СААВЕ́ДРА ЛА́МАСА ПАКТ 1933,

дагавор аб прынцыпах міжнар. адносін, заключаны па ініцыятыве міністра замежных спраў Аргенціны К.Сааведра Ламаса. Падпісаны 10 кастр. прадстаўнікамі Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Парагвая, Уругвая і Чылі, пазней большасцю дзяржаў Лац. Амерыкі і ЗША. Асуджаў агрэсіўныя войны, дэклараваў урэгуляванне ўсіх міждзярж. спрэчак толькі мірнымі сродкамі. Забараняў узбр. ці інш. ўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, прадугледжваў міжнар. ціск на дзяржавы-агрэсары. Абавязаў бакі не прызнаваць змены граніц, якія ажыццёўлены гвалтоўным шляхам.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тальён

(лац. talio, -onis = помста)

прынцып у крымінальным праве рабаўладальніцкіх і раннефеадальных дзяржаў, паводле якога асобе, што ўчыніла злачынства, прысуджалі такую самую шкоду («вока за вока, зуб за зуб»).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аўтаркі́я

(гр. autarkeia = самазадаволенасць)

палітыка эканамічнага адасаблення краіны або асобных рэгіёнаў ад эканомікі іншых дзяржаў ці астатніх рэгіёнаў з мэтай стварэння замкнутай гаспадаркі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АСВЕ́ТНЫ АБСАЛЮТЫ́ЗМ,

палітыка шэрагу еўрапейскіх абсалютысцкіх дзяржаў у 2-й пал. 18 ст., якая падтрымлівала ідэі Асветніцтва. Выяўляўся ў правядзенні рэформаў, накіраваных на знішчэнне некаторых устарэлых феад. ін-таў. Манархі Іосіф II у Аўстрыі, Фрыдрых II у Прусіі, Кацярына II у Расіі, Густаў III у Швецыі і інш., спрабуючы выкарыстаць папулярнасць ідэй франц. асветнікаў, выстаўлялі сваю дзейнасць як саюз «філосафаў і гасудароў». Асветны абсалютызм быў накіраваны на ўмацаванне панавання дваранства, хоць некаторыя рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст. ўкладу.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЕ́НТ [ад лац. agens (agentis) які дзейнічае],

1) асоба, якая дзейнічае па даручэнні каго-н.; прадстаўнік установы, арг-цыі, упаўнаважаны.

2) Агент дыпламатычны — афіц. асоба, якая ажыццяўляе знешнепаліт. прадстаўніцтва. У прыватнасці, агентамі з’яўляюцца дыпламат. прадстаўнікі і персанал пасольстваў, місій. Агент консульскі — у практыцы некаторых дзяржаў службовая асоба консульскай установы.

3) Агент разведкі — асоба, якая нелегальна выконвае заданні разведвальных органаў якой-н. краіны.

4) У навук. тэрміналогіі — дзейная прычына, якая выклікае пэўныя з’явы (у прыродзе, арганізме чалавека і інш.).

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ЯПО́НСКІ САЮ́З,

ваенна-паліт. саюз Англіі і Японіі супраць Расіі, а таксама для ўмацавання свайго панавання ў Кітаі і Карэі. Заключаны 30.1.1902. Прадугледжваў нейтралітэт у выпадку вайны саюзніка з інш. дзяржавай і аказанне яму дапамогі, калі да ваен. дзеянняў супраць саюзніка далучыцца іншая дзяржава або група дзяржаў. Саюз садзейнічаў развязванню руска-японскай вайны 1904—05. Англа-японскі саюз аднаўляўся ў жн. 1905 і ліп. 1911. На Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 заменены пагадненнем ЗША Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава (860—1045) са сталіцай у г. Ані (зараз Турцыя). Узнікла ў выніку аб’яднання Арменіі Багратыдамі і вызвалення ад улады Арабскага халіфата. Найбуйнейшае сярод феад. дзяржаў сярэдневяковай Арменіі, аб’ядноўвала яе большую частку. Высокага ўзроўню развіцця дасягнулі ў Анійскім царстве рамёствы і гандаль, навука, архітэктура, л-ра і мастацтва. Узмацненне феад. эксплуатацыі выклікала антыфеад. нар. рух тандракійцаў. У 10 ст. ў выніку феад. раздробленасці ў Анійскім царстве ўтварылася некалькі царстваў — васалаў Багратыдаў. У 1045 заваявана Візантыяй.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ ААН (ЕЭК),

орган ААН, створаны ў 1947 у мэтах садзейнічання эканам. адраджэнню разбураных вайной краін Еўропы. Статус пастаяннага органа ААН набыла ў 1951. Членамі ЕЭК з’яўляецца большасць еўрап. дзяржаў, у т. л. Беларусь і Расія. ЕЭК садзейнічае развіццю гандлю і навук.-тэхн. супрацоўніцтва, ажыццяўляе доўгатэрміновае эканам. планаванне, накіроўвае і каардынуе работу сваіх дапаможных органаў. ЕЭК узначальваецца выканаўчым сакратаром. Кіруючым органам ЕЭК з’яўляецца чарговая сесія, якая праводзіцца штогод. Месцазнаходжанне сакратарыята ЕЭК — г. Жэнева (Швейцарыя).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІЯ ЕЎРАПЕ́ЙСКІХ СУПО́ЛЬНАСЦЕЙ (Commission of the European Communities; CEC),

выканаўчы орган Еўрапейскіх супольнасцей. Створана паводле Брусельскага дагавора (падпісаны 8.4.1965). Дзейнічае з 1.7.1967. Выпрацоўвае праекты рашэнняў Еўрап. савета, кантралюе выкананне дагавораў аб стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі і пастаноў Еўрап. савета, прымае рашэнні па пытаннях, прадугледжаных дагаворамі і інш. Члены камісіі прызначаюцца ўрадамі дзяржаў-членаў і могуць быць адхілены ад выканання сваіх функцый толькі рашэннем асобага суда. Месцазнаходжанне — г. Брусель.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУ́НА (франц. commune ад лац. communis агульны),

1) у сярэдневяковай Зах. Еўропе гарадская або сельская абшчына, якая дамаглася правоў самакіравання.

2) У шэрагу сучасных дзяржаў (Францыя, Італія, Бельгія, Сенегал і інш.) назва ніжэйшай адм.-тэр. адзінкі ў гарадах і сельскай мясцовасці. Узначальваецца пераважна выбарным муніцыпальным саветам, яго рашэнні выконвае мэр, якога выбірае савет ці прызначае ўрад. Мэр (адначасова з’яўляецца ўрадавым чыноўнікам і выконвае распараджэнні ўрада) і муніцыпальны савет вырашаюць асн. пытанні мясц. жыцця, але працуюць пад урадавым кантролем.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)