ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр. Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.​Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.​Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.​Тулуз-Латрэка, П.​Гагена («Жыццё»), Э.​Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.​Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст. маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл. гл. таксама да арт. Іспанія, Кубізм.

Літ.:

Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;

Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;

Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;

Зубова М.В. П.​Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.

Т.​В.​Пешынс.

П.Пікасо.
П.Пікасо. Скрыпка і вінаград. 1912.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Form f -, -en

1) фо́рма, вы́гляд, во́браз, абры́сы; мадэ́ль, шабло́н;

in ~ von etw. (D) у вы́глядзе чаго́-н.;

der ~ nach па фо́рме;

der ~ wégen дзе́ля фо́рмы;

in ~ sein быць у фо́рме

2) pl фо́рмы зваро́ту, прысто́йнасці;

die bésten ~en háben мець до́брыя мане́ры;

die ~en wáhren [beóbachten] захо́ўваць пра́вілы прысто́йнасці;

der ~(en) wégen дзе́ля прафо́рмы;

in áller ~ па фо́рме, па ўсі́х пра́вілах

3) грам. фо́рма

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

quiet

[ˈkwaɪət]

1.

adj.

1) ці́хі, ціхі́, ціхе́нькі, паво́льны

а) a quiet river — ці́хая рака́

б) quiet footsteps — ці́хія кро́кі

2) ці́хі, маўклі́вы (пра чалаве́ка)

3) спако́йны; даліка́тны, сьці́плы

a quiet mind — спако́йныя ду́мкі

quiet manners — даліка́тныя мане́ры

4) спако́йны, няя́ркі

quiet colors — спако́йныя ко́леры

2.

v.t.

1) супако́йваць

The mother quieted her frightened child — Ма́ці супако́іла сваё спало́ханае дзіця́

2) суніма́ць (напр. ад пла́чу)

3.

v.i.

супако́йвацца; суніма́цца; сьці́швацца; прыціха́ць (пра го́ман)

4.

n.

цішыня́ f.; супако́й -ю m.

•

- quiet down

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

simple

[ˈsɪmpəl]

1.

adj.

1) лёгкі, няця́жкі

a simple problem — лёгкая зада́ча

2) про́сты, несклада́ны, не састаўны́

а) a simple sentence — про́сты сказ

б) a simple one-celled animal — про́стая аднакле́тачная жывёліна

3) чы́сты, шчы́ры

My answer is the simple truth — Мой адка́з — чы́стая пра́ўда

4) звыча́йны, про́сты

simple clothes — про́стая во́пратка

simple people — про́стыя лю́дзі

5) натура́льны (пра паво́дзіны, мане́ры)

6) прастаду́шны, шчы́ры

a simple heart — шчы́рае сэ́рца

7) тупы́; дурны́, недаразьві́ты

2.

n.

1) прастаду́шны, няхі́тры чалаве́к, прасьця́к -а́ m.

2) не́шта про́стае, несклада́нае

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

mend

[mend]

1.

v.t.

1) ла́піць, ла́таць (во́пратку і гд), цырава́ць (панчо́хі); пра́віць, ла́дзіць, рамантава́ць

to mend clothes — ла́таць во́пратку

to mend a road — рамантава́ць даро́гу

2) папраўля́ць, паляпша́ць, выпраўля́ць

to mend one’s manners — папра́віць свае́ мане́ры

to mend an error — вы́правіць памы́лку

3) to mend a fire by adding fuel — папра́віць аго́нь падкі́нуўшы па́ліва

4) to mend matters — нала́дзіць спра́вы

2.

v.i.

1) паляпша́цца

2) ачу́ньваць, папраўля́цца

3.

n.

1) зала́таная, зацырава́ная дзі́рка; зама́заная раско́ліна

2) пале́пшаньне n. (здаро́ўя, спра́ваў)

to be on the mend — папраўля́цца, устава́ць на но́гі, вярта́цца да здаро́ўя

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

savor

[ˈseɪvər]

1.

n.

1) смак або́ пах -у m.

The soup has a savor of onion — Суп па́хне цыбу́ляй

2) Figur. прысма́к -у m., адце́ньне n.

There is a savor of conceit in everything he says — Ва ўсі́м, што ён гаво́рыць, чу́ецца адце́ньне пыхлі́васьці

2.

v.i.

1) смакава́ць, аддава́ць (пра пах або́ смак)

2) дадава́ць сма́ку, прыпраўля́ць

3) мець пры́смак, адце́ньне n.

a request that savors of a command — про́сьба з адце́ньнем кама́нды

4) сьве́дчыць, пацьвярджа́ць

Bad manners savor a bad education — Благі́я мане́ры сьве́дчаць аб благі́м узгадава́ньні

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

перажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. каго-што. Пражыць даўжэй за каго‑, што‑н., застацца жыць пасля смерці, гібелі каго‑, чаго‑н. Выраслі ўнукі, а сыноў няма, усіх чатырох перажыў ён, стары бацька. Навуменка.

2. каго-што. Разм. Праіснаваць, прабыць, захавацца даўжэй за каго‑, што‑н. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Бачыла. А рэшткі колішніх збудаванняў перажылі сваіх гаспадароў. Шыцік. // Доўга не страціць свайго значэння; захаваць сваё значэнне пасля смерці аўтара, стваральніка і пад. (пра творы мастацтва і інш.). Хіба перажыла сябе брама, напісаная ў мастацкай манеры п’ес Горкага. «ЛіМ».

3. што. Пражыць, перабыць які‑н. час; знайсці ў сабе сілы перанесці, выцерпець што‑н., справіцца з цяжкасцямі. — Не плач, перажывём бяду-вайну, — Янук пачаў Раіну суцяшаць. Танк. [Карп:] — Ну, нічога, унучак... Мы перажывём гэта. Перажывём... Шамякін. [Васіль:] Я лякарствы прывёз, — тыя, што Дора Абрамаўна выпісала. Маладзец, кажа, твой бацька. Ён і не такі сардэчны прыступ перажыве. Даніленка.

4. што. Зазнаць, нацярпецца ў жыцці. Косця слухаў Таню, і яму рабілася страшна, страшна, што такое магло быць на свеце, што такое магла перажыць Таня. Арабей. — Як сям’я? Уцалела? — спытаў між іншым Павел. — Уцалела. Пісалі, шмат чаго перажыць давялося. Пальчэўскі. // Зведаць якое‑н. пачуццё. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны.

•••

Перажыць (самога) сябе — а) захаваць сваё значэнне пасля смерці; б) страціць сваё значэнне пры жыцці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАКАЁНАК (Андрэй Ягоравіч) (12.11.1920, в. Борхаў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.11.1982),

бел. драматург. Нар. пісьменнік Беларусі (1977). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1949). У Вял. Айч. вайну цяжка паранены. У 1944—47 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1949 у час. «Вожык», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1966—77 гал. рэдактар час. «Нёман». Друкаваўся з 1946. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Першая п’еса — аднаактовая драма «Добра, калі добра канчаецца» (1946). Аднаактоўкі «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» і «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) вызначаліся актуальнасцю праблематыкі. Шматактовыя драмы «Ворагі», «Узыходы шчасця» (абедзве 1947), «Выйгрыш» (1948) пры жыцці аўтара не друкаваліся і не ставіліся. У 1952 на сцэне Бел. т-ра імя Я.​Купалы пастаўлена яго паліт. драма «На досвітку» пра пасляваен. Францыю. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» (паст. тамсама ў 1954) бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва нар. гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Камедыі «Каб людзі не журыліся» (паст. тамсама ў 1959) і «Лявоніха на арбіце» (паст. тамсама ў 1961; Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1962) прысвечаны жыццю пасляваен. вёскі. Сац.-паліт. накіраванасцю вызначаюцца наватарскія п’есы «Зацюканы апостал» (паст. тамсама ў 1971) і «Трыбунал» (паст. Бел. т-рам Я.​Коласа, 1970), якія засведчылі значную эвалюцыю ў выяўл. манеры аўтара. Сатыр. камедыя-памфлет «Зацюканы апостал», насычаная прыёмамі сцэнічнай умоўнасці, часам з падкрэсленым ігнараваннем праўдападобнасці, вызначаецца своеасаблівасцю маст. тыпізацыі, гранічнай абагульненасцю персанажаў, не трацячы пры гэтым маст. канкрэтнасці. У трагікамедыі «Трыбунал», блізкай да традыцый нар. драмы, М. спалучыў нізкае з узвышаным, фарсавае з трагедыйным. Упершыню ў бел. драматургіі высокая героіка ўвасоблена ў камедыйным жанры. У пошуках новых жанравых і структурна-кампазіцыйных форм М. прыйшоў да камедыі-рэпартажу «Таблетку пад язык» (паст. т-рам імя Я.​Купалы ў 1973; разам з «Трыбуналам» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1974), да складанай у жанравых адносінах камедыі «Кашмар» (паст. тамсама пад назвай «Святая прастата» ў 1976), якая падкупляе клопатам пра ўсталяванне разумных сац,паліт. узаемаадносін, гуманіст. пафасам. У канцы 1970 — пач. 1980-х г. на сцэне з’явіліся трагікамедыя «Пагарэльцы» (нап. 1966, апубл. 1980, паст. тамсама ў 1981) і камедыя «Верачка» [аўтарскае вызначэнне: сентыментальны фельетон, паст. Брэсцкім і Магілёўскім («Не сумуй, Верачка») абл. т-рамі ў 1979], якія адкрылі новыя грані драматургічнага таленту М. У «Пагарэльцах», прысвечаных выкрыццю прыстасавальніцтва, апалітычнасці, шкурніцтва, аўтар адмовіўся ад традыц. сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора, даў толькі «пралог і эпілог адной трагікамічнай гісторыі».

Камедыя «Верачка» напісана ў больш звыклых, хоць і не кананічных жанравых формах; у эмацыянальным ладзе яе дамінуе мяккая, сцішаная танальнасць. Лірычныя моманты ёсць і ў п’есах «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», «Кашмар», але прысутнічаюць там пераважна ў аўтарскіх рэмарках-пралогах. Апошні закончаны твор М. — трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (апубл. 1983) — п’еса-прытча, у якой аб’ектам аўтарскага асэнсавання стала найважнейшая агульначалавечая праблема захавання Зямлі ад тэрмаядзернай катастрофы. Аўтар кінааповесці «Твой хлеб» (1956), сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільма «Пасля кірмашу» (1973). Імя М. прысвоена Гродзенскай цэнтр. гар. б-цы і Журавіцкай СШ Рагачоўскага р-на, у якой створаны музей М.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1987—90;

Выбр. тв Т. 1—2. Мн., 1980.

Літ.:

Вишневская И. Комедия на орбите. М., 1979;

Сохар Ю.М. На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і бел. тэатр. Мн., 1979;

Усікаў Я.К. Андрэй Макаёнак. Мн., 1984.

С.​С.​Лаўшук.

А.Я.Макаёнак.

т. 9, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФАЭ́ЛЬ [Raffael, Raphael; сапр. Рафаэла Санці (Санцыо), Raffaello Santi (Sanzio); 26 ui 28.3 або 6.4.1483, г. Урбіна, Італія — 6.4.1520],

італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Дж.​Санці (да 1494), у Перуджы ў П.​Перуджына (каля 1495—1505, або 1499—1500). Раннія творы, у якіх адчувальны ўплыў Перуджына, вызначаюцца тонкай паэзіяй і мяккім лірызмам пейзажных фонаў, ураўнаважанасцю кампазіцый: «Каранаванне св. Мікалая Таленцінскага» (каля 1500), «Тры грацыі», «Сон рыцара» (абедзве каля 1500—02), «Укрыжаванне са св. Іеранімам» (1.503), «Мадонна Канестабіле» (каля 1504), «Заручыны Марыі» (1504). З 1504 працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Перуджы і Умбрыі. Пад уплывам Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Ф.​Барталамео перайшоў да больш класічнай манеры, сцвердзіўся як майстар рэнесансавага жывапісу: «Мадонна дэль Грандука» (1504), «Малая Мадонна Каўпер» (1504—05), «Мадонна на лузе» (1506), «Мадонна са шчыглянём» (1507), «Святая сям’я Каніджані» (1507—08), «Вялікая Мадонна Каўпера», «Мадонна Тэмпі», «Прыгожая садоўніца» (усе 1508), партрэты Аньёла і Мадалены Доні і інш. З 1508 у Рыме. Паводле заказу пап Юлія II і Льва X пісаў фрэскі ў залах (станцах) Ватыканскага палаца, у якіх увасобіў гуманіст. ідэалы свабоды і зямнога шчасця, жыццесцвярджальныя ўяўленні пра прыгажосць і дасканаласць чалавека, яго гармонію са светам. Фрэскам уласцівы спакойная веліч і гарманічная стройнасць шматфігурных кампазіцый, павышаная роля арх. фонаў, якія дасканала звязаны з рэальным арх. асяроддзем, майстэрства перадачы святлаценю, мяккі светлы каларыт: «Дыспут», «Афінская школа», «Парнас», «Мудрасць, Мера і Сіла» ў Станца дэла Сеньятура (1508—11), «Выгнанне Эліядора з храма», «Сустрэча Льва I з Атылам», «Меса ў Бальсене», «Вызваленне апостала Пятра з цямніцы» ў Станца д’Эліядора (1511—14), «Пажар у Борга», «Каранаванне Карла Вялікага папай Львом III» у Станца дэль Інчэндыо (1514—17) і адпаведныя гал. кампазіцыям алегарычныя, біблейскія і міфалагічныя сцэны на плафонах. Стылістычна блізкія да ватыканскіх фрэсак кардоны серыі шпалер для Сіксцінскай капэлы (1515—16). Духам ант. класікі з яе культам пачуццёвай прыгажосці прасякнута фрэска «Трыумф Галатэі» на віле Фарнезіна (1511). Пісаў алтарныя абразы, рэліг. карціны і партрэты, якія вызначаюцца майстэрствам перадачы характару персанажаў, экспрэсіўнасцю, складаным гучным каларытам: «Мадонна Альба» (каля 1510—11), «Мадонна ды Фаліньё» (1511—12), «Партрэт кардынала» (каля 1512), «Сіксцінская мадонна» (1513—14), «Святая Цэцылія» (1514), «Мадонна з рыбай» (каля 1514), «Партрэт Бальдасарэ Кастыльёне» (каля 1515), «Жанчына ў пакрывале» («Донна Велата», каля 1516), «Нясенне Крыжа» (1517), «Партрэт Льва X з двума кардыналамі» (1518—19), «Святая сям’я Францыска I» (1518), «Праабражэнне» (1517—20) і інш. У некат. позніх работах адчуваюцца рысы маньерызму. Арх. дзейнасць Р. стала сувязным звяном паміж творчасцю Д.​Брамантэ і А.​Паладыо. З 1514 гал. архітэктар Рымскага сабора Святога Пятра, стварыў яго новы план, у аснову якога паклаў арх. тып базілікі. Дабудоўваў пачаты Брамантэ ватыканскі двор з лоджыямі. Пабудовам Р. ўласціва спалучэнне дэкору фасадаў з асаблівасцямі мясцовасці і суседняй забудовы, памерамі і прызначэннем будынка: царква Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (з 1509), капэла Кіджы царквы Санта-Марыя дэль Попала (1512—20), палацца Відоні-Кафарэлі (з 1515), Бранконіо дэль Аквіла (1520) у Рыме, палацца Пандальфіні ў Фларэнцыі (з 1520, дабудаваны па праекце Р. арх. Дж. да Сангала). Часткова ажыццёўлена аўтарская задума Р. ў пабудове вілы Мадама ў Рыме (з 1517, дабудавана арх. А. да Сангала Малодшым), арганічна звязанай з навакольнымі садамі і тэрасным паркам. Творчасць Р. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. жывапіс 16—19 ст.

Літ.:

Гращенков В.Н. Рафаэль. 2 изд. М., 1975;

Пашут Л. Рафаэль: Пер. с венг. М., 1981;

Дажина В.Д. Рафаэль и его время. М., 1983;

Прусс И.Е. Рафаэль: [Альбом]. М., 1983;

Лебедянский М.С. Портреты Рафаэля. М., 1983.

С.​У.​Пешын.

Рафаэль.
Рафаэль. Афінская школа. Станца дэла Сеньятура. 1508—11.
Рафаэль. Прыгожая садоўніца 1508.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)