РУБЕ́Ц у медыцыне,

участак шчыльнай злучальнай тканкі, які замяшчае дэфект скуры, слізістай абалонкі, органа або тканкі. Узнікае ў выніку апёкаў, абмаражэнняў, хранічных запаленчых працэсаў і інш. Пры рубцаванні краі раны сцягваюцца, што прыводзіць да дэфармацыі органаў і тканак, касметычных дэфектаў. Зрэдку Р. выклікаюць цяжкія парушэнні пры лакалізацыі ў сэрцы (напр., сардэчная недастатковасць), мозга (напр., эпілепсія, зрокавыя парушэнні), страўніку (непраходнасць) і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

хімічныя працэсы ў геасферах, што выклікаюць міграцыю хім. элементаў і іх ізатопаў. Вядуць да канцэнтрацыі іх і ўтварэння радовішчаў карысных выкапняў або да рассейвання, утварэння арэолаў вакол радовішчаў і геахімічных анамалій, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя.

Найб. вывучаныя геахімічныя працэсы ў літасферы, гідрасферы і ніжніх слаях атмасферы, а таксама ў біясферы. Аб геахімічных працэсах у ніжняй мантыі і ядры Зямлі існуюць толькі гіпотэзы. Паводле формы міграцыі хім. элементаў вылучаюць некалькі груп геахімічных працэсаў. Да механічных геахімічных працэсаў належаць эрозія, абразія, дэфляцыя, плоскасны змыў і ўтварэнне дэлювію. З ім звязана фарміраванне россыпных радовішчаў золата, плаціны, алмазаў. Фізіка-хімічныя геахімічныя працэсы ўключаюць эндагенныя, глыбінныя (працякаюць без доступу свабоднага кіслароду, пры высокіх т-рах і ціску; да іх належаць магматычныя, метамарфічныя і гідратэрмальныя), экзагенныя, або гіпергенныя працэсы (адбываюцца на паверхні Зямлі і на невял. глыбінях пры нізкіх т-рах і ціску, пераважна з удзелам свабоднага кіслароду). Біягеахімічныя геахімічныя працэсы абумоўленыя дзейнасцю арганізмаў; разам з тэхнагеннымі геахімічнымі працэсамі, што працякаюць пры гасп. дзейнасці чалавека, яны ахопліваюць усю наасферу.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й ФІ́ЗІКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі (існаваў з 1963). У ін-це 13 лабараторый, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: развіццё навук. асноў, даследаванне фіз. прынцыпаў, стварэнне метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю (НК) рэчыва, вырабаў і тэхнал. працэсаў галін машынабудавання і энергетыкі; фіз. і матэм. асновы выліч. дыягностыкі аб’ектаў і сістэм з неаднароднай і зменлівай структурай. Распрацаваны: тэорыя нелінейных дынамічных працэсаў перамагнічвання і неаднароднага намагнічвання; асновы магн. і эл.-магн. метадаў НК; тэарэт. асновы капілярнага НК і акустычных метадаў дэфектаскапіі з выкарыстаннем магн. палёў; тэорыя сістэм з выпадковай і зменлівай структурай для дыягностыкі і бяспечнага кіравання дынамічнымі аб’ектамі; фіз. асновы кантролю фіз.-мех., магн. і эл. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў (у т. л. шматслойных і неаднародных). Выдадзены працы ін-та «Дасягненні ў фізіцы электрамагнітнага неразбуральнага кантролю» (Мінск — Токіо, 1994). У ін-це працавалі акад. АН Беларусі М.С.Акулаў, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. І.С.Кавалёў, працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі В.М.Арцём’еў, М.М.Зацэпін, П.П.Прахарэнка (дырэктар з 1993).

П.​П.​Прахарэнка.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПЛЕКС (ад лац. complexus сувязь, спалучэнне) ў псіхалогіі, злучэнне асобных псіхічных працэсаў у цэлае, якое адрозніваецца ад сумы сваіх элементаў. У такім сэнсе паняцце К. выкарыстоўвалі прадстаўнікі розных псіхал. канцэпцый і тэорый. Яго сутнасць спецыфічна тлумачылася ў псіхааналізе З.​Фрэйда, які разглядаў К. як групу разнародных псіхічных працэсаў, аб’яднаных адзіным моцным эмацыянальным перажываннем — афектам. Фрэйд вылучаў т.зв. К. Эдыпа, які ўзнікае ў раннім дзяцінстве і праяўляецца ў непрыхільных адносінах дзіцяці да аднаго з бацькоў свайго полу і эратычнай прыхільнасці да другога процілеглага полу. У індывідуальнай псіхалогіі А.​Адлера выкарыстоўваліся паняцці «К. непаўнацэннасці» (глыбокае ўсёпаглынальнае пачуццё ўласнай фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці ў параўнанні з інш. людзьмі) і «К. перавагі» (тэндэнцыя перабольшваць сваю асабістую значнасць). К.​Г.​Юнг у сваёй аналітычнай псіхалогіі лічыў К. своеасаблівым цэнтрам душэўнага жыцця кожнага чалавека, адносна аўтаномным псіхічным утварэннем, якое складаецца з разнастайных (найчасцей неўсвядомленых) эмоцый, пачуццяў і значна ўплывае на свядомасць і дзейнасць людзей. Нярэдка К. выклікаюць разнастайныя адхіленні ў паводзінах чалавека, што праяўляецца ў памылковых дзеяннях, у неўратычных рэакцыях, неадчэпных ідэях і інш.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 8, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ БІ́ЗНЕС,

прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца з контрагентамі інш. краін. Перадумовы інтэрнацыяналізацыі эканам. і фін. працэсаў склаліся ў пач. 20 ст. Пасля 2-й сусв. вайны развіццё інтэграцыйных працэсаў прывяло да з’яўлення і імклівага пашырэння якасна новай формы буйнога бізнесу — транснацыянальных карпарацый (ТНК), якія ўстанавілі кантроль над значнай доляй сусв. рынку і сёння адыгрываюць вядучую ролю ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Актыўнаму асваенню замежных рынкаў нац. капіталам вядучых краін спрыяла пашырэнне сучасных форм сувязі, паляпшэнне сусв. трансп. шляхоў, фарміраванне сістэмы крэдытна-грашовых сувязей, што ахоплівае ўвесь свет. Разам са знешнегандл. абменам таварамі і паслугамі і вывазам капіталу ў пазыковай форме значнае месца занялі прамыя фін., вытв. і тэхнал. сувязі паміж прадпрыемствамі розных краін, розныя формы навук.-тэхн., культ. і інш. супрацоўніцтва. Урады прамыслова развітых краін (асабліва ў Зах. Еўропе) садзейнічаюць развіццю і паглыбленню міжнар. эканам. сувязей кампаній і капіталаў, ад чаго ў значнай ступені залежыць стан нац. эканомікі, загрузка вытв. магутнасцей, узровень беспрацоўя і інш. У выніку капіталы свабодна мігрыруюць з адной краіны ў другую ў пошуках найб. спрыяльных умоў для свайго выкарыстання.

В.​А.​Дадалка.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кантракту́ра

(лац. contractura = звужэнне, скарачэнне)

значнае абмежаванне рухомасці ў суставе ў выніку паталагічных працэсаў, якія адбываюцца ў суставе і ў мяккіх тканках, што яго акружаюць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэмпера́мент, ‑у, М ‑нце, м.

1. Характарыстыка індывіда з боку дынамічных асаблівасцей яго псіхічнай дзейнасці (тэмпу, рытму, інтэнсіўнасці псіхічных працэсаў), якія ўтвараюць пэўны псіхалагічны тып. Флегматычны тэмперамент. Халерычны тэмперамент. // з азначэннем. Тое, што вылучае людзей пэўнага занятку, прызвання. Акцёрскі тэмперамент. Паэтычны тэмперамент. □ Асабліва пачаў нарастаць публіцыстычны тэмперамент паэта [М. Багдановіча] ў 1914–1915 гадах. Лойка.

2. Жыццёвая энергія, здольнасць да ўнутранага ўздыму, страснасць. Палымяны тэмперамент [Ржэцкай] захапляў нас [студэнтаў]. «Работніца і сялянка».

•••

З тэмпераментам — жыва, хутка, азартна (рабіць што‑н.).

[Ад лац. temperamentum — належныя суадносіны частак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

працэс пераходу дынамічнай сістэмы ў стан устойлівай раўнавагі, пры якім выхадная велічыня, што характарызуе такі пераход, набліжаецца да ўстойлівага значэння (крывая 1) або мае адзін экстрэмум (крывая 2). Напр., да аперыядычнага працэсу набліжаюцца ваганні вагальнай сістэмы пры павелічэнні страт энергіі ў іх да крытычнага значэння (у эл. вагальнага контуру крытычнае супраціўленне R = L/C , дзе L і C — індуктыўнасць і ёмістасць контуру адпаведна).

Графікі аперыядычных працэсаў.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРНАУ́Л,

горад у Расіі, цэнтр Алтайскага краю. Засн. ў 1730. 593,2 тыс. ж. (1994). Прыстань на р. Об. Чыг вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (трансп. машынабудаванне, станкабудаванне, вытв-сць рухавікоў, катлоў, мех. працэсаў, радыёапаратуры), лёгкая (меланж і бавоўна), хім. (хім. валокны, аўтамаб. шыны, гумава-тэхн. вырабы), дрэваапр. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 9 ВНУ, НДІ Сібіры імя М.​А.​Лісавейкі, 4 тэатры. Філармонія. 3 музеі. Помнікі архітэктуры 19 ст.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАЗІНТРЫФАСФАТА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць адшчапленне астатку фосфарнай к-ты ад малекулы адэназінтрыфосфарнай кіслаты. Належаць да класа гідралаз. Пашыраны ў жывых клетках, асабліва ў іх мембранных структурах. Забяспечваюць вылучэнне і выкарыстанне энергіі макраэргічных сувязяў АТФ для забеспячэння розных працэсаў жыццядзейнасці. У раслін ёсць адэназінтрыфасфатазы, якія каталізуюць адшчапленне ад АТФ двух астаткаў фосфарнай к-ты. Знойдзены таксама адэназінтрыфасфатазы, пры ўдзеле якіх ажыццяўляецца гідроліз АТФ на адэназінмонафасфат і пірафасфат (АТФ-пірафасфатазы).

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)