РАЎВО́ЛЬФІЯ (Ranvolfia),

род кветкавых раслін сям. кутравых. Каля 50 (па інш. звестках — да 100) відаў. Пашыраны ў тропіках, акрамя Аўстраліі. Трапляюцца на ўзлесках вільготных трапічных лясоў.

Кусты, паўкусты або дрэвы, якія ўтрымліваюць млечны сок. Лісце простае, суцэльнае, часта скурыстае. Кветкі ў верхавінкавых ці пазушных суквеццях. Плод — з 2 касцянак. Падземныя органы Р. змяінай (R. serpentina) і некат. інш. відаў маюць у сабе алкалоіды (рэзерпін, рэстынамін, іахімбін і інш.), якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Лек. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Раўвольфія змяіная.

т. 13, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ТВІЦА (Lotus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рутвіца рагатая.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫКЕ́ТСІІ (Rickettsiaceae),

сямейства бактэрый. Названыя імем амер. мікрабіёлага Х.Т.Рыкетса, які апісаў узбуджальніка плямістай ліхаманкі Скалістых гор.

Тыповы род Rickettsia — пераважна кокападобныя або палачкападобныя клеткі. Нерухомыя, грамадмоўныя. Размнажаюцца дзяленнем. Аблігатныя (абавязковыя) унутрыклетачныя паразіты членістаногіх (асабліва блох, вошай, кляшчоў) і цеплакроўных жывёл; ужываюць пажыўныя рэчывы з арганізма гаспадара. Узбуджальнікі сыпнога тыфу, клешчавага рыкетсіёзу Паўн. Азіі, плямістай ліхаманкі Скалістых гор, ліхаманкі Ку і інш. цяжкіх захворванняў чалавека і жывёл. Таксама Р. наз. рыкетсіяпадобныя бактэрыі парадкаў Rickettsiales і Chlamydiales.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНХАСТЭ́ГІУМ (Rhynchostegium),

род брыевых імхоў сям. брахітэцыевых. 130 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і трапічнай зоне. Наглебавыя, наскальныя або водныя імхі. На Беларусі 3 віды Р.: берагападобны (R. riparioides), скучаны (R. confertum), сценны (R. murale), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца рэдка на вільготных камянях, дрэвах у праточнай вадзе.

Аднадомныя лістасцябловыя расліны. Утвараюць рыхлыя, бледна- або цёмна-зялёныя дзярнінкі. Сцёблы сцелістыя ці паўзучыя, перыстаразгалінаваныя. Лісце завостранае, увагнутае, яйцападобнае. Ножка гладкая. Каробачка нахіленая або гарызантальная. Каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Рынхастэгіум сценны.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЧЫ́ЎКІ (Carpodacus),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 21 від. Пашыраны пераважна ў гарах Цэнтр. Азіі, 3 віды на ПнЗ Паўн. Амерыкі, 1 — у Еўропе. Жывуць у хмызняках і па ўзлесках. На Беларусі 1 від — С. звычайная (C. erythrinus), якая робіць пералёты да Індыі і Кітая.

Даўж. цела да 22 см, маса да 26 г. Самцы пераважна чырв., самкі буравата-шэрыя. Нясуць 3—6 яец. Кормяцца насеннем, ягадамі, зрэдку насякомымі.

Э.​Р.​Самусенка.

Самец сачыўкі звычайнай.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),

род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.

Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАКУНЫ́ (Cicindela),

род жукоў сям. жужаляў (вылучаюць і падсям. С. — Cicindelinae). Каля 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць на травяністых месцах, на пяску. Перамяшчаюцца скачкападобнымі пералётамі (адсюль назва). На Беларусі адзіны від — С. пясчаны, або арэнарыя (C. arenaria), занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 6,5—22 мм. Цела ярка афарбаванае, пераважна з белым малюнкам на надкрылах. Галава вял., вочы пукатыя, сківіцы серпападобныя. Дзённыя драпежнікі, кормяцца пераважна насякомымі.

Скакуны: 1 — пурпуровы; 2 — шасцікрапінкавы; 3 — пясчаны, або арэнарыя; 4 — лічынка.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРАБЕ́І (Scarabaeus),

род жукоў сям. пласцініставусых. 5—6 відаў. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, на Пд Еўропы. Найб. вядомы С. свяшчэнны (S. sacer).

Даўж. 20—40 мм. Цела шырокае, чорнае, пярэднія галёнкі і налічнік зубчастыя. Яйцы адкладваюць у грушападобныя ўтварэнні з гною, якія закопваюць у глебу (у іх развіваюцца лічынкі). Кормяцца гноем, з якога папярэдне робяць шарыкі. С. свяшчэнны даўж. 21—37 мм, выявы якога былі ў Стараж. Егіпце прадметамі культу. Іл. гл. да арт. Гнаевікі.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

казёл, ‑зла, м.

1. Самец казы. Стралец расказвае: — Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Якімовіч.

2. Дзікая млекакормячая жывёліна сямейства пустарогіх, якая водзіцца звычайна ў гарах.

3. Разм. Род гульні ў карты, даміно. Пасля абеду на палубе першага класа пачалі стукаць «казла» — настрой узрушаны, воклічы. Мележ.

4. Метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.

5. Гімнастычны снарад у выглядзе кароткага, абабітага скурай бруса на чатырох высокіх ножках.

6. Разм. Род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання.

7. Разм. Тое, што і казляк. Назбіраць казлоў.

8. Разм. Легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці. «Казёл» выпісаў круг на плошчы і спыніўся каля адной крамы. Ермаловіч.

•••

Казёл адпушчэння — пра чалавека, на якога заўсёды звальваюць чужую віну, адказнасць за правіннасць.

Казлы драць гл. драць.

Пусціць казла ў агарод гл. пусціць.

Як з казла малака з каго — пра таго, хто не прыносіць ніякай карысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Быга́нка ’панос’ (палес., Клім.). Палеская фанетычная форма з зыходнага *бѣганъка (да бегаць). У параўнанні з ст.-бел. бегунка, укр. бігунка, рус. бегунка ’тс’ (да апошняга гл. Кохман, Kontakty, 103), якія, здаецца, з’яўляюцца запазычаннем з польскай мовы, палескае слова — утварэнне на беларускай глебе (адпаведнасці ў польск. мове няма: польск. bieganka азначае ’род дзіцячай гульні’, гл. Варш. сл., 1, 149).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)