органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц.гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл.Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.
Літ.:
Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;
Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;
Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),
выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар.рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар. пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн.суд. ўстановамі. Пасля суд.рэформы 1864 паступова скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭ́РУ Джавахарлал (14.11.1889, г. Алахабад, Індыя — 27.5.1964),
палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Юрыст. Сын М.Нэру. Бацька І.Гандзі. Скончыў школу ў Хараў і Кембрыджскі ун-т. Чл.Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК, з 1912). З 1916 актыўны ўдзельнік інд.нац.-вызв. руху. Бліжэйшы паплечнік М.К.Гандзі. Адзін з арганізатараў масавых кампаній грамадз. непадпарадкавання брыт. уладам. За сваю дзейнасць 9 разоў быў арыштаваны брыт. ўладамі, правёў у турмах больш за 10 гадоў. Неаднаразова быў выбраны старшынёй ІНК (1929—30, 1936—37, 1946, 1951—54). Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Індыі (1947—64). Вял. ўплыў на яго грамадска-паліт. погляды зрабілі сацыяліст. ідэі; быў прыхільнікам пабудовы ў Індыі некапіталіст. грамадства, адначасова стаяў за шматукладнасць у эканоміцы і падтрымку нац. вытворцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы 5 гадовых планаў развіцця інд. гаспадаркі. У знешняй палітыцы — адзін з аўтараў пяці прынцыпаў мірнага суіснавання, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху і ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955. Шмат зрабіў для стварэння і ўмацавання ў Індыі прадстаўнічай дэмакр. сістэмы, ін-таў інд. федэралізму, ажыццяўлення аграрнай рэформы.
Тв.:
Рус.пер. — Автобиография. М., 1955;
Внешняя политика Индии: Избр. речи и выступления, 1946—1964. М., 1965;
Взгляд на всемирную историю: Письма к дочери из тюрьмы, содержащие свободное изложение истории для юношества. Т. 1—3. М., 1989;
Открытие Индии. Кн. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Насенко Ю.П. Джавахарлал Неру и внешняя политика Индии. М., 1975;
Вафа А.Х., Литман А.А. Философские взгляды Джавахарлала Неру. М., 1987;
Мартышин О.В. Политические взгляды Джавахарлала Неру. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЦЭЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. parcelle часцінка),
раздрабленне сял. зямельных надзелаў. У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, дзе да 1920-х г. панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, П. называлася разбіўка на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж праз дзярж. банкі зямель дзяржаўных, памешчыцкіх і т.зв. пакінутых (землі бежанцаў І-й сусв. вайны, якія па розных прычынах не вярнуліся на радзіму); адно з асн. мерапрыемстваў агр.рэформы ў Польшчы ў 1920—30-я г. У Зах. Беларусі і Зах. Украіне П. мела на мэце не толькі павялічыць сял. надзел, але і ўмацаваць там сац. апору польскай дзяржавы шляхам надзялення зямлёй асаднікаў і распродаж часткі памешчыцкіх зямель мясц. кулакам і заможным сялянам, пры частковым захаванні і памешчыцкага землеўладання. Праводзілася яна паралельна з камасацыяй і ліквідацыяй сервітутаў на аснове законаў аб агр. рэформе (15.7.1920), «Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі» (17.12.1920), аб парцэляцыі і асадніцтве (28.12.1925). У Зах. Беларусі П. пачалася ў 1921. Пад прыкрыццём П. памешчыкі распрадавалі свае горшыя землі па спекулятыўна высокіх рыначных цэнах, маладаступных для збяднелага сялянства. Такая прыватная П. ў народзе называлася «дзікай» П. У 1921—25 у Зах. Беларусі штогод парцэлявалася да 25 тыс.га дзяржаўных і 27 тыс.га уласніцкіх зямель. Каля 80% гэтых зямель трапляла ў рукі кулакоў і асаднікаў. Да 1934 распарцэлявана 597 тыс.га (20% плошчы буйной зямельнай уласнасці). Такая агр. рэформа не задавальняла бяднейшую частку сялян, і яны выступалі супраць такога спосабу П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАПІСЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ,
спецыяльныя статыстычныя абследаванні, якія фіксуюць поўны ўлік і характарыстыку адзінак вывучаемай сукупнасці. Уключаюць: суцэльную рэгістрацыю адзінак, што складаюць якую-н. з’яву; правядзенне назіранняў на пэўны момант Часу; максімальна кароткі тэрмін П.с.; запіс сабраных звестак у спец. фармуляр (перапісны ліст); перыядычнасць П.с. з мэтай супастаўлення вынікаў. Адрозніваюць П.с. перыядычныя (перапісы насельніцтва, рэдкіх металаў, вагонаў і інш.); неперыядычныя, або разавыя (асн. фондаў, работнікаў, жыллёвага фонду і інш.), прамысловыя (абследаванні прадпрыемстваў), сельскагаспадарчыя (збор звестак пра элементы с.-г. вытв-сці), гнездавыя (некат. групы насельніцтва, пэўныя тэрыторыі і інш.).
Улік насельніцтва вядомы са стараж. часоў. У Расіі ў 1638 праведзены першы перапіс промыслаў і заняткаў насельніцтва, царк. прыходаў. У 18 ст. для перапісаў распрацоўваліся спец. праграмы і інструкцыі; П.с. рэгістраваліся ў спец. кнігах (пісцовых, дарожных. межавых). Пасля рэформы 1861 праводзіліся перапісы для ацэнкі эканам. патэнцыялу, становішча краіны: сялянскіх абшчын, ваенна-конныя, абследаванне саматужнай прам-сці і інш. У 1916 зроблены 1-ы с.-г. перапіс. Пасля 1917 праводзіліся перапісы камунальных прадпрыемстваў, матэрыяльных рэсурсаў, аб’ектаў буд-ва, пасяўных плошчаў, пладова-ягадных насаджэнняў, жывёлы, с.-г. тэхнікі і інш.
На Беларусі ў 1900-я г. праводзіліся П.с.: неўстаноўленага абсталявання і асн. фондаў (практычна кожны год), жывёлы ў грамадскіх гаспадарках і ў насельніцтва, садоў і садовых пладова-ягадных культур (1998), прыватных гандл. прадпрыемстваў і аб’ектаў незавершанага буд-ва (2000). У інш. краінах П.с. праводзяцца пераважна для ўліку насельніцтва. У міжнар. статыстыцы вядомы сусв. перапіс насельніцтва і перапіс валют.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (англ. Republican Party),
адна з дзвюх вядучых паліт. арг-цый у ЗША; апанент Дэмакратычнай партыі. Засн. ў 1854 на базе партыі вігаў. Першым ад Р.п. на пасаду прэзідэнта краіны ў 1860 выбраны А.Лінкальн. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 партыя падтрымлівала паўн. штаты (федэральны цэнтр). Да канца 19 ст. акрэслілася як кансерватыўная групоўка з ліберальным крылом, прадстаўляла пераважна інтарэсы прамыслоўцаў і банкіраў. З пач. 20 ст. выступае і за сац.рэформы пры нязменным захаванні прыватнай ініцыятывы (гл. таксама Кансерватызм, Лібералізм). Прэзідэнты ЗША ад Р.п. (10 супраць 7 прэзідэнтаў-дэмакратаў у 20 ст.): А.Лінкальн (1861—65), Э.Джонсан (1865—68), У.С.Грант (1869—77), Р.Б.Хейс (1877—81), Дж.А.Гарфілд (1881), Ч.А.Артур (1881—85), У.Мак-Кінлі (1897—1901), Т.Рузвельт (1901—09), У.Х.Тафт (1909—13), У.Гардынг (1921—23), К.Кулідж (1923—29), Г.К.Гувер (1929—33), Д.Д.Эйзенхаўэр (1953—61), Р.М.Ніксан (1969—74), Дж.Р.Форд (1974—76), Р.У.Рэйган (1981—89), Дж.Буш-старэйшы (1989—93), Дж.Буш-малодшы (з 2001). Партыя не мае пастаянных членства, праграмы і статута. Раз у 4 гады (перад прэзідэнцкімі выбарамі) склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; бягучую парт. дзейнасць каардынуе Нац.к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал партыі — выява слана.
Літ.:
Никонов В.А. От Эйзенхауэра к Никсону: Из истории Респ. партии США. М., 1984;
Яго ж. Республиканцы: от Никсона к Рейгану. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ЛЬНІКАЎ Рыгор Якаўлевіч (сапр.Брыльянт Гірш Янкелевіч; 15.8.1888, г. Ромны, Украіна —21.5.1939),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат і вучоны-эканаміст. Скончыў Парыжскі ун-т (1914). Чл.Камуніст. партыі (1905—36, адноўлены ў 1988), яе ЦК (1917—19, 1922—30, канд. у 1930—36), Палітбюро ЦК (1917, канд. у 1924—25). З 1917 чл. Маскоўскага к-та бальшавікоў і Петраградскага Савета, пам. камісара Дзярж. банка. Як старшыня сав. дэлегацыі падпісаў Брэсцкі мір 1918. У 1918—20 на ваен.-паліт. рабоце ў Чырв. Арміі. З 1920 старшыня Туркестанскай камісіі ВЦВК і СНК РСФСР і каманд. Туркестанскім фронтам. З 1921 у Наркамаце фінансаў. У 1922—26 нарком фінансаў РСФСР (з ліп. 1923 — СССР). Ініцыятар і актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі і правядзення грашовай рэформы 1922—24 (увядзенне «цвёрдага» чырвонца і інш.), якая стабілізавала рубель і аднавіла разбураную ў час рэвалюцыі і грамадз. вайны фін. сістэму краіны. Удзельнік міжнар.фін.-эканам. канферэнцыі ў Гаазе (Нідэрланды, 1922). З 1926 нам. старшыні Дзяржплана СССР, з 1928 старшыня Нафтасіндыката. У 1929—32 паўпрэд СССР у Вялікабрытаніі, потым нам. наркома і чл. калегіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1935—36 1-ы нам. наркома лясной прам-сці СССР. У 1936 арыштаваны, у 1937 па сфальсіфікаванай справе т.зв. «Паралельнага антысав. трацкісцкага цэнтра» асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны ў 1988.
Тв.:
Новая финансовая политика: на пути к твердой валюте. М., 1995.
Літ.:
Генис В.Л. «Упрямый нарком с Ильинки» // Открывая новые страницы... М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́НШАВАЯ РЭФО́РМА,
рэформа чыншавых сялян Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны, праведзеная царскім урадам паводле закона ад 9.6.1886. Чыншавыя пазямельныя адносіны ў сельскай мясцовасці гэтых рэгіёнаў былі ліквідаваны. Чыншавікоў пераводзілі на абавязковы выкуп. Выкупныя плацяжы іх былі, як правіла, вышэйшыя за плацяжы б. панскіх сялян. Пазыка за некат. выключэннямі выдавалася ў поўным аб’ёме. Чыншавікі захоўвалі за сабой сервітутнае права (гл.Сервітуты). Для доказу права на спадчынную арэнду зямлі яны павінны былі падаць пэўныя дакументы ці паказанні сведак. Чыншавікі, якія даказалі арэндныя правы на займаемыя займаныя* імі зямельныя ўчасткі, па добраахвотнай згодзе з памешчыкамі маглі на працягу 3 гадоў выкупіць іх або замяніць чыншавае трыманне простай арэндай. Чыншавікоў-мяшчан, якія перайшлі на выкуп, прыпісвалі да валасцей. Чыншавых правоў былі пазбаўлены арандатары, якія не мелі адпаведных дакументаў ці не падалі паказанняў сведак на спадчыннае карыстанне зямлёй, а таксама чыншавікі, што карысталіся ёй толькі на працягу апошніх 10 гадоў да рэформы 1886. Арандатараў, пазбаўленых гэтых правоў, памешчыкі зганялі з зямлі або замянялі чыншавае трыманне часовай арэндай. На Беларусі, у Літве і на Правабярэжнай Украіне з 58 тыс. чыншавікоў, якія атрымалі права выкупу, нават на канец 1903 больш за палову не выкарысталі яго. Да 1898 у 5 зах. губернях з 21 238 прашэнняў чыншавікоў ранейшыя правы на зямлю пав. чыншавыя камісіі прызналі толькі ў 3479 (16,4%) выпадках. Пераважная большасць чыншавікоў была пазбаўлена арандаваных імі зямельных угоддзяў.
Літ.:
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пасрэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто садзейнічае пагадненню, здзелцы паміж кім‑н. Гандлёвы пасрэднік. □ Гандляры, пасрэднікі, перакупшчыкі безупынна таўкуцца [на рынку], шумяць, крычаць, паказваюць узоры тавараў, спрачаюцца.В. Вольскі.[Дунін-Марцінкевіч] быў пасрэднікам і хадатаем у розных людзей па справах, звязаных з атрыманнем спадчыны.С. Александровіч.З вясны 1887 года стала дзейнічаць камісія прысяжных павераных, яна выконвала функцыі пасрэдніка паміж паверанымі і акруговым судом.Г. Кісялёў.
2. Той, хто дапамагае наладзіць кантакт паміж кім‑, чым‑н. — Хачу прасіць вас, — гаворыць Драгун, — аб сустрэчы з Бондарам. Сам канцоў не знайду. — Месяц няма вестак. Не ведаю, што думаць. — Людзі тут асталіся? — Дарагі мой, пасрэднікаў не меў. Не хачу мець. Вондар знаёмы мне, як і ты.Навуменка.Бібліятэкар — жывы пасрэднік паміж чытачом і літаратурай.«Звязда».// У міжнародным праве — нейтральная дзяржава або міжнародная арганізацыя, якая спрыяе мірнаму вырашэнню канфлікту паміж дзвюма іншымі дзяржавамі.
3.Спец. Суддзя, арбітр на манеўрах.
•••
Міравы пасрэднік — пасада ў царскай Расіі, устаноўленая пасля сялянскай рэформы 1861 г. для ўладжвання зямельных канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),
каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр.рэформы ў ВКЛ (гл.Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.
Літ.:
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;
Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;