МЯНЦЮРА́НТА ((Mäntyranta) Эра) (н. 20.11.1937, г. Пела, Фінляндыя),
фінскі спартсмен (лыжны спорт). Чэмпіён VIII і IX зімовых Алімп. гульняў (1960, г. Скво-Вэлі, ЗША — у эстафеце 4 × 10 км; 1964, г. Інсбрук, Аўстрыя — у гонках на 15 і 30 км), сярэбраны прызёр IX і X Алімп. гульняў (1964 — у эстафеце; 1968, г. Грэнобль, Францыя — у гонцы на 15 км), бронз. прызёр X Алімп. гульняў у эстафеце і гонцы на 15 км. Чэмпіён свету (1962, 1966 — у гонках на 30 км, сярэбраны прызёр у эстафеце 4 × 10 км), бронз. прызёр (1968 — у гонцы на 50 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),
французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЛІ́ТЫ (ад макра... + грэч. lithos камень),
буйныя (у адрозненне ад дробных мікралітаў) прылады працы, якія выраблялі з крэменю ў эпоху палеаліту. Матэрыялам для М. служылі вял. (8—20 см) крамянёвыя абломкі, пліткі, жаўлакі або нуклеусы, што апрацоўваліся спосабам грубага аббівання, нанясення буйной рэтушы. Сярод М. вылучаюць сякерападобныя прылады, цёслы, адбойнікі, грубыя скоблі і скрабкі, разцы, шырокія нажы, трохгранныя прылады тыпу пік. Вытворчасць М. панавала і ў эпоху мезаліту ў некат. абласцях Еўропы (Францыя, Паўн. Германія, паўд.-ўсх. і зах. Беларусь, паўн.-ўсх. Украіна, а таксама вярхоўі Дняпра і Волгі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРАТУ́РА (ад лац. procurare клапаціцца),
спецыяльны дзярж. орган (сістэма органаў), у кампетэнцыю якога ўваходзіць узбуджэнне крымін. спраў, падтрыманне абвінавачвання, прадстаўніцтва інтарэсаў дзяржавы ў суд. працэсе. У шэрагу краін П. належыць таксама функцыя нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў усімі грамадзянамі, арг-цыямі і службовымі асобамі (т.зв. «агульны нагляд»), У адных краінах П. з’яўляецца састаўной ч.суда, у другіх арганізацыйна аддзелена ад яго. У некат. краінах П. ўваходзіць у сістэму мін-ва юстыцыі (ЗША, Францыя, Нідэрланды, Аўстрыя, Японія, Польшча). У Рэспубліцы Беларусь П. з’яўляецца адзінай і цэнтралізаванай сістэмай органаў П., якую ўзначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСТ ((Proust) Жазеф Луі) (26.9.1754, г. Анжэ, Францыя — 5.7.1826),
французскі хімік. Чл. Парыжскай АН (1816). Вучыўся ў Парыжскім ун-це (да 1777). У 1777—1808 выкладаў хімію ў розных навуч. установах Іспаніі (у 1791—1808 праф. Мадрыдскага ун-та). Навук. працы пераважна па прэцызійным хім. аналізе неарган. злучэнняў. У выніку даследавання саставаў аксідаў, хларыдаў і сульфідаў розных металаў устанавіў пастаянства саставу закон (1799—1806) і ў навук. дыскусіі (1801—08) з К.Л.Бертале дамогся яго замацавання ў хіміі. Даказаў існаванне гідраксідаў металаў. Вылучыў глюкозу з вінаграднага соку (1802).
Літ.:
Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІЯ́Н ((Messiaen) Аліўе Эжэн Праспер Шарль) (10.12.1908, г. Авіньён, Францыя — 28.4.1992),
французскі кампазітар, муз. тэарэтык, арганіст, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1967). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1930). Вучань П.Дзюка (кампазіцыя), М.Дзюпрэ (арган). З пач. 1930-х г. арганіст сабора Ла-Трынітэ ў Парыжы. З 1936 уваходзіў у творчае аб’яднанне «Маладая Францыя». У 1941—42 у лагеры для ваеннапалонных, дзе напісаў «Квартэт на канец часу». З 1942 праф. Парыжскай кансерваторыі. Яго своеасаблівы стыль сфарміраваўся ў выніку ўзаемадзеяння розных культавых вучэнняў і муз.сістэм. У тэарэт. працах «Тэхніка маёй музычнай мовы» (1944) і «Трактат аб рытме» (1948) сфармуляваў новыя прынцыпы кампазіцыі, заснаваныя на складаных ладавых і рытмавых структурах. У творчасці адбіліся тэалагічныя ідэі і пошукі (фп. цыкл «Дваццаць поглядаў на маленькага Ісуса» і арк.-хар. твор «Тры маленькія літургіі божай прысутнасці», абодва 1944), вывучэнне традыцый нееўрап. культур — інд., яп., лац.-амер. (вак. цыкл «Яраві», 1945; сімфонія «Турангаліла» для хваляў Мартэно, фп. і арк., 1948), захапленне арніталогіяй, асабліва вывучэннем галасоў птушак («Каталог птушак» для фп., ударных і духавых, сшыткі 1—7-ы, 1956—58; «Экзатычныя птушкі» для фп., ударных і духавых інструментаў, 1956). Аўтар манум. оперы «Святы Францыск Асізскі» (паст. 1983; яго ж лібрэта, дэкарацыі і эскізы касцюмаў). Арганіст-імправізатар і піяніст, адзін з лепшых інтэрпрэтатараў уласных твораў. Сярод вучняў: П.Булез, Я.Ксенакіс, К.Штокгаўзен.
Прэмія Міжнар.муз. савета пры ЮНЕСКА 1985.
Літ.:
Мелик-Пашаева К.Л. Творчество О.Мессиана. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́К ((Auric) Жорж) (15.2.1899, горад Ладэў, Францыя — 23.7.1983),
французскі кампазітар, музычны дзеяч. Член Інстытута Францыі (1962). У 1920-я гады ўваходзіў у «Шасцёрку». У супрацоўніцтве з С. Дзягілевым стварыў для яго трупы шэраг балетаў, у т. л. «Матросы» (1924). З 1935 член праўлення Народнай музычнай федэрацыі. У 1962—68 генеральны дырэктар Нацыянальных оперных тэатраў. Аўтар 9 балетаў, у т. л. «харэаграфічнай трагедыі» «Федра» (1949), твораў для аркестраў, камерна-інструментальных ансамбляў, п’ес для фартэпіяна, рамансаў, песень, музыкі для драматычнага тэатра і да кінафільмаў, у т. л. «Свабоду нам!» (1932), «Арфей» (1950).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫ́ЛЬ ((Avril) Філіп) (21.7.1654, г. Ангулем, Францыя — студз. 1698),
французскі падарожнік. Як манах-езуіт пасланы для місіянерства ў Кітай. Праз Турцыю і Іран дабраўся да Астрахані (1685—86), адтуль да Масквы. Не атрымаўшы дазволу на выезд у Кітай, высланы праз Беларусь у Польшчу. Зноў вярнуўся ў Расію і зноў не атрымаў дазволу на праезд у Кітай. Вярнуўся ў Францыю, у 1692 выдаў кнігу пра свае падарожжы, у якой апісаў жывёльны свет Беларусі, пасяленні палонных з Рэчы Паспалітай, у т. л. з Беларусі, «паміж Волгай і Масквой».
Літ.:
Пирлинг П. Французский иезуит в Москве в XVII столетии // Рус. старина. 1902. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАЛЬДЗЬЁ ((Boieldieu) Франсуа Адрыен) (16.12.1775, г. Руан, Францыя — 8.10.1834),
французскі кампазітар, прадстаўнік франц. камічнай оперы 1-й трэці 19 ст.Чл. Ін-та Францыі (1817). Працаваў царк. арганістам у Руане, з 1798 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі (з 1820 праф.). Напісаў каля 40 опер (некаторыя разам з інш. аўтарамі), у т. л. «Швейцарская сям’я», «Шчаслівая вестка», «Заклад» (усе 1797), «Каліф Багдадскі» (1800), «Аліна, каралева Галкондская» (1804), «Тэлемак» (1806), «Жан Парыжскі» (1812), «Чырвоная шапачка» (1818). Опера «Белая дама» (1825) — пачатак рамант. кірунку ў муз.-тэатр. мастацтве Францыі. Сярод інш. твораў: п’есы для фп., рамансы, у т. л. 15 зборнікаў, і інш. Сярод яго вучняў А.Адан, Ж.Фетыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДЗЬКО́ (Іван Іосіфавіч) (14.3.1895, в. Плябанцы Мінскага р-на — 24.3.1984),
бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1966). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1928). З 1929 у праектных арг-цыях Мінска (у 1933—44 — у праектных установах Масквы). З 1957 у НДІбуд-ва і архітэктуры АН Беларусі, у 1963—73 Бел.НДІПгорадабудаўніцтва. Работы ў Мінску: 112-кватэрны жылы дом на вул. Маскоўскай (1932, у сааўт.), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак (1934), Літ. музей Я.Купалы (1959, у сааўт.); у г. Рэчыца — бальніца (1933). Сярод інш. работ: павільён СССР на міжнар. кірмашы ў Страсбургу (Францыя, 1929), жылыя, грамадскія і прамысл. пабудовы ў Маскве (1935—37).