Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 17 км ад Талачына, 140 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Талачын. 301 ж., 114 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
Вядомы з 15 ст., належалі кн. Друцкім-Пуцяцічам. З канца 15 — пач. 16 ст. яе ўладальнікамі былі Іллінічы, Кішкі, Радзівілы, Сапегі, Нарушэвічы, Пацы, Воўкі і інш. З 1559 цэнтр воласці. На карце ВКЛ Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка, цэнтр аднайм. маёнтка, уваходзілі ў Аршанскі пав. З 1772 у Рас. імперыі, сяло. Уваходзілі ў Копыскі, з 1861 у Аршанскі пав. Магілёўскай губ. У 1897 складаліся з 4 паселішчаў: панскага двара, 2 сёл (71 і 39 ж.), вёскі (185 ж). З 1924 у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на. У 1970 — 235 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАЛА́ТА,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Докшыцы, 219 км ад Віцебска, 19 км ад чыг. ст. Параф’янава. 404 ж., 160 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаецца ў 1524 як частка маёмасці Альжбеты Багданаўны, удавы М.Радзівіла. Належала кн. Слуцкім, Долмат-Ісайкоўскім, К.Зяньковічу, Бжастоўскім, Аскеркам, Шышкам. У 17 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1802 у Вілейскім пав. З 1861 цэнтр воласці. У 1886 — 246 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Дунілавіцкім, з 1960 — у Глыбоцкім, з 1962 — у Пастаўскім, з 1956 — у Докшыцкім р-нах. У 1970 — 374 жыхары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАМЯ́Н (Іван Хрыстафоравіч) (20.11.1897, г. Гянджа, Азербайджан — 21.9.1982),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1977). У арміі з 1915. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934), Генштаба (1938). У Вял.Айч. вайну з крас. 1942 нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, з ліп. 1942 камандуючы 16-й (11-й гв.) арміяй Зах. фронту, якая ўдзельнічала ў Курскай бітве 1943. З ліст. 1943 камандуючы войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія правялі Гарадоцкую аперацыю 1943, удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944 (у ходзе яе здзейснілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944, Полацкую аперацыю 1944), Усходне-Прускай аперацыі 1945. З крас. 1945 камандуючы войскамі 3-га Бел. фронту. У 1945—54 камандуючы войскамі Прыбалтыйскай ваен. акругі. У 1958—68 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Яго імем названы вуліцы ў Гарадку і Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
газета, афіцыйны орган Віцебскага губернскага праўлення. Выдавалася з 1838 да 23.12.1917 (5.1.1918) у Віцебску на рус. мове з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. (з 1845) аддзелы. Афіц. змяшчаў пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. меў значэнне самаст. газеты, з 1901 выдаваўся асобна, асвятляў падзеі ў краіне і за мяжой, жыццё Віцебска, Полацка, Веліжа і інш.нас. пунктаў губерні, друкаваў літ. творы, даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры (часам на бел. мове), артыкулы гасп. тэматыкі. Мела дадаткі «Телеграммы «Витебских губернских ведомостей» (1887—92, 1895—1905) і «Народный листок» (1907; выйшла 8 нумароў). З 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 замест неафіц. аддзела выходзіла прыватная газ. «Витебский голос». Са студз. 1907 выданне неафіц. аддзела адноўлена, 29.6.1912 спынена, замест яго пачала выходзіць газ.«Витебский вестник».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц ГУБЕРНА́ТАРА,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Віцебску да 1772. Асн. 3-павярховы будынак пастаўлены на высокім беразе Зах. Дзвіны памешчыкамі Кудзіновічамі, у 1806 выкуплены для перабудовы пад палац ген.-губернатара. У 1811 да асн. корпуса прыбудаваны 2-павярховы П-падобны ў плане службовы корпус (арх. Ф.Санкоўскі) з параднай залай і царквой на 2-м паверсе. Гал. фасад вылучаны рызалітам, завершаным атыкам, і ўпрыгожаны порцікам з 4 паўкалонамі дарычнага ордэра, якія падтрымліваюць балкон. Такі ж порцік аздабляе бакавы фасад і замыкае фасад 2-павярховага корпуса. Фасады апрацаваны рустам, завершаны карнізам і атыкамі. Быў рэзідэнцыяй ген.-губернатараў і губернатараў, штаб-кватэры Напалеона. У Вял.Айч. вайну спалены. Адноўлены пасля вайны. Першапач. планіроўка зменена.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ВАСКРАСЕ́НСКІЯ ЦЭ́РКВЫ.
Існавалі ў Віцебску ў 16—19 ст. Драўляная царква на ратушнай пл. пабудавана ў 16 ст. (паказана на «Чарцяжы» Віцебска 1664). Яна складалася з 3 зрубаў (асн., алтарны і бабінец з вежай), накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы ў 1772 у стылі позняга барока пабудавана мураваная уніяцкая царква (рыначная); з 1865 — праваслаўная. 1-нефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія рабілі будынак прамавугольным у плане. 2-вежавы гал. фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на гал. фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены, аздобленыя плоскімі пілястрамі, былі завершаны прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаны стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. Разбурана ў 1930-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебскія Васкрасенскія цэрквы. Рыначная царква (справа). Малюнак Ю.Пешкі. Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАЛЯТЧА́НСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
Існаваў з пач. 20 ст. да 1924 у маёнтку Вял. Лётцы, за 15 км ад Віцебска. Створаны У.У.Адамавым з дапамогай Бат. ін-та Пецярбургскага ун-та, бат. саду Расійскай АН, садовых устаноў Варшавы, Парыжа, Жэнеўскага альпійскага саду і інш. Да 1910 у Вялікалятчанскім батанічным садзе меліся 344 віды дрэвавых (з іх 23 хвойных, 13 ліян), 664 травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей, у 1924 — каля 400 відаў рэдкіх дрэвавых парод (раслін-альбіносаў, стракаталістых формаў — клён вастралісты, бяроза нізкая і інш.), шмат раслін з сям. араліевых (аралія маньчжурская, акантапанакс сядзячакветны і інш.), калекцыя шматгадовых травяністых раслін (у т. л. альбіносаў), цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый, «жывы зельнік» (больш за 2 тыс. відаў лек., тэхн. і інш. раслін), бат. музей. Пасля 1924 частку калекцый (да 200 відаў) перанеслі ў Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСПІ́ЦКІ (Андрэй Міхайлавіч) (н. 16.2.1924, г. Мазовец, Польшча),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Вучыўся ў Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1940—41). Стварыў партрэты Цёткі (А.Пашкевіч; 1957), Ф.Шапэна (1960); бюст А.Міцкевіча (1995); станковыя творы «У полі» (1958), «Гімнасткі» (1971), кампазіцыі «Партызан-падрыўнік» (1957), «Дружба» (1964), «Рэквіем» (1996); і інш. Яго манум. творам характэрны дакладныя суадносіны маштабаў і масы, узбагачаныя кантрастамі святлаценяў, выразным лінейным рытмам: помнікі Ф.Скарыну ў Полацку (1973; па эскізу А.К.Глебава), Я.Купалу ў Мінску (1972; з А.Анікейчыкам і Л.Гумілеўскім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у гонар вызвалення Віцебска (1989; з М.Рыжанковым) ў Віцебску, манумент у гонар маці-патрыёткі (Дзярж. прэмія СССР 1977), мемар. знак у памяць ахвяр фашызму ў Стоўбцах (1992) і інш.