машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш. культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.
З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус. вынаходнік А.Р.Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).
На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКА-ТЭХНІ́ЧНЫНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску (існаваў да 1938). У 1945 у АНБССР створаны фізіка-тэхн. сектар, які ў 1947 рэарганізаваны ў Фізіка-тэхн. ін-т. З 1970 працавала Магілёўскае аддзяленне ін-та (з 1992 самаст.Інстытут тэхналогіі металаўНац.АН Беларусі). У складзе ін-та (1998): эксперым. аддзел з доследнай вытв-сцю, 21 навук. лабараторыя. Аспірантура з 1950 па 6 спецыяльнасцях.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка трываласці і пластычнасці; узаемадзеянне лазернага і плазменнага выпрамянення з рэчывам; лазерныя, электраэразійныя і пучковыя (вакуумныя, іонаплазменныя) тэхналогіі; кампазіцыйныя матэрыялы; малаадходныя тэхналогіі і абсталяванне для машынабудавання і электронікі; камп’ютэрная мультыплікацыя. Распрацаваны: метады фотапластычнасці і муаравых палос; навук. асновы цеплавой тэорыі ліцейных працэсаў, тэрмадынамікі абарачальных і неабарачальных працэсаў; тэорыя, агульная структура і класіфікацыя працэсаў формаўтварэння; тэорыі асобных тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў, асновы тэхнал. працэсаў сінтэзу высакаякасных дыэлектрыкаў рознай таўшчыні і метадаў іх кантролю. Устаноўлены шэраг заканамернасцей пластычнага формаўтварэння; даследаваны фазавыя і структурныя пераўтварэнні, фізіка-мех. ўласцівасці сталей і сплаваў, абгрунтаваны крытэрыі выбару рэжымаў правядзення базавых працэсаў інтэгральных тэхналогій; створаны шэраг новых, у т. л. кампазіцыйных, матэрыялаў. Распрацаваны і асвоены прам-сцю: аўтаматызаваныя комплексы папярочна-клінавой пракаткі; аўтаматызаваныя камп’ютэрныя лазерныя комплексы для тэрмічнай апрацоўкі, рэзкі і зваркі матэрыялаў; тэхналогіі і абсталяванне для імпульснай і магнітна-абразіўнай апрацоўкі, нанясення каразійнаўстойлівых, гарачатрывалых і дэкар. пакрыццяў, вырабу інструменту рознага прызначэння; бранявыя матэрыялы для асабістай засцярогі і аховы спецтэхнікі, бязнікелевыя высокатрывалыя чыгуны, літыя эўтэктычныя і валакністыя кампазіцыйныя, антыфрыкцыйныя алюміній-графітавыя матэрыялы. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 10 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працавалі акад.АНБССР М.С.Акулаў, Г.А.Анісовіч, Ц.Л.Бурстын, К.В.Гораў, С.І.Губкін, А.І.Кайгарадаў, Я.Р.Канавалаў, В.П.Севярдэнка, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, В.М.Чачын, чл.-кар. М.М.Бадзяка, А.В.І.Вейнік, М.У.Румак; працуюць акад.Нац.АН Беларусі С.А.Астапчык (дырэктар з 1983), А.В.Сцепаненка, П.І.Яшчарыцын. чл.-кар. А.І.Гардзіенка, Л.І.Гурскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАНІ́СТЫКА,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем гісторыі, мовы, філас. і культ. спадчыны народаў Ірана і іранамоўных народаў, а ў найноўшы час — таксама — эканам., сац. і паліт. праблем Ірана і іранамоўных краін. Узнікненне І. ў Зах. Еўропе стымулявалася развіццём гандл. і дыпламат. зносін з Іранам. У 13—14 ст. з’явіліся першыя апісанні падарожжаў у іранамоўныя краіны Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і інш., пазней — італьян. падарожніка П. дэла Вале, франц. Ж.Тавернье, ням. А.Алеарыя і інш. У 17 — пач. 18 ст. паявіліся першыя пераклады твораў іранскіх класікаў і гіст. крыніц, слоўнікі, гіст. даследаванні. Як навука І. склалася ў сярэдзіне 19 ст. У Расіі першыя звесткі пра Іран — з часу падарожжа Афанасія Нікіціна (15 ст.), навук. працы па І. — з канца 18 ст. Колькасць іх павялічылася ў 19 ст. ў сувязі з актывізацыяй палітыкі Расіі ў Іране. Найб. значныя працы па І. стварыў В.У.Бартальд, які распрацоўваў сац.-эканам. пытанні. У б.СССР І. інтэнсіўна развівалася ў 1950—80-я г. Даследаваліся праблемы нац. гісторыі і культуры іранамоўных народаў, іх нац.-вызв. барацьба, паліт. і сац. пытанні (З.А.Арабаджан, Б.Г.Гафураў, А.І.Калеснікаў, В.С.Кузняцоў, Н.В.Пігулеўская, В.В.Струвэ і інш.); выдадзены шэраг манаграфій, калект. прац і зборнікаў. У самаст. галіны вылучыліся іранская філалогія (М.С.Андрэеў, І.І.Зарубін, Б.У.Мілер, І.М.Аранскі, А.А.Фрэйман і інш.), літаратуразнаўства і тэксталогія (С.Айні, Я.Э.Бертэльс, А.М.Болдыраў і інш.). Пытанні І. ў сучаснай Расіі распрацоўваюцца ў ін-тах этнаграфіі, філасофіі, сусв. эканомікі і міжнар. зносін, сусв. л-ры і мовазнаўства АН Расіі, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, у Ін-це краін Азіі і Афрыкі пры Маскоўскім ун-це. Праблемы І. даследуюцца ў навук. установах краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, вядучых краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ (Сяргей Піліпавіч) (13.7.1889, Масква — 26.6.1973),
расійскі і бел.тэатр. мастак. Засл. арт. Расіі (1932). Нар.маст. Беларусі (1949). Скончыў Строганаўскае маст. вучылішча ў Маскве (1912, вучань К.Каровіна). У 1910—17 працаваў у тэатрах Масквы, у 1938—59 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго дэкарацыі адметныя высокім жывапісным майстэрствам, арганічным адзінствам муз. і зрокавых вобразаў, выразнасцю пабудовы сцэн. прасторы, глыбокім веданнем перспектывы. У Вялікім тэатры ў Маскве аформіў дэкарацыі да оперы «Дэман» А.Рубінштэйна (1936). У дэкарацыях да бел.нац. спектакляў выявіў веданне нар. архітэктуры і нац. касцюма. Сэнсавую і эмац. нагрузку атрымаў сцэн. пейзаж, які стаў арган. звяном падзей у операх «У пушчах Палесся» (1939), «Надзея Дурава» (1956) А.Багатырова, «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Я.Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), балетах «Князь-возера» (1949), «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова. Дэкарацыям да спектакляў рус. класікі ўласцівы гарманічнае ўзаемадзеянне колеру з характарам вобразаў, гіст. дакладнасць: оперы «Царская нявеста» (1938), «Садко» (1957) М.Рымскага-Корсакава, «Пікавая дама» (1941, 1948), «Чаравічкі» (1949), «Мазепа» (1952) П.Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1949), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1950), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954). Маштабнасцю вобразаў і лірызмам вызначаюцца дэкарацыі да балетаў «Лебядзінае возера» (1948), «Спячая прыгажуня» (1954) Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні (1949). Аформіў дэкарацыі да опер і балетаў «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1943), «Кармэн» Ж.Бізэ (1945), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно (1950), «Эсмеральда» Пуні, «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага, «Марозка» М.Красева (усе 1951), «Аіда» (1953, 1970) Вердзі. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Літ.:
Карнач П.А. С.Ф.Нікалаеў. Мн., 1970.
П.А.Карнач.
С.П.Нікалаеў.С.Нікалаеў. Дэкарацыя да оперы «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага. 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ДУЯ (Padova),
горад на Пн Італіі. Адм. цэнтр прав. Падуя. Каля 220 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, суднаходным каналам злучаны з Адрыятычным м.Прам-сць: машынабудаванне (вытв-сць станкоў, прылад, веласіпедаў, с.-г. машын, матораў і інш.), эл.-тэхн., металургічная, хім., абутковая, швейная, мэблевая, дрэваапр., папяровая, харч., паліграфічная. Падуанскі універсітэт, у якім працавалі Г.Галілей, А.Везалій і інш., вучыўся Ф.Скарына. Бат. сад (з 1545, найстарэйшы ў Еўропе). Штогадовы міжнар. кірмаш.
Згадваецца ў 4 ст. да н.э. (лац. Patavium) Цітам Лівіем. У 49 да н.э. атрымала правы рым. муніцыпіі. У 601 н.э. разбурана лангабардамі. З пач. 12 ст.гар. камуна. У 13 ст. рамесніцкі і гандл. цэнтр (штогадовыя кірмашы агульна-італьян. значэння). У 1318 у П. ўсталявалася сіньёрыя роду Карара, пазней дэла Скала і Вісконці. У 1405—1797 у складзе Венецыянскай рэспублікі. У 15—17 ст. П. — буйны культ. цэнтр: у 1222 засн.ун-т, у 1545 — першы ў свеце бат. сад. Пасля 1797 П. па чарзе валодалі Аўстрыя і Францыя. У 1813 падпарадкавана аўстр. Габсбургамі. З 1866 у складзе Італьян. каралеўства.
Захаваліся рэшткі стараж.-рым. грабніц, мастоў, амфітэатра і форума. Сярод арх. помнікаў: Палацца дэла Раджоне (1215—1306), базіліка Сант-Антоніо (1232; побач з ёй конны помнік кандацьеру Гатамелату, 1447—53, скульпт. Данатэла), Капэла дэль Арэна (Скравены; пач. 14 ст., фрэскі Джота ды Бандоне), араторый Сант-Джорджо (1384, фрэскі Альтык’ера і Аванца), будынак ун-та (1493), сабор Санта-Марыя Асунта (16 ст., арх. Андрэа да Вале). Музеі: гарадскі (пераважна жывапіс і скульптура 15—19 ст.), Сант-Антоніо (творы з царквы і манастыра Сант-Антоніо), Батачын (нумізматычныя і археал. калекцыі).
Літ.:
Акты Падуи конца XIII — XIV в. в собрании Академии наук СССР. Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІР»,
арбітальная станцыя для палёту вакол Зямлі; праграма яе распрацоўкі і запускаў да яе касм. апаратаў. Створана ў СССР на аснове арбітальнай станцыі (АС) «Салют». Прызначана для працяглай работы касманаўтаў, прыёму экспедыцый, правядзення навук. даследаванняў і эксперыментаў, у т. л. па міжнар. праграмах.
Базавы блок «М.» выведзены на арбіту 20.2.1986; яго даўж. 13 м, дыяметр 4,2 м, маса каля 20 т, аб’ём жылых адсекаў 100 м³. Мае 6 стыковачных вузлоў, што дало магчымасць прыстыкаваць да яго астрафіз. модуль «Квант» (1987), модуль дааснашчэння «Квант-2» (1989), тэхнал. модуль «Крышталь» (1990), даследчыцкі модуль «Спектр» (1995) і навук. модуль «Прырода» (1996). Стыковачны адсек на модулі «Крышталь» дае магчымасць стыкаваць «М.» з касмічным караблём (КК) «Спейс шатл» (ЗША). У арбітальны комплекс могуць уваходзіць 1 ці 2 пілатуемыя КК«Саюз», аўтам.трансп.КК«Прагрэс» і КК «Спейс шатл» (агульная маса каля 250 т; габарытныя памеры па восях 33 × 31 × 27,5 м; аб’ём герметычных памяшканняў больш за 400 м³; энергасілкаванне забяспечваецца сонечнымі батарэямі пл. больш за 100 м²). «М.» і ўсе модулі выводзіліся на арбіту ракетамі-носьбітамі «Пратон». Касманаўты і грузы дастаўляліся КК «Саюз Т-15», «Саюз ТМ-2» — «Саюз ТМ-28», трансп.КК «Прагрэс-М» (Расія) і КК «Аглантыс», «Індэвар», «Дыскаверы» (ЗША). Першы экіпаж «М.» — Л.Дз.Кізім і У.А.Салаўёў. На станцыі працавалі (да 29.8.1999) 103 касманаўты з 12 краін і Еўрап.касм. агенцтва, у т. л. 41 рас. (сав.) і 62 замежныя (з іх 44 з ЗША) касманаўты. Выканана (на 1.10.1999) 24 міжнар.касм. праграмы, 17 тыс. навукова-тэхн. эксперыментаў, дастаўлена 14 тнавук. абсталявання. З жн. 1999 «М.» знаходзіцца ў аўтам. палёце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫІ І ЛУГАВО́ДСТВА БЕЛАРУСКІ НДІАкадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1930 у Мінску на базе аддзела асушэння і культуры балот Бел.дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі і Мінскай балотнай доследнай станцыі (з 1911) як Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі ў сістэме УАСГНІЛ. У 1945 перайменаваны ў БелНДІ меліярацыі і балотнай гаспадаркі, з 1948 Ін-т меліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі АНБССР, з 1956 БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, з 1965 у сістэме Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, з 1992 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне занальных сістэм меліярац. земляробства для забеспячэння рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівага функцыянавання экасістэм; распрацоўка эканамічна і экалагічна абгрунтаваных тэхналогій эфектыўнага выкарыстання сенажацей і пашы; распрацоўка рэсурсазберагальных тэхналогій кіравання водна-паветраным рэжымам асушаных глеб і эксплуатацыі меліярац. сістэм; абгрунтаванне метадалогіі і рэалізацыі комплекснага маніторынгу меліяраваных зямель для стварэння нац. банка даных стану прыроднага асяроддзя. У сістэме ін-та Пінскі аддзел поймавага лугаводства, Пружанская гідролага-гідрагеалагічная лабараторыя, Палеская доследная станцыя меліярац. земляробства і лугаводства, Віцебская доследна-меліярац. станцыя, эксперым.-выд. прадпрыемства. Аспірантура з 1930. Выдае працы ін-та «Меліярацыя пераўвільготненых зямель». У ін-це ў розны час працавалі акад.АНБССР І.С.Лупіновіч, акад.АНБССР і УАСГНІЛ С.Г.Скарапанаў, акад. УАСГНІЛ Т.Н.Кулакоўская і А.І.Мурашка, акад. Акадэміі агр.навук. Рэспублікі Беларусь У.Ф.Карлоўскі, чл.-кар.АНБССР АЛ.Івіцкі і Р.І.Лашкевіч, чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь Р.І.Афанасік, д-ры тэхн.н. В.Ф.Шабека і П.І.Закржэўскі; працуюць д-ры навук чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь А.П.Ліхацэвіч, засл. вынаходнік Рэспублікі Беларусь В.М.Кандрацьеў, праф. А.С.Меяроўскі, В.Ц.Клімкоў, І.В.Мінаеў, У.І.Бялкоўскі, С.В.Кулеш, П.П.Ціво.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗЫ́М ХІКМЕ́Т РАН (Nâzim Hikmet Rań; 20.1.1902, г. Салонікі, Грэцыя — 3.6.1963),
турэцкі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве (1921—24). Як камуніст 17 гадоў правёў у турмах Турцыі. З 1951 жыў у СССР. Друкаваўся з 1917. Першы зб. «Песня тых, што п’юць сонца» (1928, надрук. ў Баку). У зб-ках вершаў «835 радкоў» (1929), «Горад, які згубіў голас» (1931) сац. матывы. Антыкалан. ідэямі прасякнуты паэма «Джыяконда і Сі-Я-у» (1929), раман у вершах «Чаму Бенерджы скончыў жыццё самагубствам?», п’есы «Чэрап» (абодва 1932), «Усімі забыты» (1935). За рэв. накіраванасць зб. вершаў «Тэлеграма, якая прыйшла ноччу» (1932) зняволены ў турму, дзе стварыў паэт. эпапею «Чалавечая панарама» (1941—61, паэт. гісторыя 1-й пал. 20 ст.), нізку вершаў «Лісты з турмы», п’есу «Легенда пра каханне» (выд. 1965) і інш. Антыфаш. тэма ў зб. вершаў «Партрэты» (1935), кн. публіцыстыкі «Нямецкі фашызм і расавая тэорыя» (1936). Аўтар п’ес «Дзівак» (1955), «А ці быў Іван Іванавіч?» (1956), раманаў «Кроў не можа гаварыць» (выд. 1965), «Жыццё — добрая рэч, мой брат» (выд. 1967). Увёў у тур. паэзію новыя рытмы, т.зв. свабодны верш. Бел.т-р імя Я.Купалы паставіў п’есы «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964), «Сляпы падзішах» (1966). На бел. мову яго вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вялюгін, А.Зарыцкі, У.Паўлаў, А.Русецкі, М.Танк. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» за 1950.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;
У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
Рус.пер. — Избранное: Стихотворения. Поэмы. М., 1974;
Избранное. Т. 1—2. М., 1987;
Собака лает — караван идет: Миниатюры. М., 1979.
Літ.:
Бабаев А.А. Назым Хикмет: Жизнь и творчество. М., 1975;
Меликов Т. Назым Хикмет и новая поэзия Турции. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАГРА́ФІЯ (ад лац. nota знак, заўвага + ...графія),
1) апісанне нотных выданняў і рукапісаў; дапаможнікі (паказальнікі, агляды, спісы, каталогі), у якіх апісаны і сістэматызаваны нотныя выданні і рукапісы; дапаможная галіна музыказнаўства.
2) Навук. дысцыпліна, што вывучае гісторыю, тэорыю і методыку апісання і класіфікацыю муз. твораў у іх нотным запісе. У заходнееўрап. краінах Н. як самаст.навук. галіна не вылучаецца, нотныя выданні і рукапісы вывучае муз. бібліяграфія.
Найб. ранняя форма Н. — індэксы ў рукапісных танарыях 9—11 ст. (зборы грыгарыянскіх песнапенняў, што размеркаваны па ладах). Адна з першых друкаваных Н. — сістэматычны спіс 1299 нотных, пераважна ням., выданняў у кнізе П.Болдуана «Філасофская бібліятэка» (1616). З 18 ст. ў краінах Еўропы і ЗША выходзяць разнастайныя нотаграфічныя спісы, агляды, каталогі, у большасці з іх змяшчаюцца Н., складзеныя ў нац. аспекце. У Расіі першай формай Н. былі выдавецка-гандл. каталогі 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы з 1-й пал. 19 ст. З пач. 20 ст. нотныя выданні рэгіструюцца ў «Нотной летописи» (1931). З 1805 рэгулярна выдаваліся каталогі выд-ва І.Завадскага (Вільня). «Летапіс друку Беларусі» мае спец. раздзел «Летапіс нотаў» (з 1924), бібліягр. паказальнік «Беларуская ССР у друку СССР і зарубежных краін» (1946—91) — раздзел «Ноты». Нотаграфічныя спісы і агляды змяшчаюцца ў дадатку да бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Рэтраспектыўныя паказальнікі «Музычная літаратура БССР» (1963, 1977) і «Музычная літаратура Беларусі» (1997) улічылі нотныя выданні, якія выйшлі ў 1917—90, а таксама муз. творы бел. фальклору і бел. кампазітараў, апублікаваныя за межамі рэспублікі, матэрыялы перыяд. друку Беларусі 1945—90. Нотаграфічныя спісы прыводзяцца ў разнастайнай інфарм., навук.-даследчай, метадычнай і пед. л-ры па музыцы, бібліягр. даведніках (гл.Лексікаграфія музычная), бел. праграмах для муз. школ, вучылішчаў, Бел. акадэміі музыкі, персанальных бібліягр. паказальніках і інш.
Літ.:
Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979. С. 163—164;
Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі, 1997. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прам-сці па вытв-сці сінт. матэрыялаў і вырабаў з іх, заснаваная на хім. перапрацоўцы прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці і газавай прамысловасці. Асн. прадукцыя Н.п.: сінт. каўчук, хім. валокны, прадукты асн.арган. сінтэзу (этылен, прапілен, поліэтылен, спірты, альдэгіды і інш.), гумава-тэхн. вырабы (гл.Гумаазбеставая прамысловасць), розныя віды шын. Прадукцыя Н.п. выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі.
Да 1-й сусв. вайны (1914—18) вытв-сцьпрамысл.арган. прадуктаў грунтавалася на перапрацоўцы каксоўнага каменнага вугалю і харч. сыравіны. Выкарыстанне нафты як важнейшай крыніцы хім. сыравіны стала магчымым у пач. 20 ст. ў выніку ўкаранення ў прам-сць новых метадаў яе перапрацоўкі — крэкінгу і піролізу. Прамысл.вытв-сць нафтахім. прадуктаў з крэкінг-газаў распачалі ў ЗША: у 1918 наладжана вытв-сць ізапрапілавага спірту, у 1920 — аліфатычных хім. прадуктаў. У б.СССР станаўленне Н.п. адбывалася ў 1929—40-я г.: у 1932 упершыню ў свеце арганізавана прамысл.вытв-сцьсінт. каўчуку, у 1949 — сумесная вытв-сць фенолу і ацэтону кумольным метадам. Стан і тэмпы развіцця Н.п. вызначаюць прагрэс многіх галін нар. гаспадаркі, дзе рэалізуецца прыбытак і эканомія сыравіны і энергіі за кошт выкарыстання нафтапрадуктаў. Найб. развітая Н.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Кітаі, Канадзе, Мексіцы.
На Беларусі Н.п. пачала развівацца ў пасляваен. час. Адно з першых прадпрыемстваў галіны — Барысаўскі завод «Гуматэхніка» створаны ў 1947. У 1952 у Бабруйску пабудаваны з-д па вытв-сці натуральнага каўчуку, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў (гл.«Беларусьгуматэхніка»), У 1972 засн. буйнейшы ў Еўропе Беларускі шынны камбінат, які выпускае шыны больш як 140 тыпапамераў для аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў і скрэпераў. Высакаякасны віскозны корд для шын вырабляе Светлагорскі завод сінтэтычнага валакна. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», а таксама Баранавіцкі і Брэсцкі з-ды бытавой хіміі. Гл. таксама Нафтахімія.