ГАРА́НЫ,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Зах. Дзвіна. Чыг. ст. на лініі Полацк—Віцебск. На аўтадарозе Полацк—Віцебск. Цэнтр сельсавета і калгаса-камбіната. За 18 км на ПдУ ад г. Полацк, 77 км ад Віцебска. 750 ж., 273 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі гарадзішча (7—2 ст. да н.э.).

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРКУЛЕ́С (Dynastes hercules),

насякомае сям. пласцініставусых жукоў. Пашыраны ў тропіках Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.

Даўж. самца да 15,5 см, самкі 8—9 см. Самец бліскучы, чорны, надкрылы аліўкава-зялёныя з чорнымі плямамі; самка — аднакаляровая, матава-чорная. У самца 2 рагі: адзін на лбе, доўгі, тоўсты, вышчарблены; другі — на пярэдняспінцы, больш доўгі (амаль напалавіну даўжэйшы за цела). Самка без рагоў (прыклад палавога дымарфізму). Лічынкі развіваюцца ў гнілой драўніне.

Самец геркулеса.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТЫНГЕН (Göttingen),

горад у цэнтры Германіі, на р. Лайне, зямля Ніжняя Саксонія. 128,4 тыс. ж. (1994). Гар. правы атрымаў каля 1210. Развіццё Гётынгена ў 18 ст. звязана з заснаваннем ун-та (1737) і АН (1751). Прадпрыемствы металаапр., эл.-тэхн. прам-сці, дакладнай механікі (прылады, інструмент, навук. апаратура і інш.). Выд-вы, друкарні. Буйны навук. цэнтр. Навук. т-ва Макса Планка. Музеі. Гатычныя цэрквы і ратуша (14—16 ст.), фрагменты гар. умацаванняў.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІВІ́ЦЫ (Gliwice),

горад на Пд Польшчы, у Катавіцкім ваяв. Вядомы з 13 ст. 216 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел, порт на Глівіцкім канале. Важны прамысл. цэнтр у Верхнесілезскай агламерацыі. Вугальныя шахты, чорная металургія, коксахімія, цяжкае і пад’ёмна-трансп. машынабудаванне, эл.-тэхн., хім., харч. прам-сць. Сілезскі політэхн. ін-т. Т-р аперэты. Музей. Касцёлы: гатычны (15 ст.), познагатычны (15, 16 ст.), барочны касцёл і кляштар рэфарматаў (17 ст.).

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на паўд.-ўсх. беразе воз. Гомель, на аўтадарозе Полацк—Мінск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 23 км на Пд ад горада і чыг. ст. Полацк, 128 км ад Віцебска. 362 ж., 128 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Мемар. комплекс у гонар партызан. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганныя могільнікі эпохі Кіеўскай Русі.

т. 5, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУСЬКІ́»,

бел. нар. гульня. На краі круглай ледзяной пляцоўкі дыяметрам 10—15 м выбіваюць «гнёзды» (ямкі дыяметрам 25—30 см). Удзельнікі маюць калкі (палкі даўж. 1—1,2 м, раздвоеныя на канцы) і гуські (цуркі памерам 12×4 см). Кожны па чарзе кладзе гусёк у цэнтр пляцоўкі. Па сігнале астатнія гульцы ад сваіх «гнёздаў» бягуць да цэнтра і ўдарамі калкоў стараюцца загнаць гусёк у сваё «гняздо». Перамагае той, хто загоніць больш гуськоў.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЖО́НАК (Арэст Васілевіч) (н. 7.5.1935, в. Падомхі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, харавы дырыжор. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963). З 1963 кіраўнік Казловіцкага нар. хору цэнтр. Дома культуры Слуцкага р-на, аднаго з лепшых самадз. хар. калектываў. Беражліва ставіцца да нар. песні, імкнецца захаваць яе ў блізкім да аўтэнтычнага выглядзе. Аўтар песень «Беларусі юбілейнай», «Наш край случанскі» і інш.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРДО́НЬ (Dordogne),

рака на ПдЗ Францыі, правы прыток Гароны, з якой утварае агульнае вусце — эстуарый Жыронда. Даўж. 472 км, пл. бас. 23,4 тыс. км². Вытокі на Пн масіву Мон-Дор, верхняе і сярэдняе цячэнне — па Цэнтр. Французскім масіве, ніжняе — па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі — рэкі Везер і Іль. Сярэдні расход вады 405 м³/с. У ніжнім цячэнні марскія прылівы. Каскад ГЭС. На Д. — гарады Бержэрак, Лібурн (пач. суднаходства).

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУГАРА́ (Sorghum cernuum),

від аднагадовых раслін з роду сорга сям. злакаў. Культывуюць як збожжавую і кармавую расліну ў Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, трапічнай Афрыцы і інш. Вельмі засухаўстойлівая. Мае шчыльнае суквецце-мяцёлку з моцна пакарочанымі галінкамі, з выгнутым сцяблом пад суквеццем, якое звісае ўніз. Зерне Дж. (мае да 70% крухмалу) перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, крухмал, скормліваюць жывёле і птушкам. Зялёную масу сушаць і сіласуюць, сцёблы служаць палівам.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́КСАНВІЛ (Jacksonvüle),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Фларыда. Засн. ў 1816. 673 тыс. ж., з прыгарадамі 906,7 тыс. ж. (1994). Порт на р. Сент-Джонс паблізу ўпадзення яе ў Атлантычны ак. Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандлёва-фін. цэнтр с.-г. і ляснога раёна. Прам-сць: харчасмакавая (у т. л. вытв-сць цыгарэт, піва), цэлюлозна-папяровая, дрэваапр., хім., паліграф., шкляная. Суднабудаванне, чорная металургія, металаапрацоўка. 2 ун-ты. Маст. галерэя. Ваенная база.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)