прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, рэгулятары росту раслін з групы фітагармонаў. Уздзейнічаюць на рост, дзяленне і дыферэнцыяцыю клетак. З прыродных (у асн. вытворныя індолу, фенілвоцатнай кіслаты) найб. пашыраны гетэрааўксін, які сінтэзуецца раслінамі з трыптафану бактэрыямі і грыбамі. Сінт. аналагі аўксінаў стымулююць утварэнне каранёў і чаранкоў, з іх дапамогай атрымліваюць плады без насення, прадухіляюць ападанне лісця.
У малых канцэнтрацыях дзейнічаюць як стымулятары (роставыя рэчывы), у вялікіх — як гербіцыды, дзеянне якіх заснавана на парушэнні абмену рэчываў з наступнай гібеллю раслін. Выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, навук. практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХНЕР ((Buchner) Эдуард) (20.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 13.8.1917),
нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1895). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1888), дзе і працаваў. У 1893—1911 праф. у Кілі, Берліне, Брэславе, Вюрцбургу. Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў піразол (1889). У 1897 атрымаў з дражджэй сок, які не меў жывых клетак, але выклікаў энергічнае спіртавое браджэнне. Гэта адкрыццё заклала асновы сучаснай энзімалогіі. Нобелеўская прэмія 1907.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 81.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ДОМ-КАМУ́НА.
Пабудаваны ў Віцебску ў 1927—29 (арх. А.Вышалескі). Задуманы як зручнае эканам. жыллё для працоўных, разлічаны на 280—300 чал. Першая на Беларусі пабудова такога тыпу. 4-павярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтр. аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца 2 вынесеныя за план дома і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. У час Вял.Айч. вайны будынак згарэў. Пасля рэканструяваны ў жылы дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СТРУЛА (позналац. gastrula ад грэч. gastēr страўнік),
зародак шматклетачнага жывёльнага арганізма ў перыяд гаструляцыі; адна са стадый зародкавага развіцця. Упершыню апісаў А.А.Кавалеўскі ў 1865 пад назвай «кішэчная лічынка». Вылучаюць этапы ранняй (пасля бластулы), сярэдняй і позняй гаструлы. На апошнім этапе гаструла складаецца з двух слаёў клетак — вонкавага (першасная эктадэрма) і ўнутранага (першасная энтадэрма); у большасці жывёл да іх далучаецца трэці слой (мезадэрма). Унутраная поласць гаструлы (гастрацэль) трансфармуецца ў поласць кішэчніка, злучаецца з вонкавым асяроддзем праз бластапор — адтуліну першаснага рота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎСТО́РЫІ (ад лац. haustor чарпальны, паглынальны) у біялогіі, 1) прысоскі, з дапамогай якіх расліны-паразіты высмоктваюць пажыўныя рэчывы з раслін-гаспадароў.
2) Спец. часткі гіфаў паразітычнага фітапатагеннага грыба, што месцяцца ўнутры жывой клеткі расліны-гаспадара і праз якія пажыўныя рэчывы клетак арганізма-гаспадара трапляюць у цела грыба.
3) Шматклетачныя цяжы або асобныя клеткі, якія служаць для высмоктвання пажыўных рэчываў з нуцэлуса і покрыва семязавязі і перамяшчэння іх да зародка і эндасперму пакрытанасенных раслін.
4) Ніжняя частка ножкі імхоў, што ўкараняецца ў тканку гаметафіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДЖЫ ((Golgi) Каміла) (7.7.1844, г. Картэна, Італія — 21.1.1926),
італьянскі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1905). Скончыў Падуанскі ун-т (1865). З 1875 праф. ун-та ў г. Павія. Навук. працы па нейрагісталогіі і мікрамарфалогіі нерв. сістэмы. Распрацаваў хромасярэбраны метад прыгатавання прэпаратаў нерв. тканкі (1873). Вызначыў 2 тыпы нерв.клетак; апісаў адменны ўнутрыклетачны арганоід — Гольджы комплекс і інш. Даследаваў патамарфалогію мозга пры псіхічных хваробах, вызначыў гісталагічную дыферэнцыроўку паміж саркомай і гліёмай. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з Рамонам-і-Кахалем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁВІ-МАНТАЛЬЧЫ́НІ ((Levi-Montalcini) Рыта) (н. 22.4.1909, г. Турын, Італія),
італа-амерыканскі біёлаг. Чл.Нац.АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Італьян.Нац.АН. Скончыла Турынскі ун-т (1936). З 1947 у Вашынгтонскім ун-це (у 1969—77 праф.), адначасова з 1969 у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нац. даследчым савеце ў Рыме (да 1979 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нерв. тканкі. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з С.Коэнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАТЭРАПІ́Я,
метад прамянёвай тэрапіі, заснаваны на выкарыстанні рэнтгенаўскага выпрамянення. Ажыццяўляецца з дапамогай спец.мед. рэнтгенатэрапеўт. апаратаў. Прыгнечвае жыццядзейнасць клетак паталагічна змененых тканак або цалкам іх разбурае. Пры непухлінных захворваннях Р. накіравана на спыненне запаленчай рэакцыі, зніжэнне болевай адчувальнасці і сакраторнай актыўнасці залоз. Адрозніваюць Р. глыбокую (уздзеянне на органы і тканкі, размешчаныя ў глыбіні цела), мясцовую (асобнага органа або абмежаванага ўчастка цела), агульную (усяго цела). Пашырана пры лячэнні захворванняў скуры, слізістых абалонак і інш. Часам спалучаецца з антыбактэрыяльнай тэрапіяй і інш. метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСІ́ЛЫ, сэнсілы (ад лац. sensilis які адчувае),
прасцейшыя органы пачуццяў у беспазваночных жывёл. Складаюцца з кутыкулярнага аддзела і 1 або некалькіх чуллівых нерв.клетак, ад якіх адыходзяць нерв. валокны ў ц. н. с. Выконваюць функцыі гігра-, механа-, тэрма-, хема-, экстэра- і інтэрарэцэптараў. Размешчаны па целе паасобку або сабраныя ў групы, найб. іх колькасць на вусіках, ротавых ч., хваставых прыдатках і канечнасцях, дзе яны аб’яднаны ў складаныя органы па некалькі тысяч С. (напр., на антэнах трутня меданоснай пчалы каля 30 тыс.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРАНХІ́МА (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + enchyma налітае, тут тканка),
механічная тканка раслін, якая складаецца з таўстасценных клетак 2 тыпаў — валокны і камяністыя клеткі (склераіды). Валокны — моцна выцягнутыя празенхімныя клеткі даўж. ад некалькіх дзесятых міліметра да 4 см (рамі) з завужанымі канцамі, слаістымі порыстымі сценкамі і поравымі каналамі. Забяспечваюць трываласць органаў раслін на расцяжэнне, сцісканне, выгін. У многіх раслін валокны складаюць мех. абкладку праводных пучкоў. Неадраўнелыя валокны С. з цэлюлознымі сценкамі (напр., у джута, канапель, лёну) — сыравіна для тэкст. прам-сці.