ПАРК ((Park) Мунга) (10.9.1771, Фоўлшылс, каля г. Селкерк, Вялікабрытанія — 1806),
брытанскі даследчык Зах. Афрыкі. У 1795—97 прайшоў ад вусця р. Гамбія на У да г. Сегу, на верхнім Нігеры, і каля 50 км уніз па рацэ, сабраў звесткі аб яе цячэнні да г. Тамбукту. У 1805—06 даследаваў сярэдняе цячэнне і ўчастак ніжняга цячэння р. Нігер да парогаў Буса, дзе і загінуў.
Літ.:
Горнунг М.Б., Липец Ю.Г., Олейников И.Н. История открытия и исследования Африки. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛА́ННІК,
дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класа дыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНЫ СТАН, актываваны комплекс, гіпатэтычны прамежкавы стан хім. сістэмы пры яе пераходзе з пачатковага (рэагенты) у канчатковы (прадукты) стан; канфігурацыя з атамаў ці малекул рэагентаў, што ўдзельнічае ў элементарным акце рэакцыі хімічнай. Характарызуецца больш высокім значэннем патэнцыяльнай энергіі ў параўнанні з пачатковым і канчатковым станамі (гл.Энергія актывацыі) і малым часам жыцця (~10−13 с). Тэорыя П.с. (актываванага комплексу, ці абс. скарасцей рэакцый; гл.Кінетыка хімічная) ляжыць у аснове ўяўленняў аб рэакцыйнай здольнасці і механізме хім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКА́Р ((Picard) Жан) (21.7.1620, г. Ла-Флеш, Францыя — 12 ліп., паводле інш. звестак 12.10.1682),
французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1666). З 1655 праф. Калеж дэ Франс. Упершыню выканаў дакладнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Парыжам і Ам’енам метадам трыянгуляцыі, выкарыстаўшы вугламерныя прылады з падзорнымі трубамі (1669—70). Даныя П. аб памерах Зямлі выкарыстаў І.Ньютан для пацвярджэння закону сусветнага прыцягнення і ўдакладнення формы Зямлі. Разам з Дж.Д.Касіні даў першае дакладнае вызначэнне паралакса Сонца. Заснаваў выданне першага астр. штогодніка (1679).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ІДЭ́І,
уяўленні і веды, якія не могуць быць набыты, паколькі не маюць адносін да пачуццёвага свету (напр., матэм. і лагічныя аксіёмы, маральныя каштоўнасці, зыходныя філас. прынцыпы); паняцце тэорыі пазнання. Пачынальнік вучэння аб П.і. — Платон. Паводле адных філосафаў, П.і. дадзены ад Бога (Р.Дэкарт); іншыя лічылі іх задаткамі розуму, развіццю якіх садзейнічае пачуццёвы вопыт (Г.Лейбніц). У сенсуалістычнай філасофіі (Т.Гобс, Дж.Лок) існаванне П.і. адмаўлялася. Існуе тэндэнцыя разглядаць П.і. як набытыя ў спадчыну. Гл. таксама Апастэрыёры і апрыёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАСО́НА ТЭАРЭ́МА,
адна з лімітных тэарэм тэорыі імавернасцей, якая з’яўляецца асобным выпадкам вялікіх лікаў закону. Абагульняе тэарэму Бернулі на выпадак незалежных выпрабаванняў, у якіх імавернасць з’яўлення якой-н. падзеі залежыць ад нумару выпрабавання (схема Пуасона). Устаноўлена С.Д.Пуасонам (1837). Таксама П.т. — лімітная тэарэма тэорыі імавернасцей аб збежнасці бінаміяльнага размеркавання да Пуасона размеркавання для падзей з малой імавернасцю p пры вял. колькасці выпрабаванняў n. Пры гэтым параметр λ = пр і роўны сярэдняму ліку ажыццяўленняў зададзенай падзеі пры n выпрабаваннях.