ПАСТУ́НІНА Тамара Міхайлаўна (14.2. 1924, г. Гомель — 10.10.1981),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскім муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1948—52), скончыла Бел. кансерваторыю (1956), з 1972 выкладала ў ёй. У 1945—48 салістка Ашхабадскага тэатра оперы і балета, з 1952 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1962—72 — Бел. філармоніі. Валодала рухомым голасам прыгожага цёплага тэмбру, яскравым артыстычным талентам. Сярод партый: Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Ганна («Страшны двор» С.​Манюшкі), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба).

І.​В.​Глушакоў.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЭЛ, Поўэл (Powell) Сесіл Франк (5.12.1903, г. Тонбрыдж, Вялікабрытанія — 9.8.1969), англійскі фізік, стваральнік навук. школы англ. фізікаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), працаваў у Кавендышскай лабараторыі. З 1928 у Брыстольскім ун-це (з 1948 праф.). У 1952—61 дырэктар Еўрап. экспедыцыі па даследаванні касм. прамянёў у высокіх слаях атмасферы. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Распрацаваў фатагр. метад даследавання ядз. працэсаў (метад ядз. фатагр. эмульсій). Адкрыў π-мезоны ў касм. прамянях (1947, разам з супрацоўнікамі). Нобелеўская прэмія 1950. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1968.

Тв.:

Рус. пер. — Исследование элементарных частиц фотографическим методом. М., 1962 (разам з П.​Фаўлерам, Д.​Перкінсам).

С.Ф.Паўэл.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРХАРО́ВІЧ Франц Іосіфавіч (28.5.1894, в. Заляддзе Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 11.10.1961),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). Вучыўся ў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), скончыў курсы «Выстрал» (1941). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. З 1921 камандзір асобнай роты, нач. штаба стралк. палка, нач. аддзялення ў штабе ваен. акругі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр., 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі і корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Украіны, Польшчы, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацый. Вызначыўся ў 1945 на чале арміі ў баях за вызваленне Варшавы. Да 1951 у Сав. Арміі.

Ф.І.Перхаровіч.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЭС ЭСКІВЕ́ЛЬ (Pérez Esquivel) Адольфа Марыя (н. 26.11.1931, Буэнас-Айрэс),

аргенцінскі скульптар, праваабаронец. Скончыў Нац. школу выяўл. мастацтваў у Буэнас-Айрэсе (1956), у 1956—71 выкладаў у ёй і ў Нац. ун-це г. Ла-Плата. Адзін са стваральнікаў (1971) праваабарончай хрысц. арг-цыі «Служба ў імя міру і справядлівасці ў Лац. Амерыцы», з 1974 яе ген. сакратар. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «Пастаянная асамблея ў абарону правоў чалавека». За праваабарончую дзейнасць праследаваўся ў час кіравання ў Аргенціне ваенных (1976—83), у 1977—78 зняволены. Са снеж. 1987 старшыня Міжнар. лігі барацьбы за правы і вызваленне народаў. Каардынатар Экуменічнага руху за правы чалавека. Для яго скульптурных твораў характэрна ўвасабленне матываў дакалумбавай Амерыкі. Нобелеўская прэмія міру 1980.

А.Перэс Эсківель.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРАВІЧ (Petrovici) Эміл (4.1.1899, Тавакул-Мік, Югаславія — 7.10.1968),

румынскі мовазнавец. Акад. Акадэміі Румыніі (1948). Вучыўся ў Клужскім ун-це (з 1919) і ў Сарбоне. Праф. (1935) і рэктар (1946—51) Клужскага ун-та, прэзідэнт Клужскага філіяла (1948—56) і секцыі філал. навук Акадэміі Румыніі (з 1966). Працаваў у Сафійскім (1930—31), Бухарэсцкім (1956—58) ун-тах, у Ін-це рус. мовы імя М.​Горкага (1956—57). Чл. Міжнар. к-та славістаў (з 1955), прэзідэнт Асацыяцыі славістаў Румыніі (1956). Гал. рэдактар час. «Cercetări de lingvistică» («Лінгвістычныя даследаванні», з 1956) і «Romanoslavica» (з 1958). Удзельнічаў у складанні «Румынскага лінгвістычнага атласа» (1929—39). Аўтар прац у галіне гісторыі рум. мовы і народа, лінгвістычнай геаграфіі, фанетыкі і фаналогіі, анамастыкі, славяна-рум. лінгвістычных адносін, рум. і слав. дыялекталогіі.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРУШЭ́ЎСКІ Аляксандр Васілевіч (9.10.1898, г. Лунінец Брэсцкай вобл. — 21.10.1976),

Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1954). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1928) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1919—20. З 1932 на выкладчыцкай рабоце, з 1938 нам. нач. штаба БВА. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Бранскім, 1-м, 2-м і 3-м Укр. франтах: нач. штаба арміі, камандзір корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, Варонежска-Касторненскай, Сеўска-Арлоўскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Балатонскай і Венскай аперацый. Стралк. корпус на чале з ген.-лейт. П. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на тэр. Румыніі. Да 1960 у Сав. Арміі.

А.В.Петрушэўскі.

т. 12, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРА́ДАЎ Уладзімір Восіпавіч (14.2.1892, Варшава — 20.4.1954),

дырыжор, педагог. Нар. арт. Казахстана (1943). Нар. арт. Украіны (1947). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1914). Працаваў у оперных т-рах Тбілісі, Баку, Ташкента, Масквы. З 1949 праф. Беларускай, з 1950 Кіеўскай кансерваторый. У 1936—41 дырыжор, у 1950—54 гал. дырыжор Кіеўскага т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі. У 1948—50 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, дзе пад яго кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны, «Алека» С.​Рахманінава (усе 1949), «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Царская нявеста» (1950) і балет «Іспанскае капрычыо» (1949) на муз. М.​Рымскага-Корсакава. Творчасць П. як дырыжора вылучалася яркім тэмпераментам і высокай культурай.

І.​В.​Глушакоў.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́ЕЎ Іса Аляксандравіч (25.11.1903, с. Стары Батакаюрт Правабярэжнага р-на Паўн. Асеціі, Расія — 6.2.1979),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1962), Герой МНР (1971). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сцяпным, 3-м Укр., 2-м Бел., 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Пад яго камандаваннем конна-механіз. група ў час Бел. аперацыі 1944 удзельнічала ў вызваленні Глуска, Слуцка, Міра, Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, Слоніма, Брэста; вызначылася пры знішчэнні паўд.-бугскай групоўкі праціўніка на Украіне і ў Маньчжурскай аперацыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1941—70.

І.А.Пліеў.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТЭР (Porter) Джордж (н. 6.12.1920, г. Стэйнфарт, Вялікабрытанія),

англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1960). Замежны чл. Рас. АН (1988). Вучыўся ва ун-це г. Лідс і Кембрыджскім ун-це (1938—41). З 1945 у Кембрыджскім, з 1955 у Шэфілдскім ун-тах. З 1963 праф., у 1966—85 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі, адначасова ў 1968—72 прэзідэнт Міжнар. к-та па фотабіялогіі. Навук. працы па даследаванні быстрых фотахім. рэакцый у газавай і кандэнсаванай фазах. Стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Р.​Дж.Р.Норышам; 1950) і адну з першых установак імпульснага лазернага фатолізу. Даследаваў механізм першасных фотахім. рэакцый на мадэльных сістэмах фотасінтэзу. Устаноўлены медаль імя П. (1986) за лепшыя працы па фотахіміі. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Норышам і М.Эйгенам).

Дж.Портэр.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАПЕ́НКА Станіслаў Іванавіч (н. 8.1.1939, в. Кляпін Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Канд. эканам. н. (1989). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1961). З 1975 у Гомелі: дырэктар з-да пластмасавых вырабаў, з-да сантэхабсталявання, ВА «Белэмальпосуд», з-да пускавых рухавікоў. З 1990 нам. старшыні Гомельскага аблвыканкома. З 1992 ген. дырэктар «Гомсельмаша». З 1955 прарэктар Гомельскага тэхн. ун-та імя П.​В.​Сухога. Навук. працы па праблемах сац.-эканам. развіцця, рыначных адносін і занятасці насельніцтва.

Тв.:

Практикум по экономике производства и нормированию труда. Мн., 1994;

Рынок труда и занятость населения. Мн., 1995 (у сааўт.);

Основы рыночной экономики. Мн., 1993 (разам з У Дз.​Арэшчанкам, А.​Д.​Янушкам).

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)