ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),

гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.​Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від цэнтральнага ацяплення памяшканняў сухой насычанай парай, якая падаецца па параправодах ад паравога катла ў ацяпляльныя прылады. Адрозніваюць вакуум-паравыя (ціск пары ніжэйшы за атмасферны), нізкага (ціск да 0,17 МПа) і высокага (больш за 0,17 МПа) ціску сістэмы П.а., якія бываюць 1- і 2-трубныя. П.а. забяспечвае хуткае награванне памяшканняў, але па сан.-гігіенічных якасцях саступае вадзяному. Асн. недахоп — высокая т-ра пары (100 °C і вышэй). Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, камунальна-быт. і прамысл. памяшканнях.

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ РАСЫ́, кропка расы,

тэмпература, да якой павінна ахаладзіцца паветра, каб наяўная ў ім вадзяная пара дасягнула насычэння (пры дадзеным утрыманні вільгаці і нязменным ціску); неабходная ўмова для з’яўлення расы; адна з асн. характарыстык вільготнасці паветра. Вызначаецца па псіхраметрычных табліцах і т-ры па сухім і змочаным тэрмометрах або непасрэдна кандэнсацыйным гігрометрам. Пры адноснай вільготнасці меншай за 100% П.р. заўсёды ніжэй фактычнай т-ры паветра. Пры насычанасці (адносная вільготнасць 100%) фактычная т-ра супадае з П.р.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цыкло́н

(гр. kyklon = які верціцца)

буйнамаштабны атмасферны віхор з паніжэннем ціску ад перыферыі да цэнтра, які суправаджаецца вялікай воблачнасцю і ападкамі; бура, ураган (параўн. антыцыклон).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

метэараке́та

(ад метэа- + ракета)

лятальны апарат для даследавання параметраў (тэмпературы, ціску) і фізічных працэсаў у верхніх слаях атмасферы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

анкаты́чны

(гр. onkoteros)

напружаны, павялічаны;

а. ціск — частка асматычнага ціску раствору, выкліканая калоідамі, што змяшчаюцца ў гэтым растворы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

осмарэцэ́птары

(ад осмас + рэцэптары)

чуллівыя нервовыя заканчэнні ў розных органах і тканках, якія рэагуюць на змяненне асматычнага ціску.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электрамано́метр

(ад электра- + манометр)

манометр, у якім рабочыя органы змяняюць свае электрычныя параметры прапарцыянальна прыкладзенаму да іх ціску.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БОШ ((Bosch) Карл) (27.8.1874, г. Кёльн, Германія — 26.4.1940),

нямецкі хімік-тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў фарбавай прам-сці Германіі. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1898). З 1925 прэзідэнт канцэрна «І.​Г.​Фарбэніндустры», з 1935 старшыня савета дырэктараў гэтага канцэрна. Распрацаваў тэхналогіі сінтэзу пры высокім ціску; стварыў вытв-сць аміяку на жал. каталізатары, мачавіны з дыаксіду вугляроду і аміяку. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з Ф.​Бергіусам).

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 66.

К.Бош.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАЛА́НГ (ад аква... + англ. lung лёгкае),

аўтаномны апарат, з дапамогай якога чалавек дыхае пад вадой. Вынайдзены французамі Ж.​І.​Кусто і Э.​Ганьянам (1943). Складаецца з балонаў са сціснутым паветрам (да 200 ат), аўтамата, што рэгулюе выдыханне і паступленне паветра адпаведна ціску навакольнага асяроддзя і інш. элементаў. У комплексе з маскай, гідракамбінезонам, ластамі і інш. выкарыстоўваецца ў падводным спорце і паляванні, у даследаваннях, выратавальнай службе.

Акваланг: 1 — маска з загубнікам; 2 — дыхальны апарат; 3 — балоны са сціснутым паветрам; 4 — рамяні мацавання.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)