РАСПУ́ЦІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 15.3.1937, г.п. Усць-Уда Іркуцкай вобл., Расія),

рускі пісьменнік, публіцыст. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Іркуцкі ун-т (1959). Да 1966 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1961. Прадстаўнік т.зв. вясковай прозы. У цэнтры аповесцей «Апошні тэрмін» (1970), «Развітанне з Мацёрай» (1976, фільм «Развітанне», 1986) трагічныя лёсы «сыходзячай» вясковай Русі, рэзкае проціпастаўленне вобразаў сялянак, захавальніц нац.-духоўных традыцый, тыпам напаўсялян-напаўгараджан, што страцілі карані; горыч ад уздзеяння тэхн. цывілізацыі на прыроду. Роздум над праблемай часу і месца чалавека ў ім у аповесці «Жыві і помні» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1977; опера К.​Волкава). У аповесці «Пажар» (1985, Дзярж. прэмія СССР 1987) з болем паказаны трыумф «бескаранёвых» герояў. Аўтар аповесці «Грошы для Марыі» (1967), зб-каў апавяданняў «Край каля самага неба» (1966), «Век жыві — век любі» (1982), серыі апавяданняў пра сучаснасць, у т. л. «У тую ж зямлю...» (1996), кн. публіцыстычных артыкулаў «Расія: дні і часы» (1993), кн. нарысаў, інтэрв’ю, рэцэнзій «Што ў слове, што за словам?» (1987) і інш. Яго творам уласцівы глыбіня паказу жыцця, яркасць характараў, вастрыня пастаўленых праблем. Апавяданні «Васіль і Васіліса», «Урокі французскага» экранізаваны. П’есы паводле твораў Р. ставіліся на Беларусі: «Апошні тэрмін» — у Т-ры юнага гледача (1977), Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (1979), Дзярж. рус. т-ры (1980), «Грошы для Марыі» — у Гродзенскім абл. драм. т-ры, Магілёўскім абл. драм. т-ры (абодва 1978), «Жыві і помні» — у Гомельскім абл. драм. т-ры (1980). На бел. мову аповесці «Жыві і помні» і «Пажар» пераклаў М.​Дубянецкі, апавяданне «Рудольфіо» — Т.​Мартыненка.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990;

Повести. Мн., 1989;

Бел. пер. — Жыві і помні. Мн., 1982.

Літ.:

Шапошников В.Н. Валентин Распутин Новосибирск, 1978;

Тычына М. Патрэба літаратуры // Полымя. 1982. № 12;

Лапченко А.Ф. Человек и земля в русской социально-философской прозе 70-х гг.: (В.​Распутин, В.​Астафьев, С.​Залыгин). Л., 1985;

Курбатов В.Я. Валентин Распутин: Личность и творчество. М., 1992;

Тендитник Н. Валентин Распутин. Колокола тревоги: Очерк жизни и творчества. М., 1999.

А.​В.​Спрынчан.

В.Р.Распуцін.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЧАНКА (Аляксандр Міхайлавіч) (5.12.1891, С.-Пецярбург — 3.12.1956),

расійскі дызайнер, жывапісец, графік, мастак тэатра і кіно, фотамастак. Вучыўся ў Казанскай маст. школе (1911—14), Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы ў Маскве (1914—16). У 1918 у аддзеле выяўл. мастацтва Наркамасветы Расіі, заг. Музейнага бюро, дырэктар Музея жывапіснай культуры. Адзін з заснавальнікаў Ін-та маст. культуры (1920). У 1920—30 выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (праф.). Чл. маст. аб’яднанняў «Жывскульптарх» (1919—20), ЛЕФ (1922—29). «Кастрычнік» (1928—32). У 1910-я г. распрацоўваў ідэі канструктывізму ў жывапісе і графіцы, эксперыментаваў з плоскасцю, лініяй, колерам, фактурай: графічныя цыклы «Кампазіцыі рухаў праецыраваных і пафарбаваных плоскасцей», Канцэнтрацыя колеру і форм», «Лініі», «Лініізм», «Кампазіцыя і канструкцыя»; жывапісныя творы: «Жаночая фігура» (1915), «Беспрадметная кампазіцыя на жоўтым фоне», «Канструкцыя», «Чорнае на чорным», «Белы круг» (усе 1918), «Лініі на зялёным» (1919), «Кампазіцыя» (1920) і інш. Пазней адышоў ад жывапісу і прапагандаваў ідэі «вытворчага мастацтва». Працаваў у кніжнай (аформіў 13 кніг У.​Маякоўскага) і часопіснай (час. «ЛЕФ», «Новый ЛЕФ», «Журналист», «СССР на стройке») графіцы, рэкламе (плакаты з тэкстамі Маякоўскага, плакаты да фільмаў «Кінавока» Дз.​Вертава, 1924; «Браняносец «Пацёмкін» С.​Эйзенштэйна, 1929), тэатр. мастацтве (аформіў спектакль «Клоп» паводле Маякоўскага ў т-ры імя У.​Меерхольда ў Маскве, 1929), фотамастацтве (адзін з першых выкарыстаў фотамантаж). Аўтар шэрагу праектаў афармлення інтэр’ераў, у якіх пад уплывам У.​Татліна ствараў трохмерныя канструкцыі з дрэва, металу і кардону [кафэ «Пітарэск» у Маскве (з Татліным і Г.​Якулавым), рабочы клуб на Сусв. выстаўцы дэкар. мастацтва ў Парыжы, 1925]. У 1930-я г. працаваў пераважна ў кніжнай графіцы і фотамастацтве. Фотаработы спалучаюць строгую дакументальнасць, прадметнасць выявы з экспрэсіяй кампазіцыі і святлоценявога вырашэння, дынамічнасцю ракурсаў. Шэраг работ стварыў са сваёй жонкай В.​Сцяпанавай. У 1940—50-я г. фотарэпарцёр, мастак Музея рэвалюцыі СССР і Дома тэхнікі ў Маскве; вярнуўся да абстрактнага жывапісу.

Тв.:

Статьи. Воспоминания. Автобиографические записки. Письма. М., 1982.

Літ.:

Волков-Ланнит Л. Александр Родченко рисует, фотографирует, спорит. М., 1968;

Маца И.Л. Александр Родченко: Творческий путь художника // Искусство. 1972. №1.

М.​Л.​Цыбульскі.

А.Родчанка. Белы круг. 1918.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ (Анатоль Вікенцьевіч) (н. 27.5.1932, в. Андрыеўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. тэатразнавец, крытык, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1974), праф. (1975). Ганаровы д-р навук Ташкенцкага ін-та мастацтваў імя М.​Уйгура (1998). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (у 1990—93 заг. аддзела міжнар. культ. працэсаў). З 1961 выкладае ў Бел. АМ (у 1972—90 заг. кафедры, у 1984—89 рэктар), з 1993 у Бел. ун-це культуры (у 1993—2000 заг кафедры), адначасова ў 1992—98 гал. рэдактар час. «Тэатральная Беларусь» («Тэатральная творчасць»), Даследуе пытанні гісторыі тэорыі і сучаснай практыкі бел. тэатра, драматургіі, узаемасувязей бел. тэатр. мастацтва з культурамі інш. народаў, творчасць дзеячаў сцэны. Укладальнік, рэдактар тэкстаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да кн. «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1—2, 1975; 2-е выд. т. 1—3, 1997—2000), аўтар раздзелаў да кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983); складальнік, рэдактар і аўтар артыкулаў да кн. «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—98), рэдактар і аўтар уступных артыкулаў у кн. «Беларуская драматургія» (кн. 1—4, 1994—97), аўтар раздзела «Беларускі тэатр» у кн. «Савецкае акцёрскае мастацтва, 50—70-я гг.» (1982), аповесці «Жылі-былі хлопцы...» (1961), апавяданняў.

Тв.:

Рампай асветленае: Тэатральна-крытыч. арт. Мн., 1962;

Уладар дум чалавечых: Творчасць нар. артыста СССР Барыса Платонава. Мн., 1964;

Ад п’есы — да спектакля. Мн., 1965;

Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2 Мн., 1969—72;

Театр открывает занавес. Мн., 1970;

Белорусская драматургия в театрах народов СССР. Мн., 1972;

Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя арт., рэцэнзіі. Мн., 1980;

Белорусско-молдавские театральные связи. Мн., 1984;

Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. артыста. 2 выд. Мн., 1989;

Кандрат Крапіва: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1989;

Асоба мастака: Літ.-крытыч. арт. Мн., 1992;

Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

Т.​Я.​Гаробчанка.

А.В.Сабалеўскі.

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́стаўка 1 ’птушка Hirundo rustica L., Chelidon urbica і інш.’ (ТСБМ, БРС, Шат., Грыг., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), ла́стувка (Бес.), ла́стоўка (Кл.), ластавіца (Шн.), ла́стачка, шчуч. ластавачка ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. ла́стівка, ластовиця, ласточка, гластівка, рус. ластка, ластовица, ластовка, ластуша, ст.-рус. ластовица, ластка ’тс’, ластунъ ’стрыж’; на сучаснай польск. тэрыторыі лексема сустракаецца толькі ў пагранічных з ЧССР і СССР дыялектах: палаб. lostěvaičă/lostovaićă, в.-луж. łastojčka, łastojca, łastolca, fastojnčka, głasiowica, чэш. vlaštovka, lašťovka, laštovice, hlaštověnka, ст.-чэш. vlasiovica, vlaštovica, lastovica, славац. lastovica, славен. lástovka, lástovica, hlastovica, старое lástavica, серб.-харв. ла́ста, lastac, ла̏ставица, ла̏стовица, lastova, макед. ласто́јца, ласта, љастовица, балг. ластавица, ластовица. Прасл. lasta, lastavica, lastovica (Слаўскі, 1, 513; Скок, 2, 274; Булахоўскі, 3, 244) і alstavica (Клепікава, ВСЯ, 5, 172–178). Агульнапрынятай этымалогіі няма. Міклашыч (161) гэту лексему этымалагічна суадносіць з літ. lė̃kti, lakstýti ’лётаць’, lakstùs ’хуткі’, лат. lèkt, lakstiĩt ’шчабятаць’, ’бегаць, скакаць туды і назад’. Таксама Фрэнкель (ZfslPh, 11, 45–47) і Фасмер (2. 463). Голуб-Копечны (419), Махэк₂ (694), Слаўскі (там жа) і Шустар-Шэўц (10, 763) мяркуюць, што ў аснове лексемы ляжыць анамата-экспрэсіўны пачатак (jaskotati, jaskati, ch‑lastati ’шчабятаць’, chlap‑ati ’стукаць, балбатаць’). Развадоўскі (RSPWF, 25, 441) прабуе звязаць яе з ірл. los, кімр. llost ’хвост’. Трубачоў (ЭИРЯ, 2, 1962, 29) суадносіць з роднасным прасл. laska ’ласка, каханне’ і ласка, ласіца ’Mustela vulgaris’. Сапраўды, найбольш блізкімі аказваюцца такія лексемы, як бел. ласы, пад‑ласы ’белабрухі’, ’з белымі бакамі і грудзьмі’ < прасл. lasъ (гл. ласіца 1). Сюды ж пераноснае ла́стаўкі, ла́стаўке ’рабацінне, вяснушкі’ (Сл. паўн.-зах.).

Ла́стаўка 2, ла́стоўка, ла́стовочка, ла́сточка, ла́стачка, ла́стка, ла́сткі ’ўстаўка ў штанах ці портках’ (Грыг., Жд. 1, Сакал., Касп., Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг., Сл. паўн.-зах.), ’цвікля, клін які ўстаўляецца ў пройму рукава пад пахамі пры ўшыванні яго ў станіну кашулі’ (Бяльк., Сцяшк., Шатал., Мат. Гом., Сакал., Тарн., Бел. нар. адзенне, Бел. хр. дыял.), ’гестка’ (Шатал.). Перанос паводле падабенства з ла́стаўка 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСЕ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),

рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.​Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) пра грамадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял. Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛГАРАД-ДНЯСТРО́ЎСКІ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Адэскай вобл. 65,6 тыс. ж. (1992). Порт на Днястроўскім лімане, за 18 км ад Чорнага м. Чыг. станцыя. Харч. (рыба- і сока-кансервавая, масла- і вінаробная, мясная і інш.), мэблевая, лёгкая прам-сць; вытв-сць мед. вырабаў, буд. матэрыялаў. Краязнаўчы музей.

Вядомы з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. горад-дзяржава Тыра, на месцы якога ў 9 ст. ўсх.-слав. племя ціверцаў заснавала г. Белгарад. У 13 ст. ў складзе Галіцка-Валынскага княства, захоплены татарамі, якія назвалі яго Ак-Ліба. У 14 ст. належаў генуэзцам, у 15 ст. — Малд. княству (наз. Чатаця-Алба), з 1484 тур. крэпасць Акерман (Белы Камень, назва горада да 1944). 30.2.1806 заняты рус. войскамі і паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору 1812 адышоў да Расіі. У 1918 захоплены Румыніяй, у 1940 вернуты СССР. З 1944 цэнтр раёна ў Адэскай вобл.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЯШЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (21.8.1874, г. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1938),

гісторык царк. права, візанцініст, палеограф. Чл.-кар. АН СССР (1925), Берлінскай, Мюнхенскай, Страсбургскай АН Скончыў Пецярбургскі ун-т (1897). З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 праф. Пецярбургскага ун-та. Рэдактар «Помнікаў старажытнарускага кананічнага права» (ч. 1, 2-е выд., 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Агляду прац па славяназнаўстве, 1908—1913» (1909—18), які можна лічыць бібліяграфіяй па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве і л-ры Беларусі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Візантыі» (вып. 1—4, 1912—15). У гады сав. улады праф. Ленінградскага ун-та і гал. бібліятэкар аддзела рукапісаў Публічнай б-кі. Неаднаразова рэпрэсіраваны па абвінавачаннях у шпіянажы і контррэв. дзейнасці. У 1929 засуджаны на З гады турмы, у 1931 — на 5 гадоў лагераў. У 1933 вызвалены. 27.11.1937 арыштаваны і расстраляны разам з двума сынамі і братам. Рэабілітаваны ў 1958.

А.​Я.​Розумаў.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЕ́ЦКІ (Аляксандр Іванавіч) (2.11.1884, г. Казань, Татарстан — 2.8.1961),

украінскі літаратуразнавец. Акад. АН СССР (1958), АН Украіны (1939). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1907). Дырэктар Ін-та л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны (1939—41, 1944—61), гал. рэдактар час. «Радянське літературознавство» (1957—61). Даследаваў праблемы гісторыі ўкр. і сусв. л-ры (працы: «Зараджэнне драматычнай літаратуры на Украіне», 1923; «Слова аб палку Ігаравым» і ўкраінская літаратура XIX—XX ст.», 1958; «Мастацкая проза. І.​Франко», 1956; «Пушкін і Украіна», 1938; «Паэма Дантэ», 1956, і інш.). Працаваў у галіне тэорыі і псіхалогіі літ.-маст. творчасці. Пытанні гісторыі бел. л-ры і ўкр.-бел. літ. узаемасувязяў — у даследаваннях «Вершы Сімяона Полацкага на тэмы з усеагульнай гісторыі» (1914), «Сімяон Полацкі і ўкраінскае пісьменства XVII ст.» (1959), «Украінская літаратура сярод іншых славянскіх літаратур» (1958) і інш.

Тв.:

Зібрання праць. Т. 1—5. Киів, 1965—66.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАБА́ТЫКА (ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),

1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.​Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.​Колесава (1952), В.​Бірукоў (1957), А. і М.​Туманавы (1963), Л.​Зданюк (1966—67), А.​Базылеў (1974).

2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец. фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.

3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл. Акрабатычнае мастацтва.

Да арт. Акрабатыка. Трэніроўка спартсменаў.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)