прайсці́ся, прайдуся, пройдзешся, пройдзецца; пр. прайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. прайдзіся; зак.
1. Зрабіць некалькі крокаў; прагуляцца. [Рэдактар] устаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце, потым сеў на крэсла насупроць Зараніка. Хадкевіч. // Пратанцаваць. Надышла чарга і да Ганкі: яе прымусілі танцаваць «Лявоніху», і, саромеючыся, яна прайшлася ў танцы па хаце. М. Стральцоў. / у вобразным ужыв. Вецер прайшоўся па соснах — Па клавішах залатых. Іверс.
2. Падвергнуць якой‑н. апрацоўцы, якому‑н. уздзеянню паверхню чаго‑н. Учора зранку нават так было: задумаўся [Антон] і не заўважыў, як фуганкам залішне прайшоўся. Пальчэўскі.
3. Разм. Хутка правесці рукой па чым‑н. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны. Падаючы .. [паштальёну] хлеб, яна адарыла яго такой усмешкай, што ён палічыў патрэбным яшчэ раз прайсціся па сваіх вусах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
баба́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. аднакр.
Разм.
1. Учыніць выбух, выстраліць, загрымець. Саханчук адбегся пад насып, залёг, і адразу ж гулка бабахнуў яго кавалерыйскі карабін. Асіпенка. У сто гармат бабахне гром. Лужанін. / у безас. ужыв. Разведчык дымам апісаў вялізную чорную дугу. Па ім зноў ўдарылі знішчальнікі, і ў паветры гулка бабахнула. Алешка.
2. Утварыць моцны гук ударам, стукнуць. Страшыдла знікла; а потым хвастом як бабахне па вадзе. Юрэвіч. Недзе ў сенцах глуха бабахнулі дзверы, і ўсё сціхла. Асіпенка. Зрываючыся з прывязі галля, Бабахне бэра, як скарбонка лета. І сутыкнуцца груша і Зямля — Малая і вялікая планеты. Макаль.
3. Рашуча, нечакана сказаць што‑н. Алена.. пералічыла, колькі вось такіх прапаноў марынуецца на заводзе, і нарэшце бабахнула: — Я думаю, мы можам арганізаваць грамадскае канструктарскае бюро. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адра́зу, прысл.
1. У той самы момант, неадкладна, зараз жа. Чытаць пачаў ён [Богут] і адразу Агнём успыхнуў яго твар. Колас. Маці, стомленая за дзень, адразу засынае. Бядуля. // Адначасова. Коннікі ўварваліся ў цэнтр мястэчка адразу з усіх пяці вуліц. Брыль. // Непасрэдна за чым‑н. (у прасторавых і часавых адносінах). Адразу за агароджай, што высілася побач з ліцейным цэхам, пачыналася поле. Шыцік. Завіхурыла адразу пасля каляд. М. Стральцоў.
2. За адзін раз, з першага разу. [Люсан:] — У сумцы змяшчалася вялікая акумулятарная батарэя, здольная аддаць адразу ўвесь.. зарад. Шамякін. [Апанас:] — Малады ты яшчэ, Зэнак. Як гэта ты адразу зробіш, каб усё было як мае быць... Чорны.
3. З самага пачатку, ад першага разу. Хлопец адразу не спадабаўся Мажэйку. Шахавец. Вялізны санаторый адразу здаўся Казанцаву сапраўдным лабірынтам. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расплю́шчыць 1, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.
Раскрыць, адкрыць (пра вочы). Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся. Колас. Колькі ляцеў я — не памятаю, А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Лынькоў. // Разамкнуць (пра павекі). [Кот] нехаця расплюшчыў павекі і ўбачыў перад сабой Мышку. Шуцько. Апанаска расплюшчыў павекі: адчуў — нехта тармошыць яго, катурхае, штосьці незразумелае гаворыць. Даніленка.
расплю́шчыць 2, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Моцна націснуўшы, ударыўшы чым‑н., зрабіць плоскім. Расплюшчыць манету. // Расціснуць, раструшчыць сваім цяжарам, ударам. Ні на шлюпцы не выратуешся, ні з коркавым поясам. Расплюшчыць аб гэту каменную сцяну. Б. Стральцоў. Пакуль снарад намацае на целе волата слабае месца, колькі фашыстаў змяце танк знішчальным агнём, расплюшчыць сваім шматтонным цяжарам. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. што. Рабіць роўным, гладкім, прамым; выраўноўваць. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. Хлопцы лёталі на веласіпедах, ганялі футбол, а я сядзеў і раўнаваў іржавыя цвікі ды складаў дошкі. Савіцкі.
2. каго-што. Лічыць роўным, аднолькавым у якіх‑н. адносінах. Пры ацэнцы ведаў нельга ўсіх раўнаваць.
раўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго і без дап.
Адчуваць, выказваць рэўнасць. Сцяпан успомніў, як у восьмым класе закахаўся ў Кацю Васільчыкаву, жвавую, тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі, і як смешна раўнаваў яе да свайго школьнага сябра Уладзіка, разважлівага і не па гадах сталага хлопца. М. Стральцоў. Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою.. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.
2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́сяча, ‑ы, ж.; ліч. і наз.
1. Ліч. кольк. Лік і лічба 1000. Тысяча дзеліцца на 5. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000. Тысяча рублёў. Тысяча кіламетраў. □ У гэтым клубе было тысяча дзвесце месц для сядзення. Чорны. // Разм. Сума грошай, якая адпавядае гэтай лічбе. Нічыпар дастаў адкладзеную на падарункі тысячу, схаваў яе ў хкрыню. Асіпенка. Паддалася нарэшце ўгаворам. Прадала хату. Усяго і далі за яе якую тысячу. Але і тысяча на сяле немалыя грошы. Б. Стральцоў.
2. звычайна мн. (ты́сячы, ‑сяч). Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам і спевамі. Колас. Пахі тысяч кветак перамяшаліся ў гарачым паветры. Шашкоў. // Разм. Вялікія грошы, капітал. [Арцём:] — Цэгла — гэта нашы тысячы і пашана ў прыдачу! Ракітны.
3. У Старажытнай Русі — апалчэнне, якое дзялілася на сотні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Праявіць стараннасцю рупнасць у якой‑н. справе, рабоце. — Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся [дажаць], — думала Алена. Мележ. — А мы сёння пастараліся ўранку і вунь які клін на расцяробах дабілі: ведаеш, там, дзе летась Аўдзея секанула маланка. М. Стральцоў.
2. з інф. Зрабіць спробу дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкласці намаганні да чаго‑н. [Русаковіч:] Ён пастараецца даказаць, што я не праў. Крапіва. Сабіна разумела: гэтыя хлопцы — частка Вацлава. Вацлаў — частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці. Караткевіч. [Кастусь:] — Калі толькі Язэп не расказаў каму пра нас, мы пастараемся яго вярнуць. Якімовіч.
3. Дастаць, набыць з цяжкасцю, раздабыць; расстарацца. [Паўлік:] — Я, кажа ён [Нахлябіч], мог бы пастарацца твайму бацьку дрэва на гумно і на ўсе будынкі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.
1. Абвіць, абматаць што‑н. вакол чаго‑н. Аднак ён усё ж убіў у зямлю адно з нашых моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.
2. Абматаць, абвязаць што‑н. чым‑н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў. // Загарнуць у што‑н., накрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М. Стральцоў.
3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.
4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустэ́ча, ‑ы, ж.
Разм.
1. Тое, што і пустата (у 1 знач.). Было пуста ў бараку і холадна. І холад і пустэча палохалі. Галавач. Пустэча вуліц і халоднае святло месяца ледзянілі Васіля Ціханавіча. Сіўцоў. [Лізу] уразіла пустэча і цішыня ў пасёлку. Чорны.
2. перан. Душэўная спустошанасць, адсутнасць усякіх імкненняў, інтарэсаў. Марыся драмала. Думак нават не было ў галаве, а нейкая пустэча. Баранавых. Проста я ніколі не думаў, што можа такая страшная пустэча легчы на сэрца і такая пакутлівая бяздумнасць на галаву... Б. Стральцоў.
3. Пустка, пустыр. Памятае Алесь, што вось тут жа.. сем год назад была пустэча, зарослая палыном і закіданая каменнем. Броўка. Кожную раніцу на пустэчу ля прадзільнай фабрыкі бравы афіцэрык прыводзіў на вучэнне салдат. Асіпенка. Пустэча тут была, страшэнная пустэча з быльнягом на аблеглых і аанесеных пылам руінах. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)