СВІДЭ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі на тэр. Польшчы і Беларусі (бас. рэк Віслы, Нёмана, Прыпяці) у сярэдзіне 9 — пач. 8-га тыс. да н.э. Назва ад помніка каля в. Свідры-Вельке (Польшча). У самастойную культуру вылучыў у 1923 польскі археолаг Л.​Казлоўскі. Плямёны жылі ва ўмовах тундры. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. аленя. Стаянкі кароткачасовыя адкрытага тыпу, жытлы круглаватыя, будана- і трапецападобныя, паглыбленыя ў зямлю, з вогнішчам пасярэдзіне. Інвентар — наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, скоблі, адна- і двухпляцовачныя нуклеусы. Большасць прылад выраблялі з пласцін. Насельніцтва С.к. стала генетычнай асновай сожскай (днепра-дзяснінскай), нёманскай, бутаўскай і кундскай мезалітычных культур лясной паласы еўрап. часткі былога СССР.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕТКАКРЫ́ЛЫЯ (Neuroptera, або Planipennia),

атрад насякомых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Вядомы з пермскага перыяду. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі сям. залатавочак і мурашыных ільвоў.

Даўж. цела 1—3 см, размах крылаў да 12 см. Цела тонкае, светла-зялёнае, чорнае і інш. Крылаў 2 пары, звычайна аднолькавых, празрыстых сеткавых (адсюль назва). Ротавы апарат грызучага тыпу. Ногі тонкія, хадзільныя, з 5-членікавымі лапкамі, у некат. відаў пярэднія — капальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. У лічынак сківіцы ўтвараюць смактальныя трубкі. Многім з іх уласціва пазакішачнае страваванне (у цела ахвяры ўводзяць стрававальныя ферменты, потым высмоктваюць ператраўленую ежу). Карысныя: кормяцца тлёй, какцыдамі і інш. насякомымі, шкоднымі для сельскай і лясной гаспадарак.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

выпрамяненне эл.-магн. хваль зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў аднародным магн. полі з рэлятывісцкімі скарасцямі. Абумоўлена паскарэннем, звязаным са скрыўленнем траекторыі часціц (гл. Лорэнца сіла). Назіраецца ў сінхратроне (адсюль назва).

Характарызуецца шырокім дыяпазонам частот; мае эліптычную палярызацыю (гл. Палярызацыя святла) і шырокі неперарыўны спектр (гл. Спектры аптычныя) з максімумам у яго доўгахвалевай частцы. Найб. істотна для лёгкіх часціц. Страты энергіі электронаў на С.в. ўлічваюцца пры канструяванні сінхратронаў. Выпрамяненне звышновых зорак, квазараў, пульсараў і радыёгалактык мае сінхратронную прыроду. Вывучэнне інтэнсіўнасці і палярызацыі касм. С.в. дазваляе атрымаць інфармацыю аб канцэнтрацыі і энергет. спектры рэлятывісцкіх электронаў, велічыні і напрамку магн. поля ў аддаленых абласцях Сусвету. С.в. выкарыстоўваюць таксама пры вывучэнні структуры цвёрдага цела.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТАПАДО́БНЫЯ ТРУ́БКІ,

праводныя элементы лубу. (флаэмы) голанасенных і кветкавых раслін. Утвараюцца з пракамбію і камбію. У кветкавых раслін С.т. — аднарадныя цяжы злучаных канцамі цыліндрычных жывых бяз’ядзерных клетак. Іх характэрная асаблівасць — папярочныя перагародкі паміж клеткамі-членікамі, якія маюць шматлікія навылётныя адтуліны (перфарацыі), што нагадваюць сіта (адсюль назва). Праз іх па ўсёй сістэме С.т. злучаецца пратаплазма клетак і праходзяць растворы, багатыя арган. рэчывамі. Да С.т. прымыкаюць функцыянальна і генетычна звязаныя з імі жывыя суправаджальныя клеткі. У голанасенных раслін перфарацыі рассеяны на бакавых сценках моцна выцягнутых і звостраных на канцах клетак-членікаў, якія пазбаўлены суправаджальных клетак і маюць ядры. У большасці раслін С.т. функцыянуюць 1 год, у вінаграду — 2, ліпы — некалькі, некат. пальм — дзесяткі гадоў.

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЗЯ́Н, Чжуцзян, Жамчужная, рака на ПдУ Кітая. Даўж. 2130 км, пл. бас. 437 тыс. км². Вытокі на Юньнаньскім нагор’і. Назва С. пасля сутокаў рэк Юцзян і Цзацзян вышэй г. Наньнін. Цячэ ў вузкай, глыбокай даліне ўздоўж паўд. ускраіны гор Наньлін, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае дэльту (пл. 16,9 тыс. км²), дзе зліваюцца воды рэк С., Бэйцзян і Дунцзян. Сярэдні расход вады каля 8 тыс. м³/с, макс. — 58 тыс. м³/с) (у час летніх мусонных дажджавых паводак). Ваганні ўзроўню вады да 15—20 м, Частыя паводкі (у бас. С. пабудавана каля 2 тыс. км ахоўных дамбаў). Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ад г. Учжоў. У дэльце — марскі порт Гуанчжоў.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ ВЯЧЭ́РНЯ»,

паўстанне ў г. Палерма (в-аў Сіцылія) у 1282 супраць франц. прыхільнікаў караля Карла I Анжуйскага, які ў 1268 падпарадкаваў сваёй уладзе Сіцылійскае каралеўства. Карл рэзка павысіў у Сіцыліі падаткі, пазбавіў гарады прывілеяў, канчаткова заняволіў сялян, не лічыўся са стараж. звычаямі і вольнасцямі мясц. насельніцтва, перанёс сталіцу Сіцылійскага каралеўства з Палерма ў Неапаль. Паўстанне пачалося стыхійна 31 сак. (паводле пазнейшай легенды — пад сігнал звона да вячэрні; адсюль назва). Большасць французаў (3—4 тыс.) была забіта. Палермскім парламентам сіцылійская карона прапанавана арагонскаму каралю Педра III, які ў вер. 1382 прыбыў на востраў і авалодаў усёй Сіцыліяй. Вайна супраць французаў скончылася ў 1302 поўным адпадзеннем ад Паўд. Італіі Сіцыліі, дзе ўсталявалася Арагонская дынастыя.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́НСЫ, смярдзючкі (Mephitinae),

падсямейства млекакормячых сям. куніцавых атр. драпежных. 3 роды: С. паласатыя (Mephitis), 2 віды; С. плямістыя (Spilogale), 2 віды; С. свінаносыя (Conepatus), 6—7 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных біятопах, ад лясоў да пустынь. У паўн. ч. арэала зімой упадаюць у спячку.

Даўж. цела да 49 см, хваста да 44 см, маса да 4,5 кг. Сакрэт анальных залоз з агідным стойкім смуродам (адпужвае ворагаў) — адсюль другая назва. Кормяцца пладамі, ягадамі, насякомымі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Палігамы; нараджаюць да 10 (звычайна 5—6) дзіцянят за год. С. паласаты (M. mephitis) — аб’ект пушнога промыслу і развядзення.

Э.​Р.​Самусенка.

Скунсы: 1 — паласаты; 2 — плямісты; 3 — свінаносы.

т. 14, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАІ́СТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Stratocumulus (Sc)],

воблакі ў выглядзе шэрых або белых (ці адначасова абодвух адценняў) слаёў і град, амаль заўсёды з больш цёмнымі часцінкамі, якія складаюцца з буйных акруглых або валападобных элементаў. Вертык. магутнасць невялікая, размешчаны на выш. да 2 км. Складзены з дробных кропель (пры адмоўных т-рах пераахалоджаных), зрэдку трапляюцца буйныя кроплі дажджу і ядры крупы, сняжынкі і снежныя камякі. Узнікаюць пры хвалевых рухах паветра, асабліва ў слаях інверсій і над падветранымі схіламі ўзвышшаў, пры турбулентным абмене, пры трансфармацыі воблакаў інш. тыпаў, асабліва кучавых і кучава-дажджавых. Часта трапляюцца адначасова з кучавымі воблакамі. Ападкі з большасці гэтых воблакаў не выпадаюць Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

Слаіста-кучавыя воблакі.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карст

(ням. Karst, ад серб. Kras = назва плато ў Сербіі)

комплекс з’яў, якія ўзнікаюць у выніку растварэння горных парод прыроднымі водамі (пячоры, варонкі, катлавіны, яры і інш.); карставыя з’явы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лацаро́ні

(іт. lazzaroni, ад ісп. lázaro = жабрак)

1) удзельнікі паўстання ў Паўн. Італіі супраць іспанскага панавання ў 17 ст.;

2) назва дэкласаваных элементаў у Італіі ў 18—19 ст.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)