ВО́ЛЬНЫ

(сапр. Ажгірэй) Анатоль Іўсцінавіч (2.12.1902, ст. Пухавічы Мінскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Вучыўся ў БДУ. Літ. дзейнасць пачаў у 1921. У зб-ках вершаў «Камсамольская нота» (1924, з А.Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1925), «Табе» (1927) услаўляў рэв. здзяйсненні. У паэт. стылістыцы Вольнага абстрактна-сімвалічная фразеалогія, штучныя неалагізмы. У некаторых ранніх вершах сум, летуценнасць. Прыгодніцкая аповесць «Два» (1924—25) прысвечана барацьбе супраць польск. акупантаў, аповесць «Антон Савіцкі» (1927) — грамадз. вайне. Штучнасць у падачы асобных фактаў і падзей, неглыбокае раскрыццё псіхалогіі герояў зніжалі маст. вартасці твораў. Аўтар паэмы «Кастусь Каліноўскі» (1925), незакончаных паэм «Сінія кветкі», «Лэя» (абедзве 1926). Адзін з аўтараў рамана «Ваўчаняты» (1925, з Александровічам і А.Дударом). Пісаў гумарэскі і фельетоны (зб. «Суседзі», 1932, пад. псеўд. Алёша), драматызаваныя агітжарты, п’есы (камедыя «Ратуй, божа!», 1932, з. Р.Кобецам), сцэнарыі фільмаў («Атэль «Савой», «У агні народжаныя», 1930; «Сонечны паход», 1931, «Новая радзіма», 1935, і інш.). У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Шасцідзесятая паралель: Кінааповесць. Мн., 1935.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТЭ́ВІЧ Анатоль Іванавіч

(літ. псеўд. Валошка Максім; н. 15.6.1948, в. Баяры Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена» (1975—80), інструктарам сектара маст. л-ры аддзела культуры, заг. сектара маст. л-ры, нам. заг. ідэалаг. аддзела ЦК КПБ (1980—86, 1987—90), дырэктарам выд-ва «Мастацкая літаратура» (1986—87). У 1990—92 старшыня Дзярж. к-та Беларусі па друку, міністр інфармацыі (1992—94), у 1994—96 міністр культуры і друку. З 1996 генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. Друкуецца з 1969. У апавяданнях і казках для дзяцей — веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне займальна і даступна гаварыць з чытачом, адчуванне нар. слова. Перакладае з польск. (С.Лем «Прыгоды Піркса», 1992; «Салярыс», 1994), рус. і ўкр. моў, з бел. на рус. мову (В.Гігевіч «Марсіянскае падарожжа», 1992). У перакладзе Бутэвіча ішлі п’есы на сцэне Бел. т-ра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ Уладзімір Аляксеевіч

(8.6.1922, г. Краснадар, Расія — 17.8.1994),

бел. вучоны ў галіне механікі металапалімерных сістэм. Акад. АН Беларусі (1972, чл.-кар. 1969), д-р тэхн. н., праф. (1971). Засл. вынаходнік Беларусі, засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Ін-т інжынераў чыг. транспарту ў Растове-на-Доне (1945). З 1953 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту, з 1969 дырэктар Ін-та механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі і адначасова да 1973 рэктар Гомельскага ун-та. У 1973—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1978—83 рэктар БДУ. Навук. працы па даследаванні ўзаемасувязі малекулярных і надмалекулярных структур палімераў з іх фіз.-мех. ўласцівасцямі, стварэнні новага класа кампазіцыйных матэрыялаў, адгезійнай і кагезійнай трываласці металапалімераў. Прапанаваў асновы разліку і канструявання металапалімерных вырабаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);

Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979 (у сааўт.);

Трибология: исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993 (у сааўт.).

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАЦЭНАЛО́ГІЯ

(ад біягеацэноз + ...логія),

навука пра структуру, дынаміку і класіфікацыю згуртаванняў жывых істот у сувязі з месцам іх пражывання. Вывучае біял. прадукцыйнасць, кругаварот рэчываў і паток энергіі ў біягеацэнозах, іх цэласнасць і стабільнасць, межы і дынаміку. Прыватная частка біягеацэналогіі — біяцэналогія.

Пачатак біягеацэналогіі пакладзены працамі рус. вучоных В.В.Дакучаева і Г.Ф.Марозава, развіты вучэннем У.І.Вярнадскага пра біясферу і ролю жывога рэчыва ў фарміраванні зямной кары. Заснавальнікам біягеацэналогіі як асобнай навукі з’яўляецца У.М.Сукачоў. На Беларусі праблемы біягеацэналогіі распрацоўвалі акад. І.Д.Юркевіч і яго школа геабатанікаў, калектыў гідрабіёлагаў БДУ пад кіраўніцтвам Г.Г.Вінберга, які ў 1940-я г. пачаў вывучэнне біягеацэнозу воз. Нарач. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, Цэнтр. бат. садзе), біял. ф-тах ВНУ і інш. з выкарыстаннем комплексных метадаў вывучэння, мадэлявання і прагназавання біягеацэнатычных і экалагічных працэсаў і сістэм. Даныя біягеацэналогіі важныя ў гасп. дзейнасці чалавека і асабліва ў справе аховы прыроды.

Літ.:

Сукачев В.Н. Избр. тр. Л., 1972. Т. 1. С. 228—241.

І.К.Лапацін.

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГАЁЎ Дзмітрый Якаўлевіч

(н. 12.1.1929, в. Сычык Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1960). Праф. (1987). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1952). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1964 у БДУ. Друкуецца з 1957. Аўтар манаграфій пра жыццё і творчасць М.Лынькова, М.Танка, У.Дубоўкі, М.Гарэцкага, К.Крапівы, І.Мележа, В.Быкава, артыкулаў пра творчасць Я.Брыля, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, П.Галавача, Ц.Гартнага, В.Каваля, В.Казько, Я.Коласа, А.Кудраўца, М.Лобана, Б.Мікуліча, А.Мрыя, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, П.Панчанкі, Б.Сачанкі, М.Стральцова, А.Чарнышэвіча, К.Чорнага, І.Чыгрынава, Я.Янішчыц і інш. Працы Бугаёва адметныя жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, канцэптуальнасцю, глыбінёй і пераканальнасцю літ.-знаўчага аналізу, уменнем раскрыць індывідуальна-творчае аблічча пісьменніка, эстэт. і жанрава-тэматычнае багацце, стылявую самабытнасць бел. л-ры. Аўтар успамінаў «Жыццём ідучы...» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984 за кн. крытычных нарысаў «Талент і праца» (1979).

Тв.:

Шматграннасць. Мн., 1970;

Чалавечнасць. Мн., 1985;

Арганічнасць таленту. Мн., 1989;

Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЎК-ЛЕВАНО́ВІЧ Іосіф Васілевіч

(6.11.1891, хутар Лявонаўка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 19.8.1943),

бел. мовазнавец. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). Працаваў у БДУ (1923—30), адначасова з 1927 у Інбелкульце (сакратар Камісіі па ўкладанні гіст. слоўніка бел. мовы). У 1930 быў вымушаны пераехаць у Саратаў. Працаваў у Саратаўскім ун-це (1930—31), пед. ін-це (1931—34), Арэнбургскім пед. ін-це (1934—37). 17.9.1937 беспадстаўна арыштаваны і засуджаны, памёр у адным з лагераў на Поўначы. Даследаваў гісторыю бел. мовы, бел. дыялекталогію і рус. мову. Аўтар «Лекцый па гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанетыка» (1927, факс. выд. 1994), арт. «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі» (1925), «Мова выданняў Францішка Скарыны» (1926), «Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак» (1928), «Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (1929), «Яшчэ да пытання аб «ляшскіх» рысах у беларускай фанетыцы» (1930) і інш.

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 115—126.

І.К.Германовіч.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМО́ЛКА Мікола

(Мікалай Іванавіч; 11.3.1922, в. Брынёў Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 3.5.1992),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1939—40 і 1948—52). Працаваў у выдавецтве, у прэсе (у 1951—62 у час. «Бярозка»), Пісаў на бел. і рус. мовах. Друкаваўся з 1937. Апубл. зб-кі вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б’юць куранты» (1950). Аўтар прыгодніцкай аповесці «Лета ў Калінаўцы» (1950), аповесці «Добры дзень, школа!» (1952), рамана «Шосты акіян» (1959; аб’яднаны навук.-фантаст. аповесць «За вялікую трасу», 1954, і раман «Цытадэль неба», 1957), зб. апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). Пра Вял. Айч. вайну аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Партызанскія сёстры» (1989). На рус. мове аповесць-хроніка «Дзяўчына ішла па вайне» (1972). Аўтар п’есы «Бітва ў космасе» (паст. 1963). Пераклаў на бел. мову п’есу Я.Шварца «Чырвоная шапачка» (паст. 1967), паасобныя вершы М.Някрасава, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, П.Тычыны і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982—83;

Лета ў Калінаўцы: Аповесці. Мн., 1972;

Сокалы-сакалянягы: Аповесць. Мн., 1987.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ Давыд Моўшавіч

(н. 23.8.1901, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне нармальнай анатоміі і эмбрыялогіі; заснавальнік новай нейрамарфалагічнай бел. школы. Акад. Нац. АН Беларусі (1960, чл.-кар. 1940). Д-р мед. н. (1936), праф. (1935). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1926). У 1926—75 у Мінскім мед. ін-це, адначасова з 1933 у Ін-це псіханеўралогіі, з 1954 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па анатоміі і эмбрыялогіі сасудзістай і нервовай сістэм чалавека і жывёлы. Выявіў асн. заканамернасці развіцця перыферычнай нерв. сістэмы, распрацаваў тэорыю кружной шматсегментарнай і контрлатэральнай інервацыі ўнутр. органаў, даследаваў кампенсаторныя прыстасаванні ў вегетатыўнай нерв. сістэме. Распрацаваў прынцыпы ўтварэння новых нерв. і сасудзістых шляхоў, якія тэарэтычна абгрунтаваны, пацверджаны эксперыментальна і выкарыстаны ў клініцы. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Ганглиопексия и реиннервация органов. Мн., 1986 (разам з Р.В.Даніленка, Н.М.Кавалёвай);

Реиннервация поднижнечелюстной слюнной железы. Мн., 1991 (разам з С.В.Трыхманенка);

Восстановление целостности передней брюшной стенки и иннервации внутренних органов. Мн., 1994 (у сааўт).

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦКЕ́ВІЧ Анатоль Пятровіч

(н. 31.1.1929, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1986), праф. (1987). Скончыў мінскія мед. ін-т (1950) і пед. ін-т замежных моў (1955), БДУ (1958). З 1959 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1975 заг. кафедры Мінскага ін-та культуры (з 1993 Бел. ун-т культуры). Дырэктар навук. і даследчага Бел. ін-та Цэнтр. і Усх. Еўропы (з 1996). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, прыватнаўладальніцкія гарады. Аўтар публікацый па гісторыі правасл. царквы і каталіцкага касцёла ў Беларусі, шляхецкага саслоўя, генеалогіі шляхты і выбранцаў, гіст. нарысаў пра Слуцк, нац.-вызв. рух у 1918—20.

Тв.:

Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;

Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1979;

Социальная борьба горожан Белоруссии (XVI—XVIII вв.). Мн., 1975;

Древний город на Случи. Мн., 1985;

Вакол «слуцкага паўстання». Мн., 1987.

Літ.:

А.П.Грыцкевіч: Бібліягр. паказ. Мн., 1994.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦКЕ́ВІЧ Валянцін Пятровіч

(н. 30.3.1933, Мінск),

беларускі гісторык. Брат А.П.Грыцкевіча. Канд. мед. н. (1963). Скончыў Мінскі ін-т замежных моў (1955), Мінскі мед. ін-т (1956), гіст. ф-т БДУ (1957). У 1956—71 працаваў урачом у Беларусі і Ленінградзе, з 1971 у Ваенна-мед. музеі Мін-ва абароны СССР, з 1988 на кафедры музеязнаўства Санкт-Пецярбургскага ін-та культуры. Даследуе гісторыю медыцыны і геаграфіі Беларусі, гісторыю музеязнаўства, тэорыю і методыку гісторыі, гісторыю міграцыі бел. інтэлігенцыі. Адзін з арганізатараў і старшыня (з 1988) Бел. грамадска-культурнага т-ва ў Пецярбургу, чл. Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы чл. Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.

Тв.:

Путешествия наших земляков: Из истории страноведения Белоруссии. Мн., 1968;

Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980 (разам з А.Мальдзісам);

Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;

От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

С факелом Гиппократа: Из истории бел. медицины. Мн., 1987;

Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая. Мн., 1989;

Якой быць беларускай гістарычнай навуцы // Полымя. 1992. № 5.

М.В.Нікалаеў.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)