ласі́ны, -ая, -ае.

1. гл. лось.

2. толькі мн. (ласі́ны, -сі́н). Шчыльна аблягаючыя штаны з ласінай скуры як частка параднай формы некаторых палкоў старой рускай арміі (уст.).

Кірасіры ў ласінах.

3. толькі мн. (ласі́ны, -сі́н). Вузкія штаны да шчыкалаткі з сінтэтычнай эластычнай тканіны, якія абцягваюць ногі.

Дзяўчына ў бліскучых ружовых ласінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ля́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж.

Шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу і інш.

Адвязаць лямкі.

◊

Цягнуць лямку (разм.) — займацца цяжкай аднастайнай працай, справай.

|| памянш. ля́мачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. ля́мачны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кайма́

(цюрк. kajma)

паласа па краі якога-н. прадмета, тканіны, якая адрозніваецца колерам, матэрыялам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

по́нча

(ісп. poncho)

індзейскі чатырохвугольны плашч з грубай тканіны з выразам пасярэдзіне для галавы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фіра́нка

(польск. firanka, ад ням. Fürhang)

аздобная заслона на акно, звычайна з празрыстай тканіны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Га́рус 1 ’гарус (від тканіны)’ (БРС, Нас.). Ст.-бел. гарусъ ’назва тканіны’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Рус. га́рус, укр. га́рус. Запазычанне з польск. haras, harus (ням. Arras, Harras). Гл. Фасмер, 1, 395; Шанскі, 1, Г, 35.

Га́рус 2 ’бусел чорны, Ciconia nigra L.’ (Касп.). Відавочна, запазычанне. Параўн. лат. guoris (да этымалогіі гл. Фрэнкель, 137).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАВАЎНЯ́НАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

вядучая падгаліна тэкстыльнай прамысловасці, якая вырабляе з бавоўны тканіны, ніткі, корд, нятканыя матэрыялы і інш. Уключае прадзільную, ткацкую, фарбавальна-аддзелачную (на прадпрыемствах закончанага цыкла) і круцільна-нітачную вытворчасці. Прадукцыя ідзе на выраб адзення, абутку, мэблі, тары, тэхн. дэталяў.

Ручны выраб баваўняных нітак і тканін вядомы з глыбокай старажытнасці ў Індыі, Егіпце і Кітаі. Баваўняная прамысловасць у Еўропе ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. і адна з першых перайшла на машынную вытв-сць. У Расіі значныя прадпрыемствы ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. У дарэвалюцыйны час 50% бавоўны-сырцу завозілася з ЗША і Егіпта. У 1920-я г. пачалося буд-ва новых прадпрыемстваў, да 1940 пабудавана 13, у т. л. «Чырвоная Талка» ў Іванаве, першыя чэргі Ташкенцкага і Барнаульскага баваўняных камбінатаў. Баваўняная прамысловасць была створана ў асн. раёнах баваўнаводства (Узбекістан, Таджыкістан, Кыргызстан, Казахстан, Азербайджан). Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя прадпрыемствы, у т. л. на Беларусі і Украіне; пабудаваны новыя ў Чымкенце, Чэбаксарах, Бішкеку, Барнауле, Душанбе і інш. Былы СССР займаў 2-е месца ў свеце па выпуску баваўняных тканін.

Першае прадпрыемства на Беларусі працавала з пач. 19 ст. ў мяст. Зялёны Прудок Магілёўскай губ. (выпускала хусткі і папяровую тканіну). У 1900 створана бавоўнапрадзільная ф-ка «Дняпроўская мануфактура» паблізу Дуброўна (Дубровенская тэкстыльная фабрыка). Усяго да 1-й сусв. вайны на прадпрыемствах баваўнянай прамысловасці было 327 ткацкіх станкоў, з іх 198 механічных. Сучасная баваўняная прамысловасць Беларусі фарміравалася з 1960-х г. У 1960—69 створаны Баранавіцкі баваўняны камбінат, у 1963—67 — Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, у Ветцы на базе арцелі «Чырвоны тэкстыльшчык» (засн. ў 1949) — Веткаўская баваўняная ф-ка, у 1976 — Віцебскае тэкстыльнае вытв. аб’яднанне (з 1991 «Віцтэкс»), Баваўняную прадукцыю выпускалі (1992) каля 20 прадпрыемстваў Беларусі, сярод іх, акрамя названых, Дзяржынская, Слуцкая і Талачынская тэкст. ф-кі, Рэчыцкае ткацкае вытв. аб’яднанне, Бабруйскі камбінат нятканых матэрыялаў і інш. Асн. прадукцыя баваўнянай прамысловасці Беларусі: паркаль, бязь, сацін, тканіны на бялізну і плацце, мэблева-дэкар., хустачныя, ручніковыя, махровыя, тэхн., тарныя, паковачныя, з устойлівым аздабленнем, з водаўстойлівым і супраць гніення насычэннем, баваўняныя мяшаныя тканіны, марля, вата, ніткі, нятканыя матэрыялы. У 1993 выраблена 35,2 тыс. т баваўнянай пражы (найб. у 1990—91 — 50,5 тыс. т); 102 млн. м² тканіны (найб. у 1991 — 142 млн. м²).

У свеце выпускаецца каля 46 млрд. м² баваўняных тканін (1985). Прадукцыя баваўнянай прамысловасці ў розных краінах складае 66—95% ад прадукцыі тэкст. прам-сці. Найб. вытворцы бавоўны-сырцу (1994) — Кітай, ЗША, Індыя і Пакістан, баваўняных тканін (у пач. 1990-х г.) — Кітай, краіны СНД (найб. у Расіі), Індыя, ЗША, Японія, Тайвань, Італія, Егіпет і інш.

В.​М.​Логвінка.

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1971 як Віцебскі індустрыяльны тэхнікум, на базе якога і далучанага Віцебскага тэхнал. тэхнікума (з 1955) у 1987 створаны індустрыяльна-тэхнал. тэхнікум. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): прамысловае і грамадзянскае буд-ва; архітэктура; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў; хім. тэхналогія вытв-сці і перапрацоўкі неметал. матэрыялаў; вытв-сць буд. вырабаў і канструкцый; тэхналогія тканіны, трыкатажу і нятканых матэрыялаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНЯНА́Я ТКАНІ́НА,

тканіна, якую вырабляюць з ільняной пражы палатняным перапляценнем. Пры ўключэнні ў аснову ці ўток баваўнянай пражы ці валокнаў хімічных тканіна наз. паўільняной. Бывае суравая, адбеленая, фарбаваная. Вызначаецца высокай трываласцю, дыхтоўнасцю, павышанай шчыльнасцю, якія ўзмацняюцца апрэтаваннем, добра паглынае вільгаць. Паводле прызначэння і структуры адрозніваюць І.т.: сталовыя адамашкавыя (абрусы, сурвэткі); ручніковыя адамашкавыя, махрыстыя і гладкія; касцюмна-сукеначныя; палотны прасцінныя, бялізнавыя (напр., батыст); тэхн. (парусіны брызентавыя, пакавальныя і мяшочныя тканіны і інш.). Гл. таксама Ільняная прамысловасць.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ткані́на, ‑ы, ж.

1. Выраб, атрыманы ў працэсе ткання на ткацкім станку; матэрыя, матэрыял. Ільняныя тканіны. □ Саромеючыся бацькі, .. [Марына] ціхом дастала вішнёвую тканіну і панесла шыць. Чорны. Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны [ткачыхі]. Багдановіч. Паглядзіш на такую тканіну, на яркае спалучэнне колераў і скажаш адразу — Афрыка! В. Вольскі.

2. перан. Тое, што складае аснову, змест якога‑н. мастацкага твора. Музычная тканіна оперы. Тканіна сюжэта. □ [Літаратурныя ўстаркі] ўвязваліся ў агульную тканіну пазмы, але маглі ісці ў свет асобна, адны... Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)