ЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. lumen святло + -escent суфікс, які абазначае слабае дзеянне),
выпрамяненне, якое з’яўляецца залішкавым над цеплавым выпрамяненнем цела і доўжыцца на працягу часу, значна большага за перыяд светлавых ваганняў. Л. часта наз. халодным святлом (магчыма пры любой т-ры цела). У адрозненне ад раўнаважнага цеплавога выпрамянення, спектр якога не залежыць ад саставу рэчыва, а вызначаецца яго т-рай, Л. — нераўнаважнае выпрамяненне, спектр якога залежыць ад прыроды рэчыва (характэрны менавіта для дадзеных атамаў і малекул). Неабходная ўмова ўзнікнення Л. — папярэдняе паступленне энергіі ў рэчыва і паглынанне яе.
Паводле спосабу ўзбуджэння Л. адрозніваюць фоталюмінесцэнцыю (узбуджаецца святлом), катодалюмінесцэнцыю (паскоранымі электронамі), электралюмінесцэнцыю (эл. полем), хемілюмінесцэнцыю (хім. працэсамі), трыбалюмінесцэнцыю (мех. дэфармацыяй) і інш. Паводле прыроды працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве, адрозніваюць Л. самастойную (працэсы адбываюцца ўнутры аднаго цэнтра і свячэнне настае адразу пасля ўзбуджэння), вымушаную (узбуджанае рэчыва пачынае свяціцца пасля вонкавага ўздзеяння — награвання, апрамянення) і рэкамбінацыйную (свячэнне выклікаецца рэкамбінацыяй, г.зн. злучэннем зараджаных часціц — іонаў і электронаў). Кароткачасовая Л. (10−8—10−10с) наз. флуарэсцэнцыяй, больш працяглае «паслясвячэнне» — фасфарасцэнцыяй. Асн. характарыстыкі Л.: працягласць жыцця часціц ва ўзбуджаным стане (ад ~10−10 да ~104с); квантавы выхад (адносіны колькасці вылучаных квантаў святла да колькасці паглынутых); энергетычны выхад (ккдз); палярызацыя; спектры выпрамянення і ўзбуджэння (залежнасць інтэнсіўнасці свячэння ад даўжыні хвалі выпрамянення і ўзбуджэння). Характарыстыкі Л. маюць важнае значэнне ў люмінесцэнтным аналізе. Л. ў прыродзе (палярнае ззянне, свячэнне некаторых насякомых. мінералаў, гнілякоў) назіралася даўно, сістэматычна вывучаецца з 17 ст. Уклад у вывучэнне Л. зрабілі А.С. і Ж.Бекерэлі, У.Крукс, Ф.Ленард і інш. Многія заканамернасці Л. вызначаны фізікамі школы С.І.Вавілава (гл.Вавілава закон) і А.М.Цярэніна.
На Беларусі даследаванні па Л. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН, БДУ, НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ і інш. У 1960-я г. створаны навук. цэнтр па Л. (адзін з найбуйнейшых у СССР). Найб. значныя працы школы фізікаў па Л. на чале з Б.І.Сцяпанавым, А.Н.Сеўчанкам, М.А.Барысевічам. Распрацаваны тэорыі Л. складаных малекул і адмоўнай Л., выяўлена і вывучана з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (гл.Стабілізацыі-лабілізацыі з’ява), даследавана Л. пары складаных малекул, Л. рэдкіх зямель, складаных малекул, уранілавых злучэнняў, малекул біял. важнасці, у т. л. хларафілу і яго аналагаў. На аснове даследаванняў па Л. створаны новыя тыпы лазераў — лазеры на растворах і на пары арган. злучэнняў.
Літ.:
Вавилов С.И. Собр. соч.Т. 1—4. М., 1952—56;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Поглощение и испускание света квантовыми системами. Мн., 1991;
Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. М., 1967;
Саржевский А.М., Севченко А.Н. Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),
галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.
М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл.Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл.Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.Дж.Томаса (Англія), А.Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл.Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац.АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш.Гл. таксама Металургічная прамысловасць.
Літ.:
Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;
Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;
Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,
гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-й сусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц.г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязях сав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б.СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г.найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕБІЯЛО́ГІЯ (ад радые... + біялогія),
радыяцыйная біялогія, навука, якая даследуе дзейнасць іанізавальнага выпрамянення на жывыя арганізмы. Вывучае эфекты біял. ўздзеяння радыяцыі і высвятляе асаблівасці развіцця звязаных з гэтым паталаг. працэсаў. Распрацоўвае метады папярэджвання, аховы і лячэння прамянёвых пашкоджанняў, займаецца прагназаваннем радыяц. небяспекі. Абгрунтоўвае метады выкарыстання радыеактыўных матэрыялаў у медыцыне, сельскай гаспадарцы, прам-сці, навуцы. Цесна звязана з фізікай, хіміяй, фізіялогіяй, біяхіміяй, генетыкай і інш.
Пачала развівацца пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення і радыеактыўнасці. У 1896 рас. вучоны І.Р.Тарханаў выдаў працу аб уплыве рэнтгенаўскіх прамянёў на жыццёвыя функцыі арганізма, у 1911 Я.С.Лондан — манаграфію «Радый у біялогіі і медыцыне». У Германіі ў 1904 Г.Петэрс назіраў парушэнне дзялення ў апрамененых клетках, у 1905 П.Лінзер і Э.Гельбер — з’яўленне таксічных рэчываў у крыві апрамененых жывёл. У 1906 франц. вучоныя Ж.Берганье і Л.Трыбандо выявілі залежнасць радыеадчувальнасці клетак ад інтэнсіўнасці і працягласці іх дзяленняў і ступені дыферэнцыроўкі. Уклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Б.Л.Астаураў, Г.А.Надсан, М.У.Цімафееў-Расоўскі, франц. П.Анцэль, П.В.Інтэмбергер, Ф.Хальвек, ням. Ф.Дэсаўэр, К.Цымер, англ. Дж.Кроўтэр, Д.Лі, амер. Г.Мёлер, Р.Цыркл, П.Хеншаў і інш. Як навука Р. сфарміравалася ў 1940—50-я г. ў сувязі з выкарыстаннем ядз. энергіі.
На Беларусі сістэм. даследаванні па Р. вядуцца з сярэдзіны 1950-х г. у ін-тах Нац.АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, фізіялогіі, эксперым. батанікі, радыебіялогіі, радыеэкалагічных праблем, Цэнтр.бат. садзе і інш., НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, сан.-гігіенічным, н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, мед. ін-тах; БДУ, ін-це радыяцыйнай бяспекі «Белрад» і інш. Уклад у развіццё Р. зрабілі В.Т.Андрыянаў, У.Г.Валодзін, М.А.Кудзінаў, В.М.Кудраўцава, А.Ц.Пікулеў, А.М.Пісарэўскі, М.Ю.Тайц, М.В.Турбін, М.А.Троіцкі, К.В.Фамічэнка, Л.С.Чаркасава і інш. Даследаваны пострадыяцыйныя змены абмену рэчываў у арганізме жывёл, мутагены і генет. эфект некат. відаў іанізавальных выпрамяненняў, уплыў апрамянення насення на рост і развіццё інтрадукаваных дрэвавых і кветкавых раслін. Высветлены ўплыў вял. доз выпрамяненняў на фізіка-хім. ўласцівасці дэзоксірыбануклеапратэідаў храмаціну клетак. Распрацаваны спосабы выкарыстання радыеізатопаў для дыягностыкі і тэрапіі захворванняў чалавека. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задача Р. — прадухіленне шкодных вынікаў (у т. л. аддаленых) радыяцыйнага апрамянення насельніцтва на забруджаных тэрыторыях. Праведзены даследаванні па радыеактыўным забруджванні біяцэнозаў. Устаноўлены механізмы дзеяння знешняга апрамянення (у малых дозах) і інкарпараваных радыенуклідаў на генетычныя і метабалічныя працэсы, функцыянальныя сістэмы (эндакрынную, сардэчна-сасудзістую, імунную, рэпрадукцыйную і інш.). Распрацаваны спосабы зніжэння шкодных вынікаў радыяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́,
змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.
Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл.Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл.Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі, БПА.
Літ.:
Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ.М., 1961;
Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;
Иванов АП. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс.ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн.ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.Ф.Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш.дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.
Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар. правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.
План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц.інж. П.Ш.Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.Хобан, Б.Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.Ландзі), Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі (1971, арх. Э.Д.Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).
У Вашынгтоне асн.навук. арг-цыі ЗША: Нац.АН, Бат. сад, навук. т-вы (Амер.хім., Нац.геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш.Нац.Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.Кенэдзі, сенатара Р.Кенэдзі).
І.В.Загарэц (гаспадарка).
Да арт.Вашынгтон. Від на Нацыянальную галерэю выяўленчых мастацтваў (на пярэднім плане) і Капітолій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановы ЦВКБССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.Ф.Карскі, прафесары В.П.Волгін, Л.С.Мінор, У.І.Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.М.Пранішнікаў, Ф.Ф.Турук, А.Ф.Фартунатаў, К.А.Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.І.Барычэўскі, Ц.М.Годнеў, М.В.Доўнар-Запольскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, А.Смоліч, М.М.Шчакаціхін, М.А.Янчук і інш. Для работы ў БДУ таксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук.л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел.політэхн.ін-т. У гады Вял.Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.
У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд.навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж. цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв.геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук.час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),
галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).
Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.К.Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.
На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер.с.англ.М., 1981.
У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Да арт.Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́СТЫКА,
1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.
2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.
3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.
Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).
На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.М.Перцаў, У.І.Пічэта, Е.І.Рыўлін, Я.Фейгельсон, М.А.Канаплін, С.Я.Вальфсон, У.Герчыкаў, А.Самахвалаў і інш. Пасля Вял.Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.М.Шнеерсона, Г.М.Трухнова, Д.С.Клімоўскага, Г.А.Космача, В.А.Космача, П.А.Шупляка, М.Г.Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.С.Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.І.Копанеў, Г.А.Мятлюк, Ю.Г.Панкрац, Г.П.Кліменка, Дз.Г.Багушэвіч, а таксама А.М.Гарлатаў, Е.В.Зарыцкая, А.А.Мірскі, Е.В.Каранеўская, Т.В.Паплаўская, А.П.Дзеўкіна, І.І.Токарава, Л.М.Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-т гісторыі Нац.АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш.ВНУ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛО́ГІЯ (ад заа... + ...логія),
навука пра жывёльныя арганізмы, адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць жывёл (сістэматыка), іх будову (анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), заканамернасці індывід. развіцця (эмбрыялогія), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (зоагеаграфія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), асаблівасці паводзін (эталогія), вымерлых жывёл (палеазаалогія). У З. таксама вылучаюць навукі, якія даследуюць найб.вял. і важныя групы жывёл: акаралогія, арахналогія, арніталогія, герпеталогія, іхтыялогія, малакалогія, пратысталогія, тэрыялогія, энтамалогія. З. звязана з шэрагам с.-г., вет. і мед. навук.
З. як навука зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і звязана з імем Арыстоцеля. Як стройная сістэма ведаў аформілася ў канцы 17—18 ст. дзякуючы працам вучоных-прыродазнаўцаў англ. Дж.Рэя, швед. К.Лінея, франц. Ж.Бюфона і Ж.Б.Ламарка і інш. У сярэдзіне 19 ст. створана тэорыя эвалюцыі арган. свету (Ч.Дарвін). У развіцці З. вял. значэнне мелі працы расійскіх вучоных К.М.Бэра, А.А. і У.А.Кавалеўскіх, І.І.Мечнікава, К.Ф.Рулье, А.М.Северцава і інш. У 20 ст. павялічыўся аб’ём фауністычных даследаванняў па ўсёй планеце, фарміруецца новы малекулярна-біял. аспект сістэматыкі, выкарыстоўваецца карыясістэматыка (на падставе вывучэння колькасці і будовы храмасом), укараняюцца біяхім. метады і метады электроннай мікраскапіі і інш.
На Беларусі даследаванні па З. пачаліся ў 18 ст.Заал. апісанні асобных яе тэрыторый ёсць у працах польск. даследчыка Г.Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рус. вучоных І.І.Ляпёхіна (канец 18 ст.), В.М.Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У 1924—30 праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні наземнай фауны (А.У.Фядзюшын і інш.). Сучасны этап развіцця З. звязаны з працамі І.Ц.Арзамасава, Г.А.Галкоўскай, Г.Г.Вінберга, М.С.Долбіка, П.І.Жукава, С.В.Кахненкі, І.К.Лапаціна, В.І.Мержаеўскай, М.М.Пікуліка, Л.М.Сушчэні, І.М.Сяржаніна, Э.І.Хацько, Н.М.Хмялёвай і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, на кафедрах прыродазнаўчых ф-таў ВНУ, у запаведніках, н.-д. установах с.-г. і вет. профілю і інш. Даследуюцца функцыян. сувязі ў зоацэнозах, заканамернасці матэрыяльна-энергет. ператварэнняў на розных трафічных узроўнях, экалогія і інтрадукцыя каштоўных відаў рыб. Развіваюцца новыя кірункі З.: эксперым. экалогія водных беспазваночных жывёл, ландшафтная фауністыка і экалогія жывёл, глебавая экалогія; вывучэнне механізмаў і заканамернасцей фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах інтэнсіфікацыі антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнага маніторынгу, вядзення Чырв. кнігі, развіцця сеткі асабліва ахоўных тэрыторый; ацэнка ўплыву аварыі на ЧАЭС (1986) на стан фауны. Адна з найб. актуальных праблем — распрацоўка навук. асноў аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету Зямлі.
Літ.:
Наумов Н.П., Карташев Н.Н. Зоология позвоночных. Ч. 1—2. М., 1979;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1—6. 2 изд. М., 1987—89;
Институт зоологии Академии наук Беларуси. Мн., 1992.