буржуа́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да буржуазіі; уласцівы буржуазіі. Буржуазная ідэалогія. Буржуазная мараль. Буржуазны нацыяналізм. Буржуазны быт. Буржуазная прэса. Буржуазная культура.

2. Які характарызуецца панаваннем буржуазіі, які робіцца ў інтарэсах буржуазіі. Буржуазная рэвалюцыя. Буржуазная рэспубліка, краіна. Буржуазны ўрад. Буржуазнае грамадства. Буржуазная дэмакратыя. Буржуазны лад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каці́раваць ’вызначаць біржавую цану (курс) каштоўных папер, тавараў, замежнай валюты’ (ТСБМ). Відавочна, непасрэднае запазычанне з рус. мовы. У рус. мове гэта лексема ўзята з ням. kotieren у другой палавіне XIX ст. (упершыню адзначаецца ў слоўніку ў 1887 г.). Ням. kotieren < франц. coter ’каціраваць’ < ’меціць, нумараваць’. Гл. Шанскі, 2, К, 358. Каці́равацца ’цаніцца’, ’ацэньвацца (пра каштоўныя паперы, тавары, валюту)’, ’быць у абароце на біржы’, ’мець тую ці іншую ацэнку ў вачах грамадства’, з’яўляецца ўласна рус. ўтварэннем і адзначаецца з 1914 г. Шанскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАРА́НТЫІ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ,

матэрыяльныя і прававыя сродкі, якія забяспечваюць рэалізацыю сац.-эканам. правоў членаў грамадства — права на працу, адпачынак, жыллё, адукацыю, мед. дапамогу, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. Матэрыяльнай асновай большасці відаў гарантый сацыяльных з’яўляюцца сац. фонды дзяржавы і прадпрыемстваў — частка нац. даходу, што накіроўваецца на сац. забеспячэнне і на задавальненне на бясплатнай ці льготнай аснове патрэб членаў грамадства ў адукацыі, ахове здароўя і інш. Мэтавыя выплаты з сац. фондаў (пенсіі, дапамогі і інш.) спрыяюць змяншэнню розніцы ў даходах сем’яў, якія ўзнікаюць у выніку іх рознага памеру і складу. Размеркаванне бясплатных ці льготных жыццёвых даброт з сац. фондаў зыходзіць з прынцыпу сапраўднай патрэбы членаў грамадства ў гэтых дабротах і накіравана на забеспячэнне сацыяльна гарантаванага ўзроўню задавальнення такіх патрэб. У сацыяліст. краінах з нацыяналізаванай уласнасцю і планавай гаспадаркай, у т. л. ў Беларусі, у 1950—80-х г. былі дасягнуты поспехі ў рэалізацыі гарантый сацыяльных, у прыватнасці ў сферы клопатаў аб састарэлых, мацярынстве і дзяцінстве. Разбурэнне планавай гаспадаркі і рух да свабоднай рыначнай эканомікі рэзка аслабілі дзейнасць гарантый сацыяльных, іх уплыў на жыццёвае становішча асн. часткі насельніцтва. Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны гарантыі сацыяльныя: на ахову здароўя, сац. забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, страты працаздольнасці, страты карміцеля і інш.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РА ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,

сістэма адносна ўстойлівых установак, перакананняў, уяўленняў, мадэлей паводзін, якія ўвасабляюць вопыт папярэдніх пакаленняў. Існуе на індывід. і паліт. узроўнях, праяўляецца ў дзейнасці суб’екта палітыкі. Уключае стэрэатыпы паліт. свядомасці і паводзін, уласцівых пэўнай сацыяльнай групе, устойлівыя традыцыі, дамінуючыя ўяўленні, тыповыя паліт. ўстаноўкі, каштоўнасці і арыентацыі. Характарызуе трываласць ведаў людзей у галіне палітыкі, іх разуменне сутнасці законаў, норм, грамадзянскіх правоў і абавязкаў, якія дзейнічаюць у краіне, фіксуе ўстойлівыя сувязі і адносіны паміж суб’ектамі грамадскага жыцця. У К.п. адлюстроўваюцца жыццёвыя інтарэсы і ўстаноўкі розных сац. груп і слаёў грамадства, класаў, нац. і канфесійных супольнасцей. К.п. выконвае функцыі назапашвання і перадачы паліт. вопыту, неабходнага для падтрымання ўстойлівасці і рэгулявання паліт. адносін, паліт. фарміравання асобы на аснове каштоўнасцей, што існуюць у грамадстве, забеспячэння грамадскіх суб’ектаў ведамі, неабходнымі для паспяховай дзейнасці ў сферы палітыкі, забеспячэння дыялогу і ўзаемаразумення паміж рознымі сац. групамі і слаямі грамадства. Найважнейшымі суб’ектамі фарміравання К.п. грамадства з’яўляюцца дзяржаўныя органы, паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, сродкі масавай інфармацыі, царква і інш. На развіццё К.п. уплываюць сац.-паліт. змены ў грамадстве, мэтанакіраванае ўздзеянне звонку і г.д. Навук. аналіз К.п. дазваляе суб’ектам палітыкі прагназіраваць паліт. паводзіны вял. мас людзей, садзейнічае прыняццю аптымальных і эфектыўных паліт. рашэнняў.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сын, -а, мн. сыны́, -о́ў, м.

1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў.

Малодшы с. вучыцца ў школе.

2. звычайна мн., перан., чаго. Чалавек як носьбіт характэрных рыс свайго асяроддзя, грамадства, народа і пад. (высок.).

Сыны Беларусі.

Сыны свайго часу.

|| ласк. сыно́к, -нка́, мн. -нкі́, -нко́ў, м. (да 1 знач.), сыно́чак, -чка, мн. -чкі, -чкаў, м. (да 1 знач.).

|| прым. сыно́ўскі, -ая, -ае (да 1 знач.).

Сыноўскія абавязкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рэвалю́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Карэнны пераварот у жыцці грамадства, які прыводзіць да ліквідацыі старога грамадскага і палітычнага ладу і да перадачы ўлады ў рукі іншага класа.

Буржуазная р. (якая звяргае буржуазны лад і ўстанаўлівае ўладу перадавога класа). Кастрычніцкая р. 1917 г.

2. Карэнны пераварот, рэзкі скачкападобны пераход ад аднаго якаснага стану да другога.

Навукова-тэхнічная р.

|| прым. рэвалюцы́йны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Р. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

экало́гія, -і, ж.

1. Навука аб узаемадзеянні раслінных і жывёльных арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем, а таксама іх стане.

Э. раслін.

Э. глебы.

Э. лесу.

2. перан. Чысціня, правільнасць, абумоўленыя гарманічнымі суадносінамі элементаў; клопат аб такой чысціні.

Э. культуры.

Э. мовы.

Сацыяльная э. (узаемадзеянне чалавека, грамадства і навакольнага асяроддзя).

|| прым. экалагі́чны, -ая, -ае.

Э. стан вадаёма.

Экалагічныя росшукі.

Экалагічная этыка.

Экалагічна (прысл.) чыстае асяроддзе.

Экалагічна (прысл.) чыстыя прадукты.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

РАЗВЕ́ДВАЛЬНЫЯ О́РГАНЫ,

спецыяльныя падраздзяленні, якія дзяржава стварае для ажыццяўлення разведвальнай дзейнасці; састаўная ч. разведвальнай суполкі і сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Прызначаны абараняць інтарэсы асобы, грамадства, дзяржавы ад знешніх пагроз з выкарыстаннем вызначаных заканадаўствам спец. метадаў і сродкаў.

В.​А.​Окунеў, А.​А.​Мініч.

т. 13, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,

сацыялагічнае вучэнне пра агульныя і спецыфічныя законы развіцця і функцыянавання грамадства. У яго аснову пакладзены тэзіс, паводле якога грамадства развіваецца па аб’ектыўных, незалежных ад волі і жадання чалавека законах. Распрацаваны К.Марксам і Ф.Энгельсам у сярэдзіне 19 ст. Яны зыходзілі з таго, што ў працэсе жыцця людзі ўступаюць у пэўныя, незалежныя ад іх волі вытв. адносіны, якія адпавядаюць дасягнутаму грамадствам на дадзеным гіст. этапе ўзроўню развіцця матэрыяльных вытв. сіл. Сукупнасць гэтых вытв. адносін складае эканам. структуру грамадства, рэальны базіс, над якім узвышаецца паліт., юрыд. надбудова ў выглядзе розных сац. ін-таў і ўстаноў, а таксама розныя формы грамадскай свядомасці. Не грамадская свядомасць вызначае грамадскае быццё, а, наадварот, грамадскае быццё вызначае грамадскую свядомасць. На аснове вывучэння матэрыяльных грамадскіх адносін капіталіст. грамадства быў зроблены вывад пра паўтаральнасць грамадскіх з’яў, вылучана агульнае ў сац. ладзе розных краін, распрацавана вучэнне пра фармацыі грамадска-эканамічныя. Змена гіст. эпох пададзена як заканамерны працэс змены спосабаў вытв-сці; самі спосабы вытв-сці змяняюць адзін аднаго ў сілу аб’ектыўна існуючых і пастаянна нарастаючых супярэчнасцей паміж узроўнем развіцця вытв. сіл (больш дынамічных) і характарам вытв. адносін (больш кансерватыўнага элемента сістэмы). Нарастаючыя паміж імі супярэчнасці даходзяць да канфлікту, які вырашаецца шляхам сац. рэвалюцыі. Маркс і Энгельс прызналі вырашальную ролю нар. мас у гісторыі, класавую барацьбу як рухаючую сілу сац. прагрэсу, сац. рэвалюцыю як спосаб змены грамадска-эканам. фармацый.

Літ.:

Маркс К., Энгельс Ф. Немецкая идеология // Соч. 2 изд. Т. 3;

Іх жа. Маніфест Камуністычнай партыі. Мн., 1968;

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізма // Тв. Т. 19 (Полн. собр. соч. Т. 23);

Плеханов Г.В. Избранные философские произведения. Т. 1. М., 1956;

Фурманов Г.Л. Исторический материализм как общесоциологическая теория. М., 1979;

Ойзерман Т.И. Главные философские направления. 2 изд. М., 1984;

Исторические типы философии. М., 1991.

Т.​І.​Адула.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гісто́рыя

(лац. historia, ад гр. historia)

1) працэс развіцця прыроды і грамадства;

2) навука аб развіцці чалавечага грамадства (напр. г. Беларусі);

3) навука, якая вывучае паслядоўнае развіццё якой-н. галіны ведаў (напр. г. літаратуры, г. тэатра);

4) апавяданне (напр. забаўная г.);

5) здарэнне, выпадак (напр. непрыемная г.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)