў (разам з Ш.Дзюленам, Л.Жувэ, Ж.Пітоевым) прагрэс. рэжысёрскае аб’яднанне «Картэль». У 1930—47 кіраваў т-рам «Манпарнас—Баці», дзе паставіў «Трохграшовую оперу» Б.Брэхта, «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мадам Бавары» паводле Г.Флабера, «Макбета» У.Шэкспіра і інш. Спектаклі Баці вызначаліся рамантычным кірункам і строгім адборам выразных сродкаў. У шэрагу сваіх пастановак выступаў як мастак. З 1949 працаваў у галіне лялечнага т-ра і ў правінцыяльнай трупе «Камеды дэ Праванс». Аўтар тэарэт. прац пра тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́ ((Galois) Эварыст) (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),
французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.
Літ.:
Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ.М., 1965;
Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАРА́ ((Gamarra) П’ер) (н. 10.7.1919, г. Тулуза, Францыя),
французскі пісьменнік. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам час. «Europe» («Еўропа»). Аўтар зб-каў вершаў «Спроба заклеймаваць» (1944), «Песня любові» (1959) і апавяданняў «Людскія рукі» (1953), «Любоў ганчара» (1957), «Сады Алаха» (1961), раманаў «Вогненны дом» (1948), «Дзеці галечы» (1950), «Школьны настаўнік» (1955), «Забойцу — Ганкураўская прэмія», «Капітан Вясна» (абодва 1963), «Таямніцы Тулузы» (1967), «Золата і кроў» (1971), «Дванаццаць тон дыяментаў» (1978) і інш., маст. біяграфіі «Віктор Гюго» (1974). На бел. мову творы Гамара перакладаў Л.Казыра.
Тв.:
Бел.пер. — Любоў ганчара // Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮФІ́ ((Dufy) Рауль) (3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),
французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬСА́РТ ((Delsarte) Франсуа Аляксандр Нікала Шэры) (19.12.1811, г. Салем, Францыя — 19.7.1871),
французскі спявак (тэнар), тэарэтык і педагог вакалу. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1826—30). Напачатку выступаў у т-ры «Апера камік». Потым стаў хормайстрам парыжскага сабора абацтва Шатэль, пры якім адкрыў курсы спеваў, наладжваў т.зв.гіст. канцэрты, выконваў у іх творы франц.муз. класікаў. Распрацаваў тэорыю вак. майстэрства, важнае значэнне надаваў сродкам акцёрскай ігры, міміцы, жэсту. Аўтар метадычных твораў для голасу з фп.; вынайшаў апарат для кантролю за чысцінёй інтанавання. Яго тэорыі найб. пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (асабліва ў ЗША) і ўплывалі на некалькі пакаленняў вак. педагогаў, выкарыстоўваліся і ў харэаграфіі (у прыватнасці, А.Дункан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНІ́ ((Denis) Марыс) (25.11.1870, г. Гранвіль, Францыя — 3.11.1943),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1887) і ў Школе прыгожых мастацтваў. Зазнаў уплыў П.Сезана, П.Гагена. Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык групы «Набі» (1890) і «Майстэрняў рэлігійнага мастацтва» (1919). Лідэр неатрадыцыяналістычнай плыні ў франц. жывапісе. Працаваў у стылях сімвалізму і мадэрну. Для твораў характэрны манум. формы, дэкар. гармонія, рэліг.-містычныя сюжэты, плоскасная стылізацыя, светлы каларыт. Сярод твораў «Музы» (1893), «Марфа і Марыя» (1896), «Партрэт Івоны Лероль» (1897), «У гонар Сезана» (1900), 11 пано «Гісторыя Псіхеі» (1908—09) і інш. Аўтар кніг «Тэорыі» (1912), «Новыя тэорыі» (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’ЭСТУРНЕ́ЛЬ ДЭ КАНСТА́Н ((d’Estournelles de Constant) Поль) (22.11.1852, Шато-дэ-Клермон-Крэан, дэпартамент Сарта, Францыя — 15.5.1924),
французскі дзярж. дзеяч. Барон. Юрыст. З 1876 на дыпламат. службе. З 1895 чл. палаты дэпутатаў, з 1904 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1907) Гаагскіх мірных канферэнцый, канферэнцыі Міжпарламенцкага саюза (1921), чл.Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе (з 1907). У 1905 заснаваў Асацыяцыю міжнар. прымірэння, пазней узначаліў Аддзяленне Фонду Карнегі ў Еўропе. Аўтар кн. «Французская палітыка ў Тунісе» (1891, прэмія Франц. акадэміі), «Амерыка і яе праблемы» (1913), а таксама кнігі пра Стараж. Грэцыю. Нобелеўская прэмія міру 1909 (разам з А.Беернарам).